Хуткая навігацыя
Музыка Кіно Маркеты Літаратура Фатаграфія Спорт Стрыт-арт Адукацыя Ежа Экскурсіі
Разнавіднасці: музычны фестываль, канцэрт, музычная імпрэза, джэм, вечарынка.
Хто патрэбны. Артысты – тут усё проста. Аднак для любога артыста важна ўзяць удзел у акцыі з арыгінальнаю канцэпцыяй. Калі, напрыклад, ты паклічаш гурт на фестываль у вёску, дзе на гары будуць будаваць хатку на курыных ножках, і прапануеш не тысячу, а пару сотняў, то музыкі могуць пагадзіцца без праблем. Бо, магчыма, для іх гэта будзе лепей, чым з’ездзіць на нейкі фестываль з вялікай сцэнай, дзе каўбасіцца шмат народу і выступае шмат гуртоў.
Яшчэ абавязкова знайсці добрага гукара: вось на чым не варта эканоміць!
Што патрэбна. Пляцоўка (парайся з гукаром і пачынай з малога).
Абавязкова падумай, дзе твае госці будуць спраўляць патрэбу – гэта, як правіла, адна з самых вялікіх праблем.
Калі фэст плануецца больш за 50 чалавек, паклапаціся пра ахову.
Плюсы. Самы вечны і традыцыйны фармат. Галоўны сакрэт: без сацыяльнага капіталу складана – амаль без грошай зрабіць усё ж такі можна.
Мінусы. Нават самы нішчабродскі музычны фэст патрабуе немалых выдаткаў (перш за ўсё арганізацыйных).
Лайфхакі. Чым часцей ты праводзіш фэсты ці мерапрыемствы, тым лягчэй тлумачыць, хто ты. Ёсць спіс кшталту партфоліа, хто да цябе прыязджаў, хто граў. Яшчэ добра, калі ёсць асабістыя кантакты. Калі едзеш на іншыя фестывалі, знаёмся наўпрост.
Некаторыя no name'ы могуць паказаць значна больш, чым знакамітыя артысты.
Калектывы трэба расставіць у лайнапе так, каб у людзей быў стымул прыйсці ад самага пачатку. Кагосьці з хэдлайнераў пастаў у першай палове, кагосьці – у самы канец.
Выдатная ідэя – міксаваць сэнсы. Напрыклад, у берасцейскім фестывалі «Город Света» здаровы лад жыцця папулярызуюць праз музыку. Ці фестываль SPRAVA – сімбіёз музыкі, ашчаднага стаўлення да прыроды і культурнай спадчыны.
Музычны фестываль «ЭХО» (450 чалавек).
Фестываль «Город Света» у Берасці (у арганізацыі ўдзельнічалі 3 чалавекі і каля 200 валанцераў).
Фестываль SPRAVA.
Канцэрт у Асмалоўцы, у якім прымаюць удзел жыхары квартала, а таксама іх сябры.
Каментары арганізатараў
Ігар Куксін, куратар фестывалю электроннай эксперыментальнай музыкі Unsound Dislocation X Mental Force Festival з боку нямецкай інстытуцыі:
– У 2014 годзе саспела цалкам новая ідэя супрацоўніцтва паміж Unsound і інстытутамі Гётэ нашага рэгіёна. Мы хацелі сумеснымі намаганнямі правесці спецыяльныя версіі фестывалю пад умоўнай назвай «Перыферыя» ў гарадах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, але не ў сталіцах.
Аднак першыя досведы ў Грузіі паказалі, што ўсё ж такі малыя гарады не валодаюць, як правіла, неабходнымі перадумовамі для правядзення маштабных фестываляў: няма залаў, няма вопытных партнёраў, тэхнікі, часам не зусім гатовая і публіка.
У Беларусі, паводле нашых ацэнак, рэальна было б зрабіць фестываль у Берасці ці Горадні. Але, на жаль, нам не хапіла партнёраў. Таму вырашана было працягваць рэалізацыю праекта ў сталіцах.
Разнавіднасці: кінапаказ, кінафестываль, кінапрагляд, кінапікнік.
Хто патрэбны. Эксперт(-ка) па кіно або па канкрэтнаму рэжысёру, калі паказ ладзіцца з абмеркаваннем. Звычайна імі выступаюць навуковыя даследчыкі-культуролагі, кінакрытыкі, але можна ўзяць і аматара, павёрнутага на тэме. Калі плануецца тэматычны паказ (экалогія, правы чалавека, культура рэйву), то патрэбны(-ая) эксперт(-ка) па тэме, які(-ая) зможа растлумачыць тое, што адбываецца на экране.
Што патрэбна. Зала (аптымальна – кінатэатр, калі не, то кінашацёр з магчымасцю прыцьміць натуральнае асвятленне), праектар, гук і кантэнт (уласна, фільм).
Помні, што спампаваць Джармуша з торэнтаў і паставіць яго на праектар – гэта варыянт хатняй вечарынкі для сяброў, а не сур'ёзны кінапаказ. Пірацтва – гэта не крута.
