Свопы і вінтажкі: шукаем альтэрнатывы «чорнай пятніцы»

З (анты)нагоды «чорнай пятніцы» праект Sviadomy Šyk запусціў кампанію «Стыль is…», а мы разам з яго камандай дзелімся альтэрнатыўнымі мерапрыемствамі і падказваем адрасы шыкоўных вінтажак у Менску, Варшаве і Тбілісі.

 

Хуценька нагадаем, што не так з «чорнай пятніцай»:

Стымулюе перавытворчасць. Хіт продажу «чорнай пятніцы» па ўсім свеце – тавары хуткай моды, бо менавіта кошт няякасных танных рэчаў можа быць зніжаны да плінтуса і ніжэй. Дазволім сабе каламбур: цана нізкага кошту ў гэтым выпадку вельмі высокая, бо ўсе мы разумеем, што хуткая мода ідзе рука аб руку з эксплуатацыяй працоўных і з сістэматычным забруджваннем планеты.

Мацуе трэнд «купі – апрані – выкіні». Факт, што большасць купленых падчас распродажу рэчаў апранаюць некалькі разоў або не апранаюць увогуле, і хутка яны трапляюць на сметнік. Паводле дадзеных UN Environment Programme, штогод выкідаецца каля 92 мільёнаў тон адзення, гэта прыкладна адзін смеццявік-грузавік адзення кожную секунду.

Узбагачае багатых, збядняе бедных. Ад падвышанага ажыятажу і зніжак выйграюць не тыя людзі, якія шыюць адзенне ці развозяць замовы без магчымасці зрабіць нармальны перапынак на паесці. Выйграюць карпарацыі. Па падліках Oxfam, кіраўнік моднага брэнду за чатыры дні зарабляе столькі, колькі швачка ў Бангладэш – за ўсё жыццё. З набліжэннем «чорнай пятніцы» заробак швачкі не павялічваецца – затое павялічваецца норма, якую яна мусіць адшыць.

 

Што за стылёвы флэшмоб?

Sviadomy Šyk запрашае далучацца да кампаніі «Стыль is…», як гэта ўжо зрабілі артыстка Анастасія Рыдлеўская, харэографка Лера Івашко і іншыя беларускі і беларусы.

Для гэтага трэба даслаць камандзе праекта працяг фразы «Стыль is…», падзяліцца здымкам (ці відэа) любімага аўтфіту або рэчы, а далей – пабачыш сябе ў тэлевізары, то-бок інстаграме «Свядомага шыку». Мяркуецца, што кампанія стымулюе нас задумацца, што нам насамрэч падабаецца і якія вобразы адлюстроўваюць нас сапраўдных. Заадно можна паглядзець на іншых.

«Лістапад – месяц, калі пакупкі вабяць асабліва моцна. “Чорная пятніца” шэпча: “Бяры, пакуль са зніжкай!” Але ў гэтым лістападзе мы кажам “НЕ” маркетынгавым маніпуляцыям. І паказваем, што стыль – гэта любоў: да сябе, да сваіх рэчаў, да асабістых гісторый – а не да ажыятажу і зніжак», – вось такі мэсэдж.

 

 

Куды пайсці замест сэйлаў у молах?

 

Варшава: своп-вечарына

📍 Kwatera 27, Chmielna 10a–27
🕕 28 лістапада, 18:00–21:30

абмен рэчамі,
зона збору непрыдатнага для выкарыстання адзення,
настолкі,
бінга, дзе можна будзе выйграць сертыфікат у Goose Vintage,
DJ-сэт Sima.

  Рэгістрацыя абавязковая: спасылка.

Кракаў: своп-вечарына

📍 Прастора, Mikołajska 4/6
🕕 28 лістапада, 16:30–21:30

абмен рэчамі,
garage sale (кошт удзелу – 20 злотых),
майстар-клас па вышыўцы (кошт удзелу – 20 злотых, для студэнтаў і падлеткаў зніжка 50%),
лекцыя пра кракаўскія сэканд-хэнды.

  Трэба зарэгістравацца па спасылцы, калі хочаш прынесці свае рэчы для Swap або Garage ці ўдзельнічаць у майстар-класе па вышыўцы.

Уроцлаў: гаражная распрадажа і экскурсія

📍 Кавярня Mods, Krakowska 180L
🕕 29 лістапада, 10:00–16:00

экскурсія па сэканд-хэндах горада (кошт удзелу – 15 злотых),
garage sale.

  Зарэгістравацца на экскурсію або продаж уласных рэчаў трэба тут.

 

Вільня: своп-вечарына

📍 Konstitucijos pr. 23
🕕 28 лістапада, 18:00–21:30

абмен рэчамі,
квіз пра павольную і хуткую моду,
калажная майстэрня, дзе з дапамогай выразак, тэкстаў і нажніцаў можна будзе сабраць свой вобраз.

  На майстар-клас трэба рэгістравацца тут.

