Біткоіны, майнінг, ICO, блокчэйн – з-за гэтых словаў нават самыя прасунутыя міленіялы адчуваюць сябе, нібыта тая бабуля са смартфонам. Тлумачым, як стаць мільянерам, не выходзячы з-за камп’ютара, а таксама імкнемся намацаць новы этап у эканоміцы.
Літаральна кажучы, гэта валюта ў інтэрнэце. Самае важнае яе адрозненне ад «звычайных» валют ці электронных плацяжоў – шлях з’яўлення грошай.
Каб на картцы ці на электронным гаманцы ўзніклі грошы, іх трэба туды спачатку змясціць фізічна. У выпадку з крыптавалютамі грошы выпускаюцца выключна ў сеціве. Стварыць крыптавалюту можа любы чалавек. Любы чалавек, які мае падыходзячае абсталяванне, можа сам яе вырабляць. Акрамя саміх карыстальнікаў, іх ніхто не кантралюе.
Банк – гэта заўжды пасярэднік, які бярэ камісіі, можа лопнуць ці банальна накасячыць. Карыстаючыся крыптавалютамі, ты пазбягаеш гэтага пасярэдніка.
Першапачаткова крыптавалюты выкарыстоўваліся, каб набыць нешта нелегальнае: напрыклад, наркотыкі ці зброю. Але з цягам часу біткоін набіраў папулярнасць і праз яго пачалі замаўляць больш звычайныя рэчы: напрыклад, піцу.
Самая папулярная крыптавалюта – гэта біткоін, яна ж самая першая. Другая па папулярнасці – Ethereum. Cтвараецца па абсалютна іншым прынцыпе. Ethereum – гэта крыптавалюта, якая складаецца з токенаў.
Каштуе адзін этэр (абменная адзінка Ethereum) на момант выхаду матэрыялу 429 даляраў. Сачыць за яго коштам можна тут.
Давай разгледзім на прыкладзе біткоіна. Працэс ягонага вырабу завецца «майнінг». Калі ты думаў(-ла), што «майніць» азначае «гуляць у Майнкрафт», то звернемся да этымалогіі. Англа-беларускі слоўнік падказвае, што так называецца працэс выкарыстання нетраў Зямлі і здабычы карысных выкапняў. Майніць крыптавалюты – значыць, пацвярджаць транзакцыі ў блокчэйне і атрымліваць за гэта ўзнагароджанне ад сістэмы і бакоў здзелкі.
Каб біткоіны рабіліся ці майніліся, трэба каб твой комп вырашаў матэматычныя задачы. З цягам часу біткоіны пачалі майніць усё больш людзей. Адпаведна, задачы сталі складаней, а ўзнагароджанне паменшылася.
Каб вырашаць гэтыя задачы, трэба мець відэакарту + спецыяльную схему, напрыклад ASIC. Яна спажывае значна менш электраэнергіі пры большай моцы. Нават самы моцны комп ужо сёння не здолее справіцца з майнінгам. Аднак майнінг няхіла падстаўляе экалогію. Расходуецца дахалеры электрычнасці – і калі яно было атрымана шляхам спальвання вугалю (з неаднаўляльных крыніц), то гэта моцна ўплывае на змяненне клімату
Працэс вырабу біткоінаў не проста так называецца майнінгам: гэтую крыптавалюту можна параўнаць з ганебным металам золатам. Іх таксама складана здабыць, кошт фармуецца праз рынак і ён досыць высокі (прачэкай яго!).
Кошт фармуецца банальным шляхам: праз схему «попыт-прапанова». Біткоінаў можа быць толькі 21 мільён – так задумаў ягоны стваральнік. Таму ён даражэе: дасяжных біткоінаў становіцца ўсё меней, а жадаючых зарабіць на іх – усё болей. Зараз ужо выкарыстана 16 мільёнаў біткоінаў.
У нас кепскія навіны: сёння, каб стаць мільянерам з дапамогай біткоінаў, трэба быць сапраўдным мільянерам.
Каб біткоіны хутчэй майніліся, патрэбны моцны комп, а лепей некалькі. Так з’явіліся крыптафермы – сеткі аб’яднаных камп’ютараў, якія займаюцца майнінгам.
На жаль, вечны рухавік яшчэ не вынайшлі, таму прыйдзецца плаціць (і шмат!) за электраэнергію. Ну і сама тэхніка каштуе таксама прыстойных грошай.
Існуюць спецыяльныя крыптабіржы. Яны лічацца самым бяспечным шляхам абмену біткоінаў, бо бяспека гарантуецца біржай. Ты заносіш на рахунак патрэбную колькасць біткоінаў, а твой пакупнік – адпаведную курсу колькасць грошаў.
