ISIC па-беларуску: што такое праект Unicard?

  • 05.06.2018
  • Аўтар: Krab
  • 7009

Unicard – спецыяльная картка для беларускіх студэнтаў, якую сваімі сіламі распрацоўваюць неабыякавыя актывісты Ілля Сіліцкі, Даніла Лаўрэцкі і Алана Марыям. Сутнасць у тым, што картка будзе даваць шмат прывілеяў: зніжкі ў розных установах, крамах і транспарце, і пры гэтым яна адначасова будзе з’яўляецца студэнцкім білетам. Таксама грошы з яе продажу пойдуць на фінансаванне незалежных студэнцкіх арганізацый, праектаў і ініцыятыў. Пакуль картка знаходзіцца ў праектным стане, мы пагутарылі са студэнтамі пра тое, навошта яна патрэбна ў Беларусі і як на гэта рэагуе дзяржава.

 

Чым займаюцца: робяць незалежную зніжкавую картку для студэнтаў Unicard

Дата заснавання: жнівень 2017

Структура: 2 стваральнікі + 14 валанцёраў

 

З кім гутарым:

 

Ілля Сіліцкі, 21 год

Студэнт, сузаснавальнік праекта UNI

Даніла Лаўрэцкі, 20 год

Студэнт, сузаснавальнік праекта UNI

Алана Марыям, 21 год

Студэнтка, валанцёрка праекта UNI

 

 

Гісторыя Іллі

– Я заўсёды спрабаваў актыўнічаць: і ў школе, і ва ўніверсітэце, але не знаходзіў кампаніі, з якой бы мне было камфортна паўнавартасна гэтым заняцца. Калі я яшчэ вучыўся на другім курсе нашага БНТУ, у БДУ праходзіла студэнцкая акцыя «Студэнты супраць» – гэта акцыя супраць платных пераздач. Якраз пасля гэтага там набіралі актывістаў, і я вырашыў: «Паспрабую тут». Прыйшоў на сустрэчу, якая была прысвечана набору новых людзей для адраджэння «Задзіночання беларускіх студэнтаў», і загарэўся гэтай ідэяй.

Тады я пачаў займацца ўжо непасрэдна студэнцкім актывізмам і вельмі хутка зразумеў, што мне не падабаецца вучыцца ў маім універсітэце. Зразумеў, што не хачу сканчваць ВНУ тут, бо гэта амаль нічога мне не дасць, а мая спецыяльнасць бесперспектыўная. Забраў дакументы, год рыхтаваўся да паступлення за мяжу, у 2017-м паступіў і вось ужо амаль цэлы год навучаюся ў Літве.

 

 

Гісторыя Данілы

– Я, таксама як і Ілля, трапіў у рух у снежні 2015-га. Мяне тады дужа ўзрушыла тэма з платнымі пераздачамі і праблема, вырашаная цалкам па-чыноўніцку: ігнараваннем 3000 подпісаў і абвінавачваннем студэнтаў. А стударганізацыі замест дыялогу толькі падтаквалі дзяржаве. Таму я таксама стаў хадзіць на сустрэчы, зацікавіўся актывізмам і зразумеў, што ў жыцці пэўныя сацыяльныя групы павінны лабіраваць свае інтарэсы. Так як я цяпер у сацыяльнай групе студэнтаў, то і захацеў лабіраваць яе інтарэсы. Застаўся ў «ЗБС», стаў чальцом рады.

Тады ж прыйшло разуменне таго, што праблемы можна вырашаць па-рознаму. Можна выходзіць на вуліцы, а можна ствараць нешта самім. Выходзіць пакуль ранавата: у беларускіх рэаліях станоўчых вопытаў амаль не было. Адпаведна, застаецца працаваць самім

 

 

Гісторыя Аланы

– Я навучаюся ў медыцынскім універсітэце на 4-м курсе, і мяне заўсёды абуралі перыядычныя праблемы з дэканатам: прыходзіш вырашаць іх – сутыкаешся з непаразуменнем і адмовай, цябе дасылаюць да рэктара, праз якога вырашыць амаль нічога немагчыма. З-за гэтага не атрымлівалася праводзіць ніякіх мерапрыемстваў ва ўніверсітэце.

