Tour de Чыжоўка

На мінулым тыдні група маладых мастакоў і куратараў зладзіла ў Менску серыю івэнтаў пад назвай «Працуй больш! Адпачывай больш!». Удзельнікам прапаноўвалася абмеркаваць у розных мастацкіх фарматах пытанні, якія круцяцца вакол загадаў працаваць больш, што цягам апошняга года часта чуваць ад прадстаўнікоў улады і бізнэсу. Зразумела, у фокусе апынуліся таксама тэмы дармаедства і ляноты. Аўтарка 34mag паўдзельнічала ў адным з мерапрыемстваў тыдня – краязнаўчым кросе па Чыжоўцы – і цяпер заклікае цябе на прабежку.

 

Старт

Удзельнікі забегу сустракаюцца на транспартным прыпынку «Заапарк», што на вуліцы Ташкенцкай. Гід і ідэйны натхняльнік кросу – пісьменнік Аляксей Талстоў – раздае кожнаму раздрукаваную гугл-мапу з трыма трасамі рознай даўжыні. Выяўляецца, што ёсць опцыя прайсціся пешшу па самым кароткім маршруце вакол «Чыжоўка-арэны», пакуль асноўная група разам з гідам пабяжыць па трасе даўжынёй каля дзевяці кіламетраў. Кантрыбутарка 34mag прыехала ў Чыжоўку другі раз у жыцці, таму выбару ў яе няма: час адкрыць для сябе гэты раён з неадназначнай рэпутацыяй і такой жа назвай.

Чаму акурат Чыжоўка? Пісьменнік кажа, што гэты мікрараён «цесна звязаны ў гарадской міфалогіі Менска з бандытызмам, дваравымі разборкамі 80-90-х і высокай алкагалізацыяй насельніцтва». Паўвека таму Чыжоўка засялялася ў асноўным рабочымі з МАЗа, Трактарнага і Мінскага маторнага заводаў, а два месяцы назад сюды пераехаў і сам Талстоў. Мэта нашага групавога практыкавання – праверыць, ці працуе гарадскі міф пра крымінальнасць раёна. Калі пашчасціць, на ўласнай шкуры. Таму забег пачынаецца амаль а 22:00 у пятніцу, калі адныя менчукі замаўляюць шоты недзе на Зыбіцкай, а іншыя выходзяць на спатканне на чыжоўскіх бульварах.

 

 

100 м

Мы стартуем у складзе прыкладна пятнаццаці чалавек, адна з удзельніц бяжыць у сандалях, высвятляецца, што яна англамоўная. На прыстойнай хуткасці, нібыта бяжым на час, накіроўваемся да ўзбярэжжа Чыжоўскага вадасховішча. Маршрут пройдзе праз усе ключавыя месцы раёна – галоўныя аб’екты інфраструктуры, крамы, а таксама бульвары, што хаваюцца ў нетрах жылых кварталаў. Карацей, актыўны адпачынак спалучаецца гэтым вечарам з нефармальным краязнаўчым даследаваннем.

Першае, што кідаецца ў вочы, – вялікая купа распілаваных дрэваў. Ураган і дажджы не пашкадавалі паркі ў гэтай частцы Менска. Але калі параўноўваць з фотаздымкамі Лошыцкага парку, тут разбурэнняў не так шмат. Яшчэ Аляксей звяртае ўвагу на новую ролерную трасу, па якой наш спартовы атрад бяжыць невялікі ўрывак маршруту.

 

600 м

Першым сведкам нашага забегу становіцца хлопец на ровары і з татуіроўкамі на плячах. Ён крыху прытармажвае і ўскліквае: «Ні фіга ж сябе! Такім натоўпам па піва бягуць!» Лёгкаатлеты-аматары смяюцца, але тэмпу не збаўляюць, раварыст далучаецца да калоны і прапаноўвае «пагнаць разам у “Прастор” па півас». Зрэшты, туды мы і накіроўваемся – уздоўж берага, міма кампаній у альтанках, што сустракаюць калону свістам і рэплікамі «знайдзі мяне “УКантакце”».

«Забег пачынаецца амаль а 22:00 у пятніцу, калі адныя менчукі замаўляюць шоты недзе на Зыбіцкай, а іншыя выходзяць на спатканне на чыжоўскіх бульварах»

Ціхамірнае Чыжоўскае вадасховішча нагадвае гарбату, налітую ў сподак недзе воддаль ад горада на захадзе сонца. Цішыня ў прыбярэжнай зоне раптам саступае спеву цвыркуноў. «Сонца сядае за Лошыцай», – каментуе краявід Талстоў.

 

1800 м

Парк, а таксама храм у гонар Менскай іконы Божай Маці засталіся за плячыма, далей траса пракладзена па сцежках сярод чыжоўскіх блокаў. Нечакана крос спыняе вожык – яму пашчасціла, што на другім кіламетры хуткасць бегуноў паменшылася і ніхто з нас не падфутболіў яго ў цемру.

