Я нарадзіла тут

 

Што такое партнёрскія роды? Калі станавіцца на ўлік? Хто такая доўла і навошта яна патрэбная? Як дамагчыся годнага стаўлення да сябе ў лякарні падчас цяжарнасці і родаў? У той час як у медыя з'яўляецца ўсё больш гісторый жанчын, якія нараджаюць за мяжой, разбіраемся, што можна зрабіць у Беларусі. 

 

Пра што гаворка?

 

У Беларусі няма асобнага заканадаўства, якое б рэгулявала стасункі цяжарнай жанчыны з дзяржавай і медыцынскай сістэмай. Правы жанчыны падпадаюць пад правы пацыентаў, апісаныя ў законе «Аб ахове здароўя».

З аднаго боку, у ім гарантуецца права на атрыманне бясплатнай медыцынскай дапамогі (тут нам пашчасціла, бо ў некаторых краінах гэтага няма) у стацыянарных умовах у дзяржаўных установах падчас цяжарнасці, родаў і пасля іх (Артыкул 24).

З іншага боку, заканадаўча замацавана манаполія дзяржавы на такія паслугі. Чаму гэта дрэнна? Бо існуе цэлы шэраг медыцынскіх інструкцый і пратаколаў Міністэрства аховы здароўя, у якіх прапісана, як павінны весціся цяжарнасць і роды. І хаця гэтыя інструкцыі адрасаваныя лекарам, а не пацыенткам, і маюць меншую моц, чым закон, цяжарнай жанчыне яны навязваюцца як абавязак і правілы, якім яна павінна падпарадкоўвацца.

Такім чынам, беларуская сістэма медыцынскай дапамогі стварае сітуацыю, у якой правы жанчыны падчас цяжарнасці і родаў нівелююцца, а многія распаўсюджаныя медыцынскія практыкі ўспрымаюцца як норма.

 

Што з гэтым рабіць?

Ведай, што як пацыентка ты маеш больш правоў і менш абавязкаў. А дактары, якія знаходзяцца на працы, – больш абавязкаў. Не звяртай увагі на пагрозы і аргументы кшталту «у нас так положено». Ты не абавязаная падпарадкоўвацца пратаколам Міністэрства аховы здароўя, якія рэгулююць дзейнасць доктара.

Так, артыкулы 41–45 закона «Аб ахове здароўя» гарантуюць права пацыента быць усебакова інфармаваным пра сутнасць медыцынскага ўмяшальніцтва, самастойна прымаць рашэнні адносна свайго цела і здароўя і пагаджацца ці адмаўляцца ад любых маніпуляцый і паслуг. Самае галоўнае – ты маеш права на паважлівае і гуманнае стаўленне да сябе.

 

Якія існуюць міжнародныя стандарты родадапамогі?

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) у сваіх рэкамендацыях сыходзіць з таго, што цяжарнасць – гэта не хвароба, а спецыфічны фізічны працэс і сямейная справа. Таму задача медыцынскай сістэмы – дапамагчы жанчыне нарадзіць найбольш натуральным чынам. Згодна з рэкамендацыямі СААЗ,

ты можаш сама выбраць, як табе нараджаць: дома ці ў клініцы, стоячы, на каленях, седзячы на кукішках, у вадзе або «ў сухую»;

 для твайго камфортнага псіхалагічнага стану твой муж/партнёр і сваякі могуць вольна наведваць і знаходзіцца з табой падчас родаў і пасля іх;

ты і бацька маеце права знаходзіцца з дзіцёнкам адразу з моманту нараджэння і колькі лічыце неабходным, калі няма пагрозы яго жыццю;

кармленне грудзьмі павінна пачацца не пазней, чым праз 30 хвілін пасля родаў (то-бок яшчэ ў радзільнай палаце);

няма неабходнасці галіць валасы на лабку ці ставіць клізму перад родамі.

Гэта далёка не поўны спіс палажэнняў, якія, напрыклад, расійская Дзяржаўная дума прыняла яшчэ ў 1998 годзе. У нашай краіне яны ўсё яшчэ маюць рэкамендацыйны характар і не падтрыманы заканадаўча.

 

Што мы маем на практыцы?

Жанчына фактычна не можа абіраць абставіны сваіх родаў, волевыяўленне сустракае моцнае супрацьдзеянне лекараў і медыцынскага персаналу.

Бацьку дзіцяці дазваляецца прысутнічаць пры родах толькі ў якасці платнай паслугі, і тое няма гарантый, што ў апошні момант яму не адмовяць.

Лакальныя нарматыўныя акты радзільняў не дазваляюць жанчыне абіраць свайго прадстаўніка ў родах, акрамя бліжэйшых сваякоў.

 

Можна спачатку? Я зацяжарала. Мне трэба адразу станавіцца на ўлік?

