19–21 траўня ў Менску пройдзе вялікі фестываль электроннай эксперыментальнай музыкі Unsound Dislocation X Mental Force Festival – камбэк культавай серыі івэнтаў, якія адбываліся ў Менску ў 2007 і 2008 гадах. Мы ўзгадалі падзеі таго часу, а таксама дасканала разабраліся, хто выступае сёлета.
Вярні мне мой 2007-ы
«Глянцавы часопіс на борце самалёта распавядаў, што клубная сцэна Менска цяпер на ўздыме, прыцягвае “прафесіянальных тусоўшчыкаў з усёй Еўропы”. У рэальнасці было інакш: некалькі модных клубаў для абраных нуварышаў, якія плацяць, каб паглядзець на самотнага дыджэя з Захаду. Акрамя клуба Step, дзе праходзіў Unsound, іншыя пляцоўкі не маюць дазволу на канцэрты. Прамоўтары павінны атрымліваць на кожны івэнт дарагія ліцэнзіі, якія могуць адклікаць у любы момант. Большасць трымаецца ў андэграўндзе, бо так, парадаксальна, менш шансаў, што цябе закрыюць. Сцэна не на ўздыме, яна на лязе нажа», – пісаў у 2007 годзе ў заметцы для The Wire Мэт Шульц, заснавальнік фестывалю Unsound у Кракаве.
Тады разам з мясцовымі прамоўтарамі Уладам Бубнам і Дзімам Ладзесам ён зладзіў серыю выязных івэнтаў Unsound у Менску. За два гады і чатыры выпускі Беларусь наведаў абсідыянавы россып эксперыментальных музыкаў: ад тэхна-дабавых амбасадораў Штэфана Бэтке aka Pole і Томаса Фельмана да брыстальскай дабстэп-легенды Pinch. «Як я памятаю, тады старшынёй у Еўрасаюзе была Германія, якая праз Інстытут Гётэ актыўна падтрымлівала кроскультурную ініцыятыву фестывалю», – успамінае музыка Pavel Ambiont, які далучыўся да варкшопаў на чацвёртай менскай сесіі.
«Мне тэлефануе Улад і пытаецца, ці хачу я паўдзельнічаць у калабарацыі з Pinch’ам, – усміхаецца Паша. – Я тады толькі пачаў са сваёй музыкай выступаць». За тыдзень сумесных творчых пошукаў у музыкаў фактычна нараджаецца новы трэк, які потым увайшоў у кампіляцыю калабарацый Connections, выдадзеную на лэйбле Штэфана Бэтке ~scape.
Акрамя выступаў і студыйных сесій, прыезджыя артысты прачыталі некалькі лекцый па мастэрынгу, менеджменце лэйбла, палявым гуказапісе. Італа-швейцарскі музыка Касіян Троер нават рабіў гукавыя скульптуры ў пераходзе на Нямізе і збіраў гукі ў Зялёным Лузе. Па слядах яго дзейнасці выйшаў артыкул у газеце «Культура», як ён «паляваў на гукі ў Грынфілдзе». Карацей, Менск парадаксальным чынам (як і многае ў нас) станавіўся горадам перадавых эксперыментаў, нягледзячы на скрыпучую махіну бюракратыі.
1
Транзішн
Плавільны кацёл калабарацый на гэтым не астыў. Паша з’ездзіў да Pinch’а ў Брысталь, дзе хлопцы запісалі яшчэ адзін трэк. Беларускі гурт «Рациональная диета» разам са швейцарскім фрыкам Kadebostan’ам выпусцілі сумесны альбом Songs From Kadebostany. Улад з Дзімам заняліся фестывалем INTOUCH, на які прывозілі не менш зорны склад прасунутых артыстаў. Мэт успамінае, што ўсе фестывалі ў Менску праходзілі па-асабліваму паспяхова: «Тут была нейкая кіпучая і нястрымная энергія». Выступаючы на адной пляцоўцы з сусветнымі музыкамі, лакальныя артысты разумелі, што іх аддзяляе не такая велізарная бездань, што людзі ў Менску робяць прыкладна тое ж самае і з такой жа доляй прафесіяналізму, пры гэтым маючы менш магчымасцяў.
