Make Design Out

 

Факусуемся на дызайне праз прызму актывізму. Дызайнер MAKEOUT Нік Анціпаў – пра тое, як адправіць сваё ментальнае дзіцятка ў дарослае жыццё, надаць пыльнай прасторы процьму святла і стварыць космас фестывалю.

 

 

 

Пра Ніка Анціпава

Актывіст і дызайнер. Працуе ў MAKEOUT і Беларускім ПЭН-цэнтры. Разам з Вікай Біран і Настай Манцэвіч у 2014 годзе запусцілі праект MAKEOUT пра гендар і сэксуальнасць. Чалавек, для якога прастора – ключавое слова. У ідэале – прастора для ўсіх, без выключэнняў. Адказваў за космас квір-фестывалю meta-.

 

 

 

 

 

Пра бэкграўнд

Дызайн у маім жыцці – гэта я сам, таму што для мяне дызайн – пра матэрыялізацыю, трансфармацыю ментальнага ў матэрыяльнае. Я не атрымліваў спецыяльную адукацыю і не заканчваў дызайнерскія курсы. У мяне ёсць корачка слесара па рамонце аўтамабіляў ПТВ № 148 г. Менска. Але пачуццё густу і стылю развівалася ў сям’і яшчэ з дзяцінства.

Мая мама карміла траіх дзяцей, а бацька быў мастаком з алкагольнай залежнасцю. У апошнія гады яго жыцця я вырашыў паказаць яму свае працы. Праўда, ён каментаваў толькі тэхнічныя моманты, пра якія кажуць у Акадэміі мастацтваў. Насамрэч шмат чаго я раблю інтуітыўна. Таму дызайн для мяне – гэта гісторыя пра натхненне.

 

 

 

 

 

 

 

Пра ўсвядомленасць

Вельмі важна кантэксту надаваць форму. Важная не толькі сама ідэя і сутнасць праекта, але і як гэты праект счытваецца звонку з візуальнага пункту гледжання.

У маёй галаве ёсць малюнак-рэакцыя на любыя падзеі. Некаторыя выдаюць адразу тэкст, але ў мяне ёсць складанасці з вербалізацыяй. Куды прасцей адкрыць фоташоп, выкарыстаць фатаграфію, малюнкі, кампаноўку, каб перадаць свае пачуцці і стан.

 

 

 

 

 

Пра сімбіёз

Цяпер я хутчэй візуальны рэдактар і імплементатар. Многія рэчы я не магу стварыць, але магу натхняцца працамі іншых людзей. Часам я вырываю з кантэксту чыесьці класныя працы і спрабую аб’яднаць іх з актывісцкімі ідэямі, дадаю ім кантэкст. І сімбіёз крутых тэкстаў і афігіцельнага дызайну нараджае вельмі моцны пасыл.

 

 

 

 

 

Пра пачатак шляху

Я пачаў ствараць сайты. І ў 2007 годзе мой сябар Франак Вячорка прапанаваў мне зрабіць сайт партыі БНФ. Гэта быў мой першы буйны праект, звязаны з калабарацыяй дызайну і актывізму. Потым быў сайт «Моладзі БНФ». Я не падзяляў каштоўнасці партыі, але для мяне была важная прафесійная рэалізацыя.

Калі я распрацоўваў дызайн для БНФ, то абапіраўся на стыль Дэмакратычнай партыі ЗША і кампаніі Барака Абамы. Тады я наогул не разбіраўся ў палітыцы, проста ведаў, што мы змагаемся за свабоду.

 

 

 

 

 

Пра барацьбу

Пасля працы з БНФ мой шлях у актывізм працягваўся. Ува мне было жаданне змагацца з несправядлівасцю, асабліва неўсвядомленай, накіраванай супраць іншых людзей. Здавалася, што я хачу выратоўваць іншых людзей, – насамрэч я хацеў ратаваць самога сябе. Я зрабіў камін-аўт у сям’і.

Барацьбу з несправядлівасцю я хацеў рэалізаваць у актывізме, таму прыйшоў у арганізацыю «ГейБеларусь». Яны займаліся праваабарончай дзейнасцю, правядзеннем адукацыйных івэнтаў, канферэнцый, але галоўнай іх актыўнасцю быў штогадовы прайд.

