Як рабіць падкасты?

  • 09.04.2019
  • Аўтар: KorneJ
  • 6583

26 сакавіка ў менскай прасторы Punkt адбылася прэзентацыя аўдыягідаў пра Беларусь – сумеснага праекта 34 і МТС. У межах мерапрыемства саўнд-дызайнеры гэтага чароўнага кантэнту (а па сумяшчальніцтве – стваральнікі Radio Plato) Аляксандр Карнейчук і Павел Кірпікаў распавялі, як запісаць якасны падкаст і як данесці яго да аўдыторыі. Ніжэй – такі падрабязны канспект сустрэчы, што хоць сёння бяры ды рабі сваё!

 

 Як мы «агучылі» Мінск 

На працягу года 34 разам з МТС стваралі прыгожую аўдыягісторыю пра горад-герой. Пачалі з «інструкцыі па выкарыстанні» для тых, хто ўрываецца ў сталіцу ўпершыню, правялі слухачоў па праспекце Незалежнасці і вуліцы Кастрычніцкай, даследавалі Вялікі тэатр, зазірнулі на галоўны маркет горада, падыхалі паркамі, уразіліся загадкамі Нямігі, успомнілі рэйвы мінулага і зноў закахаліся ў раён Трактарнага завода.

Усе аўдыягіды знаходзяцца ў вольным доступе на сайтах 34mag.net і 34travel.me у трох моўных версіях: беларускай, рускай, англійскай. Рэкамендуецца тэрмінова слухаць, пераслухоўваць і раіць заморскім гасцям!

На прэзентацыі аўдыягідаў саўнд-дызайнеры гэтага чароўнага кантэнту (а па сумяшчальніцтве – стваральнікі Radio Plato) Аляксандр Карнейчук і Павел Кірпікаў распавялі, як запісаць падкаст такога ўзроўню і як данесці яго да а ўдыторыі. Лаві падрабязную інструкцыю.

 

 

 Аб чым твой падкаст? 

Як у любым творы, у падкасце павінна быць тэма. Яна мусіць быць канкрэтнай – так людзі лепей зразумеюць, пра што ты ім хочаш распавесці. Мы раім брацца толькі за тыя топікі, якія табе было б асабіста цікава даследаваць. Давай паглядзім, пра што гавораць падкасцеры.

 

Актуальныя падзеі

Здавалася б, падкасты будуць прайграваць у хуткасці падачы навін тэкставым медыя, але высвятляецца, што гэта не самае галоўнае. Можна і раз на дзень распавядаць пра тое, што здарылася ў свеце, важна – каб была класная гісторыя. Папулярнасць навіновых падкастаў ад The New York Times, BBC і The Guardian гэта пацвярджаюць.

Гісторыі поспеху і асабісты вопыт

Асабістыя гісторыі цікавяць людзей: як прафесіяналаў, якія слухаюць іншых прафесіяналаў, так і падарожнікаў па жыцці, для якіх твой госць – крыніца натхнення. "Як ты стаў(-ла) такім(-ой) крутым(-ой)? Ці здараліся з табой лайновыя сітуацыі? Падзяліся рэцэптам свайго шчасця," – за адказы на гэтыя пытанні аўдыторыя будзе удзячная. 

 

 

Кантраверсія і дыскусіі

Этычныя пытанні, скандальныя выпадкі, жыццёвыя парады – усё тое, на чым можна адточваць аратарскія скілы, таксама добра слухаецца.

Адукацыя

Можна паволі вучыць пушту або спасцігаць малекулярную фізіку. Некаторыя амерыканскія ўніверсітэты частку курсаў выкладаюць у выглядзе падкастаў, а на некаторых факультэтах, наадварот, студэнты рыхтуюць адказы ў фармаце размоўных медыя.

 

 

Бізнэс

Тут зразумела: стартапы, прагнозы, менеджмент часу. Але ёсць і захапляльныя баевікі: напрыклад, Business Wars – аб супрацьстаянні бізнэс-гігантаў (McDonald’s vs. Burger King, Xbox vs. PlayStation, Coke vs. Pepsi).

