Бясплатны варкшоп: «Як перастаць штампаваць і пачаць ствараць новае»

  • 13.11.2025
  • 78

20 лістапада ў 19:00 па менскім часе «Журналісты за талерантнасць» ладзяць анлайн-варкшоп па крэатыўнасці і генераванні ідэй з Дар’яй Герасіменка.

Дар’я Герасіменка – кантэнт-прадусарка (Skyeng, Careerum, Symptomato), крэатыўная дырэктарка (PR3, Salmon DDB, Rapka), стваральніца праекта «Крэатон», выкладчыца крэатыўных школ (ІКРА, MADS). Калі хочацца пазнаёміцца з эксперткай бліжэй, варта паглядзець свежы падкаст «safe_space», дзе Дар’я расказвае пра свой прафесійны шлях і погляды на працу агулам.

На варкшопе «Як перастаць штампаваць і пачаць ствараць новае» Дар’я прапануе паглыбіцца ў два працоўныя падыходы да генерацыі ідэй: CRAFT і латэральнае мысленне. Варкшоп дапаможа выйсці за межы ўяўлення, нібыта крэатыўнасць – гэта пра хаос і выпадковае натхненне. Удзельнікі атрымаюць канкрэтныя інструменты, якія дапамогуць ім прыдумляць свежыя, нечаканыя і арыгінальныя ідэі ў любы момант. Не трэба чакаць музы і баяцца творчага блоку – з’явіцца алгарытм дзеянняў на выпадак ступару.

Сустрэча прынясе карысць усім, хто працуе з ідэямі: спецыялістам па камунікацыях, журналістам, дызайнерам, медыяменеджарам і не толькі.

  Для ўдзелу патрэбная папярэдняя рэгістрацыя праз гугл-форму.