 

 

 

 

 

Пра лакалізацыю

Першы дызайн лагатыпа «ГейБеларусь» – паднятая рука. Узнікала асацыяцыя з пратэстным, злым, радыкальным рухам, падобным на анархастыль. Было відаць запазычанне, нічога беларускага я ў ім не ўбачыў. І ўжо ў 2012 годзе яшчэ да буму вышыванак я вырашыў стварыць для іх іншы фірмовы стыль. За аснову мы ўзялі беларускі арнамент і вясёлкавую сімволіку. Атрымалася лакалізаваць вобраз, надаць яму форму і простасць.

У гэтыя гады я зразумеў, што ў ЛГБТ+-кам’юніці Беларусі шмат іерархічнага. Людзі ў ім не толькі падвяргаюцца дыскрымінацыі, але і самі лёгка дыскрымінуюць іншых. Я не ўпісваўся ў яго і перастаў працаваць з гэтай арганізацыяй. Пасля гэтага адбыўся MAKEOUT.

 

 

 

 

 

Пра супрацоўніцтва

Трэба было распрацаваць лагатып для MAKEOUT. Я пазнаёміўся з дызайнерам Ігарам Юхневічам. Ён пачаў працу не з тэхнічных пытанняў, напрыклад пра колер. Ігар адразу спытаў, якія пачуцці выклікае ў мяне гэты праект. Тады, тры гады таму, для мяне гэта было пра пратэст, злосць і сілу. Ігар даслаў мне лагатып – і гэта было тое, што трэба, баста! Ён адчуў тое, што я даўно хацеў візуалізаваць. Гэта задало вектар усяму стылю і афармленню. Тады я зразумеў, што калабарацыя – гэта вельмі крута, што я не ўсемагутны, і пачаў давяраць. Так, дзякуючы Ігару Юхневічу, у нас атрымаўся моцны лагатып, і я пачаў ствараць сайт MAKEOUT.

 

 

 

 

 

Пра ідэнтычнасць

Цяперашні дызайн – гэта тое, як людзі сябе ідэнтыфікуюць. Калі я распрацоўваў дызайн MAKEOUT, то не хацеў выкарыстоўваць маркеры і штампы пра ЛГБТ+-супольнасць, навязаныя соцыумам. Хацелася стварыць новую ідэнтычнасць у лакальным, беларускім кантэксце.

MAKEOUT і стаў новай ідэнтычнасцю, якая дазваляе ўпісваць у сябе шмат іншых розных ідэнтычнасцяў. Важна, каб дызайн мог уключаць у сябе розныя дыскрымінаваныя групы і звязвацца са светам.

У лагатыпе няма кодаў і маркераў, якія паказвалі б, што гэта не пра цябе, што гэта не можа быць пра цябе. Таму што рана ці позна (у 20, 30, 40 гадоў) гэта будзе пра цябе. Хай не цяпер, але калісьці ты ўсё-такі зразумееш, што антыдыскрымінацыйныя каштоўнасці – гэта тое, што тычыцца і цябе.

 

 

 

 

 

 

 

Пра бачнасць

Адна з прычын бачнасці MAKEOUT – візуал. Бо ў першую чаргу гэта праект пра стварэнне бяспечнай прасторы для ЛГБТ+-кам’юніці і пра тваю бачнасць. Лагатып і фірмовы стыль – кіты, на якіх трымаецца камунікацыя праекта.

 

 

 

 

 

Пра рэдызайн лога

Стары лагатып быў вельмі моцным, як штамп або кропка. MAKEOUT – і нічога далей. Гэта быў больш часопісны лагатып. Але MAKEOUT стаў не проста часопісам: мы выйшлі ў афлайн-прастору, у горад.

Ігар Юхневіч сачыў за развіццём праекта і праз паўтара года даслаў мадыфікацыю літары «А», каб дадаць больш дынамікі. Ранейшы лагатып здаваўся мне ідэальным, і спачатку я не хацеў яго мяняць. Ставіўся да яго, як да ментальнага дзіцяці. Потым зразумеў: як і ўсе дзеці, ён павінен расці і развівацца.І лагатып памяняўся. Да гэтага літара «А» была трохутнікамі, але з’явіўся працяг. Цяпер MAKEOUT – пра рух, а не пра завершаны этап. Лагатып задаў тон усяму дызайну і пасланню, якое мы нясём.