У пэўны момант я пабачыла рэкламу «Акадэміі студэнцкага лідарства» ад «Задзіночання беларускіх студэнтаў» і вырашыла: «Яшчэ 2 гадзіны да лекцый, чаму б не схадзіць?» Там я пазнаёмілася з большасцю актывістаў, што адраджалі арганізацыю. Мне спадабалася яе дзейнасць, я вырашыла ўварвацца ў рух і якраз на мінулае 25 сакавіка патрапіла ў «ЗБС».

Там я сустрэлася з хлопцам Ванем, які таксама ў камандзе Unicard. Ён мне расказаў пра гэтую ініцыятыву і пра тое, чым рабяты займаюцца. Мяне гэта дужа зацікавіла, я напісала Даніле, што хачу далучыцца да каманды, і вось цяпер мы разам працуем.

 

 

Як, чаму і для чаго прыдуманы UNI
 

Ілля: У Еўропе ёсць студэнцкая зніжкавая картка ISIC, якая дае студэнтам(-кам) зніжкі ў розных установах, крамах і нават у транспарце, а таксама адначасова з’яўляецца студэнцкім білетам. Картка платная і дзейнічае год. Мы падумалі, што было б класна, калі б у нас таксама была такая зніжкавая картка, грошы з продажу якой ішлі б на фінансаванне незалежных студэнцкіх арганізацый, праектаў і ініцыятыў. Мы, уласна, абапіраліся на вопыт ISIC, прыдумалі нешта сваё, адаптавалі і такім чынам утварылі UNI.

«Назва UNI адначасова з’яўляецца скарачэннем ад University і United»

Даніла: Мы хочам па прыкладзе заходніх краін стварыць такую сістэму, якая дазволіць арганізацыі самафінансавацца і адначасова ствараць выгады для студэнтаў. Дасць магчымасць лабіраваць цікавасці без канфлікту з дзяржавай. У гэтым плане мы накіраваны таксама і на ўзаемадзеянне з іншымі арганізацыямі, каб фінансаваць і развіваць не толькі «ЗБС», але і ўсю студэнцкую супольнасць. Мы падкрэсліваем гэтую ідэю і ў нашай назве UNI, якая адначасова з’яўляецца скарачэннем ад University і United. Ужо прапаноўвалі супрацоўнічаць арганізацыі «БОСС», Студасамблеі БДУ. Ім гэта цікава, а з прафкамам Універсітэта культуры ўжо ёсць дамоўленасць.
 
 

 

Праз што прайшлі і што ў планах
 

Ілля: У жніўні мінулага года мы пачалі тэхнічную падрыхтоўку праекта. Знайшлі дызайнерку, якая аформіла нам увесь візуал: лога, шрыфты, дызайн карткі. Таксама пачалі распрацоўваць сваю ўласную сістэму для ўліку картак, каб яна была толькі наша і мы нікому за яе дадаткова не плацілі.

Даніла: Верагодна, нават можам даваць яе арганізацыям у арэнду, бо, па сутнасці, гэта ўніверсальная сістэма ўліку кліенцкай базы.

Ілля: А пасля пачалася вучоба. Я на той момант толькі пераехаў у Літву, і ў мяне быў адаптацыйны перыяд, таму праект крыху прыпыніўся.

Даніла: У гэты час я прапрацоўваў тут юрыдычныя пытанні і зарэгістраваў ІП. Але актыўныя дзеянні мы пачалі пазней.

«Гранты – гэта залежнасць, і арганізацыі на грантах вельмі лёгка прыходзяць у заняпад. Таму мы абралі самафінансаванне»

Ілля: Так, пасля першага семестра я зразумеў, што вучоба там не настолькі загружае, як тут, і ў цябе застаецца шмат вольнага часу на ўласныя справы. Зразумеў, што я магу займацца імі. Таму пасля зімовых вакацый мы актыўна ўзяліся за праект: пачалі дамаўляцца з партнёрамі, дапрацоўваць сістэму, рабіць сайт, шукаць каманду. Таксама ў гэты час мы даведаліся пра хакатон ад Social Weekend (беларускі конкурс сацыяльных праектаў. – 34mag), і за тры дні да яго хутка зарэгістраваліся, бо якраз хацелі ўдасканаліць усе тэхнічныя пытанні. Але па выніках гэтага хакатону мы прайшлі адразу ў чвэрцьфінал. Паралельна з конкурсам дапрацоўвалі праект, выпусцілі карткі і дайшлі да фіналу, але там нічога не выйгралі, хоць і ўсе, каго мы сустракалі, казалі, што праект у нас класны. Верагодна, гэта звязана з тым, што ў нас усё ж шмат камерцыі, а конкурс сацыяльны.

