12 калумністаў, якія пішуць пра беларускую палітыку
- Рубрыка: ЗA KIM САЧЫЦЬ?
- 05.04.2019
- 8360
Каго варта чытаць, калі хочаш даведацца больш пра гандлёвыя войны з Расіяй ці пра чарговае абвастрэнне адносін з Захадам? І хто яны, гэтыя людзі, дзякуючы якім можна разабрацца ў тым, што адбываецца ў беларускай палітыцы? Узгадалі 12 аўтараў(-ак), якія сакавіта распавядаюць пра палітыку ў краіне, дзе з палітыкай усё традыцыйна складана.
Доктар філалагічных навук, палітолаг, былы палітзняволены. Пачынаў палітычную кар’еру ў камсамоле, а ў 1994 годзе працаваў у перадвыбарчым штабе Лукашэнкі. Нядобразычліўцы прыгадваюць гэтыя факты біяграфіі Фядуты ў якасці асноўных, пакідаючы ўбаку, напрыклад, кнігу «Лукашенко. Политическая биография», якая стала ў свой час першай спробай грунтоўна асэнсаваць асобу першага і адзінага (пакуль што) прэзідэнта Беларусі.
На выбарах 2010 года працаваў у камандзе Уладзіміра Някляева, 20 снежня 2010 года быў затрыманы па падазрэнні ў «арганізацыі масавых беспарадкаў», чатыры месяцы правеў у СІЗА КДБ, прычым значную частку – у адзіночнай камеры. У красавіку 2011-га адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе, у траўні – асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна. У 2013-м з’ехаў ва Украіну, праз тры гады вярнуўся ў Беларусь.
Аўтар кнігі ўспамінаў «Мой маленький Париж», шэрагу прац па літаратуразнаўстве. Укладальнік анталогіі твораў беларускіх палітзняволеных «Голас волі з-за кратаў». Выкладаў у ЕГУ, часам выкладае на курсах БАЖ.
Аляксандр Фядута працаваў у «БДГ», газеце «Імя», «Народнай Волі», цяпер – калумніст «Белсату». Вызначаецца вострым, палемічным стылем, бліскучы майстар фельетону і палітычнага партрэту. Шырока вядомыя яго цыклы артыкулаў «Политбюро» и «Личное дело».
Чытаць: «Пять избирательных кампаний Лукашенко»
Скончыў журфак БДУ ў 1980 годзе, працаваў у газеце «Знамя юности» намеснікам галоўнага рэдактара. Цяпер – кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН, спецыялізуецца на «гарачым каментары». Хочаш як мага хутчэй даведацца пра тое, чым скончыліся чарговыя перамовы паміж Пуціным і Лукашэнкам? Чытай увечары артыкул Класкоўскага!
Любіць вострыя загалоўкі і трапныя метафары, перыядычна выступае з калонкамі на тэмы праблемаў журналісцкай супольнасці – ад неахайнасці рэдактараў да парушэння правоў журналістаў.
Аляксандр Класкоўскі таксама – адзін з аўтараў сайта Mediakritika.by, часта выступае трэнерам на курсах Беларускай асацыяцыі журналістаў. Бацька былога палітзняволенага Аляксандра Класкоўскага-малодшага.
Чытаць: «Пример Назарбаева. Готов ли Лукашенко к подобной рокировке, транзиту власти?»
Журналіст, палітычны аглядальнік. Цікавы факт: Юрый – кандыдат фізіка-матэматычных навук, ці не адзіны сярод аглядальнікаў, хто мае негуманітарную адукацыю, што накладае своеасаблівы адбітак на журналісцкі стыль аўтара. У 90-х працаваў у газетах «Беларускі рынак» і «БДГ». Шматгадовы вядоўца перадачы «Праскі акцэнт» на Радыё Свабода, лепшыя выпускі якой выходзілі ў фармаце кнігі ў серыі «Бібліятэка Свабоды». Сын паэта Аляксандра Дракахруста.
Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко, политический портрет», перакладзенай на польскую і французскую мовы. Палітычны аглядальнік газеты «Свободные новости плюс», аглядальнік беларускай службы Радыё Свабода. З 1993 года – эксперт аналітычнага цэнтра «Стратэгія» (Цэнтр Мізэса). Піша пра ўнутраную і знешнюю палітыку Беларусі.
Чытаць: «Посткрымский синдром и Беларусь»
Выпускніца журфака БДУ, былая палітзняволеная. З 1995-га працавала ў газеце «Імя», а з 1998 па 1999 была галоўнай рэдактаркай выдання. Пасля закрыцця «Імя» да 2006-га працавала намесніцай галоўнага рэдактара «БДГ». З 2003 года – уласны карэспандэнт расійскай «Новой Газеты» ў Беларусі. Калумністка «Хартыі-97».
За свае артыкулы неаднаразова зазнавала адміністрацыйны пераслед, а пасля падзей Плошчы-2010 была затрыманая разам з мужам, кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Саннікавым. Пасля была асуджаная на два гады зняволення з адтэрміноўкай на два гады. Шырока вядомы яе дакументальны цыкл «Дневник зэчки» пра час знаходжання ў СІЗА КДБ.
Узнагароджаная шэрагам беларускіх, расійскіх і міжнародных прэмій, у прыватнасці прэміяй Пінтэра за пісьменніцкую храбрасць, прэміяй Германа Кёстэна і інш.
Чытаць: «Спам-шоу Очередной “Большой разговор” Лукашенко продлился семь часов»
Яшчэ адзін юрыст-міжнароднік у нашым спісе – палітычны аглядальнік TUT.by Арцём Шрайбман. Пасля БДУ скончыў Лонданскую школу эканомікі і палітычных даследаванняў, стажыраваўся на ВВС. Апрача TUT.by, часта піша артыкулы для Маскоўскага цэнтра Карнэгі.
