Настасся Янчэўская
Актывістка «Менскага роварнага таварыства» Настасся Янчэўская распавядае пра тое, чаму за роварным рухам – будучыня.
Чым займаюцца: Развіццём роварнага руху ў Менску і Беларусі па трох асноўных напрамках: развіццё інфраструктуры, роварнага руху як культурнай з’явы і роварнага турызму.
Дата заснавання: 2011 год.
Структура: Сяброўская арганізацыя, да якой могуць далучыцца ўсе ахвотныя. На пачатку 2015-га ў МРТ было 267 чалавек. Каардынацыйную дзейнасць таварыства вядуць самыя актыўныя ўдзельнікі, для гэтага на штогадовым агульным сходзе абіраецца праўленне, якое ажыццяўляе стратэгічнае кіраўніцтва, вызначае прыярытэты і напрамкі працы.
Факты: «Менскае роварнае таварыства» – першая і адзіная грамадская арганізацыя ў Менску, якая займаецца роварным рухам. Яе ўдзельнікі стварылі першую роварную кухню «Гараж 38», якая кожны год дапамагае больш чым дзвюм тысячам раварыстаў рамонтам і кансультацыяй па тэхнічных пытаннях. Сябры арганізацыі распрацавалі брэнд бясплатнага пракату велікаў #ibikeminsk, арганізавалі першы ў Менску роварны парад ды правялі конкурс «Деловой велосипед», каб папулярызаваць ровар для паездак на працу і вучобу.
З кім гутарым: Настасся Янчэўская, 25 гадоў. З адукацыі – дызайнер, цяпер працуе намеснікам дырэктара ў цэнтры ёгі. Далучылася да «Менскага Роварнага Таварыства» год таму.
Гісторыя Настассі
– Я з дзяцінства сябравала з роварам, але мама прышчапіла мне асаблівую любоў да крос-кантры – пра тое, што нашы паездкі ў лес па ягады можна назваць менавіта гэтым словам, я даведалася значна пазней. Дарэчы, гэтыя вар’яцкія шматгадзінныя рэйды па лясах, балотах і прасёлках, дзе дарогі не было нават у тэорыі, я пакуль так і не адважылася паўтарыць.
На другім курсе ўніверсітэта я падчас веласезону пазычыла ў прыяцеля ровар, гэта стала адпраўным пунктам для зрушэння ўсіх маіх інтарэсаў у бок актыўнага адпачынку.
«Мы як арганізацыя не ладзім “пакатушкі”, але ў нас усе роўна часта пытаюцца: “Як можна з вамі пракаціцца? Куды лепш з’ездзіць?”»
З удзельнікамі роварнага таварыства я пазнаёмілася праз Яўгена Харужага, старшыню арганізацыі. Узімку 2014-га мы былі з ім на семінары па ўрбаністыцы, і Яўген спытаў, ці не хачу я паўдзельнічаць у арганізацыі роварнага параду. Вядома ж, я хацела! І вось ужо год я ў «Менскім роварным таварыстве». За гэты час у нас атрымалася не толькі правесці роварны парад і стварыць сетку бясплатных пунктаў пракату Ibikeminsk, але і зрабіць вялікую колькасць нябачнай, але важнай работы па паляпшэнні інфраструктуры горада.
Хоць мы і прысвячаем роварнаму руху шмат часу, гэтага ўсё роўна не стае, бо ёсць неабходнасць зарабляць на жыццё. Мы з’яўляемся некамерцыйнай арганізацыяй, і ўвесь наш даход – сяброўскія ўзносы, якія складаюць адну базавую велічыню і ўносяцца раз на год. Для параўнання: у нашых суседзяў з Кіеўскай роварнай асацыяцыі ёсць фінансаванне, яны працуюць пастаянна і здолелі зрабіць вельмі шмат за апошнія тры гады.
Роварная інфраструктура
– Мы як арганізацыя не ладзім «пакатушкі», але ў нас усе роўна часта пытаюцца: «Як можна з вамі пракаціцца? Куды лепш з’ездзіць?» Мы займаемся больш сур’ёзнымі пытаннямі: ствараем умовы для таго, каб роварны рух развіваўся на пастаяннай аснове пры падтрымцы энтузіястаў і дзяржавы.
У 2014 годзе мы праводзілі воркшоп па гарадской інфраструктуры, дзе ўпершыню ўжывую сустрэліся прадстаўнікі гарадской улады, забудоўшчыкі, ДАІ і раварысты. Здаецца, усе знайшлі агульную мову і вырашылі супрацоўнічаць. Мы нават запрашалі эксперта па роварным руху з Польшчы, ён падкінуў нам мноства цікавых ідэй па інфраструктуры.
