34 Media Days: Як медыя быць eco-friendly?

  • 11.05.2017
  • Аўтар: 34mag
  • 5518

 

У наступны чацвер зноў запрашаем цябе на рандэву ў культцэнтр «Корпус», дзе разам з экспертамі пагаворым пра маці-прыроду і яе прысутнасць у медыйнай прасторы. Ці могуць СМІ ўплываць на прыняцце рашэнняў і змяняць сітуацыю з экалагічнымі праблемамі да лепшага? Які тумблер трэба пераключыць, каб беларуская грамадскасць далучалася да актывізму? Улівайся ў наша афлайн-ток-шоу 11 траўня – абмяркуем разам.

 

34 Media Days – гэта івэнты ад рэдакцыі, на якіх менчукі і госці сталіцы збіраюцца, каб паслухаць класных спікераў ды абмеркаваць гарачы медыйны топік. Дыскусія на тэму «Праблемы навакольнага асяроддзя праз прызму медыя: hot or not?» адбудзецца ў наступны чацвер 11 траўня.

 

 

 

34 Media Days vol. III

Тэма сустрэчы – «Ахова навакольнага асяроддзя праз прызму медыя: hot or not?». Вобраз нашай краіны непарыўна звязаны з азёрамі ды рэкамі, што далі Айчыне тытул «Сінявокая». Аднак за прыгожымі фотаздымкамі разліваў Прыпяці хаваецца шмат выклікаў – напрыклад, вывезенае далей ад вачэй смецце ці тэст-драйвы на прыродаахоўных тэрыторыях. Ёсць і яшчэ адзін, больш лакальны міф пра тое, што «Менск – зялёны горад». Аднак паведамленні аб спілаванні чарговых дрэваў не сыходзяць з навіновых стужак цягам апошняга года. Дзе пачынаецца тое прыроднае асяроддзе, якому патрэбная наша ахова, – пад вокнамі дома ці за МКАДам?

Разам абмяркуем, як актывісты зялёнага руху працуюць з медыйным сектарам і хто больш ад гэтага выйграе – СМІ, прырода ці ўсё грамадства. Чаму адны тэмы больш прывабныя для журналістаў, а іншыя не? Ці варта наогул неяк ратаваць прыроднае наваколле або само разыдзецца?

Падзея пройдзе ў фармаце ток-шоу – спачатку госці івэнту падзеляцца сваімі думкамі на згаданую тэму, пасля чаго пачнецца адкрытая дыскусія з удзелам мадэратаркі і слухачы атрымаюць магчымасць задаць свае пытанні. Запрашаем усіх, каго цікавіць дзейнасць экалагічных арганізацый, хто «топіць» за развіццё экатурызму ў Беларусі, працуе або збіраецца пабудаваць кар’еру ў журналістыцы ці некамерцыйным сектары, а таксама тых, хто бачыць патэнцыял экатэматыкі ў рэкламным сектары.

 

 

 

Спікеры

Анора Лангар – PR-менеджарка таварыства «Зялёная сетка».

 

Антон Трафімовіч – журналіст «Радыё Свабода».

 

Вікторыя Церашонак – прэс-сакратарка грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Дзе і калі?

11 траўня а 20-й
Другі паверх культцэнтра «Корпус» (Менск, пр. Машэрава, 9, корпус 8)
Уваход вольны

 

 

Далучайся да падзеі ў Facebook, каб не забыцца на дату і месца сустрэчы.

Глядзі справаздачы з першага і другога 34 Media Day.

Iлюстрацыя by Sheeborshee