У студзені-верасні 2017 года ў Беларусі зарэгістравалі 2 241 дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку якіх хтосьці быў паранены ці загінуў. За кіраванне ў п’яным стане паплаціліся ўжо 16 900 кіроўцаў. Разбіраемся, што рабіць, калі ў ДТЗ трапіў(-ла) ты сам(-а).
Ні ў якім разе не пакідай месца здарэння без афармлення ДТЗ, інакш твае дзеянні кваліфікуюць па артыкуле 18.17 КоАП ч. 4 і абавяжуць выплаціць штраф у памеры ад 5 да 25 базавых велічынь. Могуць і пазбавіць правоў на тэрмін да двух гадоў. Артыкул распаўсюджваецца нават на тых, каму ўдалося «палюбоўна» разысціся з іншым удзельнікам ДТЗ, паабяцаўшы грошы, рамонт на «сваім» сэрвісе або яшчэ штосьці. Памятай, што ДАІ могуць выклікаць спагадлівыя відавочцы.
Гэта магчыма, калі зоркі сышліся наступным чынам:
– ДТЗ адбылося з удзелам не больш чым двух транспартных сродкаў;
– пашкоджаныя толькі транспартныя сродкі ўдзельнікаў ДТЗ, людзі не пацярпелі, маёмасць трэціх асоб не пашкоджана;
– у цябе і іншага пацярпелага ёсць правы на кіраванне транспартам адпаведнай катэгорыі;
– вашы транспартныя сродкі застрахаваныя;
– у вас няма сумненняў у ступені адэкватнасці адно аднаго;
– бачанне карціны таго, што адбылося, супадае, рознагалоссяў па пашкоджаннях няма;
– пашкоджанне на вока не перавышае 400 еўра па курсе Нацбанка.
Пры такім раскладзе дастаткова аформіць адмысловы бланк паведамлення аб ДТЗ (еўрапратакол), які трэба трымаць у бардачку побач з раздрукаваным узорам запаўнення.
Уключыце аварыйную сігналізацыю, выстаўце знак аварыйнага прыпынку, аформіце паведамленне аб ДТЗ, пасля чаго неадкладна вызваліце праезную частку.
З запоўненым бланкам, а таксама страхоўкай і машынай пацярпелы адпраўляецца ў страхавое агенцтва вінаватага ў ДТЗ або ў тое, дзе афармляў дамову страхавання сам. Трэба зрабіць гэта цягам 5 працоўных дзён.
Май на ўвазе, што больш за 800 еўра табе не кампенсуюць, нават калі на СТА высветліцца, што «ластаўка» пацярпела куды сур'ёзней. Таму пры любых сумневах у ацэнцы лепш звяртацца ў ДАІ.
Не вызваляй праезную частку. Ёсць толькі адна прычына, па якой можна «прыбраць» за сабой да прыезду даішнікаў: табе давялося завезці ў шпіталь пацярпелага(-ых). Усё астатняе не мусіць цябе хваляваць. Нервовыя сігналы з машын у заторы проста ігнаруй. Ты застапарыў(-ла) паток не па сваім капрызе.
Пазнач сябе і аўтамабіль на дарозе. Уключы «аварыйку», выстаў знак аварыйнага прыпынку: у населеным пункце трэба аднесці яго хаця б за 15 метраў да месца ДТЗ, на трасе – яшчэ далей, не менш чым на 40 метраў. Забяспеч несапсаванасць прадметаў, якія распавядаюць пра ДТЗ, будзь то аскепкі шкла або рэчы, якія вылецелі з аўтамабіля.
Калі атрымліваецца адысці на абочыну, адыдзі. Можна апрануць камізэльку са святлоадбівальнымі палоскамі. Гэта не абавязкова, але на цёмнай трасе можа быць вельмі карысна. Каштуе такая камізэлька капейкі: ≈7 BYN (гуглі «камізэлька павышанай бачнасці купіць»).
Выкліч інспектара ДАІ: 102 з любога тэлефона.
