Наста Лойка

На самым фінішы 2018 года праваабаронца Наста Лойка атрымала моладзевую прэмію RADA Awards у намінацыі «Вечны рухавік у моладзевым сектары». За пару дзён да таго мы сустрэліся з ёй, каб пагутарыць пра допыты ў КДБ, берасцейскіх чачэнцаў і міфічную талерантнасць беларусаў.

 

 Гераіня:  Наста Лойка, 30 гадоў. Скончыла юрыдычны каледж БДУ, юрыдычны факультэт БДУ, магістратуру ЕГУ (магістарка міжнароднага і еўрапейскага права). 8 гадоў працавала ў грамадскай прыёмнай праваабарончага цэнтра «Вясна». 3 гады як сузаснавальніца Human Constanta.

 Чым займаецца:  абарона правоў замежнікаў і замежніц на тэрыторыі Беларусі.

 

 

Абсурд як штуршок для самавызначэння

– Яшчэ калі я вучылася ў каледжы, то цікавілася тым, што адбываецца ў краіне, і адзначала нейкія несправядлівасці. На трэцім курсе мяне гэта ўсё закранула асабіста: я дапамагала з рэгістрацыяй аднаго грамадскага аб’яднання, але яго не зарэгістравалі, таму што ў спісе арганізатараў былі людзі, у якіх была адміністратыўная адказнасць, пры гэтым іх адказнасць была менавіта за іх грамадскую дзейнасць. Несправядліва. Я вырашыла пайсці ў суд (нас жа вучылі, што суды харошыя). Калі я прайшла ўсе судовыя інстанцыі і выйшла з Вярхоўнага суду, то падумала: напэўна, мне ўжо не хочацца быць юрысткай – тое, чаму мяне вучылі, не працуе. Але было лета, і дакументы я не забрала.

Калі на чацвёртым курсе трэба было абраць напрамак працы, я ўжо разумела, што працаваць ў судах-пракуратурах – гэта не маё. Туды ў кедах не паходзіш.

Аднагрупнікі, што «гуляюць за іншую каманду»

– Большасць маіх аднагрупнікаў і аднагрупніц не пайшла ў дзяржорганы, але бываюць гісторыі. Аднойчы я прыйшла ў суд, дзе актывісту павінны былі вешаць прэвентыўны нагляд. І туды прыйшоў хлопчык з майго патоку ў каледжы, які вельмі кепска вучыўся, спісваў у мяне. На судзе ён быў у ролі пракурора і нават з мяне здзекваўся. Яшчэ быў выпадак у 2010 годзе, калі былі выбары: у нас пад офісам [«Вясна» займалася грамадскім назіраннем за выбарамі і сітуацыяй вакол іх. – заўв. 34] была машына з штацкімі супрацоўнікамі, і калі мы вярталіся з назірання пасля разгону плошчы, адзін з іх крычаў: «Ну што, дзе ваш Някляеў?» Вось ён на курс старэйшы.

Я бачыла шмат людзей, якія ішлі працаваць у сістэме, думалі, што гэта іх, а потым расчароўваліся. Былі і тыя, хто патрапілі пад уплыў. Але тут шмат прадвызначанасці. Грамадства не спрыяе шматбаковаму развіццю людзей, таму я нікога не асуджаю. На жаль, гэта абставіны, у якіх мы вымушаныя існаваць.

 

 

«Рэчы са зняволеннем мяне не вельмі пужаюць, бо я шмат працавала з гэтай тэмай, слухала аповеды людзей, сама была трое сутак на Акрэсціна»

Пра АМАП, КДБ і страх

– За 10 гадоў праваабарончай дзейнасці мяне затрымлівалі разоў шэсць. Мне не было страшна, таму што звычайна я была не адна. Самае страшнае – калі ёсць пагроза фізічнага гвалту. Калі нас накрывалі на офісе «Вясны» 25 сакавіка 2017 года, было крышку страшна, таму што амапаўцы ўляцелі з дубінкамі, было адчуванне, што яны могуць ужыць гвалт. Я праводзіла інструктаж, у мяне быў спіс назіральнікаў і назіральніц з кантактнымі дадзенымі, і калі яны заляцелі, я інстынктыўна падняла рукі, а гэты спіс застаўся ляжаць. Потым мяне вывелі ў калідор паставілі ля сценкі, і ў нейкі момант я ўбачыла, што з пакою выйшаў супрацоўнік АМАПа з гэтым спісам людзей у руках. Я павярнулася і вырвала ў яго гэтую паперку, яна парвалася, а супрацоўнік міліцыі вельмі раззлаваўся – у той момант падалося, што ён можа мяне ўдарыць. І ён ударыў далонню па сценцы нада мной.

