7788 0

Уладзімір Маляўка

Што будзе, калі на адной пляцоўцы заміксаваць дэгустацыю хумусу, модны паказ экафутраў і шчасны майстар-клас па ёзе? Будзе поўны «Пастарнак»! Арганізатар фестывалю Уладзімір Маляўка – пра сімбіёз, які дае Менску гэты караняплод.

 

Чым займаюцца: прасоўваюць ідэі здаровага ладу жыцця.

Дата заснавання: 2015 год.

Структура: 4 чалавекі.

Кантакты:

Сайт    VK

 

З кім гутарым: Уладзімір Маляўка, 27 гадоў. Крэатыўны капірайтар, веган, спартсмен, арганізатар экамаркету «Пастарнак» у Менску.

 


 

Гісторыя Вовы

– Калі мне было 7 гадоў, мае бацькі сказалі, што ў нашым халадзільніку больш не будзе мяса. Бабулі і дзядулі ўспрынялі гэта адэкватна і не спрабавалі мяне цішком накарміць. Маці ў мяне ўрач-педыятр, таму маё здароўе было заўсёды пад кантролем. Я ніколі не адчуваў прыступы анеміі, меў досыць жалеза ў крыві, усё жыццё займаюся спортам і праблем праз адсутнасць мяса ў рацыёне ў мяне ніколі не было.

Каля 10 гадоў таму я адмовіўся ад яек і малочных прадуктаў. Прыкладна ў гэты ж момант мае знаёмыя ў Менску загарэліся ідэямі экаактывізму. Мы збіраліся разам, да нас далучаліся аднадумцы, і наша колькасць павялічвалася. Мы прыдумлялі і праводзілі зааахоўныя акцыі, зрабілі сайт, перакладалі артыкулы пра вегетарыянства і веганства з англійскай мовы на рускую. Тады гэта дало добры штуршок, каб прытрымлівацца гэтых ідэй у далейшым.

«Калі мне было 7 гадоў, мае бацькі сказалі, што ў нашым халадзільніку больш не будзе мяса»


Раней у Беларусі веганiць было няпроста: мой першы паход у краму па прадукты, якія не ўтрымліваюць жывёльных элементаў, расцягнуўся гадзіны на дзве: я чытаў склад і не ведаў, што ўзяць. Цяпер можна спакойна прыйсці ў той жа Green і выбраць сабе што заўгодна.

Веганства не абмяжоўваецца толькі ежай. У мяне няма ніводнай скураной рэчы, усе касметычныя сродкі – таксама па везе. Сёння можна знайсці 100% натуральную касметыку. Так, напрыклад, ёсць беларускі брэнд Sativa з абсалютным экаскладам. Ёсць веганскія кафэхі, як MonkeyFood і «Счастье здесь».

 

 

Як спеў караняплод

– Лагічным працягам гэтых поглядаў і ідэй стаў экамаркет «Пастарнак». Асноўная каманда – я і Яўгенія Арлова (менавіта ёй належыць ідэя).

Мы падумалі, што ў горадзе не хапае мерапрыемстваў, прысвечаных здароваму ладу жыцця, і ўнутры нашага маркету аб’ядналі розныя напрамкі: спорт, касметычную прадукцыю, вопратку, вегетарыянства і сыраядзенне, адукацыйныя праекты. Для нас галоўны крытэр – каб прадукт не нёс ні для каго шкоды.

Першы «Пастарнак» прайшоў у 2015 годзе на маленькай пляцоўцы, было ўсяго 30 удзельнікаў. У наступны раз колькасць павялічылася амаль удвая. Не так даўно мы праводзілі маркет у «Белэкспа» і ўдзельнічала ўжо больш за 100 каманд!

«Пастарнак – гэта такі карысны караняплод. Радыска, па сутнасці»

Неяк мы правялі даследаванне: пра якія экабрэнды ведаюць? Зрабілі спіс усіх удзельнікаў, людзі маглі адзначыць, хто ім знаёмы. І мы здзівіліся, таму што амаль ніхто не ведаў, што такое экапрадукты. Многія адзначалі, што Oriflame – экабрэнд, хаця гэта зусім не так. А ўсё таму, што ў іх добрая рэклама, людзі іх ведаюць.

Самае папулярнае пытанне: «А чаму “Пастарнак”?» Пастарнак – гэта такі карысны караняплод. Радыска, па сутнасці. А яшчэ ёсць Барыс Пастарнак – пісьменнік, уладальнік Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Гэта значыць, мы злучылі радыску і пісьменніка і атрымалі такую магутную сінергію – карысны, разумны, шматгранны вобраз.

 

 

Меню з «Пастарнака»

– Аднойчы кухар з Ізраіля рыхтаваў у нас на вачах сапраўдны хумус: распавядаў, як можна прыгатаваць яго ў хатніх умовах. Крама натуральнай касметыкі iGreen давала майстар-клас, як з раслінных кампанентаў можна дома зрабіць шампунь. Людзі дзівіліся: «Ого, такія рэчы можна рабіць самастойна...» І гэтыя штукі класна выглядаюць і смачна пахнуць да таго ж.

Хот-догі былі з соевымі сасіскамі, такая чарга да іх выцягнулася, што мама не бядуй.

