Вольга Касабуцкая
Арганізатарка паэтычных вечароў, кватэрнікаў і прыроднікаў Вольга Касабуцкая пра тое, як з дапамогай творчасці даваць рады жыццёвым нягодам і шукаць паэзію ў штодзённасці.
Чым займаюцца: Арганізацыя творчых вечароў у прыватнай кватэры ці на прыродзе, дзе кожны ахвотны можа падзяліцца з публікай сваімі вершамі ці музыкай.
Дата заснавання: 2004 год.
Структура: Уласна Вольга і валанцёры, у саміх мерапрыемствах можа паўдзельнічаць любы пісьменнік, музыка ці гурт.
Факты: Кватэрнікі і прыроднікі ладзяцца ўжо больш за 10 год. За гэты час было арганізавана за 100 сустрэч з паэтамі і музыкамі з Беларусі, Украіны, Расіі, Іспаніі ды Чэхіі.
Кантакты:
VK
З кім гутарым: Вольга Касабуцкая, 29 гадоў. З адукацыі – настаўніца пачатковых класаў і выяўленчага мастацтва. Паэтка і рамесніца, аўтарка некалькіх кніг вершаў.
Гісторыя Вольгі
– Я нарадзілася ў Эстоніі, але пасля распаду Савецкага Саюза разам з бацькамі перабралася ў Расію. Вучылася ў простай школе, дзе мой настаўнік рускай мовы і літаратуры ўбачыў ува мне талент да напісання вершаў. З ранняга падлеткавага ўзросту я захаплялася паэзіяй і такім чынам раскрывала сябе, мой настаўнік заахвочваў і імкнуўся мяне падтрымліваць ва ўсім. Праз некаторы час мой бацька быў вымушаны з'ехаць у Беларусь, я таксама перабралася да яго ў Магілёў. Апынуўшыся ў новых абставінах і ў новай краіне, я адчувала сябе трохі няёмка, праблемы ў сям’і і стан здароўя бацькі на мне адбіліся. Хутка я трапіла ў рок-тусоўку, дзе ўпершыню пачула, што Магілёў – рок-сталіца Беларусі. Мяне атачалі вельмі творчыя паэты і музыкі.
«Хутка я трапіла ў рок-тусоўку, дзе ўпершыню пачула, што Магілёў – рок-сталіца Беларусі»
Гісторыя фэсту «Пластылінавы бусел»
– У асяроддзі творчых людзей, якія мяне эмацыйна падсілкоўвалі, я знайшла сваіх аднадумцаў і фанатаў паэзіі. Ужо праз два гады пасля пераезду я, разам з маім старым сябрам з рок-тусоўкі Ігарам Гальцовым, вырашыла арганізаваць фэст для маладых паэтаў «Пластылінавы бусел», гэта быў 2005 год. Ідэя нашага фестывалю заключалася ў арганізацыі вольнай пляцоўкі маладым дараванням, для якіх анідзе не знаходзілася месца. «Пластылінавы бусел» стаў мерапрыемствам, дзе маглі выказацца тыя, каго не збіраліся слухаць, усе нефармальныя і нефарматныя маладыя паэты, чыя творчасць не ўпісвалася ў агульнапрыняты кантэкст. Першыя сустрэчы былі арганізаваныя ўнутры нашай тусоўкі і для нас саміх, аднак вельмі хутка фэст заўважылі і з дапамогай сарафаннага радыё ён пачаў набіраць папулярнасць. Калі мне спачатку даводзілася запрашаць паэтаў на сустрэчы, то зараз яны самі знаходзілі мяне і Ігара. Мы адчувалі, што больш і больш людзей шукае свайго слухача і месца для творчасці.
Першы «Пластылінавы бусел» прайшоў у Доме культуры чыгуначнікаў, ніякіх праблем з гарадскімі ўладамі і аддзелам ідэалогіі ў нас не было. На нашыя сустрэчы імкнулася патрапіць неверагодная колькасць творчых людзей, усе былі яскравыя, вельмі розныя. Праз агульныя знаёмствы знайшліся паэты, пісьменнікі, музыканты, якія апынуліся нефарматам па ўзросце і вопыце для нашага «Пластылінавага бусла». Таму ў мяне з’явілася ідэя арганізаваць першы кватэрнік, кшталту маіх першых гарадскіх тусовак, дзе б маглі выступіць усе, хто не падыходзіў пад фармат моладзевага фэсту.
