Выйшаў падкаст пра панэлькі

Менская ўрбаністычная платформа запусціла падкаст «Як тут як там», у якім адмыслоўцы абмяркоўваюць сусветныя трэнды забудовы і разважаюць, як гэтыя трэнды адбіваюцца на беларускай рэчаіснасці.

Першы эпізод – «Панэлькі – хто каго перажыве?» – прысвечаны забудове, без якой беларускі постпанк калі б і быў, то нечым іншым.

Каб пагутарыць пра панэльную забудову ў Беларусі і замежжы, у студыі сустрэліся архітэктарка, сацыялагіня і дызайнерка грамадскіх прастор. Ці сапраўды панэлькі – своеасаблівае гета? А можа, стандартнае сучаснае жытло? Панэлькі сціраюць індывідуальнасць нашых раёнаў? Ці гэта ўвогуле не важна, а важна тое, што людзям прасцей займець свой кут, калі ён каштуе не касмічных грошай?

Панэлькі ў свеце ўспрымаюць па-рознаму, і ўдзельніцы падкасту з розных бакоў разглядаюць гэты архітэктура-культурны феномен, у тым ліку абмяркоўваюць уяўныя мадэлі будучыні, дзе панэльная забудова ёсць і дзе яе няма.

 

 

  Паслухаць «Як тут як там» можна ў Apple Podcasts, Spotify, Яндекс.Музыка, Telegram, Youtube Music, Youtube, Deezer, Castbox, Mave.

Ужо вядома, што ў наступных выпусках «Як тут як там» абмяркуюць дзівосныя праекты беларускай сучаснасці, рэшткі прамысловай спадчыны і ўразлівую спадчыну – ад мадэрнізму да драўляных вясковых раёнаў – у цэнтры горада.