Вопыт з КДБ быў вельмі непрыемны. Гэта было пасля плошчы-2010, масава праходзілі вобшукі, затрыманні, допыты, і я маральна рыхтавалася. Ты тэарэтычна ведаеш, як гэта адбываецца, але ў момант, калі ты фізічна стомленая, ты не можаш упэўнена задаваць межы, табе цяжка адказваць на пытанні, сачыць за тым, каб нікому не нашкодзіць. Яны запытваюць: «Былі на плошчы? А дзе вы ішлі? А хто быў побач?» І ты разумееш, што па камерах нескладана суаднесці, дзе і з кім ты была, але пры гэтым называць імёны ты не хочаш і кажаш, вось быў журналіст побач, завуць Алесь, а прозвішча не памятаю. Быццам і праўду сказала, і штосьці «прызабыла».

Але яны ўжывалі і прыёмы псіхалагічнага ціску. У гэты момант была затрыманая Наста Палажанка [беларуская моладзевая дзяячка, намесніца старшыні «Маладога Фронту». – заўв. 34], і калі я адмаўлялася адказваць, яны казалі: «Вы, відаць, хочаце памяняцца з Настай месцамі». Я кажу: «Без праблем, давайце, яна ў вас і так ужо доўга сядзіць». Рэчы са зняволеннем мяне не вельмі пужаюць, бо я шмат працавала з гэтай тэмай, слухала аповеды людзей, сама была трое сутак на Акрэсціна.

 

 

Як з’явілася Human Constanta

– Першапачаткова я ведала, што ў нас ёсць праблемы з замежнікамі і замежніцамі, але я не ведала іх размах. А ў 2014 годзе, калі быў ЧМ па хакеі, майго сябра прэвентыўна затрымалі на суткі. Да яго хадзіла адвакатка, і яна казала, што вось у яго там усё добра, але з ім сядзіць хлопчык з Конга, які ўжо сем месяцаў у ізалятары. Ён у кепскім стане, не хоча ўставаць з ложку, амаль не есць, не хоча ні з кім размаўляць. І мы пачалі думаць, чым яму дапамагчы.

Далі інфармацыю ў СМІ, і яго хутка выслалі. У гэтым выпадку спрацавала медыйнасць. Але іншыя актывісты і актывісткі, якія сядзелі на арыштах, распавядалі пра вялікую колькасць замежнікаў і замежніц у ізалятарах. Я стала даследаваць, хто імі павінны займацца, і хутка зразумела, што праваабарончай арганізацыі, якая б сістэмна займалася правамі замежнікаў і замежніц, у нас няма. У 2016 годзе мы зрабілі Human Constanta.

«Людзі сядзяць у кепскіх ізалятарах пад кароткачасовыя адміністратыўныя арышты, так быць не павінна»

Берасцейскі кейс Human Constanta

У Берасці не першы год асядаюць так званыя «транзітныя бежанцы» – людзі, якім пагражае небяспека ў краіне паходжання і якія жадаюць трапіць у Еўрасаюз. На польскай мяжы прапускаюць далёка не ўсіх, таму гэтыя людзі вымушаныя спрабаваць зноў і зноў. Па дадзеных Human Constanta, 90 % спрабуючых – выхадцы з Чачні.

– 6 верасня 2016 года мы ўпершыню паехалі ў Берасце. Я была ўпэўненая што мы едзем на пару дзён, але аказалася, што мы вымушаныя мець там офіс больш за два гады.