Атрымаўшы дзве палоскі на тэсце на цяжарнасць, ты не абавязаная адразу бегчы ў жаночую кансультацыю, каб стаць на ўлік. Аднак у Беларусі існуе практыка, калі жанчына становіцца на ўлік да 12 тыдня цяжарнасці і потым праходзіць каля 10-12 розных аглядаў і абследаванняў цягам 9 месяцаў (для параўнання ў Францыі – каля 4 аглядаў за ўвесь тэрмін). Толькі аналізы на ВІЧ і СНІД трэба зрабіць не менш двух разоў!

Медыцынская сістэма стымулюе практыку пастаноўкі на ўлік праз матэрыяльную ўзнагароду, а дакладней праз яе пазбаўленне. Так, парадзіха мае права на дзве грашовыя выплаты: адна – за выкананне пратаколаў і рэкамендацый лекараў падчас цяжарнасці, другая – за роды. Не стаўшы на ўлік да 12 тыдня, ты будзеш пазбаўленая першай выплаты.

Ты можаш адмовіцца весці цяжарнасць у дзяржаўнай паліклініцы і звярнуцца ў прыватны медыцынскі цэнтр. Аднак у гэтым выпадку аплаціш увесь навязаны табе «пакет паслуг», нягледзячы на тое, ці ўсімі ты хацела б скарыстацца.

Стаць на ўлік трэба яшчэ і для таго, каб атрымаць так званую абменную карту («абменку»), якая спатрэбіцца табе ў родах. Некаторыя жанчыны, каб пазбегнуць празмерных працэдур, абіраюць хадзіць да асабістага гінеколага, здаваць аналізы ў прыватных цэнтрах і станавіцца на ўлік на самым познім тэрміне. Гэты спосаб патрабуе не толькі грошай, але і мужнасці ў камунікацыі з лекарамі на дзяржаўных кансультацыях.

 

Як папярэдзiць акушэрскi гвалт?

Рыхтавацца да родаў (фізіялогія і псіхалогія родаў, твае правы і альтэрнатывы) – не таму, што без падрыхтоўкі жанчына няздольная нарадзіць, а каб разумець свае патрэбы, рабіць выбар і абараняць уласныя інтарэсы.

Браць з сабой у радзільню «групу падтрымкі» – мужа (не як павеў моды, а калі ён здольны быць табе падтрымкай), іншага блізкага чалавека ці прафесійную памагатую ў родах – акушэрку, доўлу.

Пісьмова ўзгадні з радзільняй твае правы і інтарэсы ў родах праз заяву і «план родаў».

Помні, што ты можаш сказаць «не» – па законе любое медыцынскае дзеянне з тваім целам можа быць здзейснена толькі з тваёй інфармаванай згоды.

Патрабуй пісьмовую адмову.

Бяры дыктафон, відэакамеру ў радзільню – яе можна проста паставіць у кутку, уключыць і «забыцца» на час родаў.

Калі ты ўсё ж стала ахвярай акушэрскага гвалту, шукай псіхалагічную і прававую падтрымку

 

Што такое партнёрскія роды? Навошта гэта патрэбна?

Падчас партнёрскіх родаў у радзільнай залі, акрамя акушэраў і лекараў, знаходзіцца памагаты(-ая) парадзіхі – муж, мама, сястра ці сяброўка. Ён ці яна падтрымлівае жанчыну фізічна і псіхалагічна: падбадзёрвае, суцяшае падчас боляў, падае ваду, пагладжвае, дапамагае ўстаць/легчы ці заняць зручную позу падчас схватак і г.д. Каго б ты ні абрала ў якасці памагатага(-й), чалавек павінен быць маральна падрыхтаваны да такой адказнасці. Мужчыны, якія пагаджаюцца на партнёрскія роды, часта актыўна ўдзельнічаюць у жыцці партнёркі падчас цяжарнасці, наведваюць спецыяльныя курсы для будучых бацькоў, прысутнічаюць на ультрагукавых даследаваннях, каб бачыць, як развіваецца дзіцёнак у чэраве.

Акрамя таго, можна напісаць даверанасць на свайго(-ю) памагатага(-ю), каб ён ці яна выступаў(-ла) прадстаўніком у рэалізацыі тваіх правоў. У нашай краіне гэтая працэдура рэгламентаваная агульным грамадзянскім правам пра прадстаўніцтва (у адрозненне ад Расіі, дзе прадстаўніцтва пацыента апісана ў законе аб ахове здароўя).

Юрыдычна аформленае прадстаўніцтва можа спатрэбіцца для таго, каб не адцягваць жанчыну пры родах. Калі ты трапляеш у радзільнае аддзяленне, табе пачынаюць задаваць шэраг пытанняў пра твой стан і здароўе (хаця яны апісаныя ў абменнай карце з першага твайго наведвання кансультацыі) і ствараць дадатковы стрэс. Каб не адцягвацца ад родаў і не расказваць усё пра сябе самой, гэтую функцыю можа выканаць прадстаўнік(-ца).

 

Я чула, што можна скарыстацца паслугамі доўлы...