 

 

 

 

 

Пра meta-

Квір-фестываль meta- у 2015-м стаў неверагоднай падзеяй у маім жыцці і ў жыцці MAKEOUT. Мы патрацілі столькі сіл і энергіі, каб бетонная, пыльная і брудная прастора пачала дыхаць і свяціцца знутры. У meta- было некалькі рабочых груп. Адна – збірала фільмы, праглядала і адбірала іх. Другая – займалася дызайнам і візуалам. Яе я і фасілітаваў.

 

 

 

 

 

Пра космас фестывалю

Я пачаў распрацоўваць лагатып фестывалю. У яго рэалізацыі дапамагала Света Гатальская. Адзіная літара, якая не ўпісвалася ў стройны шэраг, – эпсілан. Эпсілан азначала «звонку».

Тады была актуальная тэма пазаземнага. І я выкарыстаў ілюстрацыю космасу для сайта. Па ўсім сайце размешчаныя інтэрактыўныя кропкі, як сузор’і, якія пераклікаюцца, адначасова цягнуцца, але не могуць адзін ад аднаго адарвацца. Як у «Зорных войнах», калі рухаешся з хуткасцю святла, кропкі ператвараюцца ў промні.

 

 

 

 

 

Пра дызайн прасторы

Мы ведалі, што прастора будзе вялізная. Ёй аказаўся «ЦЭХ» – адзіная закрытая прастора ў Менску, дзе можа сабрацца больш за пяцьсот чалавек і адчуваць сябе камфортна. На мантаж у нас было ўсяго тры дні. Задача па занаванні стаяла каласальная. Прастора ўжо выкарыстоўвалася для рэйваў, а нам трэба было стварыць свой кінатэатр – сцерці ўсё і надаць гэтай прасторы новую энергію.

Першым этапам было стварэнне эфекту чорнага пакоя на велізарнай пляцоўцы, каб святло не пранікала і гледачы маглі выразна бачыць карцінку.

Другі этап – забяспечыць прастору гукам, які мог бы пагружаць, а не проста даваць тэхнічную інфармацыю. Гук павінен быў трохі ціснуць, каб кожны змог максімальна гэта адчуць.

Трэці – праца са святлом і інсталяцыяй. Мне прыйшла ў галаву ідэя, што нам патрэбны гіганцкі аб’ект у цэнтры, які зрушыць на сябе ўвагу. Ім стаў дыск. Гэтая штучная крыніца энергіі асвятліла ўсю прастору, а падчас вялікіх мерапрыемстваў ён свяціўся яшчэ ярчэй. Гэтае рашэнне ўдалося рэалізаваць дзякуючы людзям, якія працавалі з дэкарацыямі для Вялікага тэатра.

Чацвёрты этап – дэканструкцыя. Калі сайт і лога – гэта штосьці пастаяннае, то выстава і фестываль руйнуюцца пасля заканчэння. Была процьма прапаноў пакінуць дыск. Яго хацелі выкарыстаць для інсталяцый і канцэртаў. Можна правесці аналогію з Эйфелевай вежай, якую пабудавалі да выставы і планавалі дэмантаваць праз дваццаць гадоў пасля пабудовы. Але вежа засталася, а дыск – не.

Дыск быў важным знакам супольнасці і за тры дні аб’яднаў дзве тысячы людзей, якія наведалі нашу імпрэзу. Гэта павінна было застацца нашым, мэтаўскім, мэйкаўтаўскім. Не хацелася дапусціць эксплуатацыі, як з тэмай ЛГБТ+, якую выкарыстоўваюць для папулярызацыі сайтаў і манетызацыі, калі ствараюць хот кантэнт, але не перадаюць рэальную гісторыю. Таму калі знік дыск, скончыўся фестываль.

 

 

 

 

 

Пра самаархіваванне

Мы архівуем артэфакты ЛГБТ+-актывізму папярэдніх гадоў: шукаем гісторыі, камунікуем з жывымі сведкамі. Гэта спроба даказаць, што ЛГБТ+ у Беларусі – гэта не штосьці новае, а тое, што заўсёды было і ёсць.

Мы заархівавалі і фестываль meta-. Наогул наша задача – заархіваваць сябе. Бо пасля нас застануцца фатаграфіі, відэа, часопісы, улёткі, кнігі. Я знікну, але застанецца дызайн гэтых артэфактаў. А я – гэта і ёсць дызайн.

 

 

 

 

 

Фота by Віялета Саўчыц

 


КАМЕНТАРЫ (1)

Л.
Л. | 24.03.2017 11:30

Спасибо, всегда было интересно узнать, кто стоит за дизайном мэйкаута!

3 1 +2