«Гэтую гісторыю мы працягнулі ў межах фестывалю Mental Force», – кажа Павел. У 2015-м у складзе каманды Foundamental Network яны арганізавалі буйны аўдыявізуальны марафон з Monolake і Тарыкам Бары ў якасці гасцей. У адрозненне ад таго ж Global Gathering, дзе часцяком пісалі толькі пра хэдлайнераў, а беларускіх музыкаў пакідалі па-за межамі афішы, на ўсіх фестывалях эксперыментальнай плыні важным быў прынцып раўнапраўя: артысты пішуцца ў алфавітным парадку, асаблівая ўвага надаецца камунікацыі паміж гасцямі і мясцовымі артыстамі.
«Мне тэлефануе Улад і пытаецца, ці хачу я паўдзельнічаць у калабарацыі з Pinch’ам»
«Часцей за ўсё беларуская музыка не трапляе ў зону бачнасці замежных журналістаў, – даводзіць музыка. – Калі рыхтуюцца гайды пра ўсходнееўрапейскія рэйвы, то Вільня, Варшава, Кіеў, Масква ёсць, а Беларусі быццам не існуе. Таму нам важна ствараць сувязі паміж музыкамі, каб яны паміж сабой нешта рабілі, і сувязі паміж арганізатарамі, каб яны дамаўляліся на сумесныя праекты. Зрабіць вечарыну, прывезці кагосьці, назбіраць грошай, людзі прыйдуць патанцуюць, артыст з’едзе – гэта адно. Іншая справа, калі завязваюцца нейкія сталыя кантакты. Фестываль для нас – гэта толькі нагода».
Dislocation
«Сёлета мы хацелі працягнуць Mental Force. І тут даведаліся, што Інстытут імя Гётэ вядзе перамовы з Unsound пра новы эдышн у Беларусі», – працягвае відэаартыстка і суарганізатарка імпрэзы Воля Салахеева. Кракаўскі фестываль запусціў вялікую праграму Dislocation, якая даследуе супярэчнасці паміж «цэнтрам» і «перыферыяй». У яе межах прайшоў мацярынскі івэнт у Польшчы ў 2016-м, а на гэты год у Менску, Алматы, Мурманску, Львове і Казані плануецца серыя рэхавых фестываляў. З боку нямецкай інстытуцыі праграму ў Менску курыруе Ігар Куксін.
«Часцей за ўсё беларуская музыка не трапляе ў зону бачнасці замежных журналістаў»
«У 2014 годзе саспела цалкам новая ідэя супрацоўніцтва паміж Unsound і інстытутамі Гётэ нашага рэгіёна, – кажа Ігар. – Мы хацелі сумеснымі намаганнямі правесці спецыяльныя версіі фестывалю пад умоўнай назвай “Перыферыя” ў гарадах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі, але не ў сталіцах. Аднак першыя досведы ў Грузіі паказалі, што ўсё ж такі малыя гарады не валодаюць, як правіла, неабходнымі перадумовамі для правядзення маштабных фестываляў: няма залаў, няма вопытных партнёраў, тэхнікі, часам не зусім гатовая і публіка. У Беларусі, паводле нашых ацэнак, рэальна было б зрабіць фестываль у Берасці ці Горадні. Але, на жаль, нам не хапіла партнёраў. Таму вырашана было працягваць рэалізацыю праекта ў сталіцах. Мы правялі невялікі рэнэймінг, праект стаў называцца Unsound Dislocation».
Сумесная вечарынка фестывалю і канферэнцыі крэатыўных тэхналогій Create IT. З боку канферэнцыі эксперыментальны DJ-сэт прадставяць Вова Патапенка і Mustelide. З боку фэсту выступіць польскі музыка Dtekk з візуальным сэтам ад Плахі. Dtekk з’яўляецца арганізатарам беластоцкага Up To Date Festival, які мае цесныя стасункі з гарадзенскай эксперыментальнай сцэнай. Таксама арганізоўваў у Беластоку Boiler Room, дзе выступалі і беларускія музыканты.
