Глеб Лабадзенка
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 07.06.2019
- 10927
Глеб Лабадзенка – вядоўца курсаў «Мова Нанова» – распавёў 34mag пра матывацыю, якая падштурхоўвае людзей размаўляць па-беларуску, пра ўладароў Нясвіжа і пра патаемны сэнс каўбасы «Вялікакняская».
Герой: Глеб Лабадзенка, 32 гады. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (бакалаўрыят і магістратура). Стваральнік праекта «Мова Нанова», які ахоплівае аднайменныя курсы, праграму на «Белсаце», а таксама экскурсіі для турагенцтва «Віаполь».
Ініцыятыва: «Мова Нанова» – бясплатныя курсы беларускай мовы, якія існуюць са студзеня 2014 года. Іх канцэпцыя – неакадэмічнае вывучэнне мовы: лексіка і граматыка падаецца тут у інтэрактыўных формах з цікавымі гасцявымі спікерамі – прафесіяналамі з розных сфер. Курсы прынцыпова існуюць па-за палітыкай. Штотыдзень іх наведваюць каля 650 студэнтаў.
Наш герой – чалавек вельмі заняты і да легкадумных забавак не схільны. Два тыдні 34mag намагаўся ашчаслівіць інтэрнэт прыгожымі партрэтамі Глеба, але не зраслося. Свабодную прастору на вэб-старонцы мы вырашылі выкарыстаць у светлых мэтах асветы: паказваем табе фігурантаў Чырвонай кнігі РБ і расказваем, як яны завуцца на беларускай і лацінскай мове.
Пра матывацыю
– Трэба разумець, што курсы «Мова нанова» – гэта не вывучэнне беларускай мовы, як гэта ні дзіўна. Вывучэнне мовы дзеля мовы – гэта проста абсурд. Калі б мне сказалі: «Ідзі на курсы вучыць беларускую мову, каб ведаць беларускую мову», я б сказаў: «Вы што, з елкі зваліліся?»
У вывучэнні любой мовы мусіць быць матывацыя. Калі вы хочаце паехаць жыць у Амерыку, вы будзеце вучыць ангельскую мову. Калі вы хочаце працаваць у Польшчы, вам трэба вывучыць «дзенькуе бардзо» і яшчэ пару ветлівых словаў па-польску. У Беларусі вельмі складана сходу знайсці матывацыю, каб вучыць беларускую мову. Можна ўсё жыццё жыць без беларускай мовы і адчуваць сябе спакойна і камфортна.
«Уявіце сабе – Масквы не было, Варшавы не было, Рыгі не было, Берліна не было, Вільні не было, а на менскім замчышчы сядзелі і ў шахматы гулялі!»
Мяне матывуе тое, што мы вывучаем Беларусь, а не беларускую мову. Напрыклад, прыходзіць археолаг Сяргей Тарасаў і расказвае нам, як ён удзельнічаў у раскопках на менскім замчышчы на рацэ Менцы (цяпер гэта вёска Гарадзішча) і як яны там пад кіраўніцтвам археолага Георгія Штыхава знайшлі шахматнага каня, зробленага з рога лася. І вось спадар Сяргей кажа: «Пачатак XI стагоддзя, уявіце сабе – Масквы не было, Варшавы не было, Рыгі не было, Берліна не было, Вільні не было, а на менскім замчышчы сядзелі і ў шахматы гулялі!» Ці ж гэта толькі вывучэнне беларускай мовы?
Арэшнікавая соня
(Muscardinus Avellanarius)
«Мы вядзем курсы ўдвух з Алесяй Літвіноўскай, і ў нас добры тандэм, як мы жартуем: адна – разумная, другі – вясёлы»
Пра наведвальнікаў і наведвальніц
– Да нас прыходзяць і школьнікі, і старэйшыя людзі. Нам цікавей матывацыя слухачоў, чым узрост, гендар ці канфесія. Дзеля чаго прыходзіць моладзь і людзі сярэдняга ўзросту – больш-менш зразумела, а дзеля чаго прыходзяць людзі старэйшага веку?
У Беларусі, на жаль, можна пражыць жыццё так, каб беларуская культура з табой ні разу не перасякалася, каб яна прайшла недзе паралельна. Некаторыя людзі выйшлі на пенсію, раптам задумаліся пра гэта, сказалі сабе, што, канешне, ніколі не позна – і прыйшлі на курсы «Мова Нанова». І той, якому 75 год, можа быць прышпільнейшым за таго, якому 15. Мы агучвалі фільмы па-беларуску з праектам Gavarun.by – і людзі старэйшага веку далі газу нашмат больш, чым школьнікі і студэнты.