Да «Прастора», які знаходзіцца недзе ў двух з паловай кіламетрах ад месца старту, прыбягаем, мінуўшы старыя могілкі «Карзюкі». Невялічкі некропаль на пагорку атрымаў сваю назву ад вуліцы, што цягнецца непадалёк. Ля супермаркета грукочуць прадуктовыя тачкі, на паркоўцы паміж будынкам крамы і могілкамі кампанія маладых менчукоў уладкавалася на пікнік. Багажнік іх машыны служыць сталом і стулам адначасова, насупраць у раскладным рыбацкім крэсле сядзіць жанчына, ля яе ног стаіць паўтарашка з півам. Мы з зацікаўленасцю акідваем суайчыннікаў позіркам, яны нас таксама.

 

 

 

3500 м

Змрок на момант саступае, калі мы мінаем сярэднюю школу № 135, унутраны двор якой закатаны ў бетон. Як толькі занырваем у чыжоўскія бульвары, пад дрэвы, якія пасадзілі яшчэ ў сівыя савецкія часы, з ценю выступае фігура ў цяльняшцы. Бачна, што падпітага мужчыну крыху хістае. Магчыма, характар перасоўвання нашай зграі, што плаўна аббягае байца з абодвух бакоў, перашкаджае яму сканцэнтравацца на чымсьці яшчэ, апроч невыразнай лініі бульвара. Два другія жыхары раёна моўчкі глядзяць услед з-пад кроны дрэва.

Пад канец чацвёртага кіламетра, пераскокваючы праз калдобіны, мы аказваемся перад гандлёва-бытавым комплексам «Чыжоўскі двор». Тут можна схадзіць у салярый або парыцца ў сэкандзе, але сёння ногі нясуць нас далей. На другім баку Ташкенцкага праезда траса ідзе па бруку, выкладзеным уздоўж плота Чыжоўскага кірмаша. Дзяўчына ў басаножках не падае прыкметаў стомленасці і цвёрда трымае адну з першых пазіцый у нашай калоне. Вецер кідае пад яе ногі рэкламныя часопісы, шкада, што не кветкі.

 

4000 м

Разглядаем закінуты будынак былога кінатэатра «Дружба» па адрасе Ташкенцкая, 9. Недзе ў 2012 годзе аб’ект быў прададзены на аўкцыёне. Звонку кінатэатр не выглядае вельмі дэпрэсіўна, але кажуць, што ўнутры можна здымаць постапакаліптычныя фільмы.

Наступная кропка нашага маршруту – крама «Еўраопт» на вуліцы Галадзеда. У выніку дэмакратычнага галасавання ўдзельнікі кросу вырашаюць скараціць трасу з дзевяці да сямі кіламетраў, некаторыя сыходзяць з дыстанцыі ў бок «Чыжоўка-арэны».

 

6000 м

Пераадолелі невялічкі пад’ём уздоўж Другога кальцавога праезда. На шляху сустрэлася ручная калонка з вадой, за «Еўраоптам» адкрылася другое дыханне. Недзе праз дзвесце метраў даводзіцца бегчы па перакапанай падчас рамонту зямлі, але гэтая дробязь ужо не ў стане збіць кагосьці з тропу. Засталося некалькі хвілінаў, палёт нармальны.

 

 

 

Фініш

Шыльда хакейнага клуба «Юнацтва-Менск» адбіваецца ў вачах бегуноў і замяняе сабой класічную ленту на фінішы. Стрэлка на гадзінніку пераваліла за 23. Крос скончылі прыкладна восем чалавек, і дзяўчына ў басаножках, вядома, выглядае найменш стомленай. Пасля сямі кіламетраў бегу па слаба асветленых сцежках і калдобінах складана сказаць, ці то быў адпачынак, ці працоўны акорд, разыграны напрыканцы па-летняму лянівага працоўнага тыдня. Цела працавала, галава адпачывала. Некаторыя ўдзельнікі забегу прызнаюцца, што на пэўных этапах было страшна адстаць ад групы і бегчы ў адзіноце, аднак асаблівых прыкмет крымінагеннасці ніхто не заўважыў.

Тыдзень пад лозунгам «Працуй больш! Адпачывай больш!» скончыўся, але пакуль менскія мікрараёны не затапіла і не засыпала снегам, мо збярэмся ў Шабанах?

 

Фота by Інга Ліндарэнка

 


КАМЕНТАРЫ (6)

Maksim Tsarou | 20.08.2016 09:10

Ё вэрсія, што назва Карзюкі паходзіць ад мноства кашоў-корзин ля "Прастору"

0 0
Gu Aleksasha | 28.07.2016 11:34

Дзякуй! Прыйдзецца і ў кафэтэрыях затрымацца, гэткі крос з піт-стопамі.

1 0 +1
Гелий Александрович
Гелий Александрович | 28.07.2016 10:24

обязательные места к посещению помимо набережной чижовского водохранилища и магазина "чижовский двор" - это пиццерия "Ная" с задней стороны Дома Быта, два кафетерия от магазинов МЗРПТ на Ташкентской, магазин "Пчелка" в начале Голодеда, в конце концов лес между МКАД и кладбищем

3 0 +3
Ханичка
Ханичка | 22.07.2017 13:33

воистину. аж в сердце что-то защемило

0 0
Гелий Александрович
Гелий Александрович | 28.07.2016 09:47

я не знаю зачем это было написано, но если бы им захотелось почувствовать на вкус чижовские проблемы, то надо было бежать немного по другому маршруту, хотя набережная вдоль водохранилища туда тоже была бы включена

4 1 +3
Gu Aleksasha | 28.07.2016 10:11

Падкажыце, па якому, калі ласка!

3 0 +3