Класныя медыя ў рэгіёнах

 

 

Калі ты думаеш, што па-за Менскам ты, размеркаваная касатка пяра, будзеш пісаць толькі пра «Дажынкі», надоі і суботнікі, то жорстка памыляешся! Гэтыя рэгіянальныя медыя дадуць фору нават Euronews. Берасцейскі «Бинокль», гомельскія «Сильные новости», слуцкі «Інфа-Кур'ер», «Медыя-Палессе» і «Газета Слонимская» – пра тое, як рабіць паспяховае медыя ў сваім родным горадзе.

 

 

«Бинокль» – інтэрнэт-часопіс пра жыццё Берасця

 

    Вадзім «Рышэлье» Барысевіч, шэры кардынал «Бінокля»:

– Мы прыхільнікі лібертарыянскіх ідэй і выступаем супраць усялякіх рамак, межаў, фарматаў. Наш ідэйны гуру – Хантэр Томпсан, а святы заступнік – Джэк Керуак. Адзіны фармат, які мы прымаем і якому імкнемся адпавядаць, – гэта гонза-журналістыка з поўным пагружэннем аўтараў(-ак) у рэчаіснасць.

Наш часопіс разлічаны на маладых і актыўных людзей, якім надакучыла чытаць зводкі ДТЗ, крымінальную хроніку і рэпартажы з чарговых канцэртаў Уладзіміра Ухцінскага і братоў Панамарэнка.

Калі нейкі матэрыял не знаходзіць водгук у чытачоў, то вінаваты заўсёды журналіст. Нашы чытачы цалкам падзяляюць наш свабодалюбівы светапогляд – гэта яскрава даказаў наш артыкул аб гей-пары. Мы чакалі пабачыць у каментах канапавых ды сублімуючых гамафобаў, а сутыкнуліся з узважанай і аб’ектыўнай рэакцыяй з боку чытачоў.

«Часам тэмы проста сняцца нашым аўтарам(-кам)»

Каб напісаць матэрыял пра Берасце, у якога дакладна будзе шмат праглядаў, трэба, каб у ім былі гэтыя складнікі: гісторыі паспяховага бізнэсу пратэстантаў у горадзе, развіццё мясцовай архітэктуры да тысячагоддзя горада, модныя берасцейцы і берасцейкі ля кінатэатра «Беларусь» і іх арыгінальныя аўтфіты.

Мы адкрытыя і гатовыя да любых эксперыментаў. Галоўнае, каб у іх не ўдзельнічалі БРСМ і прадстаўнікі Беларускай патрыятычнай партыі.

Часам тэмы проста сняцца нашым аўтарам(-кам), але ў большасці выпадкаў мы проста выходзім на вуліцу і дыхаем свежым еўрапейскім паветрам, які дзьме з боку Тэрэспаля. Гэтым жа і натхняемся.

Галоўны сакрэт поспеху «Бінокля» – гэта фатограф. Дзякуючы яму нашы артыкулы чытаюць, колькасць падпісантаў расце, а сам фатограф ужо змяніў ровар на «Мэрсэдэс» S-класа. Ён лепшы рэпартажнік у горадзе, і вы можаце самі ў гэтым пераканацца, адкрыўшы наш часопіс.

 

 

 

 

«Сильные новости» – дайджэст пра жыццё Гомеля

 

    Пётр Кузняцоў, заснавальнік партала:

– Сакрэт поспеху «Cильных новостей» у тым, што мы – плоць ад плоці сваіх чытачоў. Мы ведаем і адчуваем Гомель і цалкам адпавядаем яго настроям і інтарэсам.

У нас паспяховыя сацыяльныя сеткі. У VK – амаль 100 тысяч падпісантаў. Штомесяц мы маем 400-500 тысяч унікальных наведвальнікаў, з якіх не менш за 200 тысяч – жыхары Гомеля. Нагадаю, што ўсяго ў Гомелі жыве 500 тысяч чалавек.

Эксперыментуем вельмі абмежавана і рэдка. Можна колькі заўгодна эксперыментаваць з рубрыкамі, але калі вы – сайт навін і да вас людзі ходзяць па навіны, то яны будуць найперш гартаць стужку.

«Мусіць быць нешта, што чалавек прызнае не столькі цікавым, колькі карысным»

Каб прывабіць увагу чытачоў да вашага матэрыялу, трэба падумаць пра дзве рэчы. Першая – гэта падача, загаловак, лід, ілюстрацыя. Другая – пад падачай мусіць быць нешта, што чалавек прызнае не столькі цікавым, колькі карысным. Цікавае ён сёння прачытаў, а заўтра забыўся, бо цікавага яму падкідваюць кіламетрамі кожную секунду адусюль.

Галоўнае – дасканала ведаць сваю мэтавую групу, адчуваць яе патрэбы, чаканні, болі і радасці. Толькі пры гэтай умове можна вылучыцца сярод тысяч іншых магчымых крыніц і выйграць у барацьбе за ўвагу.

