На наступным тыдні з 6 па 11 лютага пройдзе першы беларускі фестываль экакіно «Планетарый». Тры поўнаметражныя кінастужкі, лекцыя, дыскусія і процьма тэматычных кароткаметражак – не абавязкова быць эколагам, каб крыху натхніцца прыгажосцю планеты і падумаць пра важнае.
Фэст экалагічных фільмаў праходзіць у Менску ўпершыню, але арганізатары ўжо маюць пэўны досвед у кінафестывальнай тэме: частка з іх маюць дачыненне да фэсту кароткаметражак Cinema Perpetuum Mobile. Чувакі руйнуюць стэрэатыпы пра тое, што «зялёнае» кіно – гэта нудна. Праз відовішчную карцінку яны прасоўваюць важныя тэмы, звязаныя з аховай навакольнага свету, і пры гэтым не толькі адлюстроўваюць праблемы, але і даюць чароўны пендзель для далейшых дзеянняў.
«Мы падбіралі фільмы з асаблівай дбайнасцю: класнае ігравое кіно, анімацыйнае, кароткаметражнае, – кажа стваральніца кінафестывалю Анора Лангар. – Напрыклад, фільм “Чалавек”Арцюса-Бертрана не закранае тэму экалогіі непасрэдным чынам, а ўздымае праблему міграцыі. Але ж экалогія – гэта не толькі пра батарэйкі і вожыкаў, праўда?»
Фільмы пакажуць на мове арыгіналу з рускімі субцітрамі. Фестываль бясплатны. Узяць квіткі можна ў фае кінатэатра «Піянер» з 12:00 у дзень паказу.
«Поры года»
(Францыя)
Рэжысёр: Жак Перэн, Жак Клюзо
Дзе і калі: 6 лютага, 19:00, к/т «Піянер»
Мастэрпіс ад аўтараў дакументалак «Птушкі» і «Акіяны» Жака Перэна і Жака Клюзо. У фокусе – хараство еўрапейскіх лясоў, у тым ліку старадаўні лясны масіў Белавежскай пушчы. У галоўных ролях – зубр, алень, мядзведзь, воўк, сава, дзік і іншыя. Калі ты захапляешся ўнікальнай дзікай прыродай і жывёламі ў іх натуральным асяроддзі, вэлкам на «Поры года»!
«Анёл Азуль»
(ЗША)
Рэжысёр: Марсі Крават
Дзе і калі: 7 лютага, 19:00, к/т «Піянер»
Кіно для тых, хто сумуе па моры. Калі хочаш даведацца, што адбываецца на марскім дне, чаму каралы знікаюць і як падводны парк скульптур можа дапамагчы вырашыць гэтую праблему, прыходзь на стужку «Анёл Азуль».
«Чалавек»
(Францыя)
Рэжысёр: Ян Арцюс-Бертран
Дзе і калі: 8 лютага, 18:00, к/т «Піянер»
Ад стваральніка экалагічных эпапей «Дом» і «Планета-акіян». Наступнае кінапалатно «Чалавек» сатканае з асабістых гісторый дзвюх тысяч людзей з шасцідзесяці краін свету. Гэта тры гадзіны рэфлексіі на тэму «што робіць нас людзьмі». Калі глядзіш на вялікім экране, адчуваеш дух карціны на поўную моц!
Публічная лекцыя «Як правесці экапрыязнае мерапрыемства»
Дзе і калі: 9 лютага, 19:00, прастора .PUNKT
З тымі, хто ладзіць івэнты, але запарваецца пра экалагічнасць сваіх мерапрыемстваў, Цэнтр экалагічных рашэнняў падзеліцца лайфхакамі на тэму «як паменшыць экаслед ад івэнту». Ты даведаешся пра тое, якія тавары лепш абіраць, калі арганізуеш кава-паўзу, і як мінімізаваць аб’ём смецця пасле падзеі. Будзе карысна ўсім!
«Экалагічнае кіно ў беларускім клімаце». Паказ кароткаметражных фільмаў ад беларускіх аўтараў і дыскусія
Дзе і калі: 10 лютага, 19:00, прастора .PUNKT
Калі табе цікава, чым жывуць маладыя беларускія рэжысёры, прыходзь глядзець працы пераможцаў праекту «Kinosprint». У праграме: трагікамічнае роўд-муві пра тыповых беларусаў, прыпавесць у постапакаліптычным стылі, фільм-напамін пра трагедыю ў савецкім мінулым і кароткаметражка пра браканьерства. Пасля прагляду будуць гаварыць пра экалагічнае кіно наогул: як яго глядзець, на якія тэмы лепш здымаць і што самі рэжысёры думаюць пра гэта.
Праграма кароткаметражных фільмаў
Дзе і калі: 11 лютага, 19:00, прастора .PUNKT
Цябе чакае падборка сакавітых кароткаметражак на тэму аховы навакольнага асяроддзя з усяго зямнога шара. За адзін вечар пакажуць кіно з Іспаніі, Італіі, Германіі, Нарвегіі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Канады ды ЗША.
Як пабудаваць не проста бар, але тусоўку на раёне.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.