Асноўная тэма – знешняя і ўнутраная палітыка Беларусі, апошнім часам шмат піша пра беларуска-расійскія адносіны, схіляецца да думкі пра малаімавернасць расійскай акупацыі Беларусі. Адзін з найбольш яскравых прадстаўнікоў новай генерацыі палітычных аглядальнікаў.
Вядзе тэлеграм-канал Shraibman, дзе пакідае ссылкі на свае артыкулы, а таксама піша пра тое, што ў іх не ўвайшло.
Нядаўна на TUT.by з’явіўся аўтарскі відэаблог Шрайбмана «Разжевано», дзе той тлумачыць сваё бачанне нейкай актуальнай палітычнай падзеі. Апошні на сёння выпуск – пра абас*аных кароў (і чыноўнікаў).
Адзін з заснавальнікаў незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, быў першым у Беларусі карэспандэнтам Associated Press. 3 1994 года працуе на Радыё Свабода, некалькі гадоў правеў у Празе. Актыўна вядзе старонку ў фэйсбуку, дзе часта востра выказвае ўласнае меркаванне наконт падзей у Беларусі і ў свеце. Чытаць яго цікава, хаця часам хочацца зацята паспрачацца.
Чытаць: «Пагаварылі не «па-братняму»
Журналіст, мэдыяэксперт, медыятрэнер, выпускнік літоўскага Эдукалагічнага ўніверсітэта. З 1995 па 2015 – загадчык аддзела палітыкі ў газеце «Беларусы і рынак», працаваў на Радыё Рацыя, цяпер – карэспандэнт Deutsche Welle. Часта выступае з артыкуламі на сайце Naviny.by. Летась у жніўні быў затрыманы па «Справе БелТА», у хуткім часе вызвалены. Спецыялізацыя – унутраная і знешняя палітыка Беларусі, эканоміка.
Чытаць: «С каким лозунгом Лукашенко пойдет на новые перевыборы»
Юрыстка-міжнародніца, скончыла ФМА БДУ, стажыравалася ў Бундэстагу. Аўтарка відэаблогу «Простая политика» на TUT.by, у якім часцей закранае тэмы сусветнай, а не беларускай палітыкі – Іран, Каталонія, ЗША, – але пра Беларусь распавядае таксама.
Вядзе канал у тэлеграме «Гаага плачет», дзе піша пра палітычныя падзеі з пункту гледжання міжнароднага права. Тэксты Аляксандры таксама часам можна ўбачыць у «Беларускім журнале».
Цяпер праходзіць стажыроўку ў Deutsche Welle. Варта адзначыць галоўную асаблівасць яе аўтарскага стылю – лаканічнасць. У тэкстах няма вады – аніводнага лішняга слова. Паглядзі і пераканайся ў гэтым сам(-а).
Чытаць: «Ненужный герой? Реакция Беларуси на обнаружение останков Кастуся Калиновского»
Сын вядомага мовазнаўца і палітычнага дзеяча Вінцука Вячоркі. Чалавек, пра жыццё якога знялі фільм. Пасля таго як Франака адлічылі з журфака па відавочных палітычных матывах, ён вучыўся ў Варшаве і Вашынгтоне, цяпер стала працуе ў беларускай службе Радыё Свабода, выступае з лекцыямі па ўсім свеце.
Францішак Вячорка ўдала спалучае грамадскую і журналісцкую дзейнасць, спрабуючы адкрываць свету Беларусь. Адзін з наймацнейшых прадстаўнікоў новай хвалі лідараў грамадскага меркавання.
Вядзе тэлеграм-канал «Вячорка», дзе выказвае свае думкі наконт актуальных падзей у палітычным жыцці нашай краіны.
Чытаць: «7 адрозьненьняў паміж выбарамі ў Паўночнай Карэі і Беларусі»
Моладзь жартуе, што замест Мацкевіча тэксты магла б лёгка ствараць нейрасетка. Філосаф, метадолаг, чалавек, які адначасова ўсюды і нідзе, пералік яго дзейнасці і дасягненняў заняў бы тры старонкі. Адзін з заснавальнікаў Лятучага ўніверсітэта, першы кіраўнік кансорцыума «ЕўраБеларусь». Піша пра ўласнае бачанне палітычных працэсаў, якое часта адрозніваецца ад пункту гледжання пераважнай большасці аналітыкаў.
Цяпер галоўная тэма разваг Мацкевіча – пагроза страты суверэнітэту Беларусі. Няглядзячы на тое, што чытаць яго тэксты звычайнаму чалавеку можа быць даволі складана, без іх глыбокае асэнсаванне беларускіх палітычных працэсаў уяўляецца наўрад ці мажлівым
Чытаць: «Владимир Мацкевич – про “бойкот” выборов»
Юрыст, дыпламат, масон, адзін з самых актыўных журналістаў краіны. Трапіў у гэты спіс найперш праз шэраг шыкоўных інтэрв’ю, якія зрабіў, працуючы на rfrm.io.
Цяпер працуе карэспандэнтам праектаў «Настоящее время» і ўкраінскага тэлеканала «Прямий», а над сайтам «Рэфармацыі», які перажыў рэнэймінг і цяпер завецца reform.by, працуе каманда іншага вядомага журналіста – Фёдара Паўлючэнкі. Сайт, дарэчы, няглядзячы на сыход галоўнага інтэрв’юера, застаецца адным з самых цікавых праектаў байнэту і, безумоўна, варты чытацкай увагі.
Па спасылцы – інтэрв’ю Сержа Харытонава з іншым чальцом спісу – Аляксандрам Фядутам.
Чытаць: «Александр Федута на #RFRM: за свободу платят не чужими деньгами, а собственными жертвами»