Спадабаўся фільм – шукай праваўладальніка. У выпадку з поўнаметражным гульнявым кіно гэта, хутчэй за ўсё, будзе дужа дорага. Калі табе хочацца правесці паказ у падтрымку экаініцыятывы, можна паспрабаваць напісаць аўтарам наўпрост.
Плюсы. Зразумелы фармат, які непазбежна збірае аўдыторыю і дапамагае адукоўваць.
Мінусы. Правы на паказ. Калі ласка, не рабі чарговы паказ Нолана са скрадзенай копіяй – гэта не дадае гарадскому асяродку нічога добрага.
Лайфхакі. Акрамя ўласна кіно, на івэнце мусіць быць нейкая заманушка накшталт крутых запрошаных экспертаў, незвычайнай лакацыі (напрыклад, Менскае мора) або тэхналогіі (у бясшумным рэжыме з бесправаднымі навушнікамі).
Кароткаметражкі – заўжды выдатная ідэя: прыйшоў, паглядзеў, пайшоў далей.
Цалкам верагодна, што вакол цябе ёсць людзі, якія здымаюць сваё маленькае і незалежнае кіно. Пацікаўся – раптам сярод іх знойдзецца нешта вартае паказу.
Калі ты ладзіш маленькі лакальны фестываль, то можна адмыслова зняць дакументальнае кіно пра раён, супольнасць, жыхароў. Ці нават прапануй жыхарам паўдзельнічаць у здымках і працы над фільмам.
Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне».
Міжнародны фестываль кароткаметражных фільмаў Cinema Perpetuum Mobile.
Кіно-Пікнік – міжнародны фестываль вулічнага кіно.
Каментары арганізатараў
Коля Анціпаў, актывіст, дызайнер, арганізатар квір-фестывалю meta-:
– Мы ведалі, што прастора будзе вялізная. Ёй аказаўся ангар «ЦЭХу» – адзіная закрытая прастора ў Менску, дзе можа сабрацца больш за 500 чалавек і адчуваць сябе камфортна. На мантаж у нас было ўсяго тры дні. Задача па занаванні стаяла каласальная. Прастора ўжо выкарыстоўвалася для рэйваў, а нам трэба было стварыць свой кінатэатр – сцерці ўсё і надаць гэтай прасторы новую энергію.
Аляксандра Макарэвіч, памочніца дырэктара праграм гульнявога кіно фестывалю «Лістапад»:
– Мае знаёмыя, чуючы пра мой занятак, кажуць, што быць у камандзе арганізатараў кінафестывалю – гэта праца мары. Хацелася б перадаць ім прывітанне а чацвёртай раніцы, калі я звычайна кладуся спаць.
Разнавіднасці: барахолка, фры-маркет, бясплатны кірмаш, флі-маркет, бясплатны кірмаш паслуг, барахолка-фэст, своп-вечарынка, free market, Garage Sales.
Хто патрэбны. Усе тыя, хто хоча пазбавіцца сваіх рэчаў: аддаць, прадаць, абмяняць на іншыя рэчы, аказаць паслугу ў абмен на іншую.
Што патрэбна. Пляцоўка (гэта можа быць адкрыты двор); сталы, вешалкі; гандляры, жадаючыя абмяняцца.
Плюсы. Фарматы маркетаў могуць размывацца: буккросінг (абмен кніжкамі), кірмаш паслуг – умоўны бартар, калі хтосьці рамантуе ровар, а хтосьці голіць бясплатна.
Мінусы. Рэчы могуць быць не ў лепшым стане, а хлам нікому не патрэбны. Калі гэта маркет з дызайнерскімі брэндамі, то кошты могуць быць занадта высокія.
Лайфхакі. Не разлічвай раскласці рэчы на газоне: там будуць добра глядзецца толькі буйныя прадметы, напрыклад, вялікія статуэткі і абутак.
Не забудзь пра навігацыю на маркеце: намалюй стрэлкі.
Каментары арганізатараў
Уладзімір Маляўка, арганізатар экамаркета «Пастарнак»:
– Калі мы праводзілі маркет у «Белэкспа», над намі, на другім паверсе, была царкоўная выстава. Але бабулі, што ішлі па мёд і свечкі, заходзілі ў першую чаргу да нас – ім было цікава.
Мы хочам развівацца, каб гэта быў не толькі фестываль або экамаркет, але і паўнавартасны праект, які будзе займацца папулярызацыяй здаровага ладу жыцця.
Разнавіднасці: паэтычны, літаратурны фестываль, літаратурныя чытанні, літаратурны батл, паэтычны слэм.
Хто патрэбны. «Зорка», аўтарытэтная для аўдыторыі мерапрыемства (бяры якога-небудзь паэта ці пісьменніка з прозвішчам на -віч – не памылішся); маладыя таленты, якія прайшлі сетку адбору (крытэры могуць быць розныя – ад якасці верша да папулярнасці сабжа ў сацсетках); для ўзняцця эмацыйнага градусу мае сэнс звярнуць увагу на аўтараў(-ак), якія закранаюць «балючыя» тэмы; патрабуецца мадэратар(-ка) ці вядучы(-ая) мерапрыемства; журы, калі гэта конкурс (у склад журы мае сэнс уключаць аўтарытэтных аўтараў, філолагаў, лінгвістаў і іншых спецыялістаў, папулярных медыйных персон рознай ступені пагружанасці ў літтворчасць).
