18581 0

Дзяніс Васількоў

Адзін з адміністратараў грамадскай пляцоўкі «Кола» у Магілёве Дзяніс Васількоў распавядае пра сямейную пераймальнасць, грамадскі актывізм і перамены да лепшага ў Магілёве.

 

Чым займаюцца: Арганізацыяй і правядзеннем культурных і адукацыйных мерапрыемстваў, падтрымкай сацыяльных ініцыятыў.

Дата заснавання: Уласна цэнтр «Кола» пачаў дзейнічаць у 2005 годзе.

Структура: Прыватная сядзіба, дзе актывісты на бясплатных самаарганізацыйных пачатках ладзяць імпрэзы і мерапрыемствы.

Факты: Толькі за мінулы 2013 год тут адбылося больш за 200 культурніцкіх сустрэч, канцэртаў, мерапрыемстваў.

Кантакты:

Cайт   |   VK   |   FB

 

 

Гісторыя Дзяніса

– Я нарадзіўся і вырас у Магілёве. З таго моманту, як я сябе памятаю, вакол віравала жыццё, у асноўным гэта было звязана з маім бацькам, Віталём  Васільковым, – ён журналіст, і ён увесь час расказваў, што цікавага адбывалася ў горадзе і свеце.

У 1995 годзе разам з сябрамі тата заснаваў арганізацыю «Кола сяброў», якая займалася падтрымкай НДА ў Магілёве і вобласці і дапамагала культурным ініцыятывам. У 1999-м на месцы старой хаткі ў цэнтры горада пачаў будавацца гэты комплекс, дзе зараз знаходзіцца цэнтр «Кола» – некалькі памяшканняў для сустрэч, канцэртаў і мерапрыемстваў.

«Тут круцілася вельмі шмат знакавага інтэлігентнага беларускага люду, і, вядома, гэта не магло на мне не адбіцца»

Аналагічных месцаў у горадзе не было. Тут праходзілі семінары, пастаянна ладзіліся канцэрты, у тым ліку Вольскага, Вайцюшкевіча, адбываліся творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі, пералічыць усіх цяжка – Барадулін, Арлоў, Алексіевіч, мясцовыя магілёўскія творцы. Тут круцілася вельмі шмат знакавага інтэлігентнага беларускага люду, і, вядома, гэта не магло на мне не адбіцца. Я дапамагаў бацьку ў арганізацыі розных івэнтаў, увесь час варыўся ў гэтай атмасферы.

Я вучыўся ў МДУ Куляшова, на археалогіі. Адзін год спрабаваў сябе ў Польшчы, навучаўся на гэтай жа спецыяльнасці, але не зраслося – каб быць археолагам у Польшчы, трэба быць палякам да мозга касцей. Тым больш дадалася рамантычная гісторыя, якая, праўда, скончылася няўдала, але я ўсе адно ўдзячны, што так атрымалася. Я вярнуўся і давучыўся там, дзе і пачынаў, але археолагам не стаў – мяне больш цягнула да людзей, чым у палі ці на курганы. Таму зараз я займаюся журналістыкай, апошнія тры гады працую на партале TUT.BY.

Акрамя працы я займаюся цэнтрам «Кола», працягваю справу бацькі. Я хачу ўдыхнуць у гэтае месца новае жыццё, дух маладосці, хачу клікаць сюды маладых артыстаў, падарожнікаў, фатографаў. Дзякуючы нам і добрым людзям гэтая гісторыя працягваецца.

 

 


Што такое цэнтр «Кола»?

– У 2003 годзе арганізацыя «Кола сяброў» трансфармавалася. На той час суполцы было ўжо сем год і чальцы, якія пачыналі арганізацыю, змяніліся самі, як і змянілася іх цікаўнасць да грамадскага жыцця. Тыя, хто засталіся, працягваюць працу.

Зараз «Кола» – гэта хутчэй пляцоўка, чым арганізацыя. Ёсць некалькі адміністратараў, якія займаюцца падтрыманнем парадку і правядзеннем мерапрыемстваў. Тут ёсць адмысловая зала для выступаў – ёй два гады, і рамонт месцамі яшчэ цягнецца. Зараз маем магчымасць правесці канцэрт на 150-200 чалавек, можна ладзіць семінары і нават ёсць «хостэл» для сваіх на 5 чалавек.

«Івэнты не павінны быць накіраваны на заробак грошай, таму мы ніколі не правядзем тут выставу-продаж футраў»

Дзякуючы цэнтру «Кола» ў Магілёве можна праводзіць івэнты, тут спакойна. Адзінае пажаданне да людзей, якія хочуць тут выступіць, – яны не павінны прапаведаваць вайну альбо гвалт, тут не можа быць наркотыкаў і мацюкоў. Няма ніякіх арэндных патрабаванняў, акрамя захавання парадку і чысціні. Але івэнты не павінны быць накіраваны на заробак грошай, таму мы ніколі не правядзем тут выставу-продаж футраў.