З боку Польшчы нічога не мяняецца: у іх ёсць устаноўка пускаць не больш за 10% тых, хто робіць «спробы». Але ў апошнія дні ўсё стала яшчэ больш складана. Па-першае, людзі прыязджаюць на мяжу, а там ужо ляжаць нейкія спісы, людзі думаюць, што гэта звязана з карупцыяй, што нехта перадае грошы. Па-другое, раптам зніклі квіткі на цягнік, з'явіліся перакупшчыкі. Квіток каштуе 9 рублёў, а яны прапануюць за 25 рублёў. Вялікія сем'і з дзецьмі не могуць сабе гэтага дазволіць. Калі раней ездзіла па дзесяць сямей у дзень, то сёння ехалі толькі дзве.

Мы чакаем двух момантаў. Першы: мы адзіная арганізацыя ў Беларусі, у якой ёсць досвед звароту ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, і мы чакаем яго рашэння супраць Польшчы. Рашэнні ЕСПЧ не так часта прынцыпова ўплываюць на сітуацыю, але надзея ёсць. Другі момант: мы чакаем выбараў у Польшчы, таму што гэта больш палітычная праблема, чым прававая. Ёсць адчуванне, што, пакуль не зменіцца ўлада, не зменіцца і падыход.

«Жанчыны з Чачні казалі: “Нарэшце ад нас у пясочніцы не адсаджваюцца”»

Хто «кліент(-ка)» Human Constanta?

– Да нас звяртаюцца з рознымі праблемамі. рэгістрацыя, легалізацыя, атрыманне дазволу на працаўладкаванне. Ёсць нейкія праблемы, якія існуюць на ўзроўні заканадаўства. Напрыклад, у нас замежнікі і замежніцы павінны заўжды мець пры сабе пашпарт. Калі яны апынуліся недзе без пашпарта, іх могуць затрымліваць для высвятлення асобы, і гэта займае вельмі шмат часу: чалавек можа год чакаць, пакуль пацвердзяць яго асобу. Людзі сядзяць у кепскіх ізалятарах пад кароткачасовыя адміністратыўныя арышты, так быць не павінна.

Ёсць праблемы з сэрвіснасцю нашых міграцыйных службаў: яны не ведаюць замежныя мовы, няветлівыя, часта абражаюць людзей, прымаюць адвольныя рашэнні. Падчас Еўрапейскіх гульняў мы хочам зрабіць міні-маніторынг, каб паказаць, з чым сутыкаюцца людзі.

Таксама вялікая праблема – стаўленне саміх беларусаў да замежнікаў і замежніц. Міф пра талерантнасць мы даўно ўжо развенчваем. І спрабуем рабіць шмат асветніцкіх мерапрыемстваў. Працуем з людзьмі праз лекцыі, семінары, канцэрты, спорт. Быў клёвы досвед з «Фэстам сяброўства» ў Берасці: наша сяброўка Лена Штык рабіла тэатр ценяў разам са школьнікамі з мясцовай школы і з дзецьмі з Чачні. Тады жанчыны з Чачні казалі: «Нарэшце ад нас у пясочніцы не адсаджваюцца».

 

 

«Калі, напрыклад, хлопчыку з неафашысцкімі поглядамі, якія мне не блізкія, пагражае смяротнае пакаранне, то зразумела, што я ўсё роўна буду яго абараняць»

Пра прызнанне

– Грамадскія прэміі – гэта ў нейкай ступені пра рэфлексію, таму што ты задумваешся, ці правільна ты ўсё робіш, ці падабаецца гэта людзям, ці памятаюць яны пра гэта.

Канешне, мне вельмі прыемна, што мяне два гады запар намінавалі на прэмію «Праваабаронца года», што мяне, маладую жанчыну, тут адзначаюць, але, з іншага боку, я разумею, што шанцаў атрымаць яе ў мяне мала, што вось такая ў нас супольнасць, плюс я, мабыць, не паспяваю рабіць нейкія штукі. Але гэта прымушае пра ўсё гэта задумвацца.

У Rada Awards вельмі прыемная прэмія ў тым сэнсе, што там добрая кампанія, сваё «гета» ўмоўнае, дзе ўсе адно аднаго добра ведаюць, адно да аднаго добра ставяцца і падтрымліваюць. Тут табе зусім не прынцыпова, хто выйграе. Гэта ўсё пра салідарызацыю. І хочацца, каб прэміі сапраўды падтрымлівалі і ядналі сектар. Мы ўсе працуем у няпростых умовах.