Што патрэбна. Пляцоўка – кватэра, кафэ, антыкафе, крэатыўная прастора, бар, музей (удала, калі пераклікаецца з тэмай івэнта), бібліятэка, ДК, панадворак, амфітэатр у парку, падземны пераход (можна задзейнічаць «паўмёртвыя» пераходы горада, узгадніць дзейства з уладамі і папрасіць ад іх «плюшкі» накшталт электрычнасці і палаткі з памідорамі для дрэнных паэтаў і чабурэкамі – для добрых); варыянт – выязное мерапрыемства з намётамі на сяброўскім хутары (глядзі кейс Каптарунаў).
Плюсы. Кантэнт забяспечваюць самі ўдзельнікі і ўдзельніцы, да таго ж многія з іх будуць добра знаёмыя паміж сабой, што зможа ў роўнай ступені забяспечыць і цёплую атмасферу, і высокі накал дыскусіі.
Мінусы. Не самы хайпавы кантэнт. Складана ўцягнуць «гледача з вуліцы». Высокая рызыка ператварыцца ў млявую тусовачку для сваіх.
Лайфхакі. Трэба прадумаць фармат з пазіцыі гледача. Ён не павінен змарыцца ад суцэльнага патоку чытання. Дадай кава-брэйкі ды інтэрактыў – абмеркаванне, галасаванне і г.д.
«Барадулінкі» – фестываль літаратуры і музыкі з маркетам, які ладзіць гарадская пляцоўка Vitebsk4Me.
Літаратурны фестываль у Каптарунах аб'ядноўвае слэмы, літаратурныя чытанні, дыскусіі, прэзентацыі кніг, музычныя выступы, экскурсіі па ваколіцах арт-вёскі на мяжы з Літвой.
Паэтычнае шоу «Эшафот» – спаборніцтва паэтаў-пачаткоўцаў у фармаце шоу з журы і зацікаўленай публікай.
Літаратурнае асяроддзе ў музеі Броўкі – сумесны праект музея і літаратурнага партала Textura.by, літаратурныя чытанні.
Фэст для маладых паэтаў «Пластылінавы бусел».
Паэтычны пленэр памяці паэткі Таццяны Сапач – арыгінальны фармат, рэалізаваны дачкой паэткі Адэляй Дубавец.
Каментары арганізатараў
Вольга Касабуцкая, арганізатарка фэсту «Пластылінавы бусел»:
– Першыя сустрэчы былі арганізаваныя ўнутры нашай тусоўкі і для нас саміх, аднак вельмі хутка фэст заўважылі і з дапамогай сарафаннага радыё ён пачаў набіраць папулярнасць. Калі мне спачатку даводзілася запрашаць паэтаў на сустрэчы, то потым яны самі знаходзілі мяне... Мы адчувалі, што больш і больш людзей шукае свайго слухача і месца для творчасці.
Андрэй Касько, арганізатар і суддзя на «Эшафоце»:
– «Эшафот» з 24-й спробы вырас у тое, чым мне б хацелася яго бачыць у самым пачатку. Акрамя некаторага андэграўнднага антуражу з'явілася належная і неабходная доля акадэмізму. Публіка стала больш тактоўна і стрыманай, знік пафас «п'янай» і «крыклівай» паэзіі – «ясеніншчыны».
Разнавіднасці: фотавыстава, фотасушка, фотазона, фестываль фатаграфіі.
Хто патрэбны. Куратары; арганізатары, якія будуць кантраляваць працэс.
Што патрэбна. Калі ты муціш фотасушку, то табе як мінімум патрэбныя вяроўкі і прышчэпкі для бялізны. Калі гэта выстава, то паклапаціся пра тое, дзе і як можна размясціць здымкі.
Плюсы. Фотасушка – суцэльны інтэрактыў; фатаграфія – гэта модна: сёння ж усе крыху «карцье-брэсоны»; вялікая мэтавая аўдыторыя і высокі патэнцыял для заманухі.
Мінусы. На фотасушцы часам крадуць прышчэпкі; навокал многа жадаючых «разявак», якія хочуць што-небудзь ухапіць на халяву; пад дажджом і без навесу фотаздымкі мокнуць і псуюцца; ёсць рызыка рэкламных фота.
Лайфхакі. Калі ладзіш фотасушку, рабі мінімальны адбор, каб на вяроўках не віселі ну зусім ужо «хатнія» і няякасныя фотаздымкі. Арганізуй месца для «сваіх». Уваход можа быць, напрыклад, па прад’яўленні фатаграфіі. Задавай тэматыку. Можна правесці начную ці тэматычную фотасушку.
Разнавіднасці: матч, забег, велапрабег, спартыўны фестываль, адкрытая трэніроўка, майстар-клас.
Хто патрэбны. Кваліфікаваныя трэнеры, суддзі, вядучы, фатограф, аніматары для дзяцей, медперсанал.
