Акрамя вялікай дзённай і вечаровай праграмы квір-фестывалю DOTYK, арганізатары рыхтуюць некалькі вечарын на адкрыццё і закрыццё фэсту. Сярод стракатага лайнапу можна сустрэць дыджэйскі выступ украінскага мастака, музыкі і рэжысёра Анатоля Бялова з праектам «Слёзы амбала». Мы даўно хацелі пагутарыць з кіеўскім квір-фрыкам – і voilà! Як зняць рэальную оргію ў кіно, чаму «Кіеў – гэта новы Берлін», а «Берлін – новыя Афіны» і навошта дыджэіць мастаку – пытаецца наш украінскі кантрыбутар Станіслаў Біцюцкі.
«Я стаў рабіць усё, што мне заўсёды хацелася, але чаго заўсёды баяўся»
Ты калісьці сказаў, што стаў мастаком пасля таго, як дазволіў сабе права на памылку. Што ты меў на ўвазе?
– Так, гэтае ўсведамленне прыйшло падчас працы над маім дыпломным праектам па «Сатырыконе» Пятронія. Я ўпершыню дазволіў сабе не баяцца зрабіць няправільны малюнак, што дало мне адчуванне каласальнай унутранай свабоды. Да гэтага я быў выдатнікам і задротам з чырвоным дыпломам. З гэтым новым адчуваннем свабоды я паслаў падалей усе свае планы стабільнага жыцця і адправіўся ў вір дзікіх, дзіўных і цудоўных прыгод. Я вельмі змяніўся ва ўсім: я прыняў сваю сэксуальнасць, я прыняў сваю недасканаласць, я прыняў сваю прыгажосць, я стаў рабіць усё, што мне заўсёды хацелася, але чаго заўсёды баяўся.
Можаш успомніць гісторыю сваіх захапленняў?
– Я з дзяцінства маляваў: спачатку мастацкая школа, потым універсітэт, дзе вучыўся кніжнаму дызайну і графіцы. Пасля яго заканчэння я ўжо вызначыўся, што хачу займацца мастацтвам. З часам стаў працаваць з музыкай і кіно. Хоць да апошняга прыйшоў пазней за ўсё, сумясціўшы ўсё, што люблю ў візуальным мастацтве, музыцы і кіно.
Што з гэтага цяпер больш за ўсё займае?
– Для мяне цікава ўсё разам – і музыка, і малюнак, і кіно. Я не падзяляю для сябе гэтыя медыя на больш ці менш прыярытэтныя. Гэта розныя спосабы выказвання маіх ідэй. Малюнак – самы хуткі і просты, бо для гэтага ніхто не патрэбны. Музыка і кіно ствараюцца ўжо ў калектыве. Цяпер мне цікава навучыцца пісаць музыку самому, для чаго нават замовіў сабе груўбокс. Не ведаю, што з гэтага выйдзе, але адчуваю, што мне гэта трэба. Таксама хачу працягнуць працу над фільмам «Свята жыцця». За мінулы год шмат што змянілася, і з’явіліся ідэі па яго змене. Пры гэтым не хачу шмат распавядаць пра яго, бо ёсць адчуванне, што я больш кажу, чым раблю, – і гэта непакоіць.
«Свята жыцця» аб’ядноўвае розныя сферы тваіх захапленняў, і ў ім фігуруюць зусім розныя кіеўскія тусоўкі (ад музычнай да кінаманскай). Адкуль з’явілася гэтая ідэя?
– Я люблю такім чынам знаёміць класных людзей адно з адным. Ну і, вядома ж, кіно ці квір-вечарынкі, якія я час ад часу суарганізоўваю, – гэта добрая нагода самому бліжэй пазнаёміцца з усімі, хто мне цікавы. У «Свяце жыцця» мне хочацца паказаць той культурны зрэз, усярэдзіне якога я знаходжуся і які мяне натхняе. Гэта людзі з вельмі розных тусовак. Мне было дзіўна, што многія з іх незнаёмыя адно з адным і ўвогуле не вельмі цікавяцца, хто што робіць. Хоць кожны з іх круты ці крутая ў сваёй вобласці. Мне цікава гэтае змешванне. Хто ведае, да чаго яно можа прывесці... З гэтай жа ідэяй ладзяцца і квір-вечарынкі, дзе выступаюць артысты з розных музычных электронных тусовак.
«Я хачу, каб гэта была феміністычная оргія, дзе ўсе роўныя і дзе будуць улічаны ўсе “за” і “супраць”»
У фільме ты планаваў зняць рэальную оргію.
