Калі ўсе твае веды пра хуткую дапамогу заснаваныя на «Арытміі» Хлебнікава – ты зусім не падрыхтаваны(-ая) да нашай медыцыны. А ў беларускіх брыгад, між тым, свае фокусы. Разбіраемся, як паводзіць сябе з хуткай і што рабіць, калі брыгада парушае твае правы.
Па-першае, не чакай яе сапраўды хутка. Так, у межах горада брыгада мусіць абмінуць усе перашкоды і дабрацца за 15 хвілін. Калі нешта здарылася ў невялікіх населеных пунктах, прыйдзецца чакаць больш – 30 хвілін. Але пры гэтым трэба ўлічваць стан, у якім ты знаходзішся.
Калі няма неабходнасці ў рэанімацыі, ты не спрабаваў(-ла) здзейсніць самагубства, не маеш цяжкіх траўм, апёкаў ці праблем з сэрцам, рыхтуйся да таго, што твой выпадак не назавуць «неадкладным». Паводле інструкцыі дыспетчар павінен цягам гадзіны адзначыць, якую брыгаду да цябе адпраўляць.
Па-другое, чакай перш за ўсё профільную брыгаду. У нас іх пяць: псіхіятрычная, неўралагічная, педыятрычная, рэанімацыйная і брыгада інтэнсіўнай тэрапіі. Рэдка, але пры вялікай загружанасці станцый да цябе могуць паслаць і фельчарскую брыгаду або агульнапрофільную. Іх абавязак – агледзець цябе, аказаць першую дапамогу і чакаць прыезду профільнай хуткай.
Па-трэцяе, хуткая не будзе за табой бегаць. Таму не змяняй месца чакання, не пакінуўшы на ім чалавека, які прывядзе брыгаду да цябе. Калі ты раптам вырашыў(-ла) кудысьці адысці, трымай побач тэлефон. Бо дыспетчар станцыі паспрабуе патэлефанаваць і знайсці цябе. Ну і, вядома, калі брыгада прыехала, а на месцы нікога няма і на выклікі ніхто не адказвае, – гэта «безвыніковы» прыезд. Штраф за яго ты не атрымаеш, але і дапамогу таксама.
Так. У выпадку, калі ты знаходзішся побач з пунктам меддапамогі і разумееш, што рух не пагоршыць твой стан, можаш самастойна дабрацца да бліжэйшага пункту. У Менску дзейнічае адна Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі і дзесяць падстанцый. Наогул ты мусіш ведаць месцазнаходжанне станцыі свайго раёна, бо яна ў цябе абавязкова ёсць.
Даведацца адрасы галоўнай станцыі і падстанцый можна тут.
Не трэба адказваць на пытанні, якія не тычацца твайго здароўя на момант прыезду хуткай. Гэта значыць, што пытанні тваёй сэксуальнасці, ментальных разладаў, імя псіхіятра, дадзеныя пра тое, ці знаходзішся ты на ўліку, – гэта праява некарэктных паводзін. Выключэнне: пытацца ў цябе пра нейкія разлады можа толькі псіхіятрычная брыгада.
У астатніх выпадках ты абавязаны(-ая) адказаць на пытанні пра тое, ці прымаеш лекі і якія менавіта (антыгістаміны, антыдэпрэсанты, анальгетыкі і інш.), бо кожны з іх можа выклікаць рэакцыю на іншыя лекі. Ці, наадварот, стаць прычынай недамагання.
У карэце хуткай дапамогі ехаць разам з табой можа любы чалавек – ад тваіх бацькоў да каляжанкі. Пры гэтым прысутнасць кагосьці неабавязковая.
Лайфхак для ЛГБТ-пар: брыгадзе і працаўнікам прыёмнага аддзялення ўсё адно, кім ты з’яўляешся пацыенту. Таму, калі ты адчуваеш, што можаш несці адказнасць за свайго партнёра, смела называй сябе сястрой ці братам. Нават калі вы не падобныя і маеце розныя імёны па бацьку. Медыцынскаму рэгістратуру ад цябе будуць патрэбныя толькі імя ды нумар тэлефона.