Што патрэбна. Дваровая пляцоўка, крытая спартыўная зала, бегавыя дарожкі ў парку, веласцежка, адкрытая спартыўная пляцоўка, стадыён; спартыўны інвентар, экіпіроўка; падарункі і прызы для самых актыўных.
Плюсы. Зразумелая і ўхваляемая грамадствам тэма ЗЛЖ, шырокая мэтавая аўдыторыя, адпрацаваныя патэрны ўзаемадзеяння ўдзельнікаў – яны зададзеныя самімі правіламі канкрэтных відаў спорту.
Мінусы. Высокія патрабаванні бяспекі – важна падабраць якасную пляцоўку і інвентар, а таксама забяспечыць магчымасць аказання першай медыцынскай дапамогі. Высокі кошт арэнды закрытых пляцовак.
Лайфхакі: Цікавасць да спартыўнага мерапрыемства падагрэе вядомы(-ая) спартсмен(-ка) або цэлая каманда гульцоў. Неабходна таксама забаўляць у паўзах наведвальнікаў, якія прыйшлі падтрымаць блізкіх: фуд-корт, музыка, бяспройгрышныя латарэі і майстар-класы дапамогуць у гэтым.
Фэст дваровых гульняў «Гульні нашага двара» ў Асмалоўцы.
Свята «Ровар на кожны дзень» у Брэсце.
Дабрачынныя забегі з «Крыльями Ангелов».
Каментары арганізатараў
Анастасія Янчэўская, дырэктарка «Менскага роварнага таварыства» і арганізатарка роварнага злёту:
– Раварысты былі зусім не тыя, з якімі мы катаемся кожны дзень. Прыехала шмат людзей, якія даведаліся пра падзею проста з аб'яваў. Гэта вельмі важны фармат для аб'яднання людзей. Менавіта тут зараджаецца тое, што выліваецца ў лакальныя ініцыятывы і часам нават у сем'і. Гэта адзіны фармат, які не прапануе бегчы і спаборнічаць.
Разнавіднасці: фестываль вулічнага мастацтва, фестываль стрыт-арту, фестываль графіці.
Хто патрэбны. Валанцёры, мастакі і мастачкі – вялікая каманда апантаных людзей.
Што патрэбна. Фарбы, матэрыялы, эскізы прац.
Плюсы. Зараз ёсць вялікі попыт на размалёўванне асяроддзя і рэчаіснасці. Відавочныя змены гарадскога асяродка (часцей да лепшага). Вулічнае мастацтва – моцны інструмент абудзіць тое, што ёсць унутры кожнага чалавека.
Мінусы. Эскізы працы трэба загадзя ўзгадняць з ЖЭСам, на чыёй тэрыторыі вы хочаце размаляваць гаражы, сцены, а таксама з аддзелам ідэалагічнай працы, культуры ці ўласнікамі паверхняў, на якіх збіраецеся маляваць. Заўжды знойдуцца тыя, каму не спадабаецца.
Лайфхакі. Грукайся да бізнэс-структур. Хутчэй за ўсё, яны зацікавяцца шалёным івэнтам такога размаху.
Каментары арганізатараў
Міла Котка, куратарка беларуска-бразільскага фестывалю вулічнага мастацтва Vulica Brasil:
– Як удалося іх пераканаць? Часта мне даводзілася гаварыць магічную фразу, пасля якой усё пачынала працаваць: «Я за ўсё адказваю». Трэба паглядзець чалавеку ў вочы і сказаць: «Я за ўсё адказваю. Калі што, я заўтра ж прыйду, сама ўсё зафарбую ў той жа колер – шэры альбо карычневы».
Разнавіднасці: лекцыі, майстар-класы, дыскусіі, Creative Mornings, Media Day, адкрытая лятучка, канферэнцыя.
Хто патрэбны. Спікеры з пэўным аўтарытэтам і тэма, якая чапляе «на кручок». Спікерамі могуць быць прафесіяналы сваёй справы, якія часта баяцца выступаць на вялікую аўдыторыю, а тут усё камерна і бяспечна.
Што патрэбна. Прастора (кавярня на раёне), дворык, парк, дзе ўсім можна размясціцца.
Плюсы. У адным мерапрыемстве можна адразу пакрыць некалькі сумежных тым. Размовы практычныя і з рэальнымі кейсамі. Удзельнікі хутка знаёмяцца паміж сабой – перавага малых груп. Інтэрактыў і ўзаемадзеянне – гэта він. Калі гэта майстар-клас па будоўлі шпакоўняў або па размалёўванні пернікаў, будзь упэўнены(-ая), што матэрыялаў хопіць на ўсіх.
Мінусы. Можа быць складана знайсці вялікую колькасць сталоў ці крэслаў. Праверыць аратарскія здольнасці спікераў загадзя, на жаль, не заўжды магчыма.