– Усё, што я раблю, зыходзіць з майго персанальнага жадання прайсці праз пэўны вопыт і разабрацца ў важных для сябе пытаннях, і сэкс у дадзеным выпадку не выключэнне. Маё мастацтва наогул шмат у чым пра сэксуальнасць, цялеснасць, пачуццёвасць – і ў музыцы, і ў графіцы, і, адпаведна, у кіно. Для мяне оргія – таксама сацыяльны эксперымент. Мне здаецца неверагодным, калі кожны жадаючы можа запоўніць фармуляр анкеты, прайсці абследаванне і прыняць удзел у оргіі, разумеючы, што яго ці яе ўбачаць потым на вялікім экране.
Вядома, усё гэта будзе адбывацца з рознымі агаворкамі. Хто не захоча, каб было відаць твар, – для таго будзе захавана ананімнасць. Таксама будуць улічаны ўсе пажаданні ў анкеце. Але сам факт адважыцца прыняць удзел у чымсьці падобным, улічваючы ўкраінскі культурны бэкграўнд, – вельмі смелы крок для кожнага з удзельнікаў і ўдзельніц, і для мяне ў тым ліку. Я хачу, каб гэта была феміністычная оргія, дзе ўсе роўныя і дзе будуць улічаны ўсе «за» і «супраць».
Чаму гэта не ўдалося зняць адразу?
– Таму што для таго, каб усё зрабіць, як задумвалася, трэба было больш часу і рэсурсаў, якіх тады ўжо не было.
За апошні год з’явілася цэлая серыя фільмаў пра кіеўскі андэграўнд, уключаючы серыял сузаснавальніка гурта «Людська подоба» Гошы Бабанскага. З чым звязаны такі ўздым цікавасці?
– Цяпер сапраўды адбываецца шмат цікавага, улічваючы палітычны кантэкст, у якім усё гэта развіваецца.
«Кіеў – гэта новы Берлін»?
– Я нядаўна быў у Афінах і бачыў там графіці з надпісам «Берлін – гэта новыя Афіны», і, па маіх уражаннях, Афіны цяпер значна больш дзікія, вар’яцкія і цікавыя, чым Берлін. Але яны прайграюць у плане класных музычных падзей: іх там проста няма або мне не пашанцавала.
У Кіеве з добрай музыкай і андэграўнднай электроннай сцэнай справы ідуць значна лепш, чым у Афінах. Але па іншых пунктах і да Берліна, і да Афін нам яшчэ далёка. Пры гэтым у Кіеве ёсць сапраўды свая ўнікальная атмасфера, свой драйв, які мне вельмі падабаецца.
Хоць параўнанне з Берлінам не выпадковае, бо цяпер у Кіеве падчас вайны, як калісьці ў Заходнім Берліне да падзення муру, адбываецца актыўнае развіццё музычнай электроннай культуры. Не зразумела, што з гэтага ўсяго атрымаецца, але ў гэтым і ёсць каштоўнасць самога моманту. Я не параўноўваў бы Кіеў з Берлінам, як і з любым іншым горадам. Кіеў класны і жудасны адначасова, я люблю яго, хачу, каб ён і далей працягваў мяняцца ў лепшы бок. У Берліне такія хуткія і вялікія змены наўрад ці прадбачацца ў бліжэйшы час: ён вельмі круты, але больш зразумелы.
Як з’явіўся праект «Слёзы амбала»?
– Цалкам выпадкова, я ніколі не думаў пра дыджэйства. Па волі выпадку мая добрая сяброўка Аксана Усачова курыравала музычную праграму кінафестывалю «86» у Славуцічы і чамусьці запісала мяне туды як дыджэя. Для мяне гэта быў нечаканы і цікавы выклік. Я падумаў, чаму б не паспрабаваць: запампаваў Virtual DJ, Гоша паказаў мне некалькі прамудрасцяў у звядзенні трэкаў, і так усё пачалося. Ужо ў працэсе я быў уражаны, наколькі моцным апынуўся гэты рэсурс.
Наколькі гэты вопыт адрозніваецца ад тваіх папярэдніх праектаў?
– Для мяне было новым і цікавым самому падбіраць музыку, працаваць са знойдзеным матэрыялам. Да гэтага я працаваў толькі з тэкстам і спяваў, а музыкай займаліся музыканты. Пачаўшы дыджэіць, я зразумеў, якую музыку я хацеў бы рабіць сам. І цяпер я на парозе таго, каб стварыць нешта сваё. Нават калі ў мяне нічога не атрымаецца, у мяне ёсць маё права на памылку, дзякуючы якому я шмат што зрабіў наогул. Цяпер я часова не дыджэю, каб лепш асэнсаваць, што і як я раблю. Выключэнне – мае сэты ў Менску і Марыупалі ў канцы лютага і пачатку сакавіка, пра якія я дамовіўся яшчэ да прыняцця гэтага рашэння.
Які твой самы памятны выступ?
