Што мы паспелі зрабіць за тры гады?
- 18.04.2019
- 4812
Сёння ў 34mag дзень нараджэння. Ну як дзень нараджэння: нам споўнілася тры гады з моманту выхаду з комы.
Здаецца, рэабілітацыя прайшла паспяхова: рукі-ногі варушацца, вочы па-ранейшаму бачаць самае прыгожае, вушы чуюць добрыя біты, а нюх спрацоўвае на гісторыі, якія трэба расказаць усім. Як гэта прынята на трохгоддзе, разліваем па кубках ліманад «Расінка», рэжам торт, атрымліваем у падарунак пажарныя машынкі і ўспамінаем усе свае прыгоды.
![]()
Абяцалі – зрабілі. Абяцалі самую зручную афішу – дык вось вось яна. Толькі хто, што, дзе, малюнак сто на сто ды спасылка на мерапрыемства. Для тых, каму трэба больш словаў, мы прыдумалі тэлеграм-канал Lost in Minsk, куды адбіраем самы кайф.
![]()
Узялі інтэрв’ю ва ўсіх цікавых людзей.
Ок, пакуль не ва ўсіх. Але на старонках 34mag ты знойдзеш шмат вялікіх, сумленных размоў пра горад, людзей, іх страсці, пакуты і мары.
Пачытай:
![]()
За кожнай моцнай ініцыятывай стаяць канкрэтныя людзі. Нам надзвычай цікава іх слухаць, а потым пераказваць усё гэта табе. На асобнай старонцы сайта – ужо пад сотню гісторый пра тое, як камусьці было не пляваць і што з гэтага выйшла. Будзе яшчэ больш.
Пачытай:
![]()
Зрабілі live-музычны серыял 34 Music Session.
Пачалі, вядома, з «Пятлі», зняўшы Іллю ў знакамітым дворыку на Сядых. Далей была яшчэ дзясятка не меней любімых артыстаў, а потым здарыўся другі сезон, дзе рэкорды праглядаў біла акустычная версія «Манеткі» «ЛСП».
![]()
Ператварылі «Пяршак» у паўнавартасны сайт пра музыку.
Цяпер тут не толькі рэлізы і міксы, але таксама інтэрв'ю з музыкамі, рэпорты, адукацыйныя матэрыялы, гісторыі беларускіх лэйблаў, аналітыка і навіны індустрыі.
За тры гады бібліятэка лэйбла папоўнілася на 51 пласцінку. Тут табе і топавы беларускі рок, і нечакана папулярныя ў нашых краях соўл з фанкам, і цёмная электроншчына, і поўны андэграўнд. Суседзі за кардоннымі сценамі ўражваюцца.
![]()
Запісалі аўдыягіды па Беларусі.
І без сквапнасці распавялі пра тое, як здзейсніць штосьці падобнае. Цяпер гуляць па праспекце Незалежнасці, менскіх парках, Нямізе або Кастрычніцкай можна з аксамітнымі інтэлектуальнымі падказкамі ў навушніках. На трох мовах.
![]()
Сталі часцей выходзіць у афлайн.
Зладзілі 34 Media Days – серыю афлайн-ток-шоу, прысвечаных беларускім анлайн-медыя і іх узаемаадносінам з грамадзянскай супольнасцю. Пагутарылі пра тое, як медыя быць eco-friendly і як знянацку не абражаць жанчын. Паразважалі пра правы на горад і пра талаку ў новы час.
Эстафету падхапіў 34travel.me: рабяты сабралі аншлаг на трох лекторыях аб падарожжах 34travel Day у Менску і адным – у Кіеве.

![]()
Прэзентавалі электронную версію бестсэлера Віктара Марціновіча «Ноч» – пра блуканні падчас блэкаўту. І раман Аляксея Талстова «Апоўначы на Сіялімскім мосце» пра адваротны бок даўншыфтынгу. Адэля Дубавец пераклала для 34 кнігу польскага рэпарцёра Вітальда Шаблоўскага «Танец мядзведзяў» і атрымала, дарэчы, прэмію «Дэбют».
![]()
Беларускім Фларыянам Іліесам выступіў Альгерд Бахарэвіч. У рубрыцы «Таемны госць» паважаны лаўрэат «Кнігі году», аўтарытэтны літаратар з высакароднай сівізной у барадзе лавіў пакемонаў пад Оперным, прымяраў на сябе (у думках, праўда) сукенку, упершыню ў жыцці наведваў барбаршоп і рабіў іншыя вар’яцтвы.
![]()
Мы стараліся быць карыснымі.
У рубрыцы «Працэс» ты знойдзеш матэрыялы, якія варта пачытаць, каб не разгубіцца ў складаных сітуацыях: калі выклікаў(-ла) хуткую, трапіў(-ла) у ДТЗ, атрымаў(-ла) пад дых, плануеш нарадзіць новага чалавека ці намайніць свой першы мільён.
У рубрыцы «Mediascape» сабралі, лічы, міні-падручнік для амбіцыйнага медыйшчыка: на каго падпісацца, што пачытаць, што ўсвядоміць і як жыць, калі ты ў мамкі журналіст.
На «Пяршаку» на ўсю моц аказваем хуткую інфадапамогу музыкам, якія толькі пачалі ці працягваюць шлях да сваёй «Арэны»: як рабіць музыку ў Ableton, што спампаваць для музіцыравання на смартфоне, на якія youtube-каналы падпісацца, дзе адрэпетаваць матэрыял, як зняць свой першы кліп і як наогул прасоўваць сваю ультрагеніяльную музыку.
![]()
Мы былі вельмі прыгожымі.
Па чутках, людзі захоўваюць фатаграфіі з рэпортаў 34mag, нават калі іх знялі трэцім планам у засвеце скрозь валасы мужыка, які растрапаўся ў слэме. Мы самааддана фіксавалі росквіт рэйв-варушняку і фестывальнай разнастайнасці. І, вядома, не прапускалі такія гістарычныя падзеі, як Дзень Волі ў цэнтры сталіцы.
Паглядзі:
Карацей, прымаем рэспекты і віншаванні.
P. S. Калі раптам у падарунак ты хочаш прынесці нам раскошны матэрыл ці хаця б лічынку матэрыяла, пішы на 34editors@gmail.com.



