Лайфхакі. Папрасі спікераў даслаць прэзентацыю і яе план загадзя, а не ў апошні момант, каб не было нечаканасцяў і заўжды можна было выруліць у першапачатковае рэчышча. Калі гэта дыскусія ці нават лекцыя, лепш паклапаціцца пра мадэратара, каб трымаць ход івэнта «на пульсе». Сцэнар і план – перадусім. Імправізацыя – памылка і шлях у пекла. Толькі архіпрафесійныя спікеры могуць натуральна імправізаць, і тое, хутчэй за ўсё, гэта можна патлумачыць каласальным досведам. Кантралюй час. Тайм-менеджмент мусіць быць максімальна жорсткім.
Creative Mornings – бясплатныя штомесячныя лекцыі-сняданкі для крэатыўных людзей. Заснавальнікі Creative Mornings з Нью-Ёрка задаюць адну глабальную тэму, а госці і спікеры дзеляцца сваім вопытам, парадамі і ідэямі. Так лекцыі збіраюць крэатыўную супольнасць у адным месцы штомесяц.
34 Media Day – афлайн-падзея, івэнты ад рэдакцыі, на якіх госці збіраюцца, каб паслухаць класных спікераў ды абмеркаваць гарачую медыйную тэму.
«Курилка Гутенберга» – лекторый, куды запрашаюць маладых навукоўцаў і розных спецыялістаў – ад біёлага да касмолага.
Зона Edutainment на FSP – адукацыйны спот на гарадскім фестывалі, дыскусія аб гарадской культуры і ўздзеянні на яе. У нязмушанай фестывальнай абстаноўцы заснавальнікі лакальных праектаў і топ-менеджары міжнародных карпарацый дзеляцца досведам.
Каментары арганізатараў
Маргарыта Лазарэнкава, арганізатарка Creative Mornings у Менску:
– Пачынайце не з пошуку інвестара. Пачынайце з таго, што ў вас ёсць тут і цяпер. Фармуйце каманду, ідзіце з ёй скрозь агонь і ваду, дасягайце першых вынікаў і, калі прыйдзе час для пашырэння бізнэсу, існуючы бэкграўнд дапаможа хутчэй прыцягнуць патрэбныя інвестыцыі.
Зміцер Быліновіч, арганізатар лекторыя «Курилка Гутенберга»:
– Тэмы могуць быць самымі рознымі – выключаная толькі ўсялякая псеўданавука. І, вядома, ніхто не будзе ставіць мэту навучыць вас браць патройныя інтэгралы, мэта – зацікавіць, натхніць самім займацца навукай. І ў выніку такі фармат вельмі запатрабаваны.
Разнавіднасці: гастрафэст, стрыт-фуд фестываль, джэм-фэст, суседскае чаяванне, пачастунак ад мясцовых жыхароў, фестываль нацыянальнай кухні, кірмаш ежы.
Хто патрэбны. Фуд-актывісты, якія пераўтвараюць сваю любоў да ежы ў карысную і натхняльную дзейнасць; тыя, каму ёсць чым накарміць так, што аж пальчыкі абліжаш.
Што патрэбна. Наяўнасць палаткі, павільёна або фуд-трака; аднаразовы посуд; адмысловае абсталяванне, якое будзе смажыць, варыць і парыць менавіта так, як гэта неабходна табе.
Плюсы. Усе любяць відовішчы і хлеб. Таму і фармат модны і заўжды актуальны.
Мінусы. Занадта складаная схема ўзгаднення. Абавязкова прытрымлівацца патрабаванняў заканадаўства, у тым ліку Правілаў тэхнічнай эксплуатацыі электраўстановак спажыўцоў (ТКП 181-2009), аб абароне правоў спажыўцоў і санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва. Галоўнае ў гэтай справе – нікога выпадкова не атруціць.
Пад абсталяванне патрэбныя дастатковыя электрамагутнасці, могуць быць перабоі з электрычнасцю, халадзільнай камерай, праточнай вадой. З-за павольнага абслугоўвання могуць быць доўгія чэргі. Важна прадугледзець колькасць порцый, каб не пакінуць у фрустрацыі наведвальнікаў івэнта. І помні: адсутнасць прыбіральняў можа забіць нават самы класны івэнт. Асабліва на фестывалі ежы.
Лайфхакі. Праводзь дэгустацыі – не скнарнічай!
Dranik Fest – фестываль дранікаў у Магілёве, на якім з’елі 400 кіло дранікаў (4 тыс. порцый). Каля 10 тыс. чалавек прабавілі час на фэсце. У аснове фестывалю – конкурс на прыгатаванне драніка. На конкурс можна было заявіць сваю каманду ад 2 да 5 чалавек, назапасіцца бульбай і насмажыць дранікаў.
ДжэмФэст у Асмалоўцы – свята джэму. У двор Асмалоўкі выносяць сталы, прыносяць ураджай садавіны, гатуюць і святкуюць разам.
Vulitsa Ezha – буйны фестываль, гарадская ініцыятыва, асноўная мэта якой – пазнаёміць жыхароў горада з вулічнай ежай.
Гастрафэст у Гомелі – нашмат большы фестываль, чым кірмаш з выязным гандлем.