Dirty Owl (BY/RU)
Саша Ананьеў – беларуска-рускі электроншчык, адзін з аўтараў падкастаў пра электронную музыку «Логика ритма», летась заміксаваў для праекта Minsk Music Sessions гукі «Мотавела» ў стымпанкавы саўндтрэк. Ён пачне першы вечар фестывалю.
Force Carriers (BY)
Назва тэхна-лэйбла, а таксама сумесны праект артыстаў Pavel Ambiont, Apex Sphere і VJ Solar Olga. Іх выступ праз містычна-фантастычнае тэхна распавядзе гісторыю «вечнага вандроўніка» мастака Язэпа Драздовіча.
Strobe Light Visions (BY)
Апошні праект Арцёма Худзякова, раней вядомага як Uncou.
Atom™ (DE)
Нямецкі электроншчык Увэ Шміт, які 20 год таму пераехаў у Чылі, каб дадаваць у электронную музыку лацінаамерыканскія матывы (слухай яго праект Señor Coconut). У праекце Atom™ ён рэалізоўвае сатырычнае электра крафтвэркаўскай плыні. У Менск Увэ прыедзе з аўдыявізуальным шоу HD+.
Kangding Ray (DE/FR)
Яшчэ адзін госць сёлетняга фестывалю. Музыка з архітэктурным бэкграўндам, у гуку стварае сапраўдныя лічбавыя ландшафты і скульптуры – закрывай вочы і мацай! У Менск тэхна-візіянер прывязе сваю свежую плытку Hyper Opal Mantis.
Stanislav Tolkachev (UA)
Станіслаў Талкачоў лічыцца адным з самых вядомых тэхна-музыкаў Украіны, і не дарма. Рэлізы на іспанскім лэйбле Semantica Records, нідэрландскім Mord, японскім Grasswaxx Recordings, расійскім «ГОСТ ЗВУК» – такому экспарту пазайздросціць уся малочная прамысловасць Беларусі. Калісьці ён прыязджаў у Менск на культавы Dach, зараз вяртаецца з новым поўнафарматнікам When You Are Not At Home.
Radiocoala (BY)
Гарадзенскі электроны саўндскэйпер закрые першую ноч фестывалю. Акрамя свайго выступу, Radiocoala плануе даць майстар-клас па модульным сінтэзатарам. Ба, сачы за праграмай на сайце фэсту, дарагі гукавы фрык!
Aortha & Goron (BY)
Другі вечар адкрые аўдыяпаэтычны і візуальны праект вышэйзгаданага Дзімы Ладзеса, паэта Яўгена Горана і фатографкі Дзіны Даніловіч. Раней яны ўжо прэзентавалі свой праект здзіўленым вачам правадыроў сусветнага пралетарыяту ў музеі Азгура. У перформансе ўсе дэталі створаны ўручную, нават гукі знятыя з цела Горана.
Miniatury: Jacaszek, Port Mone Trio & Jerzy Osiennik (PL/BY)
Следам пачне разгортвацца яшчэ адна калабарацыя – польскага кампазітара Міхала Яцашэка, інструментальнага трыа Port Mone і фатографа Ежы Асенніка. Яны рыхтуюць праект «Мініяцюры», прысвечаны польска-беларускаму пісьменніку з Падляшша Сакрату Яновічу. Прэм’ера праекта адбылася летась на радзіме пісьменніка, у Крынках, на польска-беларускай мяжы. Зараз відовішча прымае Менск.
Jacaszek feat. Hania Malarowska (PL)
Затым Яцашэк працягне паэтычны вечар сваім наступным праектам разам з Ганяй Маляроўскай і прэзентуе чароўную плытку Kwiaty.
