У Берліне пройдзе беларускі жаночы фестываль

  • 14.11.2025
  • 87

21 лістапада пройдзе беларуская частка PANDAwomen 2025 Festival, які сёлета аб’яднае сем краін у адным горадзе – Берліне. Па задуме каманды праекта, артысткі з Беларусі, Польшчы, Грузіі, Емена, Ірана, Эстоніі і Турцыі атрымаюць свой час і сваю прастору, у якой змогуць парэфлексаваць над уласнымі ідэнтычнасцямі.

Куратаркай беларускай часткі PANDAwomen 2025 Festival выступіла Света Бень.

 Праграма: 

  Кінапаказ: «Маладосць па-беларуску» і Q&A з рэжысёркай Ксеніяй Галубовіч. Дакументальны фільм распавядае пра штодзённае жыццё і самаадчуванне маладых людзей, якія жывуць у Беларусі ці па-за ёй.

  Артыст-ток з Лесяй Пчолкай. Мастачка распавядзе, як можна пераасэнсоўваць гісторыю (і супрацьстаяць ёй) з дапамогай архіваў і эксперыментальнага сторытэлінгу.

  Перформанс-чытанне: паэтка Юля Цімафеева прадставіць зборнік «Кровазварот» пра памяць продкаў і мову выжывання – у фармаце паэтычна-музычнага спектакля. Музыка –Вольгі Падгайскай.

​​​​​​​  Канцэрт KOOB S. Гэты праект аб’яднаў таленты беларускай вакалісткі і кампазітаркі Леры KOOB і шведскага музыкі Seth Sjöström. Іх музыка – мікс скандынаўскага фолку, джазу ды імправізацыі.

​​​​​​​  Канцэрт ŽURAVL. Лёгкі джаз у спалучэнні з індастрыялам – так можна апісаць музыку Анастасіі Жураўлёвай. Непаўторны гукавы ландшафт, які фармуецца з меланхоліі і чыстых эмоцый.

​​​​​​​  Перформанс Anastasia Rydlevskaya. На фестывалі Анастасія выступіць з мультыдысцыплінарным шоу, у якім рытуальная энергія спалучаецца з электронным саўндскэйпам.

 

  Пачатак фэсту – 19:00, дзверы – 18:30. Квіткі каштуюць € 20 пры пакупцы анлайн, € 25 – на ўваходзе.