Каментары арганізатараў
Ягор Рытвінскі, арганізатар фестывалю вулічнай ежы Vulitsa.Ezha:
– З кожным разам з'яўляецца ўсё больш жадаючых прыняць удзел у фестывалі. Мы сочым за тым, каб прапанаваныя меню былі максімальна разнастайныя. Важны і знешні выгляд: прымаць гасцей павінны не проста ў палатках. Напрыклад, стравы мексіканскай кухні прапануюць у нацыянальных касцюмах і самбрэра. Яшчэ мы стараемся разлічыць колькасць удзельнікаў і гасцей, каб жадаючыя не стаялі ў кіламетровых чэргах, але і ўдзельнікі былі шчыльна загружаныя.
Разнавіднасці: квэст па раёне, тэматычная экскурсія, гарадскі шпацыр, Free Walking Tour, шпацыр-экскурсія.
Хто патрэбны. Экскурсавод, мясцовы(-ая), што ведае раён лепш за свае пяць пальцаў, эксперт(-ка) у тэме, даследчык(-ца).
Што патрэбна. Сабраць удзельнікаў і нікога пры гэтым не згубіць, падрабязна апісаць месца сустрэчы, дадаць мапу.
Плюсы. Лёгкі спосаб прыцягнуць увагу да болевых кропак раёна або горада, да зносу будынкаў; адукацыя з інтэрактыўчыкам.
Мінусы. Падчас экскурсіі часам, хутчэй за ўсё, прыйдзецца многа хадзіць, таму ёсць пэўнае абмежаванне на фізічныя магчымасці ўдзельнікаў ці ўдзельніц. Надвор’е вырашае: дождж або снег могуць з лёгкасцю паставіць крыж на экскурсіі.
Лайфхакі. Зрабі ўдзельнікаў і слухачоў экскурсаводамі, героямі сваёй экскурсіі. Калі кожны распавядзе нейкую цікавостку ці асабістую гісторыю пра двор/раён/горад, то экскурсія «ажыве».
Адыходзь ад стандартнага фармату пешай экскурсіі «паглядзіце налева, паглядзіце направа» – эксперыментуй! Напрыклад, правядзі па раёне краязнаўчы крос-прабежку, роварную экскурсію па нефармальных месцах або танцавальную экскурсію па муралах Менска.
Экскурсіі-шпацыры па Трактарным заводзе – прыцягнулі ўвагу да зносу будынкаў у пасёлку Трактарнага завода, на экскурсію прыйшлі сотні людзей.
«Птушыныя» экскурсіі ад «Аховы птушак Бацькаўшчыны» – магчымасць навучыцца адрозніваць грака ад галкі, даведацца, хто ж «вось на тым дрэве спявае», і адчыніць дзверы ў новы дзівосны свет бёрдвочынга (назірання за птушкамі).
Менскі квір-шпацыр – сумесная ініцыятыва квір-фестывалю DOTYK і праекта MAKEOUT. Можна паглядзець на горад з пункту гледжання менскай квір-тусоўкі. Пры гэтым экскурсаводам мог стаць кожны, распавёўшы сваю гісторыю, звязаную з тым ці іншым месцам.
Каментары арганізатараў
Раман Абрамчук, культуролаг, гід, экскурсавод:
– На экскурсіі па Трактаразаводаскім пасёлку быў аншлаг. Напэўна, гэта самая масавая экскурсія з усіх, што мне даводзілася вадзіць не толькі па пасёлку, але і па Менску.
Разнавіднасці: раённы фестываль, гарадскі пікнік, тэматычны фэст, арт-пікнік.
Хто патрэбны. Група ініцыятыўных арганізатараў, якія не баяцца браць на сябе адказнасць і гатовыя працаваць часам за ідэю і да апошняга.
Што патрэбна. Пляцоўка – парк, востраў, культурная прастора, арт-пляцоўка; абсталяванне; арганізатары, адказныя за сваю зону.
Плюсы. Усе фарматы вышэй складзем разам і атрымаем самы надзейны – камбінаваны. Гэта, бадай, самы папулярны фармат. Зараз фармат раённых фестываляў у трэндзе. Такія фестывалі ўключаюць добраўпарадкаванне раёна з забаўкамі: мясцовыя жыхары яднаюцца і арганізуюць фэст з бясплатным кірмашом, пасадкай раслін, пры гэтым майструюць ці рамантуюць што-небудзь разам.
Мінусы. Ёсць рызыка не пракантраляваць усе зоны, бо гэтых зон можа быць шмат. Важна прадумаць лагістыку і таймінг, каб не даць удзельніку(-цы) засумаваць і не пакінуць яго/яе разгубленым: скончылася музыка – скейтары пачынаюць майстар-клас. Нон-стоп.
Раённы «Фэст на Грушаўцы», у Малінаўцы і Уруччы.
Фестываль кулікоў у Тураве – музыка, назіранні за птушкамі, катанні на фурманках з сенам, майстар-класы па вырабе сувеніраў з воўны.
Квір-фестываль DOTYK – прыклад фестывалю, які з кіно вырас у культурна-асветніцкі фэст з выставамі, лекцыямі, музыкай і кіно.
Каментары арганізатараў
Дзяніс Васількоў, арганізатар гарадскога пікніка ў Магілёве:
– Гэты быў такі танны варыянт Freaky Summer Party, без спонсараў, без усяго. У нас былі грошы толькі на папяровыя сцяжкі – але рэзалі і клеілі мы іх самі, гэта 2 км паперы.
