Я стары чалавек.
Так атрымалася. Сам вінаваты.
Яшчэ ўчора бегаў казлом, глядзеў арлом… Ну, ці наадварот.
А сёння мяне пераехала самакатам на вуліцы Кастрычніцкай у Менску – і ўсё: бывай, маладосць.
Пераехала, канечне, у метафарычным сэнсе, але ад гэтага не лягчэй. На вуліцы Кастрычніцкай я цяпер заўжды адчуваю ўнутраны дыскамфорт. Бо яна маладая – такая маладая, што ажно гідка робіцца. Графіці на яе сценах – як крэм на скуры, яна ўвесь час маладзее, а ты абрастаеш маршчынамі. Што яны зрабілі з маёй старой Кастрычніцкай, на якой некалі так добра думалася пра смерць? Няўжо ім не сорамна, гэтым казлянятам з Хіпстэрштрасэ, няўмелым дзевачкам-дзівачкам з вуліцы Бразіл? За свае моднасць, маладосць, наіўнасць і настойлівасць? Гэта ж проста смешна: быць маладым у такой герантафілічнай краіне, як наша. І хто яны наогул такія – гэтае пакаленне з загарэлымі каленямі? Адкуль яны ўсе павылазілі?
Маладосць смешная.
Маладосць раздражняе.
Маладосць злуе. І гэта – сімптом яе і майго душэўнага здароўя.
Калі я бачу барадатага 25-гадовага мужыка ў шортах на самакаце, мне хочацца тэрмінова штосьці зрабіць. Заплакаць, засмяяцца, кінуцца ратаваць свет – ці хаця б гэты няшчасны горад. А больш за ўсё хочацца паставіць мужыку на самакаце падножку. Каб ён паляцеў галавой наперад, проста на асфальт, каб падняўся, паціраючы задніцу, і сказаў нешта мацернае. Каб усё зноў было як раней. Каб свет спыніўся і зноў зрабіўся зразумелым. Адна падножка – і ты зноў упэўнена стаіш на нагах.
Нічога не выйдзе.
Нельга.
Барадаты пацан на самакаце вязе ў горад лета. А лета хочуць усе: і ён, і я, і ты. І гэтыя працавітыя твары з «Дошкі гонару» ля прахадной заводу МЗОР хочуць свайго заслужанага лета. Паставіш барадатаму падножку – і лета ніколі не надыдзе. Таму прыбяры сваю сіняватую курыную варыкозную нагу, дай дарогу гэтаму загарэламу валасатаму 25-гадоваму калену. Маладосць каціцца ў травень, абганяючы мяне на сваім самакаце, і я пакорліва брыду ёй услед. Табе пашэнціла, барадаты. Жыві пакуль што. Насалоджвайся маім дыска-дыска-дыскамфортам…
«Гэта ж проста смешна: быць маладым у такой герантафілічнай краіне, як наша. І хто яны наогул такія – гэтае пакаленне з загарэлымі каленямі? Адкуль яны ўсе павылазілі?»
Гэта так выстава называецца, на якую яны ўсе кацяцца. «Дыскамфорт». У Менск прыехаў маскоўскі мастак Андрэй Касай, які чамусьці хоча, каб яго з усёй ягонай творчасцю ўсе называлі flakonkishochki. Маладосць любіць мянушкі, клікухі і дурацкія псеўданімы.
Я спрабую гэта вымавіць.
«Флакон кішо-о-о-чкі…», – кажу я апасліва, каб ніхто не пачуў. Раптам для кагосьці гэта сакральныя словы.
На языку такі смак, быццам толькі што лізнуў тынк са сцяны. Хочацца запіць, але ніхто тут не налівае. Напэўна, маладосць і напіваецца цяпер неяк інакш. Кактэйлямі ў месцах, якія трэба ведаць. Дваццаць пяць гадоў – гэта і ёсць такое сакрэтнае месца, куды пускаюць не ўсіх.
Маладосць размаўляе са мной на сваёй мове. Кішочкі, самакаты і бароды, і ўсе гэтыя модныя дзевачкіны штучкі, усе крамзолькі, кактэйлі, англійскія словы-какашкі – той лексікон, які варта ведаць, ідучы на вуліцу Кастрычніцкую. Нават беларускамоўнае меню тутэйшых кавярняў стракаціць загадкамі. Я і праўда іду сюды, як у кітайскі квартал, узброены стэрэатыпамі, унутрана гатовы, што нічога не зразумею, што на мяне будуць употай паказваць пальцам і абавязкова паспрабуюць штосьці прадаць. А я куплюся. Я стары. Старых трэба дурыць – такі суворы закон жыцця і кітайскіх кварталаў.