Сумесна з Цэнтрам экалагічных рашэнняў і пры падтрымцы кампаніі А100 мы прыдумалі конкурс «Деловой велосипед». Мы разам шукалі самую роварна-прыязную арганізацыю, а для гэтага вывучалі роварныя ўмовы ў нашых кафэ, рэстаранах, на працоўных месцах, школах, універсітэтах. Усяго ў гэтай кампаніі ўдзельнічала каля 200 арганізацый, і пасля яе заканчэння мы зразумелі адно: калі ва ўсім свеце лічыцца прэстыжным рабіць камфортныя ўмовы для сваіх работнікаў-раварыстаў, то ў нас ідуць на гэта як бы са спачування. У многіх буйных офісах не толькі няма роварных парковак, але яшчэ і забаронена праносіць ровары ў будынкі і пакідаць іх там. Менавіта таму каля офісных памяшканняў заўсёды вельмі шмат роварных крадзяжоў. Для таго, каб іх стала меней, мы сфармавалі адмысловыя інструкцыі па арганізацыі роварных месцаў.
З 2012 года МРТ удзельнічае ў адаптацыі тратуараў для роварнага руху. Нашы актывісты чэкаюць дарогі і падаюць гэтыя дадзеныя ў адпаведныя структуры. Мы супрацоўнічаем з Беларускай асацыяцыяй экспертаў і сюрвеераў на транспарце, якія і выконваюць замовы па паляпшэнні гарадской інфраструктуры.
Нашая мара – гэта не сотні кіламетраў дарожак, а роварны горад, у якім для жыхароў карыстацца роварам гэтак жа натуральна, як і грамадскім транспартам.
Роварны турызм
– Пакуль роварны турызм у нас выглядае так: людзі знайшлі новыя месцы, пакаталіся, выклалі трэкі, іншыя людзі паглядзелі на гэтыя рэпартажы і паехалі па тых жа маршрутах. Таксама ў нас ёсць выдатныя маршруты па Белавежскай пушчы, там добрыя дарогі і ўсё размаркіравана, – але больш нічога падобнага ў нас няма.
Таму мы стварылі «Валожынскія гасцінцы» – праект, на які было выдаткавана рэальна шмат сіл, але які ўжо даў добры плён. Гэта ініцыятыва некалькіх арганізацый, зацікаўленых у прыцягненні турыстаў у свой рэгіён. Дарога там праходзіць і па грунтоўцы, і па асфальце, а наша задача – скласці і размаркіраваць маршрут такім чынам, каб ён аб’ядноўваў усе сядзібы. Праца праводзілася валанцёрамі ў 2013 і 2014 гадах, і ў выніку з’явіўся трэк на 146 кіламетраў.Таксама мы пастараліся стварыць камфортныя месцы стаянкі і зручныя месцы для начовак.
Яшчэ ёсць такая цікавая рэч, як EuroVelo. Еўрапейская федэрацыя раварыстаў распрацавала сетку маршрутаў па ўсёй Еўропе, і Беларусь была ўключана ў маршрут Галуэй – Масква, які цяпер рэалізаваны на ўсім еўрапейскім участку да Беларусі. У чым яго круцізна? Ён задзейнічае рэгіёны, прыцягвае да нас турыстаў і стварае прывабны вобраз Беларусі не толькі для замежнікаў, але і для нас саміх. МРТ стала куратарам гэтага маршрута. Мы распрацуем стандарты маркіроўкі і пастараемся ўнесці іх у афіцыйныя дарожныя знакі. Але павінна быць так, каб за імі сачылі не валанцёры, час ад часу праязджаючы міма, а прадстаўнікі мясцовых уладаў.
Роварная культура
– Асноўная наша ідэя ў тым, што ровар – гэта не рэч для пакатушак, не элемент стылю, а транспарт, сродак перасоўвання. Не трэба ніякіх спецыяльных навыкаў, каб ім карыстацца. Мы хочам, каб для кожнага чалавека ў Менску ровар быў транспартным сродкам.
Адна з нашых ініцыятыў – гэта распрацоўка брэнда #ibikeminsk. Самым вядомым падобным брэндам з'яўляецца I Love NY, на стварэнне якога былі выдаткаваныя мільёны долараў. А мы, як заўсёды, хацелі зрабіць нешта такое ж эфектнае, але за 20 баксаў. Вядома, ibike не наша прыдумка. Існуюць #ibikeamsterdam, #ibikecopenhagen, #ibikenewyork і г.д. Мы падумалі, што было б выдатна, калі б і ў нас быў брэнд, які б аб’ядноўваў усё роварныя ініцыятывы.
«Мы хочам, каб для кожнага чалавека ў Менску ровар быў транспартным сродкам»
Фота by Таня Капітонава
Пакуль няма ніводнага каментара