Dtekk (PL)
На сцэну зноў выйдзе беластоцкі Dtekk. На гэты раз з унікальнай калекцыяй эмбіенту на вініле. Увогуле ён адзіны ў Польшчы дыджэй, які грае эмбіент на пласцінках. Таксама ён ладзіць серыю вечарын Salon ambientu і Ambient park у парках і дварцах Польшчы.
I/DEX (BY)
Беларускі эксперыментальны музыка Віталь Гармаш рыхтуе для фестывалю зусім новую праграму. Ён вядомы выкарыстоўваннем вялізнага безлэптопнага сэтапу на сцэне. Сябры Віталя нават жартуюць, што, каб адыграць 45-хвілінны сэт, яму даводзіцца паўтары гадзіны настройваць інструменты.
Ben Frost & MFO (DE/AUS)
Аўстралійская зорка электроннага нойзу стварае выкшталцоныя аўдыявізуальныя сэты, якія можна адчуць яшчэ і на фізічным узроўні – настолькі шчыльны ў яго саўнд. Фрост піша музыку на стыку класічнага мінімалізму, постпанку і блэк-металу. Ён супрацоўнічаў з аўстралійскай танцавальнай трупай Chunky Move, брытанскім харэографам Уэйнам Макгрэгарам, ствараў музыку для аўстралійскай эратычнай драмы «Спячая прыгажуня», дэтэктыўнага серыяла «Фортыцьюд», а таксама агучваў лемаўскі «Салярыс». На менскім Unsound Фрост выступіць разам з нямецкім відэаартыстам MFO. Яны прадставяць светлавое шоу з апошняга альбома Фроста Aurora або новую праграму.
Stellar Om Source (FR)
Сярод запрошаных гасцей – францужанка Крыстэль Гвальдзі aka Stellar Om Source. Яна жыўцом сыграе меладычнае тэхна на культавых сінтэзатарах 70-х гадоў. Што цікава, у Менску гэта яе першы выступ пасля двухгадовага перапынку, дагэтуль Крыстэль займалася сямейнымі справамі.
Xosar (DE/USA)
Апошнім заморскім госцем выступіць Шыла Раман пад псеўданімам Xosar. Яе называюць адэптам аналагавага акультызму. Яна і не ўтойвае, што натхняецца саўндтрэкамі да фільмаў жахаў, блэк-металам, лоў-файнай электронікай і гіпнатычным тэхна: «Мая мэта – утаймаваць энергію эмоцый і перадаць яе ў музыцы так, каб увайсці ў рэзананс з глыбінямі чалавечай экзістэнцыі, выклікаць пачуццёвы водгук і павысіць узровень усвядомленасці». У Менск яна прыязджае з зусім новым альбомам Xymeria.
Buttechno (RU)
Расійскі тэхна-прадзюсар, які летась ужо заглядваў у Менск на вечарынку «Мечты». Ён грае мінімалістычнае тэхна як іншапланетнік, які знайшоў чалавечую капсулу будучыні і вырашыў зміксаваць знойдзеную там музыку на свой лад.
Nobel (BY)
Стары зубр беларускага электра, скрэтч-майстар і адзін з арганізатараў Dark Side Of Techno і «Аб’ект», падпольных тэхна-вечарынак у Горадні. На фестывалі ўпершыню выступіць з поўнафарматным эйсід-электра-лайвам.
Morgotika (BY)
Арганізатар «Мечты» і новага праекту «Вектар» Паша Данкоў закрывае фестываль сваім вінільным DJ-сэтам ціхамірнага мінімалу.
Гутарым з музычнаю тусоўкай «Бассота», якая цяпер адказная за развіццё бэйс-сцэны ў Менску, а таксама за скрыжаванне клубнай і хіп-хоп культуры гораду.
Прафесійны тусоўшчык Аляксей Кутузаў, вядомы як dj I.F.U., расказвае 34mag, як праходзілі беларускія рэйвы 90-ых.
Арганізатар сталічных рэйваў «Мечта» Паша Данкоў распавядае пра менскае тэхна 2016-га.
Любоў, свабода і самаадданасць – на тварах тусоўшчыкаў новай тэхна-вечарынкі ад арганізатараў «Мечты».
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.