Тбілісі: дзве своп-вечарыны

📍 Vintylator Vintage Shop, 10 Egnate Ninoshvili

🕕 28 лістапада, 19:00–22:00

абмен рэчамі,
зніжкі ад Vintylator Vintage,
DJ-сэт.

📍 Cafe Gallery, 34 Alexander Griboedov
🕕 29 лістапада, 14:00–21:00

абмен рэчамі,
маркет грузінскіх устойлівых брэндаў,
майстар-клас,
дыскусія пра ўстойлівае спажыванне,
квіз пра павольную і хуткую моду,
DJ-сэты.

 


 

 

Дзе шукаць вінтажкі, сэканды, барахолкі ў тваім горадзе?


Менск

 

OPEN ШКАФ

Гэта штомесячная вінтажная імпрэза, якая адбываецца і ў «чорнапятнічныя» ўікэнды таксама. Тут спаткаеш шмат маладых людзей з іх міні-сэкандамі, якія выходзяць з анлайна ў афлайн. Цябе чакаюць прыгожыя кашулі, швэдры, джынсы, упрыгажэнні. На Open Шкаф часта заяўляюцца таксама лакальныя беларускія брэнды і апсайкл-мастакі.

CRAFTMALL

Сезонны кірмаш-выстава. Тут у першую чаргу зацэніш упрыгажэнні ад лакальных брэндаў, але абавязкова будуць і колькі цікавых сэкандаў, і апсайкл-праекты. Аматарам вязаных рэчаў зазірнуць варта дакладна, Craftmall стабільна збірае вакол сябе шматлікіх майстроў, якія ствараюць магію пруткамі.

KaliLaska

Альшэўскага, 1/4; Кальварыйская, 33/4.

KaliLaska прымае рэчы з гісторыяй, якія заслугоўваюць другое жыццё. Асноўную частку сабранага каманда перадае ў дзіцячыя дамы, людзям з інваліднасцю, малазабяспечаным людзям, а невялікі адсотак рэалізуюць, каб падтрымліваць праект на плаве. Галоўная крама працуе нон-стоп: тут ты адшукаеш адзенне, абутак, упрыгажэнні, настолкі. На Кальварыйскай працуе крамка з больш прафільтраваным асартыментам, але і вышэйшым коштам.

 

Рэтра Тэрапія

Чырвонаармейская, 21/6

Гэта крама антыкварыяту і вінтажных рэчаў для дома. Найперш – мэбля і дэкор, але моднікам варта зазірнуць сюды па ўпрыгожанні – упалюеш густоўную брошку ці завушніцы. Часам трапляюцца вінтажныя сукенкі і беларускія тэкстыльныя скарбы: дываны, тканіны, ручнікі.

Сэканд і «Поле цудаў»

вуліца Ціміразева, 125/3

Залаты стандарт для тых, хто ведае, што сапраўдны скарб трэба нарыць. «Поле цудаў» – вялізная тэрыторыя на вулічным рынку. Горы адзення, дзе можа трапіцца і штосьці Vans, і вінтажныя боты, і куртка, у якой будзеш выглядаць што той дэндзі. Прыязджай з гатоўкай.

Не абміні ўвагай і блышыны рынак на тэрыторыі «Гандлёвага цэнтра “Ждановічы”». Там можна знайсці цікавыя прадметы для калекцыянераў (манеты, маркі, кнігі) і рэчы для інтэр’еру: самавары, статуэткі, пласцінкі. Моднікаў сюды вабяць пярсцёнкі, брошкі, рамяні ды іншыя дэталькі аўтфіту, якіх дакладна не спаткаеш на Нямізе.

«Мода Макс» (сетка па ўсёй краіне)

Базавы мінімум. Самы вядомы сэканд беларускіх моднікаў, дзе ў дзень прывозу трасуцца сцены. Адзенне тут прадаюць на вагу: чым больш часу прайшло пасля прывозу, тым ніжэйшая цана. Ёсць адзенне, абутак, шалікі, шапкі. Таксама з’явіліся асобныя крамы з фіксаванымі цэнамі: напрыклад, усё па 3 рублі.

 

І яшчэ колькі сетак, вартых увагі

«Эконом Сити» – сэканд-хэнд-крама з фіксаваным коштам, дзе ёсць амаль усё, акрамя ўпрыгажэнняў; можна знайсці сапраўды цікавыя рэчы. Happy Hand – у гэтай сетцы можа быць надта проста тым, хто любіць «паляваць» на скарбы, бо рэчы тут вельмі педантычна раскладзеныя. Але для тых, хто губляецца перад горамі адзення, – варыянт што трэба. Megahand – вялізныя памяшканні, запоўненыя разнастайнымі рэчамі, на якія рэгулярна прапануюць бонусы і зніжкі. «Элегант» – добрыя цэны, частыя зніжкі, вялікі выбар.