Алана: Але падчас удзелу ў конкурсе мы завязалі шмат добрых знаёмстваў для працы. У тым ліку з піяршчыкамі і Беларусбанкам. Гэта, безумоўна, плюс. Таксама калі мы толькі выходзілі на рынак, то прыдумалі акцыю з паветранымі шарыкамі. Развесілі іх каля ўніверсітэтаў і ў студэнцкім гарадку на Пятроўшчыне з нашым лога і нататкай пра тое, што такое UNI. Усе, хто прыносіў гэты шарык у нашу сядзібу, атрымоўвалі картку бясплатна. Акрамя таго, шарык павінен быў быць надзьмутым, каб чалавек ішоў па горадзе і такім чынам рэкламаваў нашу кампанію. Па сутнасці, так пра нас упершыню студэнты і даведаліся. Памятаю, тады ва ўніверсітэцкіх пабліках шмат людзей зацікавілася і пытала, што гэта такое. Таксама пра нас напісалі на інтэрнэт-партале БДЭУ з-за вялікай колькасці пытанняў ад людзей.

 

«Даніла нават PlayStation 4 прадаў, каб укласціся ў праект»


 Ілля: Планы ў нас грандыёзныя. Так як зараз сканчваецца вучоба, лета мы выкарыстаем для падрыхтоўкі маштабнай кампаніі і з восені пачнем выходзіць на сур’ёзны ўзровень распаўсюду нашых картак. Будзем ладзіць акцыі і іншыя цікавосткі для студэнтаў. У плане камунікацыі асноўную стаўку робім, канешне ж, на інтэрнэт, бо ўжо заўважылі, што дзейнасць у сацсетках вельмі добра пашырае нашу вядомасць і дае прырост удзельнікаў. Самай маштабнай мэтай для нас з’яўляецца злучэнне карткі UNI са студэнцкім білетам. Гэта, па сутнасці, таксама распаўсюджаная практыка на Захадзе. Толькі ў нашых умовах гэта можа адбыцца не вельмі хутка.

Алана: Акрамя таго, мы думалі пра аб’яднанне з ISIC, бо многія чальцы «Задзіночання» яшчэ і з’яўляюцца прадстаўнікамі Еўрапейскага студэнцкага саюзу. Вось Ілля, напрыклад, ездзіў на іх паседжанні і размаўляў непасрэдна са стваральнікамі ISIC. Але пакуль гэта не самыя бліжэйшыя нашы планы.
 

 

 

Фінансы і продаж
 

Даніла: Для таго каб арганізацыя існавала, патрэбны або гранты, або фінансаванне дзяржавы, або самафінансаванне. На дзяржаўную падтрымку ў нас шанцаў, відавочна, няма. Гранты – гэта залежнасць, і арганізацыі на грантах вельмі лёгка прыходзяць у заняпад. Таму мы абралі самафінансаванне.

Ілля: Праект цяпер, па сутнасці, існуе на нашы грошы, але, вядома, карткі павінны прынесці акупнасць. Даніла вунь нават чацвёртую піху (PlayStation 4. – 34mag) прадаў, каб укласціся.

«Кампаніям гэта цікава ў першую чаргу тым, што пэўная частка нашага бюджэту ідзе на іх рэкламу, а ў другую – што такім чынам яны ўздымаюць свой сацыяльнаадказны статус»

Даніла: Так, гуляць цяпер няма на чым. Што да продажу, то мы ўжо запусціліся, проста пакуль распаўсюджвальнікамі з’яўляюцца ў асноўным нашы студэнты-валанцёры. Яны ў пэўным месцы свайго ўніверсітэта ва абумоўленыя дні знаходзяцца на працягу пэўнага часу, і ў іх можна набыць карткі. Праз прафкамы ж усё яшчэ прасцей. Мы проста дамовіліся з імі, што яны рэалізуюць карткі ў сябе на месцах, перадаючы потым грошы нам. Таксама яны дапамагаюць нам з рэкламай і развешваннем плакатаў у сваіх установах.