Культура

Тут таксама зразумела: можна рабіць тэатральныя агляды, запрашаць музыкаў у эфір, абмяркоўваць рэйтынгі Rotten Tomatoes або расказваць пра антрапалагічныя экспедыцыі ў беларускую глыбінку – усё залежыць ад тваёй апантанасці.

 

 

 Аўдыторыя 

У падкастаў вельмі лаяльная аўдыторыя. Яна расце павольна, але калі цябе пачалі слухаць, ёсць вялікая верагоднасць, што гэта надоўга. Калі чалавек знаходзіць свой падкаст, ён, як правіла, прывязваецца і адчувае, што вядучыя гавораць асабіста з ім. Падумай, як ты падаеш інфармацыю, наколькі разжоўваеш. Май на ўвазе як аматараў, так і прафесіяналаў па тэме – падбірай інфу для кожнага слоя.

 

 Каманда 

Вырашы напачатку: з кім ты робіш падкаст. Сола, з сябрам або наймаеш здымачную каманду. Ад гэтага будзе залежаць шмат рэчаў: якасць, хуткасць, а таксама памер інвестыцый.

 

 Планаванне 

Прадумай некалькі тэм наперад і рэгулярнасць выхаду. Мы раім адразу выпусціць пілотную версію, каб зразумець, колькі часу ў цябе сыдзе на вытворчасць аднаго выпуску і ці можаш ты сабе гэта дазволіць.

 

 

 Абсталяванне 

Перш за ўсё вырашы для сябе, хочаш ты запісвацца самастойна або скарыстацца паслугамі студыі? У другім выпадку можна сканцэнтравацца на змесце шоу і не адцягваць увагу на тэхнічныя дэталі. На студыі гукааператар правільна выставіць табе гук, акуратна звядзе дарожкі, выража ўсе «эканні» і скіне гатовы файл на флэшку. Каштаваць гэта будзе прыкладна ад $15 за гадзіну студыі + $40 за рэдагаванне гадзіннага шоу. Калі ты па DIY, давай разбірацца, што табе спатрэбіцца для запісу падкаста.

 

Мікрафон

Канешне, падкаст можна запісаць і на мікрафон, убудаваны ў ноўтбук, тут пытанне: наколькі табе патрэбная якасць. Калі лоўфай – тваё другое імя, то гэтага хопіць. Мы ж разгледзім тры найбольш прасунутых варыянты.

Самы незапарны з іх – набыць мікрафон-пятлічку (lavalier). Кожны з удзельнікаў дыскусіі зможа ўключыць яго ў смартфон і пісаць уласную дарогу. Пасля трэба будзе толькі звесці іх разам і адрэдагаваць. Раім звярнуць увагу на Rode smartLav+ (BYN 147), Audio-Technica ATR3350 (BYN 89) і Shure MVL (BYN 146). Усе тры мадэлі omnidirectional, то-бок запісваюць з усіх бакоў аднолькава добра, але памятай, што калі ты хочаш падключыць іх у рэкордар ці камп’ютар, спатрэбіцца перахаднік з TRRS на TRS. І ніколі не ўключай іх у раз’ёмы з фантомным сілкаваннем, бо спаліш.

Самы распаўсюджаны варыянт у аматарскім гуказапісу – USB-мікрафоны. Яны падключаюцца да лэптопа і запісваюць гук праз адмысловы аўдыясофт. Тут у першую чаргу раім «залаты стандарт» падкастынгу – Blue Yeti (BYN 459), на які можна пісацца як у адну асобу, так і садзіцца ў кружок – піша ён аднолькава добра. Больш бюджэтны варыянт – Audio-Technica 2020USB PLUS (BYN 350). Тут мінус – толькі кардыоідная накіраванасць, то-бок спераду добра, а ззаду не. Таксама шмат хто раіць мікрафон Samson Q2U (BYN 299), называючы яго лепшым мікрафонам для пачаткоўцаў. Ён таксама аднаскіраваны, але акрамя USB мае XLR-раз’ём, то-бок можа выкарыстоўвацца ў больш прафесійных сэтапах.

Калі ты жадаеш студыйны мікрафон, то раім звярнуць увагу на Rode NT1-A (BYN 520) ці Blue Bluebird (BYN 640) – на апошні мы пішамся самі. Толькі памятай, што да іх таксама спатрэбіцца аўдыяінтэрфейс, напрыклад Focusrite Solo ці 2i2 (BYN 250/350).