 

 

 

Варшава

 

Goose Vintage

Smulikowskiego 4

Сапраўдная знаходка для тых, хто шануе ўнікальнасць. Уладальнікам удалося стварыць асаблівую прастору, дзе вінтаж спалучаецца з шоўрумам кастамнага адзення, чайнай і нават цырульняй. Атмасфера вельмі сяброўская: малады персанал лёгка падтрымлівае размову і дапамагае падабраць тое, што вам пасуе. Не танна, але цэны прыемна здзіўляюць, нават на кастамныя рэчы.

Dopamina

Chmielna 24

Невялікая вінтажная крамка, дзе можна знайсці класнае адзенне і аксэсуары. Кошт даволі куслівы, але часам трапляюцца шыкоўныя знаходкі, якія поўнасцю апраўдваюць цэннік, бо даюць моцны дафамінавы прыход.

YOLK

Jana Pawła II 38

Тут цябе чакае файны выбар класічных рэчаў: пінжакі, паліто і не толькі. Зможаш прыбрацца ў офіс ці на шпацыры ды спатканні ў элегантным стылі. Класныя мадэлі абутку, якія наўрад ці пакінуць абыякавым(-ай).

 

Vintage&Friends

Wilcza 66

Гэтая вінтажка ператварае выкінуты тэкстыль (коўдры, прасціны, фіранкі) ва ўнікальнае адзенне ўласнага дызайну: курткі, камізэлькі, сукенкі і гэтак далей. Кожная рэч непаўторная, ствараецца ўручную, невялікімі партыямі з падтрымкай мясцовых майстроў. Ёсць опцыя замовы анлайн. Таксама тут можна знайсці якасна адабраныя рэчы сэканд-хэнд.

Targi Glam Vintage

Hala Koszyki / Koszykowa 63

Старанна адабранае прэміяльнае адзенне, аксэсуары і вініл – тут кожны(-ая) знойдзе нешта па сэрцы. Продажы ладзяцца з пэўнай перыядычнасцю, трэба звярацца з раскладам у сацсетках. Найбліжэйшы івэнт – акурат 29–30 лістапада.

VIVE Profit

У гэтай сетцы можна знайсці ўсё – ад недарагога адзення на вагу да амаль новых рэчаў. Цэны адрозніваюцца не толькі ў залежнасці ад дня, але і ад матэрыялу. Напрыклад, якасныя джынсы і мадэлі з большай колькасцю эластану будуць каштаваць па-рознаму.

 

Bazar miejski

Marshałkowska 19

Месца сапраўды велізарнае, што той базар. Тут лёгка згубіцца сярод мноства рэчаў на любы густ і бюджэт. Атмасфера жывая: наўкол пастаянны рух, людзі нешта шукаюць, прымяраюць, абмяркоўваюць. Асобная асалода – вітрыны: у іх поўна ўпрыгожанняў, статуэтак і іншых дробязяў з характарам.

 

 

 

 

Тбілісі

 

Shantay Vintage Shop

5 Lado Asatiani

Гэты фэшан-пункт у Старым горадзе вядомы вінтажнымі кашулямі, ваўнянымі спадніцамі і пінжакамі. Адзначым, што зімой выбар значна большы, чым улетку, таму цяпер самы час зайсці.

Dezerter Vintage

133, 14 Mikheili Tsinamdzghvrishvili

Адна з самых вядомых вінтажак знаходзіцца ў сэрцы Дэзертырскага рынка. Вялікі выбар як жаночага, так і мужчынскага адзення. Можна сабраць аўтфіт пад розны стыль і нагоду.

Dezerter Vintage Pirosmani

3 Niko Pirosmani

Вінтажка ад той за каманды, што і папярэдняя, але ў іншай лакацыі. Таксама вялікі выбар рэчаў у добрым стане, стылёвае месца, частае абнаўленне.

 

Vintage Crush

19 Tamar Chovelidze

Крама знаходзіцца ў раёне Вера і аточана мноствам маленькіх вінтажак ды проста класных месцаў. Тут можна падабраць незвычайныя акуляры, стылёвыя боты і агулам элегантныя вобразы.

Vintylator

37 Alexander Griboedov; 10 Egnate Ninoshvili

Вінтажка з рэчамі, адабранымі прафесійнымі паляўнічымі на вінтаж. Верхняя вопратка, абутак, кашулі, штаны, сукенкі, аксэсуары, сумкі – можна знайсці што заўгодна. Шмат колераў, фактур, прынтаў. Каманда часам робіць інфармацыйныя кампаніі пра ўстойлівае развіццё ў напрамку навакольнага асяроддзя – карацей, за імі варта сачыць.

Zero Effect Space

7 Melikishvili

Першая zero waste крама ў Тбілісі летась адкрыла яшчэ і вінтажку. Рэчы больш практычныя, на кожны дзень, асартымент вельмі добрай якасці, цэны зразумелыя. Сезонна можна вычапіць сабе цікавую кашулю, футболку ці бомбер.

 

 

Фота: palasatka