Жыццё паказвае, што ўсякае можа здарыцца і трэба быць падрыхтаваным(-ай) да ўсіх ролеркостараў рэальнасці. Лаві актуальную інструкцыю на той выпадак, калі цябе пабілі ў цёмным закутку, дома, на працы ці на якой-небудзь вясёлай імпрэзе.
Што можна лічыць пабоямі?
З медыцынскага пункту гледжання, цялесныя пашкоджанні – гэта парушэнне анатамічнай цэласнасці тканін. Калі ты, не прывядзі, з роварам укаціш у глыбокі кювет і счэшаш сабе палову сракі, то вінаваціць, акрамя сваіх навыкаў і стану ровара, няма каго. Але калі твае тканіны пашкодзіў іншы чалавек (ці жывёла, якая яму належыць), то ў такім выпадку слова бярэ закон.
Як гэта рэгулюецца ў заканадаўстве?
У беларускім заканадаўстве ёсць некалькі артыкулаў, якія рэгулююць паняцце гвалту. У першую чаргу гэта Глава 19 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Злачынствы супраць жыцця і здароўя». Яна разглядае шырокі спектр правапарушэнняў: ад заражэння венерычнымі захворваннямі да забойстваў маці нованароджанага дзіцяці.
Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, цялесныя пашкоджанні падзяляюцца на цяжкія, меней цяжкія і лёгкія. Лёгкія цялесныя пашкоджанні падзяляюцца на тыя, якія часова пазбаўляюць здароўя і перашкаджаюць працоўнай дзейнасці, і тыя, што пазбаўляюць здароўя толькі на кароткі тэрмін і не перашкаджаюць працоўнай дзейнасці.
Як караецца?
Наўмыснае нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў караецца штрафам, прымусовымі працамі альбо арыштам. Артыкул 9.1. Адміністратыўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь рэгулюе адказнасць за нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў. Напрыклад, хтосьці выпадкова штурхануў цябе ў метро – і ты разбіў(-ла) нос. Згодна з кодэксам, штурхоўніку пагражае ад дзесяці да трыццаці базавых ці нават адміністрацыйны арышт.
Калі па неасцярожнасці табе нанеслі цяжкае або менш цяжкае пашкоджанне, то злачынца чакаюць прымусовыя працы, штраф, арышт або абмежаванне волі да двух гадоў.
Калі цябе ўдарылі і праз гэта нейкі орган страціў свае функцыі, напрыклад вуха – слых, то ў такім выпадку гаворка ідзе пра цяжкія цялесныя пашкоджанні. Тады злачынцу можа пагражаць ад трох да пяці гадоў абмежавання свабоды ці ад чатырох да васьмі гадоў пазбаўлення свабоды.
Што ж рабіць, калі мяне пабілі?
Перш-наперш звяртайся ў любы міліцэйскі пастарунак. Нават ноччу цябе прыме дзяжурны ўчастковы. Следчы накіруе цябе на судмедэкспертызу, якая праводзіцца як у дзяржаўных, так і ў прыватных паліклініках. Адрас падкажа следчы. Гэта патрэбна, каб выявіць характар і ступень цяжкасці пашкоджанняў. Там судмедэксперт зафіксуе пабоі, адзначыць іх у медыцынскай картцы і перадасць гэтыя дадзеныя назад у праваахоўныя органы.
Важна звяртацца ў першую чаргу да следчых органаў, а не ў бальніцу, бо толькі тады ў судзе гэта палічаць важкім доказам.
Пасля аналізу ўсіх матэрыялаў дакументы накіроўваюцца ў гарадскі ці раённы суд, дзе далей вырашаецца лёс таго, хто цябе пабіў.
Калі падчас збіцця побач з табой былі сведкі, цягні іх у міліцыю для дачы паказанняў. Судмедэкспертыза – гэта добра, але той, хто цябе пабіў, можа спакойна заявіць: «Нічога не было, ён ці яна сам(-а) паламалі руку». Менавіта для «падстрахоўкі» і патрэбныя сведкі.
Ці з’яўляюцца сінякі і драпіны цялеснымі пашкоджаннямі?
Так, але гэтыя пашкоджанні трапляюць толькі пад адміністрацыйную адказнасць па тым жа артыкуле 9.1, які прадугледжвае штраф або адміністрацыйны арышт да 15 сутак. Якую назначыць меру, вырашае суд.
Што рабіць, калі мяне абражаюць на словах?
За абразу таксама ёсць адміністратыўная адказнасць (памятаеш, каля кожнай касы ў крамах папярэджваюць), але яна наступае толькі па патрабаванні. Тут абавязкова мець сведкаў або відэа- ці аўдыязапіс канфлікту, без якіх справа раствараецца ў паветры, як вэйперскі дым з водарам вішнёвай косткі. Тут крыўдніку могуць даць толькі штраф, без арышту.
Я магу запатрабаваць кампенсацыю?
Так, згодна з артыкулам 152 Грамадзянскага кодэкса, ты можаш запатрабаваць пэўную суму грошай маральнай кампенсацыі. Суд разглядае ступень віны крыўдніка і ўзровень пакут ахвяры і можа паменшыць ці павялічыць памер кампенсацыі. Аднак калі высветліцца, што хлусіш, то літасці не чакай: усе судовыя выдаткі лягуць на цябе, а пацярпелы яшчэ можа падаць у суд за паклёп. Выплачваць маральную кампенсацыю ўжо давядзецца табе.
Факты пра злачынствы
Па звестках Міністэрства ўнутраных спраў, усяго ў 2016 годзе было зарэгістравана 92 943 злачынстваў. З іх – 737 выпадкаў наўмыснага цяжкага пашкоджання.
Да адміністрацыйнай адказнасці за цялесныя пашкоджанні ў 2016 годзе было прыцягнута амаль 35 тыс. чалавек, што на 12,5% больш, чым у 2015-м.
Пачытай яшчэ інфармацыю пра тое, што рабіць, калі цябе збіваюць невядомыя ў цывільным, і што рабіць у сітуацыі з хатнім гвалтам. Ну і некалькі парадаў па жаночай самаабароне. Жадаем, каб не спатрэбілася.
Ад капірайту да капілэфту: разглядаем працэсы, звязаныя з аўтарскім правам, а таксама альтэрнатыўныя да яго падыходы.
Першы блок АЭС у Беларусі плануюць запусціць ужо напрыканцы 2018-га: разбіраемся, як з гэтым жыць.
Важная памятка на выпадак, калі раптам табе давядзецца афіцыйна пагутарыць са следчым.
«Сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.