Калі грошай зусім няма, а размаўляць пад запіс карціць, тэстуй усе даступныя варыянты – тэлефон, лэптоп, дыктафон – і слухай, дзе гучыць лепей за ўсё. Ад гэтага варыянту і танчы.

 

 

 Дзе лепей пісацца? 

Відавочна, што трэба запісваць падкаст там, дзе няма пабочных гукаў. Апроч гэтага, паклапаціся, каб у пакоі не было рэха. Для гэтага неабходна захінуць сцены тканінай, каб было як мага менш гладкай паверхні, ад якой адбіваецца гук. Калі такой магчымасці няма, запісвайся пад коўдрай. І гэта не жарт!

Не запісвайся ля прыбораў, якія гудуць: камп’ютараў, кандыцыянераў, лядоўні. Гэты шум, канешне, можна будзе выдаліць плагінамі, але чым болей ён перакрыжоўваецца з тваім голасам па частотах, тым меней палітры ў выніку застанецца.

Памятай пра кліпінг, які ўзнікае, калі твая гучнасць выходзіць за мяжу ў 0 дБ (чырвоныя рыскі на індыкатары гучнасці). Тады ўзнікае лічбавы трэск, шыпенне, якія потым ніяк не выдаліць. Лепей запісаць гук цішэй, а ўжо на этапе постпрадакшну падняць «у нуль».

 

 

 Постпрадакшн 

Пяройдзем да самай тэхнічнай і адначасова самай творчай часткі праекта – постпрадакшну. Тут можна ўзброіцца віртуальнымі нажніцамі і кроіць падкаст, як ты пажадаеш: выразаць афтоп, мяняць фразы месцамі, накладваць эфекты, музыку, ствараць сапраўдны аўдыятэатр. Выяўленчых сродкаў у падкастынгу процьма, і ты з часам вынайдзеш уласны творчы метад, мы ж раскажам пра тэхнічныя моманты: што трэба рабіць пасля запісу голасу.

Па-першае, трэба абраць софт, у якім ты будзеш апрацоўваць свой падкаст. Мы раім пачынаць з Audacity – ён бясплатны, open-source і мае ўсе неабходныя фічы. Юзабіліці у праграмы суровае, але засвоіш гэты інтэрфейс, з чым заўгодна потым разбярэшся. На iOS ёсць бясплатны GarageBand – стандартны музычны аўдыярэдактар, для апрацоўкі гуку таксама падыдзе.

Прасунутыя (але платныя) варыянты – Adobe Audition і кароль працэсінгу голасу Izotope RX. У выпадку з апошнім табе таксама спатрэбіцца софт для мантажу праекта (напрыклад, Ableton або той жа Audacity падыдзе).

Мы прапануем кожны голас апрацоўваць наступнымі плагінамі.

 

Noise Reduction

Тут цэлы спектр шумоў, які можна зменшыць. Напрыклад, агульны шум асяроддзя можна прыбраць спектральным шумападаўляльнікам (Spectral De-Noise). Гул ад прыбораў змяншаецца з дапамогай плагіна De-Hum. А непажаданыя ўдары па мікрафоне апрацоўвае адмысловы DeBleeder.

Plosive Remover

Працуе над выбухнымі вакальнымі артэфактамі: надзвычай гучнымі «п», «б», «к» і «г».

DeClicker

Выяўляе і выдаляе пстрычкі і трэск ад бесправадных мікрафонаў, вінілавых пласцінак, і іншых крыніц гуку.

 

Deesser

Калі ты або твой субяседнік надзвычай гучна шыпіць ці свішча, неабходна прагнаць голас праз Deeser.

Dereverb

Мы пісалі раней пра тое, што пакой, у якім ты пішашся, трэба максімальна заставіць порыстымі прадметамі. Але трохі рэвэрбу ўсё роўна застанецца. Dereverb працуе з гэтай акалічнасцю.

 

Каб дадаць трохі нагляднасці, мы запісалі голас з апошняга падкаста 34travel пра Трактаразавод у неапрацаваным выглядзе, а потым крок за крокам дадавалі кожны з плагінаў, дэманструючы таксама, як гучыць тое, што яны выдаляюць.