Кіруючыся да флаконакішочкі, заходзіш у ЦЭХ – на лесвіцы фота ахвяраў хатняга гвалту. Хораша. Калі там, дзе сканчаецца лесвіца, пачынаецца нейкі іншы «Дыскамфорт», дык што трэба адчуваць тут, сярод цьмяных твараў змардаваных жанчын? Зрэшты, нашай самакатнай маладосці, па-мойму, усё роўна: яна прамінае адзін дыскамфорт, каб занурыцца ў другі. Маладосць – гэта калі ты выбіраеш камфорт і дыскамфорт на свой маладзёжны густ. Камфорт і дыскамфорт як планы на лета. Самы час пра іх падумаць, дарэчы.
У мастака Касая на выставе таксама – лета. Па-мойму, у яго заўжды лета. Чыстыя ненатуральныя колеры, якія ты ўжо недзе бачыў. Пасля хатняга гвалту на лесвіцы ягоны новаспечаны поп-арт крыху пячэ галаву. Нядаўна ў яго была выстава ў Амерыцы – разглядаючы касаевы карцінкі, сам пачуваешся амерыканцам, штучна выведзеным, інкубатарскім, але амерыканцам. Што ж, усе спажыўцы нарадзіліся з акуляраў Эндзі Ўорхала. Андрэй Касай варыць з нас таматны суп: чарговы раз мы лезем у бляшанку. Поп-арт – гэта не нова, але, відаць, зноў модна. У суседняй зале ідзе сімпатычнае відэа (Касай вядомы як аўтар мульцікаў для лагуценкавага «Мумій Троля»). Яно нечым нагадвае любімую з дзяцінства «Пластылінавую варону»: бясконцыя трансфармацыі, ад якіх стамляешся так хутка, як ад шопінгу ў вялікім гандлёвым цэнтры. Цікава, а яны глядзелі «Пластылінавую варону» – уся гэтая моладзь, якая дужа падобная да істотаў з карцінаў Касая?
«Яны такія самыя, як іхныя аднагодкі ў Парыжы, Берліне і Празе – бароды выраслі ды валаскі над верхняй губой у дзяўчат, а ўспаміны яшчэ не»
А якая розніца? Ну, не глядзелі – або бачылі нейкі рымэйк. Яны нарадзіліся ў сеціве, а ты ў тэлевізары. Яны не бачылі іншай Беларусі – і саўка не бачылі. Яны такія самыя, як іхныя аднагодкі ў Парыжы, Берліне і Празе – бароды выраслі ды валаскі над верхняй губой у дзяўчат, а ўспаміны яшчэ не. І тваіх яны не купяць. Можа, пазней. Не цяпер. Яны такія самыя, як ты, і не маюць перад табой абавязкаў.
Выстава «Дыскамфорт» – гэта пра быт: як ён, «складывая мечты в комод, создает наші прівычкі». Так на сцяне было напісана. «Рэчы паглынаюць, замяшчаючы імкненні, робячыся адказамі на ўсе пытанні». Тут не змагаюцца з уладай або з сабой. Тут змагаюцца з рэчамі: іх кампф, іх лета. На вуліцы Кастрычніцкай робіцца ясна, што тут больш ніхто не будзе думаць пра смерць. Яны жывыя – і іншай маладосці ў мяне для вас няма. Таму нічога не застаецца, як выйсці з выставы на менскае паветра і кінуцца пад першы самакат, як Анна Карэніна пад паравоз. І не задаваць сабе дурных пытанняў, ці чыталі яны «Анну Карэніну».
Паліклініка, штодзённасць і месяц фатаграфіі – назіранні за мінулым тыднем ад Альгерда Бахарэвіча.
У новай калонцы праекту «Таемны госць» Альгерд Бахарэвіч расказвае, як беларускі горад грахоў адмывае сябе ад заганаў.
Альгерд Бахарэвіч – пра мілагучныя беларускія словы «Cymru am byth!»
Альгерд Бахарэвіч прымярае на сябе ролю рэвізора і наведвае кнігарню «Сон Гогаля» на вуліцы Леніна.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.