Ілля: Яшчэ ў нас ёсць ідэя распаўсюджваць карткі ўнутры груп праз стараст, каб яны расказвалі студэнтам пра UNI і непасрэдна вялі рэалізацыю. Часткова падобным чынам гэта робіцца ў мяне ва ўніверсітэце.

 

 

Хто дае зніжкі і як на іх дамовіцца
 

Даніла: Цяпер у нас ёсць больш за 30 арганізацый (поўны спіс на сайце. – 34mag), якія ўдзельнічаюць у праграме. Мы абіралі іх у асноўным па крытэрыі блізкасці да ўніверсітэтаў. Гэта кавярні, шаўрмічныя і розныя іншыя крамы. Таксама дамовіліся са сваімі знаёмымі з symbal.by.

Рассылкі і «халодныя званкі» ў нашым выпадку не працуюць. Ты проста ідзеш і дамаўляешся на месцы, расказваеш, хто ты і што прапаноўваеш. Некаторыя згаджаюцца, а потым пачынаюць ігнорыць – і тады невядома, ці будзе якое развіццё з гэтай кампаніяй. Тых, хто адмаўляецца адразу, вельмі мала. У асноўным з усімі кампаніямі, з якімі мы хацелі працаваць, мы дамовіліся. Згаджаецца тут прыкладна кожны трэці. Кампаніям гэта цікава ў першую чаргу тым, што пэўная частка нашага бюджэту ідзе на іх рэкламу, а ў другую – што такім чынам яны ўздымаюць свой сацыяльнаадказны статус.
 

 

 

Пра беларускія сацыяльныя ініцыятывы і канкурэнцыю
 

Даніла: Мне здаецца, у нас хапае ініцыятыў, але большасць з іх занадта лакальныя. Уcе праекты на Social Weekend вырашаюць праблемы, якія дзяржава павінна вырашыць пстрычкай пальцаў.

Ілля: Атрымліваецца такая сублімацыя, калі людзі самі пачынаюць замяшчаць функцыі дзяржавы. Мы таксама так робім, бо калі супастаўляць з Літвой, то там гэта на дзяржаўным узроўні. Мы ж, наадварот, спрабуем усё гэта знізу падняць. Зверху нам ніхто не дапамагае, але і не перашкаджае – і тое добра.

Што яшчэ важна дадаць пра сацыяльныя праекты, дык гэта тое, што іх, звязаных са студэнцтвам, амаль няма. Ёсць шмат праектаў, звязаных з іншымі сацыяльнымі групамі, ёсць праекты, што развіваюць інклюзіўную і нестандартную адукацыю, але канкрэтна для студэнцтва занадта мала.

«Калі мы з’явіліся, сталі актыўнічаць і расказваць усім пра UNI, удзельнічаць у Social Weekend, нечакана аднекуль стала выплываць інфармацыя і пра картку БРСМ»

Даніла: Калі казаць пра канкурэнцыю, то ў БРСМ ёсць падобная картка, але там мізэрныя зніжкі, і, акрамя таго, амаль усе яны – у дзяржаўных крамах накшталт ГУМу і ЦУМу.

Ілля: Але ў нас ёсць ідэі, каб канкураваць з імі было вельмі весела. Будзе крута, калі ў нас атрымаецца.
 
Даніла: Канкурэнцыя нараджае рост якасці. Толькі вось цікава, што звычайна дзяржаўныя структуры канкурэнцыю не вытрымліваюць. Ну, гэта маё ўласнае меркаванне, канешне. Таму паглядзім.

Ілля: Мы ўвогуле пра картку БРСМ узгадалі, бо быў адзін цікавы выпадак. Калі мы з’явіліся, сталі актыўнічаць і расказваць усім пра UNI, удзельнічаць у Social Weekend, нечакана аднекуль стала выплываць інфармацыя і пра картку БРСМ. У той жа час адзін з нашых валанцёраў у БДЭУ пайшоў у прафкам прапаноўваць ідэю UNI, а на наступны дзень у пабліку БРСМ БДЭУ з’явіўся пост пра іх картку. Нам жа прафкам у публікацыі адмовіў і сказаў, што, калі мы хочам, каб нас запосцілі, патрэбна 200$. Ну, вядома, у гэтым не было сэнсу ніякага.


Фота – Даша Лабанава