Самыя папулярныя біржы: Kraken, Bitstamp, Coinbase.
Ёсць яшчэ і крыптаабменнікі. Тут узровень бяспекі залежыць ад самога абменніка. Курс будзе ніжэйшы, ды яшчэ і давядзецца плаціць камісію. Але затое працэдура прасцейшая: проста мяняеш біткоіны на іншую валюту (даляры, еўра, юані).
Яшчэ ёсць такі варыянт: проста прадаць біткоін з рук. Але трэба самому(-ой) знайсці пакупніка, дамовіцца з ім (ёй) аб кошце і забраць грошы.
Калі ўлом рабіць усе пералічаныя вышэй працэдуры – проста прадай біткоіны на eBay.
Блокчэйн – гэта размеркаваная база дадзеных, доступ да якой можа атрымаць любы чалавек. Над ёй няма аніякага рэгулятара, яе ніхто не кантралюе, а бяспека гарантуецца самой архітэктурай тэхналогіі.
У блокчэйн можна запісваць што заўгодна. Гэтую інфу немагчыма змяніць ці падрабіць. Некаторыя спецыялісты(-кі) лічаць, што гэта новы інтэрнэт. Адно вядома дакладна: дзякуючы блокчэйну патрэба ў пасярэдніках знікне. На блокчэйне пабудаваная любая крыптавалюта. Гэта празрыста, хутка, проста і нядорага.
Дарэчы, у Беларусі гэтая тэхналогія таксама ўжо з’явілася. Улетку Нацыянальны банк Беларусі абвясціў, што стварыў на аснове блокчэйну спецыяльную сетку для банкаўскіх і нябанкаўскіх аперацый.
Калі раней IT-кампаніі пры выхадзе на рынак прадавалі інвестарам свае акцыі, то зараз яны прадаюць віртуальныя долі ў кампаніі.
Першы выпадак завецца IPO (Initial Public Offering – першаснае размяшчэнне акцый на біржы). ICO (Initial Coin Offering – першаснае размяшчэнне манет) працуе па такім жа прынцыпе, толькі інвестары ўкладаюць сродкі ўзамен на токены – штосьці накшталт крыптаграфічных доляў у кампаніі.
IPO часта рэгулюецца заканадаўствам, а ICO не мае аніякага кіраўніка.
Токен – гэта тая доля, якую інвестар атрымлівае праз ICO. Кажучы навукова, токен – гэта доля, якая даецца ў нейкім актыве. Памацаць яе, канешне, нельга. Улік гэтых доляў, ці токенаў, вядзецца праз блокчэйн.
У Беларусі займацца распаўсюджваннем крыптавалют незаконна, таму што гэта сродак плацяжу. А займацца выпускам сродкаў плацяжу ў Беларусі мае права толькі Нацбанк.
У дадатак не распрацаваныя заканадаўчыя акты, якія б рэгулявалі майнінг.
Калі ты прадаеш біткоін, то табе не прыходзіць аніякага пісьмовага пагаднення на пошту. Таму ўлады могуць замарозіць твой рахунак.
Але майнінг – настолькі новае паняцце, што той жа падатковай будзе складана падкапацца да цябе. Keep calm and keep on mining!
Добрая навіна ў тым, што хутка ў Беларусі з’явіцца першая ў ЕАЭС крыптавалютная біржа.
Крыптавалюты мяняюць саму структуру эканомікі і дзяржаўнага кіравання. Над імі няма рэгулятараў, уся адказнасць ляжыць толькі на карыстальніках.
Ёсць гіпотэзы, што крыптавалюты – першы крок для стварэння віртуальнай цывілізацыі.
Канешне, гэта новы тэхналагічны прарыў. Хто ведае, можа, стварэнне блокчэйну – гэта прамысловая рэвалюцыя нашага часу?
Шчырая падзяка за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу шаноўным Доне-Гечы і Hexar.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Памятка для тых, хто хоча запусціць свой бізнэс ці ўжо даўно ў ім.
Калі табе ўжо ёсць 20, то траціна шляху да пенсіі пройдзеная.
Разбіраемся, куды і як уладкавацца на працу, калі ў цябе ёсць судзімасць.
Пахаванне, могілкі, крэмацыя, развітанне з памерлым чалавекам – усё, што трэба ведаць пра гэтыя сумныя рэчы.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
Паменшыць шкоду, падвысіць карысць.
Тэматычныя медыя і першыя лэйблы.