Кватэрнікі і прыроднікі
– Месца для майго першага кватэрніка не прыйшлося шукаць – ім стала мая кватэра. Дзякуючы падтрымцы майго бацькі, які быў не супраць гэтага мерапрыемства, усё адбылося. Менавіта з таго моманту пачаўся шэраг кватэрнікаў, якія сталі не менш папулярнымі і вядомымі, чым наш «Пластылінавы бусел». За апошнія 10 год я і мае сябры правялі больш за 100 тэматычных сустрэч. На кватэрнік могуць прыйсці ўсе ахвотныя, абсалютна бясплатна – як слухачы, так і музыкі. Колькасць гасцей суадносіцца толькі з памерамі маёй кватэры. Калі на першыя кватэрнікі я запрашала сяброў са старой тусоўкі, вядомых андэграўндных музыкаў (Цімафей Яравікоў, Іван Палітон, Алена Каўкова, Гур Рэактыў), «спяваючых» удзельнікаў «Пластылінавага бусла», то пазней на нашыя сустрэчы пачалі выходзіць незнаёмыя людзі. Слухачы пачалі прыводзіць сваіх сяброў, новыя людзі распавядалі пра нас сваім сябрам і пісалі ў інтэрнэце, папулярнасць кватэрнікаў выйшла за межы нашай краіны. Самымі яскравымі прыезджымі артыстамі былі Аляксей Шмялёў (Масква), Лявона (Сібір), Дзіма Ску (Баранавічы), Sasha Boole (Украіна), Зміцер Мулыгін (Тула), Уладзімір Гаўбцоў (Казахстан), «Сонечны блюз» (Масква), Gipsy Rufina (Італія).
«Ідэя нашага фэсту заключалася ў арганізацыі вольнай пляцоўкі маладым дараванням, для якіх анідзе не знаходзілася месца»
Новы этап
– Паралельна з кватэрнікамі я вырашала пытанні, звязаныя з арганізацыяй «Пластылінавага бусла», але з цягам часу жыхары горада пачалі скардзіцца на нас. На форуме магілёўскага гарвыканкама сталі з’яўляцца лісты з просьбамі спыніць нашу дзейнасць, не пускаць нас у Дамы культуры і разабрацца з Вольгай Касабуцкай. Матывацыя незадаволеных – паэты вельмі радыкальныя, яны прапагандуюць прыём наркотыкаў і алкаголю, амаральны лад жыцця, такім людзям не месца ў культурных установах. Ліставанне на форуме ператварылася ў жудасную гарадскую сварку, дзе мяне падтрымалі ўдзельнікі магілёўскага ЦЖР (Цэнтра Жывога Рока) з Віталём Шумам. Аднак «прыхільнікі музыкі Кадышавай і Кіркорава» перамаглі. «Пластылінавага бусла» прыйшлося перанесці ў МДУ ім. Куляшова, бо я там вучылася на педагагічным факультэце. Як скончыла ўнівер – скончылася дзейнасць майго фестывалю. У аніводным ДК для нас ужо не было месца.
Менавіта так кватэрнікі і прыроднікі сталі для мяне і іншых аматараў «Пластылінавага бусла» сапраўднай аддушынай. Дзейнасць, звязаная з імі, працягваецца і дагэтуль. У маім жыцці пачаўся новы віток, і я вырашыла не спыняцца, нават калі мне будуць устаўляць палкі ў колы. Заручыўшыся дапамогай сяброў, я кінула ўсе свае сілы на арганізацыю кватэрнікаў і напісанне вершаў. У самыя «гарачыя» перыяды ў месяц атрымлівалася правесці каля трох кватэрнікаў. У 2012 годзе быў апублікаваны мой першы зборнік паэзіі «З розных кніг», а ў 2013-м – «Хата гукаў цішыні», з якім я выступала на кватэрніках, зладжаных у іншых гарадах.
«На кватэрніках і прыродніках мы ствараем такую атмасферу, дзе ніхто не адчуе сябе пакінутым і самотным»
Тэкст і фота by Маша Васількова
Пакуль няма ніводнага каментара