Нягледзячы на надвор’е, да нас прыйшло каля двух тысяч чалавек за 6 гадзін. У нас было шмат розных актывацый – ад фрысбі і танцаў да заняткаў ёгай і лазертагам, можна было выпіць смачнай кавы да падсілкавацца модным фастфудам. Мы атрымалі добры фідбэк, гэта быў суцэльны фан, але пасля ніхто не паўтарыў за намі той падзеі. Відаць, час яшчэ не настаў.
Ганна Лок, дырэктарка квір-фестывалю DOTYK:
– Мы плануем поўнамаштабны фестываль квір-культур. Будзе прадстаўленая тэатральная праграма, выставы, майстар-класы, публічныя дыскусіі. Кіно стане толькі адным з кірункаў. За гэтыя гады DOTYK пераўтварыўся ў сапраўдную арт-пляцоўку з удзельнікамі і ўдзельніцамі з 10 краін свету.
Улады не тое, чым падаюцца. Яны могуць ісці на кантакт. Каб атрымаць дазвол у адміністрацыі, зрабі прэзентацыю мерапрыемства: як гэта будзе выглядаць і дзеля чаго ўсё задумваецца. Напрыклад, мэсэдж можа быць такім: «Мы проста хочам правесці цікавае свята, ссябраваць суседзяў і заадно ўпарадкаваць двор ці сквер».
Пачні з напісання праекта. Перад тым як ісці ў гарвыканкам, вызначся з фармулёўкай. Калі ты пазначаеш у назве фестывалю «відэа» (напрыклад, «музычна-візуальны»), то ў кінавідэапракат трэба прынесці відэаматэрыялы, каб іх праглядзелі на адсутнасць парнаграфіі. Гэта немагчыма зрабіць, калі відэашэраг генеруецца камп’ютарам і чалавекам, які кадуе гэты відэашараг. У выніку прасцей запісаць проста «музычны фэст».
Каб пазбегнуць праблемаў з мясцовымі ўладамі, адчыняй усе пастановы, чытай законы аб масавых мерапрыемствах і матай на вус, каб не аблажацца. Асабліва калі гаворка ідзе пра івэнты на вуліцы.
Узгадвай афіцыйны стыль камунікацыі. Галоўнае – стварыць на суразмоўцаў станоўчае ўражанне.
З прадстаўнікамі гарвыканкамаў, райвыканкамаў, міліцыі ці МНС па магчымасці будзь шчырым. Табе з імі трэба сябраваць. Ім з табой – магчыма, таксама.
Да ўладаў ідзі з усмешкай. Не чакай, што ўсё будзе кепска.
Гавары з імі на зразумелай мове. Так яны разумеюць, што ты ідзеш ім насустрач і робіш усё магчымае, каб мерапрыемства прайшло гладка. Напрыклад, замест словаў «стрыт-арт», «альтэрнатыўнае мастацтва», «гарадскі актывізм» лепш ужыць «манументальны мастацкі роспіс будынкаў у цэнтры горада».
Нават калі табе адмовілі, не здавайся. Часам трэба пачакаць, каб усталяваліся даверлівыя адносіны.
Складзі афіцыйную заяву на правядзенне масавага мерапрыемства. Накіруй яе ў мясцовы выканаўчы орган ці Менгарвыканкам. Заява падаецца не пазней за 15 дзён да планаванай даты івэнта, але варушыся раней.
У заяве пазнач месца, час, крыніцу фінансавання, планаваную колькасць удзельнікаў (для мерапрыемстваў з удзелам больш за 1000 чалавек працуюць іншыя рэгуляванні), сцэнар мерапрыемства і асабістыя дадзеныя пра арганізатараў.
Асобна ўзгадняй візуальныя матэрыялы (плакаты і банеры).
Звярніся ў аддзел гандлю Менгарвыканкама ці мясцовага выканаўчага органа, каб атрымаць дазвол на гандаль спіртнымі напоямі, півам, ежай і іншымі таварамі на мерапрыемстве.
Падпішы пісьмовае абавязанне ад арганізатара па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства. Шаблон заявы і абавязання шукай на сайце Менрайвыканкама.
Тваю заяву абавязаны зарэгістраваць і адказаць на яе цягам трох дзён. У выпадку адмовы ты можаш абскардзіць рашэнне праз суд.
Памятай, што да атрымання дазволу ад выканаўчага органа распаўсюджваць афішы і абвяшчаць пра івэнт у медыя і сацсетках нельга.
Атрымаўшы станоўчы адказ на правядзенне фэсту, ты мусіш аплаціць працу хуткай дапамогі і міліцыі. Адна міліцыянер-гадзіна ў Менску каштуе BYN 9,32, у абласных цэнтрах і ў іншых населеных пунктах — BYN 9,51. Праца брыгады хуткай каштуе ад BYN 22,06 да BYN 55,21.