 

 

 

 

«Інфа-Кур'ер» – крыніца актуальных навін Случчыны

 

    Алесь Дастанка, рэдактар сайта:

– Нашае выданне – гэта такі накрыты стол на хатняй кухні з рознымі стравамі. А карміць толькі варанай бульбай ці чорнай ікрой – не камільфо. Меню павінна быць збалансаваным, а ежа – карыснай. Вось закуска, вось салат, а вось суп, гарачае і дэсерт. А калі трэба, і сто грамаў нальём. Ах, так, – усё гэта трэба падаць прыгожа і з добрым словам.

Наш спонсар – жыхары рэгіёна. Мы выконваем іх замову. У іншым выпадку наш чытач перастаў бы галасаваць за нас кашальком і клікам.

Мы робім стаўку на камунікацыю з людзьмі. Ставім задачу не толькі прынесці з поля інфармацыю па зададзенай тэме, але і зачапіць новыя кантакты ці падказкі ад людзей. Падказкі мы бяром і з каментароў да нашых матэрыялаў.

«Наш спонсар – жыхары рэгіёна. Мы выконваем іх замову»

У нашых сацыяльных сетках з’явілася рубрыка «Подписчик дня». Кожны дзень журналісты(-кі) робяць міні-інтэрв’ю з падпісантамі нашых суполак. Мы пытаем, што чытачам падабаецца ў нашым выданні, што іх чапляе, што яны зрабілі б для Слуцка, калі мелі б фінансавыя магчымасці. Прыклады міні-інтэрв’ю можна прачытаць у суполцы «Інфа-Кур’ера» ў VK пад хэштэгам #подписчик_дня_слуцк.

З аднаго боку, мы імкнемся не зрабіць з нашай суполкі сметнік, а з іншага – прапануем максімальна заахвочваць падпісантаў ствараць кантэнт разам з намі. Мы робім так, каб яны былі суаўтарамі гэтай суполкі. Галоўнае ў сацсетках – «быць» там. Але не як турыст ці разява, а як шукальнік золата.

 

 

 

 

«Медыя-Палессе» – гід па жыцці на Лунінеччыне, Століншчыне ды Піншчыне

 

    Святлана Гарда, стваральніца і рэдактарка партала:

– Наш партал сам па сабе цікавы тым, што разлічаны на тры раёны: Лунінец, Столін, Пінск. Мы заўважылі, што нашаму чытачу падабаецца параўноўваць, што, у каго і як. Аднойчы мы зрабілі «Індэкс баршчу» ў трох гарадах: узялі адзін рэцэпт, для якога журналісты набылі самыя танныя прадукты ў сваіх гарадах, зрабілі падлік, вывелі індэкс.

Часта тэмы падказваюць самі чытачы. Збольшага гэта праблемы, якія патрабуюць вырашэння. Хоць улады ўспрымаюць нас як чырвоную анучу ў руках тарэадора, але вымушаны па нашых публікацыях рамантаваць дарогі і дахі, клапаціцца пра бяздомных жывёл, а іншым разам і адмаўляцца ад бессэнсоўных рашэнняў. Напрыклад, нядаўна ў Пінску пачалі заварваць смеццеправоды, але падняўся рэзананс пасля публікацыі і ўлады перадумалі.

У трэндзе ў нас відэа: гісторыі пра людзей, падзеі, спартыўныя агляды, апытанкі. Відэарэпартажы з акцый «недармаедаў» у Пінску і Лунінцы, зробленыя нашым відэакарэспандэнтам, выйшлі на многіх вядучых незалежных парталах краіны.

«У трэндзе ў нас відэа: гісторыі пра людзей, падзеі, спартыўныя агляды, апытанкі»

Мы не абыходзім гарачыя тэмы (акцыі пратэстаў, суды над актывістамі, парушэнні правоў чалавека), і чытач ведае, што знойдзе на «Медыя-Палессі» аб’ектыўную інфармацыю менавіта пра свой рэгіён, бо тое, што ў Менску, – далёка, і пра гэта напішуць іншыя. Нашаму чытачу цікава, што адбываецца побач.

Яшчэ адзін з «сакрэтаў» – актыўная камунікацыя. Людзі маюць пляцоўку, дзе ў іх ёсць магчымасць дзяліцца меркаваннямі, удзельнічаць у конкурсах, надаваць грамадскі рэзананс існуючым праблемам і вырашаць іх з дапамогай журналістаў.

На кожны раён у нас працуе па адным карэспандэнце. Мы не маем права ні хварэць, ні сысці ў больш-менш нармальны адпачынак. Навіны і іншы кантэнт ёсць на сайце штодня, нават у выходныя.

 

 

 

 

«Газета Слонимская» – незалежнае выданне №1 у Слоніме, Мастах і Зэльве

 

    Мікола Канановіч, намеснік галоўнага рэдактара:

– Мы выдаем дзве папяровыя газеты ў адной: агульнапалітычны штотыднёвік «Газету Слонімскую» і рэкламную газету для вольнага часу «Отдушина». Палітыка, сацыяльная сфера, культура, спорт, здароўе, штодзённае жыццё мясцовых людзей, моладзі, нядаўна ўзнавілася дзіцячая старонка – усё цікавае і важнае, што адбываецца ў нашым рэгіёне.