Да нас прыходзяць спартовыя залы, школы ёгі: мы даем ім месца, а яны робяць зону з трэнажорамі і ладзяць майстар-класы, трэніроўкі для ўсіх жадаючых, медытацыі – што каму даспадобы. Запрашалі дыетолагаў, псiхолагаў, якія дапамагаюць раскласці ўсё па паліцах. Быў у нас і вядомы беларускі бодзібілдар-веган Сяргей Саболька, распавядаў, як можна быць веганам і нарошчваць пры гэтым цягліцы.

«Быў у нас і вядомы беларускі бодзібілдар-веган Сяргей Саболька»

Не ўсе вытворцы, што ўдзельнічаюць у «Пастарнаку», цалкам веганскія або з прыстаўкай «эка». У іх можа быць адна лінейка прадукцыі, якая пасуе нашаму фармату, і яны яе прэзентуюць. Яшчэ на маркеце можна пратэставаць новы прадукт. Яскравы прыклад – сетка шаўрменных Doner Kebab: спецыяльна для маркету яны зрабілі веганскі плоў з сухафруктамі і арэхамі, ён быў такі круты. Яны яшчэ затэсцiлi рол з тофу, і цяпер ён з’явіўся ў іх у меню.

Яшчэ ў Беларусь прыйшоў брэнд Only me з экафутрамі. Для многіх футра з’яўляецца паказчыкам статусу, але забіваць кучу жывёл дзеля гэтага – так сабе справа. У жыцці экафутры выглядаюць як звычайныя. Людзі падыходзілі да стэнда і дзівіліся: «Што, у вас тут футра?» І не маглі паверыць, што яны штучныя.

 

 

Не «эка» адзіным…

– Нам вельмі падабаецца супрацоўнічаць з дзіцячымі арганізацыямі. Так, «Школа архітэктурнага мыслення» быццам бы нічога агульнага не мае са здаровым ладам жыцця, але яны нам цікавыя, таму што яны прасоўваюць класныя ідэі. На экамаркеце яны навучалі дзяцей простай інжынерыі, распавядалі, як уладкаваныя тыя ці іншыя рэчы.

 

Ёсць яшчэ архітэктурная каманда «Зробiм»: падчас удзелу ў «Пастарнаку» яны ўсталявалі лаўку з сонечнымі батарэямі, ад якой можна было падзарадзіць тэлефон ці ноўт.

З прасторай «ФотоСквот» мы рабілі фотасушку без асаблівай прывязкі да экатэмы. Проста гэта прыцягвае людзей. Калі б мы толькі і рабілі, што ў сухой форме распавядалі пра тое, што на наш погляд добра, а што не вельмі, то народ бы проста заснуў.

 

 

Хто можа далучыцца

Па сутнасці, паўдзельнічаць можа любы. Мы гатовыя ісці насустрач тым, хто хоча рабіць нешта добрае для горада, для Беларусі. Узаемна цікавы бартар? Мы толькі «за».

Перад тым як прыняць удзел, чалавек падпісвае дагавор. У дадатку да яго пералічваюцца рэчы, якія для нас з’яўляюцца недапушчальнымі. Так, калі ты пазіцыянуеш свой прадукт як веганскі, то ў складзе не павінна быць малака, яек, жэлаціну і г.д. Калі кажаш, што твая вопратка «эка», то ў ёй не павінна быць шоўку і штучных фарбавальнікаў. Калі касметыка – то без парабенаў і іншага.

На жаль, былі не вельмі прыемныя выпадкі: напрыклад, удзельнік прыязджаў і прадаваў сэндвічы з тунцом. Гэта вельмі тонкая справа, таму што людзі ўжо ўбачылі, хтосьці нават купіў, а «Пастарнак» пазіцыянуе сябе як зону, свабодную ад такіх прадуктаў, і давер да нас можа быць падарваны. Мы хочам, каб усё было сумленна і каб людзям падабалася.

«Калі браць мэтавую аўдыторыю, то ў асноўным гэта маладыя бацькі»

Калі браць мэтавую аўдыторыю, то ў асноўным гэта маладыя бацькі. Для іх важна, каб прадукт быў насамрэч такім, як ён заяўлены.

Мы праводзілі даследаванне – вегетарыянцаў на нашым мерапрыемстве меншасць, то-бок да нас прыходзяць людзі, якім проста блізкая тэма здаровага ладу жыцця.

Калі праводзілі маркет у «Белэкспа», над намі, на другім паверсе, была царкоўная выстава. Але бабулі, што ішлі па мёд і свечкі, заходзілі ў першую чаргу да нас – ім было цікава.

 

 

Што далей?

– Мы хочам развівацца, каб гэта быў не толькі фестываль або экамаркет, але і паўнавартасны праект, які будзе займацца папулярызацыяй здаровага ладу жыцця.

Сёння мы пачалі супрацоўніцтва з аўтазапраўкамі: на іх прылаўках ёсць палічка з прадукцыяй нашых удзельнікаў.

Хацелася б, каб такое было ў кожнай менскай краме: людзі маглі прыйсці туды і купіць экапрадукт «Пастарнак».

Планаў шмат наогул: стварыць сваю крэатыўную прастору, дзе можна было б чытаць лекцыі, напрыклад. Зараз імкнемся да таго, каб экамаркет праходзіў хоць раз у кожны з сезонаў. Хочам знайсці адну-адзіную пляцоўку, якая б нам пасавала. Паступалі яшчэ прапановы з рэгіёнаў – арганізаваць «Пастарнак» там. Гэта класная ідэя, і мы думаем над ёй.

 

Тэкст i фота by Настасся Давыдзенка


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.