Мы проста сышліся на тым, што сярэдняга слухача «Мовы Нанова» няма. Яны ўсе настолькі розныя, што гэта неверагодна. Вось пару заняткаў таму прыйшоў чалавек – такі барадаты, мажны. Мы заўжды знаёмімся з новымі ўдзельнікамі – і я ў яго на сцэне запытаўся: «А хто вы па прафесіі?» А ён кажа: «Паглядзіце на мяне – вось стэрэатыпна вы павіны здагадацца, хто я». Людзі гавораць: байкер, будаўнік, яшчэ нехта. А ён кажа: «Не, я святар з вясковай царквы». Калі б у мяне запыталіся, ці можа святар з-пад Вілейкі, у якога пяць дзяцей, быць наведвальнікам «Мовы Нанова», я б засумняваўся, бо яму яўна іншых справаў хапае. Але чалавек тут! Ці ты сустракаеш пластычнага хірурга і думаеш, што ён толькі людзям аперацыі робіць, а ён, аказваецца, можа шпарыць па-беларуску без праблем і ў вольны час агучвае закадравы тэкст для «Белсата». Нашыя людзі вельмі шыфруюцца, і пра такія рэчы складана даведацца.
Вусач
(Barbus Barbus)
Пра людзей на сцэне
– У любой справе заўсёды спачатку чалавек. Нельга прыдумаць тэму «Астраномія», а потым шукаць беларускамоўнага астранома. Трэба звярнуцца да Віктара Малышчыца і запытацца, ці можа ён праз пару тыдняў быць нашым госцем.
У нас была тэма «Будаўніцтва дарог». Я б ніколі не прыдумаў такую тэму. Тут падышоў наш слухач і кажа: «Я працаваў дарогабудаўніком і ведаю беларускамоўнага прафесара з БНТУ, які выкладае на спецыяльнасці “Дарогабудаўніцтва”, – давайце мы прыйдзем і раскажам пра тое, што ведаем».
«Вельмі важна зразумець, што мы не вылезлі з гнілой хаты з каўтуном у валасах, а развіваліся паралельна з усёй Еўропай»
Мы вядзем курсы ўдвух з Алесяй Літвіноўскай, і ў нас добры тандэм, як мы жартуем: адна – разумная, другі – вясёлы. Алеся адказвае за навуковую частку, дае на курсах граматыку – і людзі сядзяць як мышкі пад венікам. Атрымоўваюць раздатку, выконваюць практыкаванні. Сядзяць і рэальна пішуць гэтыя канчаткі і суфіксы! Для многіх гэта рэальна запаўненне прагалаў у школьнай і ўніверсітэцкай адукацыі. Я і сам вучуся з імі: шмат якія рэчы ведаю інтуітыўна, але не ведаю правілаў, бо скончыў журфак, а не філфак. Але нават я гэтыя правілы засвоіў за пяць год – як што пішацца, як канчаткі ставіць.
Авальная перламутраўка
(Unio Crassus)
«Калі я хаджу ў краму, то бяру тыя тавары, дзе ёсць хоць слова па-беларуску»
Пра самастойнасць і рэчы, што ідуць самапасам
– Пэўныя рэчы ідуць самапасам, бо на ўсё не разарвешся. Мы на сайце заклалі пэўныя кірункі, штосьці з гэтага функцыянуе добра, штосьці менш добра. Самыя папулярныя раздзелы тут два: «Бясплатныя заняткі» і «Медыятэка».
Сабраць медыятэку была прыватная ініцыятыва нашага слухача Максіма Умецкага. У інтэрнэце кіпа ўсяго беларускамоўнага гуляе, але гэта ўсё раскідана па нейкіх торэнтах, ютуб-каналах, па розных сайтах. А ёсць яшчэ і даінтэрнэтная пара – людзі аблічбоўваюць адтуль стужкі і сабе некуды выкідаюць. І Максім паставіў за мэту ўсё гэта сабраць разам. Зараз гэта самы поўны ў свеце збор медыя па-беларуску.