Навіны журналісты знаходзяць самі непасрэдна ў горадзе ці раёне: раскапалі чарговую яму на дарозе, ДТЗ, пажар. Альбо ад чытачоў, знаёмых, сваякоў, праз перасылку фотаздымкаў на рэдакцыйны Viber, электронную пошту, а таксама з навіновых стужак сацыяльных сетак. Зрэшты, тэмы вялікіх публікацый найчасцей нараджаюцца такім жа шляхам.

Мы пішам пра мясцовых людзей, паказваем праблемы і радасці, якімі яны жывуць сёння. І мы жывем тут і цяпер разам са сваімі чытачамі.

«Для кожнага нумара – новы дызайн першай паласы газеты»

Тыраж друкаванага нумару – 3010 асобнікаў. Наш сайт штодня наведваюць прыкладна 4000 чалавек.

У нашых чытачоў стабільнай папулярнасцю карыстаюцца мясцовыя навіны і здарэнні, мясцовыя сацыяльна-палітычныя акцыі і мерапрыемствы, напрыклад Народны сход супраць дэкрэту аб дармаедстве 19 сакавіка ці круглы стол улады і апазіцыі па пытаннях сацыяльна-эканамічнага становішча Слонімшчыны 19 красавіка.

Мы імкнемся здзіўляць нашых чытачоў. Для кожнага нумара – новы дызайн першай паласы газеты. Класічныя рубрыкі дапаўняюцца: напрыклад, «Навіны адным абзацам», «Юбілейнае», «Погляд». Пры вёрстцы імкнемся да максімальнай візуалізацыі інфармацыі – інфабоксы, цытаты, устаўкі, падзагалоўкі ў тэксце плюс падпісаныя фотаздымкі ды інфаграфіка.

 

 

 

 

«Hrodna.life» – дзёрзкі анлайн-штодзённік Горадні

 

    Аляксей Шота, галоўны рэдактар:

– Звычайна, калі я вяду заняткі ў нашай школе журналістыкі, я кажу тым, хто прыходзіць і нічога пра наш цэх не ведае, што ўсе медыя ў Горадні калгасныя. Нават мы. Проста сярод калгаснікаў мы круцейшыя.

Я да таго, што трэба выразна бачыць і разумець свае моцныя і слабыя бакі і рэалістычна глядзець на свет. Няцяжка быць круцейшымі, калі ўласны ўнікальны і больш-менш якасны кантэнт робяць дзве рэдакцыі на ўвесь горад.

Адзін з нашых сакрэтаў – журналіст-кібарг, які не спіць і не адпачывае, Руслан Кулевіч. Ён штодзённа ганяе на ровары па горадзе, шукае навіны і ведае ўсе апошнія чуткі ў Горадні. Дзякуючы яму мы амаль ва ўсім першыя, маем кантакты і ў гарвыканкаме, і ў іншых афіцыйных структурах, якія звычайна не любяць незалежных журналістаў.

Жывы кантакт з людзьмі – наша фішка. Мы не з тых журналістаў, хто гадуе дупы, седзячы ў офісе на стужцы навін з агенцтваў. Яшчэ наша фішка – крутыя гістарычныя і краязнаўчыя матэрыялы, якіх не робіць больш ніхто. Іх для нас пішуць класныя фрылансеры. Наогул пастаянна ў нас працуюць тры чалавекі, а яшчэ з дзясятак пішуць перыядычна.

«Мы не транслюем усё запар і не «жаўцім» шмат, хаця любім цыцкі і ўсё такое і нярэдка гэта даём»

Мне падабаецца, калі на галоўнай старонцы спалучаюцца загалоўкі тыпу: «Распусныя танцы тверк у гарадскім парку (ВІДЭА)», «Як у ХІХ ст. гарадзенцы каноплі гадавалі», «Чаму збанкрутаваў піўзавод?», «Валанцёры зноў дапамаглі сабачкам» і «Аварыя на Ажэшкі: увесь цэнтр стаіць у корку». Значыць, дзень прайшоў добра і мы паказалі жыццё горада з усіх бакоў.

Чым мы адрозніваемся ад рэшты мясцовых медыя? У нас ёсць місія і каштоўнасці. Мы не транслюем усё запар і не «жаўцім» шмат, хаця любім цыцкі і ўсё такое і нярэдка гэта даём. Мы гатовыя ўкладаць час і сілы ў матэрыял, які лічым важным, але пра які ведаем, што ён не будзе такі папулярны, як азадак Волі Лета. Калі б мы не прытрымліваліся некаторых каштоўнасцей, накшталт беларускай мовы, то даўно былі б самымі багатымі і чытанымі ў горадзе і ездзілі на Infinity. Але гэта была б ужо зусім не тая журналістыка, якую мы вызнаем.

 

 


КАМЕНТАРЫ (1)

Баранавічы
Баранавічы | 2017-05-12 09:08:05

Хм, а дзе Інтэкс (Баранавічы)?

КАМЕНТАВАЦЬ