 

 

Эквалізацыя

Пасля працы над галасавымі артэфактамі самы час перайсці да эквалізацыі, якая дазваляе змяняць амплітуду кожнай з частот. З дапамогай эквалізацыі можна лепей раскрыць тэмбр, падкрэсліць яго прыгажосць. Тут галоўнае правіла (як у прынцыпе з кожным эфектам): чым меней, тым лепей. Спачатку трэба зразумець, што з гукам не так, а тады пачынаць круціць ручкі. Калі голас гучыць невыразна, можна дадаць частот у дыяпазоне 3-5 кГц. Калі хочаш дадаць моцы, працуй над частотамі 100-300 Гц. Дарэчы, калі ты хочаш зрабіць эфект «старога радыёпрыёмніка», прыбяры ўсе нізкія і высокія частоты і пакінь толькі сярэдзіну.

Кампрэсія

Дзесьці голас можа гучаць ціха, дзесьці гучна, з-за гэтага некаторыя кускі будуць вывальвацца з чутнасці, а гучныя не дадуць табе падняць агульны ўзровень сігналу (ты ж памятаеш, за нуль вылазіць нельга). Кампрэсар, кажучы прафесійнай мовай, змяншае дынамічны дыяпазон, то-бок выраўноўвае ціхія і моцныя гукі. Не забудзь таксама на master кінуць лімітар, каб ні адзін гук не перакрочыў нулявы Рубікон.

 

 

 Што яшчэ можа быць у падкасце? 

Напрыклад, музыка. Тут важна глядзець на ліцэнзію твора, які ты выкарыстоўваеш. Хутчэй за ўсё, гэта будзе Creative Commons. Звяртай увагу на параметры Non-Commercial Use і Attribution. Шукаць музыку можна тут: YouTube Audio Library, Free Music Archive, Jukedeck, No Copyright Sounds.

Калі твой падкаст пагружае ў канкрэтныя сітуацыі, гуляе з уяўленнем, можна дапамагаць яму саўнд-эфектамі. Напрыклад, калі ты распавядаеш пра жыхароў закінутай вёскі, рэканструюй сітуацыю: як ты едзеш пад раўнамерны гул аўто, як адчыняеш дзверы хаткі, як закіпае імбрык – тут неабсяжнае поле для фантазіі. Эфекты таксама можна браць на стоках (не забывай пра Creative Commons), напрыклад на Freesound, Adobe Audition SFX, Converse Sample Library або ў YouTube-пошуку па тэгу sound effect.

Паслухай, як цалкам з музыкай і саўнд-эфектамі гучыць наш апошні падкаст пра Трактарны завод:

 

 

 

 Як прасоўваць падкасты? 

Па-першае трэба заліць падкаст на тыя платформы, дзе іх слухаюць: iTunes, Spotify, TuneIn, VK, «Yandex.Музыка», Soundcloud, Mixcloud. Ёсць сэрвісы, якія ўсё зробяць самі, але трэба будзе трохі заплаціць. Напрыклад, Podbean або Libsyn.

Па-другое, актыўна прысутнічай у сацсетках. Рабі кароткія тызеры шоу, здымай сторыз з гасцямі, распрацуй прыгожы дызайн – не нам цябе вучыць, як быць крутым эсэмэмшчыкам у 2019 годзе.

Тэгай сваіх гасцей у сацсетках, а таксама сам(-а) свяціся ў іншых праектах: скрыжаванне аўдыторыі – лепшы спосаб яе павялічыць.

Разыгрывай штосьці бясплатнае – усе любяць халяву.

Выходзь у афлайн: удзельнічай у канферэнцыях, мітапах – карацей, нэтворкайся.

Падумай пра манетызацыю: можна рабіць сумесны праект з брэндам або кожны раз устаўляць натыўную рэкламу. Рынак падкастаў цікавы тым, што наратар мае высокую лаяльнасць сярод слухачоў, а кошт натыўкі невысокі адносна іншых медыя.

 

 

 Агульныя парады 

   Успрымай падкаст як жывую гутарку. Не думай пра запіс і пра тое, каб хутчэй задаць наступнае пытанне. Суразмоўца сказаў(-ла) штосьці цікавае – разві тэму.