Супрацоўнікі міліцыі, якія працуюць на тваім івэнце, маюць права праводзіць асабісты дагляд удзельнікаў і іх рэчаў, весці фота-, аўдыя- і відэазапісы, абмяжоўваць колькасць удзельнікаў з улікам умяшчальнасці тэрыторыі.
Сфармулюй мэту, задачу, аўдыторыю пісьмова і канкрэтна. Запішы іх у асобны файл. У будучыні ён стане тваім працоўным дакументам.
Складзі простую і зразумелую абвестку пра набор у каманду арганізатараў мерапрыемства. Раскідвай абвестку не толькі па сацсетках і форумах. Расклей друкаваныя экзэмпляры ў афлайне.
У тых жа сацсетках пашукай валанцёраў: ахвотнікаў падняць дупу з канапы больш, чым табе падаецца.
Збірай ідэі па актыўнасцях ад гурткоў, асобных жыхароў і мясцовых студый. Ад малявання акрылам да заняткаў ёгай – спатрэбіцца ўсё.
Важна знайсці інвестара. Мясцовыя ўлады не стануць плаціць грошы за працу хуткай і міліцыі. Вядома, можна скінуцца ўсім раёнам, але гэта можа быць не эфектыўна.
На правядзенне івэнта не патрэбныя мільёны даляраў. Напрыклад, бюджэт дзіцячага фэсту ў Малінаўцы – каля $ 1000. Але калі на руках ёсць $ 450-500, можна спакойна праводзіць свой раённы фэст.
Асабістыя сустрэчы вырашаюць усё хутчэй і прасцей, чым размовы ў інтэрнэце.
На арганізацыйную сходку, спланаваную як асобнае мерапрыемства (напрыклад, актыўны адпачынак, фотасесія, чаяванне), знаходзіць час больш людзей.
Пачні з невялічкага івэнта, правер свае сілы.
Пралічы бюджэт.
Шукай партнёраў і спонсараў. Спонсары могуць узяць частку грашовых выдаткаў на сябе альбо падтрымаць «прадуктам»: забяспечыць пакетамі для смецця, паперай, гукавым апаратам – усім, што можа спатрэбіцца для арганізацыі івэнта.
Плануй загадзя. Калі гэта буйнае мерапрыемства, то шукаць спонсарскую падтрымку пачынай за паўгода-год.
Зрабі медыяплан (хоць у Excel, хоць у Google Табліцах), каб не прапусціць важнае. Каардынуй дзейнасць кожнага(-ай) у табліцы.
Рэкламы мала не бывае. Чым больш каналаў ты выкарыстоўваеш, тым лепш. Ствары суполкі ў сацсетках, карыстайся суполкамі раёна. Яшчэ ты можаш расклейваць друкаваныя аб’явы на пад’ездах.
Прома-кампанію запускай задоўга да падзеі. Зрабі спіс медыя, дзе сядзіць твая публіка. Ідзі да іх.
Ты, канешне, можаш даслаць прэс-рэліз, але круцей, калі ты зацікавіш медыя. Замест перапісвання стандартнага тэксту дамоўся на які-небудзь суперфармат: гайд па фестывалі, мікстэйп трэкаў з лайнапа музыкальнага фестывалю або інтэрв’ю з кімсьці з удзельнікаў ці ўдзельніц фэсту.
Стандартная схема для прасоўвання івэнта выглядае так: развесіць афішы па вулічных тумбах ці ў метро, раскідаць флаеры, павесіць банеры на гарадскіх медыя, кінуць інфармацыю ў сацсеткі – усё.
Рабі па-іншаму. Калі гэта флаер, то ён мусіць вылучацца з агульнай кіпы флаераў. Стыкер мусіць быць нестандартны, каб чалавек захацеў прыляпіць яго сабе на ноўтбук. Трымай скарбонку найлепшых інструментаў прапіярыцца: ад гіфак і відосаў да мемаў і флэшмобаў.
Прыбяры пляцоўку ад смецця да і пасля івэнта.
Правер прагноз надвор’я. Калі раптам пойдзе дождж, будзь упэўнены(-ая), што ёсць парасоны, навесы або дах, дзе можна схавацца.
Прадугледзь, куды людзі будуць хадзіць у прыбіральню. Павесь указальнікі.
Выдай арганізатарам бэйджы або адмысловую пазнавальную форму, каб іх лёгка было знайсці і запытацца.
Давай інфармацыю так, каб чалавеку яна здавалася не рэкламаю, а цікавай гульнёй. Рабі афігенную карцінку. Не рэкламны борд, а твор мастацтва.
Найлепшая аўдыторыя – гэта сябры і сябры сяброў. Запрашай на мерапрыемствы асабіста ці хаця б у Facebook у прыватных паведамленнях, а не толькі праз функцыю Invite. Напэўна, ужо ўсе і так ведаюць пра твае імпрэзы, але не забывай пра гэты інтымны момант.
Калі ўсё ідзе гладка, хвалюйся: так не бывае!
Поговорили с фотографкой Машей Святогор о персональной выставке в «ЦЭХе», Курасовщине и, конечно, любви к ней.
З тваёй дапамогай над падворкам культ. цэнтра «КОРПУС» можа з'явіцца экалагічная інсталяцыя ў паветры.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.