Самае важнае дасягненне, што Менск – гэта толькі адзін з 17 гарадоў, дзе ідуць курсы. У кожным з гэтых гарадоў ёсць людзі, якія ўзялі на сябе адказнасць за «Мову Нанова». Усё працуе на ўзаемадзеянні і ўзаемадапамозе: калі Алеся гэтую граматыку адзін раз пісала, навошта кожнаму пісаць яе зноў – бярыце Алесіны файлы і карыстайцеся. Калі нехта ўжо рыхтаваў слоўнік па тэме «Пчалярства», а ў вашым рэгіёне ёсць беларускамоўны пчаляр, дык бярыце гатовы слоўнік і запрашайце беларускамоўнага пчаляра.
Я вельмі рады, што адбываецца рух паміж гарадамі, дзе ідуць курсы. І курсы ў рэгіёнах ужо не залежаць ад курсаў у Менску – гэта самае важнае. Калі мы заўтра з Алесяй вырашым «пайсці на пенсію», то я ўпэўнены, што ў большасці гарадоў гэтыя курсы працягнуцца і без нас.
Дазоршчык-імператар
(Anax Imperator)
Пра экскурсіі
– Раней людзі падыходзілі і казалі: «Слухайце, ну я вось раз на тыдзень хаджу на курсы. А што далей?» Ім мала, няма з кім пагутарыць дома ці на працы, няма з кім занурыцца ў гэты матэрыял. І экскурсіі ў гэтым сэнсе – выйсце.
Мне падабаецца паказваць людзям іншую Беларусь. Нядаўна прыязджаў з Беластока ўнук Ларысы Геніюш Міхась – і мы з ім кожны дзень вандравалі. Пасля смерці бабулі ён бывае ў Беларусі нячаста, у яго засталіся досыць змрочныя ўражанні пра Беларусь 1980-х гадоў. А мне хацелася паказаць яму тую Беларусь, якую я люблю і па якой мне не сорамна вазіць ні беларуса, ні замежніка. І тое ж самае на экскурсіях: калі некаторыя людзі гавораць: «А мы ўжо бывалі ў Нясвіжы, навошта нам ехаць на гэтую экскурсію?» – я перакананы, што яны пабачаць той Нясвіж, у якім ніколі не былі.
Эльжбета Радзівіл – апошні чалавек, які жыў у Нясвіжскім замку. Мы падтрымліваем цёплыя стасункі з ёй адзінаццаць год – і на працягу гэтых адзінаццаці год яна пры кожнай сустрэчы распавядае нешта новае пра Нясвіж свайго дзяцінства. Для мяне сапраўдны Нясвіжскі замак не той, які ён цяпер, а той, якія паўстае з яе аповедаў. З яе ўспамінамі замак адразу перастае быць краязнаўчым музеем, чым ён з’яўляецца сёння. Там паказваюць манеткі і каменьчыкі, а павінны паказваць веліч самага магутнага роду Еўропы.
«Кажуць, што на вуліцах не чуваць беларускай мовы. А чаму я беларускую мову чую штодня? Бо звяртаюся да людзей па-беларуску»
Уявіце маштаб жыцця пані Эльжбеты: у канцы 1920-х яны з бабуляй часцяком ездзілі на каву да бабулінай сяброўкі – каралевы Італіі… Яе бацька сябраваў з прынцам Манака Луі II – яны пазнаёміліся ў Рыме ў палацы Радзівілаў. Яны тэлеграмамі гулялі ў шахматы – прыблізна два месяцы цягнулася кожная партыя. І яна памятае, у якім пакоі стаяла тая дошка, як бацька злаваўся, калі прайграваў. Для мяне гэта маштаб, які немагчыма асэнсаваць, гэта чалавек, які перажыў усё XX стагоддзе на сабе. І гэта лёс, пра які трэба расказваць.
Людзям трэба адчуць сябе часткай еўрапейскага і сусветнага кантэксту – часткай, якой мы былі заўсёды. Вельмі важна зразумець, што мы не вылезлі з гнілой хаты з каўтуном у валасах, а развіваліся паралельна з усёй Еўропай, часам нашмат апярэджваючы большасць краін.
