Даша Сазановіч
- 19.10.2018
- 11952
34mag вырашыў пакапацца ў тэме ілюстрацыі, якая нічога не прадае, але напорыста і яскрава прасоўвае нейкія ідэі. Сустрэліся з Дашай Сазановіч aka Sheeborshee, каб пагутарыць пра тое, як звязаныя дызайн і актывізм.
Гераіня: Даша Сазановіч, яна ж Sheeborshee, 28 гадоў. Дызайнерка, ілюстратарка, мастачка.
Чым займаецца: распрацоўвае візуал для НДА і грамадскіх кампаній, займаецца сацыяльна арыентаванай ілюстрацыяй.
У чым кайф быць Дашай Сазановіч?
– Мне не патрэбна чыёсьці ўхваленне, каб пачаць нешта рабіць. Але я прыйшла да гэтага не адразу.
Мой шлях як ілюстратаркі пачаўся яшчэ ў дзяцінстве. Я займалася ў гуртку дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Потым мама адгаварыла мяне ісці ў мастацкую вучэльню. У нейкі момант я ўжо не была ўпэўненая, што змагу паступіць у Акадэмію мастацтваў, і пайшла незразумела куды – у педагагічны на гістфак.
Аднак у нейкі момант здарыўся пстрык: я забрала дакументы з педагагічнага і пайшла па сваім шляху – падабаецца гэта камусьці ці не. Паступіла ў ЕГУ на аддзяленне дызайну, вучылася на завочным, працавала ў рэкламным агенцтве. На момант, калі атрымала дыплом, досвед працы ў дызайне ў мяне быў ужо каля пяці гадоў.
Рэклама падавалася бессэнсоўным тыражаваннем непатрэбных рэчаў. Калі гэты занятак страціў для мяне сэнс, я знайшла спосаб займацца тым самым, чым і раней, але з больш глыбокім напаўненнем – сацыяльна арыентаванаю ілюстрацыяй і дызайнам.
Сацыяльна арыентаваная ілюстрацыя – тая, што кажа аб праблемах, натхняе і не прадае тавару або паслугі. Вядома, яна прасоўвае правы чалавека.
Як звязаны актывізм і дызайн?
– Ілюстрацыя – адзін з лёгкіх спосабаў данесці ідэю. Чалавек можа адразу «праглынуць» тое, што ўбачыў, асабліва калі яно ўдала запакаванае і б'е ў мэтавую аўдыторыю. Да таго, як чалавек навучыўся чытаць і размаўляць, ён мог глядзець. Візуальнае ўспрыняцце інфармацыі – самае прыроднае і натуральнае. Пісьмо і чытанне прыйшлі потым. Вядома, можна моцна прачуць і тэкст, але для гэтага трэба хоць бы навучыцца чытаць. Каб бачыць малюнак, трэба проста глядзець, нават не трэба ведаць мовы.
У маркетынгу спажыўца вывучаюць уздоўж і ўпоперак, каб прапанаваць яму малюначак, на які ён павядзецца. А ў выпадку з актывізмам прапаноўваюць ідэю. Дызайн – гэта звышмагутны інструмент.
Чаму важна чытаць навіны?
– Кожны дзень я чытаю навіны, але выбарачна. Для мяне важна разбірацца ў сучаснай павестцы і палітыцы. Быў перыяд, калі я рабіла антымедыя «Маланка» і даводзілася чытаць тону беларускіх рэгіянальных навін. Вядома, можна было наладзіць RSS, але шукаць навіны ўручную было для мяне асаблівым задавальненнем.
Цяпер я чытаю навіны і артыкулы толькі на тыя тэмы, якія мне цікавыя і актуальныя. Магу вельмі глыбока сысці. Напрыклад, нядаўна я прысвяціла паўдня інтэрнэт-расследаванню, як і чаму альтэрнатыўныя правыя групы апрапрыявалі жабяня Пепе. Наогул цікава, як культура мемасаў звязаная з правымі ідэямі.
Мне часта кажуць: «Даша, навошта ты забіваеш сабе галаву гэтым?» ці «Якога хрэна ты ведаеш пра тое?» А я па-іншаму не магу. Мне некамфортна, калі я не разумею нейкага гістарычнага бэкграўнду або геапалітычнага кантэксту падзеі.
Што ўжо зробленае?
34mag было першым медыя, для якога я пачала маляваць. Больш за ўсё ілюстрацый намалявала для рубрыкі «Працэс».
Шмат было намалявана і для Batenka.ru. Ілюстрацыяй ружовых чэлесаў і ФСБшнікаў я ганаруся дасюль.
Праект пра тое, колькі сыходзіць грошай на прапаганду ў Казахстане. Задачай было абгарнуць у дасяжную і класную візуальную форму шмат статыстычных звестак і звярнуцца да маладых падаткаплатнікаў. Атрымалася рэзанансна. Пра кампанію пісалі казахскія медыя, у тым ліку Esquire.