Ад цябе патрабуецца толькі пашпарт. Таму паведамі свайму(-ёй) суправаджальніку(-цы) аб яго месцазнаходжанні, калі адчуваеш, што не зможаш самастойна перадаць пашпарт у рэгістратуру.
Будзь уважлівы(-ая). Калі брыгада добрая – яна абавязкова зробіць табе ЭКГ і перадасць яе разам з суправаджальным лістом у прыёмнае аддзяленне.
Адмовіцца ад шпіталізацыі можна і ў карэце хуткай дапамогі, і ў прыёмным аддзяленні. Калі знаходзішся ў непрытомнасці, але побач ёсць нехта з тваёй сям’і, то ён (яна) можа вырашыць твой лёс. Калі ты адзін(-на), цябе прывязуць у шпіталь у любым выпадку. Незалежна ад твайго стану, пакінуць гвалтоўна ў аддзяленні цябе ніхто не зможа.
Калі ты вырашыў(-ла) пакінуць работнікаў медыцынскай дапамогі, неабходна запоўніць бланк і напісаць адмову. Упісаць туды сваё імя і прозвішча, падкрэсліць або ўпісаць, што ты адмаўляешся ад шпіталізацыі ў пэўнае аддзяленне. А таксама пацвердзіць, што ты азнаёмлены(-ая) з наступствамі свайго рашэння.
Па выхадзе табе выдадуць даведку аб часовым знаходжанні ў прыёмным пакоі і вынікі аналізаў. Аднак у карэце хуткай дапамогі даведку не дадуць.
Не патрабуй ад брыгады наступных рэчаў, калі не жадаеш пачуць жорсткае «не». Хуткая не выдае ніякіх бюлетэняў для твайго боса ці настаўніка(-цы), не выпісвае рэцэпты на лекі і не прызначае іх. Хуткая не прыязджае, каб зрабіць укол, калі толькі ў цябе не анкалогія: у гэтым выпадку брыгада можа ўкалоць анальгетык у час, калі паліклінікі не працуюць.
Сумнеўна прыемна: разам з усім пералічаным брыгада не будзе рабіць медыцынскі агляд, каб падлічыць твае праміле.
У рэшце рэшт, хуткая не транспартуе ў морг трупы людзей, якія не памерлі непасрэдна ў карэце.
Калі брыгада хуткай дапамогі абразіла табе ці некарэктна правяла апытанне або агляд, ты можаш напісаць скаргу. Традыцыйна скаргі і падзякі прымае вышэйшая арганізацыя. У Менску гэта Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі. Калі жадаеш хутчэй атрымаць адказ – дасылай свой ліст на электронную пошту pr_smp@tut.by. Адказ табе дашле сам галоўны ўрач. Кожная скарга разглядаецца каля тыдня праз неабходнасць склікаць камісію для праверкі тваіх слоў і дакументаў аб аказанні медпамогі пэўнай брыгадай.
Нумар брыгады (ён пазначаны на адзенні, карце выкліку і суправаджальным лісце), час выкліку хуткай і яе прыезду, час прыезду ў шпіталь. І зразумела – нумар шпіталя.
Паводле арт. 46 «Закона аб ахове здароўя», ты маеш права запрасіць дакументы аб аказанай табе дапамозе. На жаль, для тваіх блізкіх сяброў і партнёра гэтая інфа з’яўляецца канфідэнцыяльнай. Поўны спіс людзей, якія, як і ты, маюць дазвол атрымаць дакументы, чытай у арт. 18 «Закона аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
Калі пажадаеш, можаш запытаць запіс вашай гутаркі з дыспетчарам. Але зрабі гэта своечасова: запіс захоўваецца ў базе толькі 45 дзён.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Жадаеш змяніць нешта ў жыцці? Пачні з імя. Пакрокава распавядаем як і навошта.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.