 

 

Хто можа звацца праваабаронцам

– Праваабаронцу найперш трэба ўсведамляць, што ўсе правы для ўсіх. За гэтым патрабаваннем стаіць шмат складаных рэчаў, бо нам хтосьці ўсё роўна не падабаецца. Калі, напрыклад, хлопчыку з неафашысцкімі поглядамі, якія мне не блізкія, пагражае смяротнае пакаранне, то зразумела, што я ўсё роўна буду яго абараняць, таму што я супраць смяротнага пакарання як з’явы.

Гэта важная якасць для праваабаронцы – уменне бачыць у людзях людзей і абараняць іх чалавечую годнасць. Правы чалавека – гэта ў першую чаргу ўсё ж такі пра каштоўнасці, пра роўнасць, пра справядлівасць, пра свабоду, пра павагу да чалавечай годнасці.

А тэхнічна праваабаронцам можа быць любы чалавек, з юрыдычнай адукацыяй ці без яе. Каб звацца праваабаронцам, дастаткова нават проста распаўсюджваць інфармацыю пра Дэкларацыю правоў чалавека. Калі ты пішаш у сацсетках пост пра 10 снежня [Міжнародны дзень правоў чалавека. – заўв. 34] – ты ўжо працуеш на ідэю.

«Правы чалавека – гэта ў першую чаргу ўсё ж такі пра каштоўнасці, пра роўнасць, пра справядлівасць, пра свабоду, пра павагу да чалавечай годнасці»

Праваабаронца і права на адпачынак

– У «Вясне» было цяжка дазволіць сябе выключаць тэлефон па выходных. Калі мне трэба было кудысьці паехаць, я пакідала памочніцы свой тэлефон і прасіла, каб яна адказвала на званкі. Потым яна пыталася: «Як ты выжываеш? Столькі званкоў!»

Зараз большую частку часу мой тэлефон у бязгучным рэжыме, а калі я еду за мяжу, я не ўключаю роўмінг. Мой дзень залежыць ад справаў. Сёння а дзясятай быў суд. Значыць, а сёмай я ўстала, зрабіла зарадку, выгуляла пса, схадзіла ў душ, не паспела паснедаць, паехала ў суд, пабыла ў судзе, прыехала на офіс, сюды да нас прыходзяць журналісты і журналісткі амаль кожны дзень, тут адбываюцца працоўныя сустрэчы, камандныя абмеркаванні, ці трэба штосьці напісаць, аформіць, зрабіць аналітыку, папрацаваць з валанцёрамі і валанцёркамі.

Я не з тых людзей, якія ўмеюць адпачываць і планаваць. Але год таму я ўзяла з прытулку пса, і гэта была такая кропка, каб прымусіць сябе адпачываць: зранку і ўвечары, калі мы ідзем гуляць, я не бяру з сабой тэлефон. Для мяне гэта час, калі я выключаюся, хаджу, думаю…

Часам люблю штосьці пачытаць. У гэтым годзе чытала пра школу Самэрхіл, дзе дзяцей выхоўваюць у свабодзе і без фіксаванага графіка, калі яны самі выбіраюць, што ім вывучаць. Мяне вельмі ўражвае, што ёсць вельмі добра распрацаваны падыход, калі дзеці могуць самі развівацца, станавіцца вельмі здольнымі і нават геніяльнымі ў сваіх сферах, але пры гэтым такой мадэллю мала хто карыстаецца.

Вельмі ўсім раю «Мастацтва любві» Эрыха Фрома і «Пяць моў любві» Гэры Чэпмэна, таму што ў нашай псіхалагічнай культуры вельмі мала пра выхаванне пачуццяў. Гэта банальныя штукі, якім нас нідзе не вучаць, і людзі маюць шмат праблем, не ўмеюць камунікаваць. У мяне вялікі досвед працы ў розных камандах, і, канешне, самае складанае тут – навучыцца працаваць разам, навучыцца прымаць рашэнні, слухаць і пры гэтым сябе моцна не прыціскаць.

 

Фота: Віка Герасімава