   Трымай штурвал. Падчас падкасту падагульняй, вяртайся да асноўнай тэмы, звяртайся да героя па імені – памятай, што слухачу нязручна перамотваць на пачатак, каб успомніць, пра што вы тут гутарыце.

   Чым менш, тым лепш. Чым менш маніпуляцый над голасам у падкасце ты зробіш, тым лепш ён будзе гучаць.

   Распісвай тэкстам ключавыя тэзісы, аб чым твой падкаст. Гэта дапаможа не толькі зразумець людзям, ці варта яго слухаць, але і лепей праіндэксуе ў пашукавіках.

   Ніколі не выкарыстоўвай VoIP-рэкордары. То-бок калі ты размаўляеш з героем праз скайп, не запісвай яго праз скайп – вельмі псуецца голас. Папрасі запісаць яго на рэкордар і даслаць у выніку файл з аўдыя.

   Не ператварай падкаст у піўную пасядзелку (калі гэта не твая мэта). Не вельмі прыемна чуць у вушах, як хтосьці п’е, жуе або шамаціць.

   На запісвайся, пакуль не пераканаешся ў якасці гука. Зрабі пробную версію, прачэкай яе ў тым ліку з боку героя.

   Не выкарыстоўвай галаўную гарнітуру для запісу, калі толькі яна не вельмі крутая.

   Не будзь нудным(-ай) (калі гэта не мэта твайго падкасту).

 

 

 Чым натхніцца? 

 

This American Life – штотыднёвая перадача, якая выходзіць на чыкагскім радыё WBEZ з 1995 года. Ужо амаль чвэрць стагоддзя калягадзіннае шоу кожны раз даследуе асобную тэму: то гэта ўраган «Катрына», то дзіцячая логіка або скандальныя сведчанні Майка Дэзі аб жудасных умовах працы на заводах Apple у Кітаі. Па сюжэтах перадачы выйшла некалькі фільмаў, у тым ліку «Інфарматар» Стывена Содэрберга.

 

Галоўная сенсацыя апошніх гадоў – Serial. Падкаст з’явіўся як спіноф студыі This American Life у 2014 годзе. У ім разбіраюцца рэальныя выпадкі сумнеўнай працы амерыканскай сістэмы правасуддзя. У першым сезоне распавядаецца, напрыклад, пра чалавека, асуджанага за забойства сваёй былой дзяўчыны. Аўтарка Сара Кёніг знайшла нестыкоўкі ў абвінавачванні – у выніку па справе быў прызначаны новы працэс. Serial стабільна займае першыя радкі iTunes, выйграе прэміі за інавацыйную дакументалістыку, а па колькасці спамповак б’е ўсе сусветныя рэкорды.

 

The Daily – штодзённы падкаст The New York Times (выходзіць са студзеня 2017-га). Вядучы Майкл Барбара распытвае журналістаў NYT, якія абагульняюць і каментуюць свае гісторыі, а таксама дадае архіўныя запісы, што іх тычацца. 

 

The Moth. Дваццаць гадоў таму амерыканскі пісьменнік Джордж Доўс Грын разам з сябрамі збіраліся спякотнымі летнімі вечарамі на тэрасе яго дома і травілі адзін аднаму байкі. Пад ліхтаром лёталі матылькі, так з'явілася назва – The Moth. Потым Грын з'ехаў у Нью-Ёрк і ператварыў традыцыю спачатку ў фармат вечарынкі, потым у праграму на радыё, а потым з'явіліся падкаст і нацыянальнае спаборніцтва: хто лепшы апавядальнік. Свае гісторыі ў The Moth распавядаюць як знакамітыя акцёры, так і звычайныя людзі.

 

Everything Is Alive – вельмі незвычайнае шоу, у якім інтэрв’ю бярэцца ў неадушаўлёных прадметаў. Ролі прадметаў агучваюць акторы, сцэнар загадзя не прапісваецца, таму ніколі не ведаеш, пра што раскажа табе бейсболка Піці клуба «Манрэаль Экспас», якая жыве ў Бронксе, ці ліхтарны слуп Мэйв, які разважае пра сусветны кінематограф. Вельмі раім!

 

 

 

 

Фота by daryabrr

ЧУП «Проспектпресс», УНП ‎101520868