Мы звязаныя з цэлай Еўропай больш, чым можам уявіць. Напрыклад, унучка князя Глеба Менскага, сына Усяслава Чарадзея, ажанілася з дацкім каралём Вальдамарам I Вялікім. Адзінаццаць яе нашчадкаў былі дацкімі каралямі. А яе дачка Інгеборга Дацкая была каралевай Францыі. Знітаванасць з сусветнай гісторыяй для мяне падскурна адчуваецца. Куды ні прыедзеш – нешта ёсць беларускае: у Рыме стаяць два палацы Радзівілаў, у Парыжы ёсць вуліца Радзівілаў, у Празе помнік Скарыну, у Варшаве чыгуначны вакзал назвалі імем Манюшкі...
Людзі пасля экскурсійнага дня звычайна вельмі стомленыя, але іх галава падымаецца вышэй. Яны пачынаюць адчуваюць гонар за сваю гісторыю і за сябе. Бо толькі ведаючы, адкуль ідзеш, можна адолець дарогу наперад.
Белавокая чэрнець
(Aythya Nyroca)
«Сустракаеш пластычнага хірурга і думаеш, што ён толькі людзям аперацыі робіць, а ён, аказваецца, можа шпарыць па-беларуску без праблем»
Пра паўсядзённасць
– Трэба ўлічваць, што я чалавек ангажаваны і вакол мяне ўсё беларускае. Таму я не магу глядзець на гэта звонку, як бы я ні намагаўся. Нашыя людзі – такія сабе партызаны па натуры. Напрыклад, кажуць, што на вуліцах не чуваць беларускай мовы. А чаму я беларускую мову чую штодня? Бо звяртаюся да людзей па-беларуску – і яны адказваюць мне па-беларуску.
Калі я хаджу ў краму, то бяру тыя тавары, дзе ёсць хоць слова па-беларуску. Зараз я магу ўвесь спіс пакупак выканаць не адыходзячы ад сваіх маральных прынцыпаў – па-беларуску. Я заходжу ў краму, а там каўбаса «Вялікакняская» – душа радуецца! Альбо сыр «Князь Альгерд» – класна ж! За апошнія гады на ўсіх катэгорыях тавараў з’явіліся беларускія надпісы. Мяне як спажыўца, ды і як вядоўцу «Мовы Нанова», гэта вельмі радуе.
Увогуле не трэба да людзей з шашкай на кані скакаць у справе беларускай мовы. Мне здаецца, што гэтая справа вымагае больш пазітыву, таму што ў нас многія злыя такія, агрэсіўныя. Любяць іншым памылкі ў каментах выпраўляць. Прымусіць людзей вярнуцца да беларускай мовы нельга, адзіны шлях – паказваць пазітыўны прыклад. І рабіць такія маленькія крокі з каўбасой і малаком.
Сваіх дзяцей я не вучу беларускай мове, а проста з імі размаўляю па-беларуску. Я ўпэўнены, што лепшага вывучэння за асабісты прыклад быць не можа, і таму мае дзеці могуць вольна і пра адзінаццатае стагоддзе распавесці. І малодшы ведае, што самы круты князь – гэта Слава Чарадзей, і ён хоча быць як Слава Чарадзей.
На курсы ж таксама людзі ў асноўнай масе прыходзяць не беларускамоўныя. Калі нашыя слухачы пісалі віншаванні да пяцігоддзя курсаў, то самае прыемнае было прачытаць, што людзі перайшлі на беларускую мову. Гэта было самае важнае, што мы маглі зрабіць для кожнага з іх.
Апроч гэтага ёсць і прамежкавая прыступка – гэта прыступка лаяльнасці да беларускай мовы. Я перакананы, што нашыя курсы павялічваюць крытычную масу лаяльна настроеных да беларушчыны людзей. Калі мы пачыналі, то наклады беларускіх кніжак не перавышалі 300 экзэмпляраў. Гэта катастрофа, гэта тупік. Я сам у той час перастаў хадзіць на беларускамоўныя вечарыны, бо ўсе адно аднаго ведаюць, новых людзей няма і гэты вечны плач – мова памірае, культура памірае, Беларусь памірае… А цяпер я прыходжу на беларускамоўныя канцэрты – і бачу поўныя залы, я бачу наклады Горвата, Марціновіча, Арлова. Гэта вынік павелічэння лаяльнасці да беларускай мовы, бо не ўсе іх чытачы гавораць па-беларуску, але з’явілася вялікая колькасць, гатовая чытаць. У нас на курсах ніхто не плача, што беларуская мова памірае. Ні вядоўцы, ні слухачы.
Вiзуал: animalbase.uni-goettingen.de, animalreader.ru