Запішы дадзеныя сведак: прозвішчы, тэлефоны, нумары аўтамабіляў. Кантактная інфармацыя спатрэбіцца, калі будуць спрэчныя моманты.
Выклікай «хуткую»: 103. Пакуль карэта едзе, акажы пацярпеламу(-ым) першую дапамогу. Калі справа зусім кепская, тармазі аўтамабілі, прасі, каб пацярпелага(-ых) даставілі ў шпіталь.
Калі ніхто не праязджае, не спыняецца або адмаўляецца дапамагчы, вязі пацярпелага(-ых) сам, але, перш чым рушыць з месца ДТЗ, зафіксуй у прысутнасці відавочцаў становішча аўто, усе сляды і прыкметы, якія могуць даць нейкае ўяўленне аб здарэнні. Даведайся, як звязацца з відавочцамі.
У шпіталі трэба паведаміць сваё прозвішча і нумар рэгістрацыйнага знака аўтамабіля. Даручыўшы пацярпелага(-ых) медыкам, вяртайся на месца ДТЗ і чакай даішнікаў.
Супрацоўнік ДАІ аформіць пратакол і схему ДТЗ, зафіксуе тлумачэнні ўдзельнікаў здарэння.
Сачы за ўсімі замерамі, пры неабходнасці дапамажы іх зрабіць. Пры наяўнасці відэарэгістратара можаш патрабаваць, каб супрацоўнік ДАІ забраў флэш-карту і прыклаў інфармацыю да матэрыялаў справы.
Калі ёсць пацярпелыя, цябе, хутчэй за ўсё, адправяць на агляд на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага ап'янення. Неабходнасць экспертызы можа прызнаць як інспектар ДАІ, так і іншы пацярпелы ў аварыі. Адмова ад праходжання экспертызы прыраўноўваецца да п'янай язды.
Нават не думай цягнуцца па пляшку ў прамежку часу ад аварыі да экспертызы! Такі рэлакс выйдзе бокам, бо ніхто не стане разбірацца, калі менавіта ты выпіў(-ла).
Калі ты – віноўнік(-ца) ДТЗ, ты можаш панесці адміністрацыйную або крымінальную адказнасць. У выпадку, калі ДТЗ абышлося матэрыяльным уронам, рашэнне прымае начальнік упраўлення ДАІ. Калі ў выніку ДТЗ былі нанесеныя цяжкія цялесныя пашкоджанні ці нехта загінуў, справу разглядае суд.
Калі ты – пацярпелы(-ая) у ДТЗ, ты мусіш апавясціць страхавую кампанію пра здарэнне на працягу 5 дзён. Для гэтага трэба з’явіцца і напісаць заяву аб выплаце страхавога пакрыцця. Спіс дакументаў, якія патрабуе страхавая кампанія, лепш удакладніць загадзя. Калі ў вінаватага ў ДТЗ не было страхоўкі, за кампенсацыяй прыйдзецца звяртацца ў Беларускае бюро па транспартным страхаванні: 8 (017) 200-93-55.
Калі супрацоўнік ДАІ адмаўляецца складаць пратакол – кажа, што пашкоджанні нязначныя, – ты можаш паскардзіцца на яго ў вышэйстаячыя інстанцыі або па тэлефоне даверу ДАІ. Для менчукоў гэта гарадскі нумар 8 (017) 222-17-17.
Можна аспрэчыць пратакол інспектара ДАІ адразу пасля яго складання. Для гэтага трэба выкласці свой пункт гледжання ў тлумачэннях да пратакола.
Абскардзіць рашэнне начальніка ДАІ, як і рашэнне суда, можна ў вышэйшых інстанцыях на працягу 10 дзён.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Той мінімум, які трэба ведаць пра інфармацыйную бяспеку, каб твае перапіскі не сталі «здабыткам грамадскасці».
Разбіраемся, як ажаніцца ці выйсці замуж, калі вы аднаго полу і з беларускім пашпартам.
Пацікавіліся методыкамі дапаможнай рэпрадукцыі і тым, як абараняецца таямніца гэтых спраў.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.