Сапраўды, часам жанчыне ў цяжарнасці і родах дапамагаюць не толькі сваякі, але і доўла, якая ведае значна больш пра псіхалогію і фізіялогію перынатальнага перыяду. У адрозненне ад будучага бацькі, які можа разгубіцца, і ад акушэркі, у якой часта не стае часу, доўла – як раз той чалавек, якая бесперапынна клапоціцца пра парадзіху і яе эмацыйны ды фізічны камфорт. Феномен доўлы – гэта ніякае не вынаходніцтва. Па сутнасці, гэта тыя ж павітухі, якія стагоддзямі да з’яўлення інстытута акушэрства дапамагалі нараджаць жанчынам ад Палесся да лясоў Амазонкі.

 

Што можна зрабіць, каб нарадзіць так, як мне зручней?

Апошнім часам звычайнай практыкай сярод беларускіх жанчын становіцца план родаў. План родаў – гэта рашэнне, дзе, з кім і як ты хочаш нараджаць, аформленае ў выглядзе пісьмовай заявы (звароту).

У плане можна прапісаць любыя дэталі: ці будуць гэта партнёрскія роды, ці пагаджаешся ты на ўжыванне стымулюючых і абязбольных медыкаментаў, час пераразання пупавіны, час прыкладання да грудзей, згода ці адмова ад прышчэпак і г.д. План трэба загадзя зарэгістраваць і ўзгадніць з лекарамі. Ім трэба спакойна давесці, чаму для цябе гэта важна, што ты паважаеш меркаванне лекараў, але дыскамфорт у родах шкодна на іх паўплывае, а для цябе прынцыповыя ўсе пункты плана.

Прыкладную форму плана родаў, а таксама рэкамендацыі яго выкарыстання глядзі тут.

Табе не маюць права адмовіць падпісаць дакументы ці аказаць дапамогу ў радзільні праз тое, што ты адмаўляешся ад некаторых медыцынскіх умяшальніцтваў.

 

Дамашнія роды – гэта легальна?

Так, і ўсё больш жанчын нараджаюць дома праз нездаволенасць якасцю медыцынскіх паслуг у радзільнях.

Іншая справа, што дапамога акушэркі ў родах дома з’яўляецца незаконным лекаваннем і можа карацца пазбаўленнем яе волі тэрмінам да трох гадоў. У выпадку ўскладненняў ці трагічных наступстваў яе дзеянні кваліфікуюцца як прычыненне шкоды (Артыкул 335 Крымінальнага кодэкса). У гэтай сітуацыі сем’і змушаныя шукаць кваліфікаваных памагатых праз знаёмых і потым старанна хаваць, што гэта спецыялісты, даводзячы супрацоўнікам медыцынскіх установаў, што яны нарадзілі толькі ў прысутнасці мужа.

Складанасці ўзнікаюць і пасля нараджэння дзіцяці, калі трэба атрымаць пасведчанне аб нараджэнні. У Беларусі народжаных дома дзяцей рэгіструюць у ЗАГСе толькі праз суд. Спачатку ЗАГС выдае табе даведку пра адмову ад выдачы пасведчання аб нараджэнні. Пасля ты збіраеш усе доказы, што нарадзіла сама дома (абменную карту, вынікі УГД, паказанні сведкаў). Некаторыя жанчыны нават захоўваюць плацэнту ў лядоўні да суда. У некаторых выпадках суд патрабуе зрабіць і нятанны аналіз ДНК.

Важна! У апісаных выпадках гаворка ідзе пра найбольш натуральныя роды ў тэрмін (ад 38 да 42 тыдня), калі няма ўскладненняў. Твая інфармаванасць пра роды і наступствы ўмяшальніцтва/неўмяшальніцтва ў працэс родаў – гэта ў тым ліку і пытанне адказнасці за сябе і сваё дзіця. Калі ты не ўпэўненая ў сваім стане здароўя на сто адсоткаў, не грэбуй парадамі лекараў.

 

Карысныя спасылкі:

 

Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу аўтарцы інфармацыйна-асветніцкага праекту «Радзіны» Вераніцы Заўялавай.

Ілюстрацыя by Sheeborshee

 


КАМЕНТАРЫ (2)

Nika
Nika | 23.11.2017 00:37

О, год ужо артыкулу. Трэба абнавіць! Пра праект "Беременность і роды - начало всего" - даследванне пра роды, на каторы тут спасылка - мы яго зладзілі !!! http://radziny.by/opyt-v-rodakh-v-belarusi-obzor/ 28 верасня была прэзентацыя. Здаецца забыла вам запрашэнне даслаць. Але пра гэта яшчэ бузе шмат гаворкі.

1 0 +1
Ja
Ja | 14.10.2016 15:08

выдатны матэрыял! нарэшце, 34маг! аўтар_цы асобны дзякуй за насычанасць артыкула карыснай інфой і спасылкамі. Было б здорава прачытаць гісторыі жанчын, якія нараджалі дома, за мяжой і ў радзільнях Менску і рэгіёнаў.

11 0 +11