Візуал для івэнту пра мову варожасці «Не чую, не бачу, не гавару».
Серыя постараў для 34Media Days, дзе абмяркоўваліся тэмы ад экалогіі і гендару да краўдфандынгу і права на горад. Простыя калажы з фотак «Яндэкс.Панарамы».
Анімацыйны фільм пра ўцекачоў з Паўночнага Каўказа для праваабарончай арганізацыі Human Constanta.
Адкуль бяруцца замовы?
– Заказчыкі самі прыходзяць да мяне. Мабыць, у мяне ўжо існуе нейкая рэпутацыя ілюстратаркі, якая працуе з сацыяльнымі тэмамі. Таму няма такіх, хто прыходзіць па брэндынг для пыласосаў. Заўсёды працуе наўпроставы зварот і кумаўство, часам – Facebook.
Дзе сябе паказаць?
– На Behance, у Instagram, Dribble ці ўсё разам. Але мець свой сайт – гэта топ. На сайце можна вытвараць што захочаш: гэта твая тэрыторыя. Дасылаеш звычайнае CV cа спасылкай на сайт, і ўсё – поспех!
Пра магістратуру
– Сёлета я паступіла ў магістратуру ў Брэмене на праграму Digital Media. Гэта праграма на стыку дызайна, тэхналогіі і філасофіі сучасных медыя. Выкладаюць адразу ў двух універсітэтах: ва ўніверсітэце мастацтваў і ва ўніверсітэце навук. Прафесары нам адразу так і сказалі: «Мы паняцця не маем, як гэта будзе працаваць, так што разабрацца – гэта і вашая задача таксама».
Пра тэлеграм-канал «Не дзякуй»
– Летась у снежні я завяла тэлеграм-канал «Не дзякуй». Многія задавалі мне пытанні аб праграмах, на якія я перыядычна езджу. Гатовага адказу ў мяне не было, апроч «Эээ... ну, бяры і падавайся, чо ты ў мяне пытаешся?». Таму я завяла канал, куды кідаю спасылкі на ўсялякія магчымасці адарваць сраку ад канапы. І там ужо паўтары тысячы падпісчыкаў!
Пра (мікра)выгаранні
– Сярод актывістаў цяпер шмат кажуць пра выгаранне. Паколькі ў мяне не атрымліваецца канцэнтравацца на чымсьці адным, то са мной адбываюцца, хутчэй, мікравыгаранні. Як спраўляюся? Перастала ўзрушваць адно — уключаюся ў іншае.
Напрыклад, год таму мне больш не хацелася займацца ілюстрацыяй і візуалам у прынцыпе, але потым я выветрылася ў журналістыцы і правах чалавека ды з новымі сіламі зноў уцягнулася. Думаю, наўрад ці я калі-небудзь вярнуся ў рэкламу — вось там выгаранне дашчэнту.
Нядаўна адбылося мікравыгаранне з фемінітывамі. Раней я абавязкова распавядала ўсім, што да чаго. Цяпер не хочацца марнаваць на гэта час, але толькі да таго моманту, пакуль мне не пачынаюць указваць, што і як я сама павінна выкарыстоўваць. Тады я магу раз'юшыцца як мае быць.
Што паглядзець і пачытаць?
– Магу рэкамендаваць тое, што бударажыць мяне цяпер. І гэта не мастацкая літаратура (Дастаеўскі не ў лік). Апошнія два месяцы я глыбока вывучаю японскае поўнаметражнае анімэ і кінематограф 80–90-х. Напрыклад, анімэ-фільмы «Магіла светлячкоў» і «Прынцэса Мананакэ» могуць навесці вас на правільныя думкі пра гэты свет.
Паглядзіце серыю лекцый «Мы заўсёды былі постчалавецтвам». Гэта лекцыі пра радыкальныя зрухі ў філасофіі дызайну, адпраўной кропкай якога сталі наступствы 21-га стагоддзя. Калі пашанцуе знайсці, то пачытайце кнігу аб сувязі чалавека і дызайну, пра якую кажуць у лекцыі «Are We Human?» Беатрыс Каломіна і Марка Уіглі. Я ў працэсе чытання, але мне ўсё падабаецца.
Некалькі парад ад Дашы Сазановіч:
Калі ты ілюстратар(-ка), сядзі і працуй. Муза – гэта для мастакоў.
Рэагуй на падзеі, якія адбываюцца вакол цябе.
Эксперыментуй: лінейная графіка, лінагравюра, 3D, вектар ці комікс.
Назапашвай візуальны досвед. Глядзі іншых. Крадзі з анімэ.
Не абломвайся працаваць бясплатна на ўзаемавыгадных умовах.
Не саромейся павышаць ганарар.
Вучы англійскую. Англійская – гэта доступ да ўсяго кантэнту на планеце.
Фота: Вiялета Саўчыц, Юля Цвяткова