Месца ніколі не пустуе, з верасня практычна кожны дзень нешта адбываецца. У мінулым годзе ў панядзелак тут займаліся народнымі танцамі і песнямі, у аўторак праходзіла «Мова нанова», у сераду быў дэбат-клуб, у чацвер – дзень Таварыства Беларускай Мовы, а ў пятніцу альбо сустрэча , або канцэрт. Мне асабліва запомніўся акустычны канцэрт «Рэлікт». «Свабодны тэатр» неяк выступаў, было крута. Адным з самых масавых івэнтаў апошняга часу стаў канцэрт Вайцюшкевіча пад Новы год, прыйшло больш 150 чалавек. Мы ўбачылі вельмі шмат новых людзей, яны вось такімі вачыма глядзелі на нас і здзіўляліся таму, што тут нешта адбываецца.

Чаму я застаюся ў Магілёве? Ёсць людзі, якім трэба тое, што мы робім. Мы не асабліва афішуем сваю дзейнасць – падаецца, мае патрэбу ў рэкламе тое, што дрэнна прадаецца. Мы разлічваем на тых людзей, якія самі чымсьці цікавяцца. Як там было ў першай «Матрыцы»? Калі б Неа сам не цікавіўся матрыцай, то яго б не знайшлі. Калі заўгодна, гэта наша матрыца. Мы не прапануем чырвоную або сінюю таблетку, але мы прапануем пэўную атмасферу.

 

 

 

Гарадское жыццё Магілёва

– Адначасова я ўдзельнічаю ў «Цэнтры гарадскіх ініцыятыў». У гэтую суполку ўваходзяць настаўнікі, скульптары, журналісты – наогул чалавек 15. Вельмі нефармальная тусоўка, хоць і зарэгістраваная, суб'ект гаспадарання, так бы мовіць.

За два гады існавання цэнтра «Кола» было зроблена некалькі важных рэчаў. Напрыклад, Магілёў стаў першым горадам Беларусі, дзе на плошчы з'явілася кропка бясплатнага грамадскага вай-фаю. Не дзеля піяру, а таму, што так павінна быць: у грамадскіх месцах павінен быць вай-фай. Яркія падзеі – правядзенне першага «Дранік-фэсту» ў кастрычніку і правядзенне гарадскога пікніка ў чэрвені гэтага года. Гэты быў такі танны варыянт Freaky Summer Party, без спонсараў, без усяго. У нас былі грошы толькі на папяровыя сцяжкі – але рэзалі і клеілі мы іх самі, гэта 2 км паперы.

«Гэта наша матрыца. Мы не прапануем чырвоную або сінюю таблетку, але мы прапануем пэўную атмасферу»

Збольшага тое была спроба праверыць свае сілы і паспрабаваць арганізаваць на ўмоўна новым месцы што-небудзь для грамадства. Неяк мы селі і падумалі: у нас насамрэч усё ёсць для таго, каб зрабіць свята, – ёсць бераг Дняпра, ёсць цікавыя людзі. Нягледзячы на надвор’е, да нас прыйшло каля двух тысяч чалавек за 6 гадзін. У нас было шмат розных актывацый – ад фрысбі і танцаў да заняткаў ёгай і лазертагам, можна было выпіць смачнай кавы да падсілкавацца модным фастфудам. Мы атрымалі добры фідбэк, гэта быў суцэльны фан, але пасля ніхто не паўтарыў за намі той падзеі. Відаць, час яшчэ не настаў.

Яшчэ мы зрабілі кампанію «Туалетнадзор». Аднойчы чальцоў нашай ініцыятыўнай суполкі не пусцілі ў прыбіральню ў кафэ, проста не захацелі, і ўсе. Мы вырашылі заняцца гэтай з’явай і крыху ссунулі праблему з мёртвай кропкі. Грамадскіх прыбіральняў, асабліва адчыненых увечары, няшмат, таму асноўная нагрузка ідзе на кафэ і рэстараны. Мы правяралі іх даступнасць для не кліентаў, і нас амаль паўсюль пусцілі. Галоўнае быць ветлівым і карэктна запытаць, дзе прыбіральня, – і тады не будзе праблемаў. Вымушаны прызнаць, што сацыяльнай замовы па гэтым далікатным пытанні пакуль няма, людзі прызвычаіліся да нязручнасцяў у гэтай сферы і неяк з тым жывуць. Але нашае асяроддзе цяпер ведае, што можна трапіць у любую прыбіральню ў грамадскім месцы без праблем.

 

 

 

Фота by Маша Васількова


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.