– Было шмат важных для мяне канцэртаў. Памятаю крутую вечарыну «Пьюці Фьют» у кіеўскім клубе «Гатэль». Невялікая сцэна, дзе я выступаў, была цалкам забітая танцуючымі і звар’яцелымі людзьмі. Было крута атрымліваць драйвовы фідбэк ад такой публікі. Памятаю, як шмат любові я атрымаў ад людзей на квір-вечарыне ў «Эфіры» і на феміністычнай вечарыне ў «Пліўцы». Я купаўся ў моры любові, і гэта было выдатна!
Які выступ ты хацеў бы забыць?
– На фестывалі «Геданізм» на Труханавай выспе, дзе я дыджэіў. Куратарцы пляцоўкі так не спадабалася мая музыка, што яна распарадзілася выключыць гук. Я тады пагадзіўся ўдзельнічаць, бо паклікаў сябар. Пасля даў сабе слова больш не ўдзельнічаць у падобных сумнеўных мерапрыемствах. Гэтак жа, як і не граць на адкрыцці мастацкіх выстаў, дзе часцяком халтурны гук і людзі, якія сабраліся пабалбатаць, замест таго каб танцаваць.
Як прымаюць выступы «Людської подоби» і «Слёз амбала» ў нас і за мяжой?
– Мне было радасна бачыць, што за мяжой (Аўстрыя, Германія, Польшча) людзі добра ўспрымаюць нашу музыку, нават не разумеючы тэкстаў песень. Але ўсё ж такі тэкст вельмі важны і самая ўдзячная публіка – якая разумее словы і культурны кантэкст песні. Я ведаю, што нас любяць у Маскве і Менску ў маленькіх андэграўндных колах. На фестывалях «Структурность» і «ХХY», дзе мы выступалі, быў сапраўдны фурор.
Што яшчэ запомнілася ад той паездкі ў Менск?
– У Менску фантастычныя людзі! Адкрытыя і добрыя. У апошні раз, калі я там быў, супалі мой дзень нараджэння і дзень горада. Падчас шпацыру ў мяне было ўражанне, што я трапіў у футурыстычную грыбніцу, дзе ўсё міргае і пераліваецца. Спадабаўся «Хуліган». Класна, калі тусіць не проста клуб, а ўся вуліца, дзе ён размешчаны. Нешта падобнае я бачыў толькі ў Берліне. Яшчэ адзначыў, што ў Менску шмат прыгожых хлопцаў.
Чаму наогул мы ўсё яшчэ застаемся такімі заціснутымі і зачыненымі, на твой погляд?
– Відавочна, што гэта ўсё ўласныя страхі і комплексы, а карані растуць з дзяцінства і недружалюбнага асяроддзя, у якім многія з нас выраслі. Але ўсё ж хачу сказаць, што новае маладое пакаленне нашмат больш адкрытае.
«Цяпер у Кіеве падчас вайны, як калісьці ў Заходнім Берліне да падзення муру, адбываецца актыўнае развіццё музычнай электроннай культуры»
Хто твае галоўныя крыніцы натхнення?
– Мая дачка і класныя хлопцы.
Чым цябе так прыцягвае Instagram, за які ты апошнім часам актыўна ўзяўся? Ты пісаў неяк, што разглядаеш яго як новы праект.
– Так! Як толькі ў мяне з’явіўся айфон, маё жыццё змянілася. Я стаў шмат фатаграфаваць, а з цягам часу ў мяне з’явіўся ўласны «новы погляд». Не ведаю, як гэта апісаць дакладней, я стаў па-новаму бачыць святло, пластыку, кампазіцыю і дэталі вакол, не кажучы пра сэнс таго, што прыцягвае ўвагу. Цяпер разумею, што айфон – ідэальная для мяне камера. Яго ніхто не ўспрымае як фотакамеру, дзякуючы чаму можна ўлавіць унікальныя моманты. Плюс – ён заўжды пад рукой.
Што будзе далей?
– У мяне ёсць шмат ідэй і планаў, але я не хачу цяпер пра іх казаць. Вось калі зраблю нешта, тады мы пагаворым зноў.
Паслухаць выступ «Слёз амбала» можна будзе на вечарыне адкрыцця фестывалю 24 лютага, у пятніцу, у «Сталоўцы XYZ». Поўную праграму глядзі тут.
Тэкст by Станіслаў Біцюцкі
Інтэрв’ю з Воляй, стваральніцай праекта «Этыка».
«Калі аўтар гаворыць шэптам, яго не чуюць, дзеля гэтага трэба як след “гаркнуць”». Інтэрв’ю з пераможцам прэміі Гедройца Максам Шчуром.
Напярэдадні адкрыцця персанальнай выставы Максіма Сарычава ў «ЦЭХу» запыталіся ў фатографа, навошта ён эстэтызуе гвалт і чаго баіцца.
Пагутарылі з маладым навукоўцам Цімам Падвіцкім пра тое, як навука зараз змагаецца са старэннем, і да якіх змен у грамадстве гэта прывядзе.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Дыскусіі, прэзентацыі, інтэрактыў.