У цябе ёсць малады праект, маленькі бізнэс ці цябе ўзялі спецыялістам па камунікацыям у амбіцыёзную арганізацыю? Трымай нашу how-to-do-скарбонку з інструментамі, якія дазволяць табе стаць піяршчыкам нарасхват і чэрпаць лайкі вёдрамі. 9 спосабаў прасунуць прадукт, ідэю або мерапрыемства – і ніводнага дрэннага.
Фота
Посці ў сацсеткі толькі тыя фоткі, якія наўпрост тычацца тваёй арганізацыі. Коцікаў і кававыя кубкі – ва ўтыль. На ўра заходзіць любы «інсайд»:
штодзённае жыццё офіса (бэкстэйджы);
здымкі, якія ілюструюць вашу працу;
рэдкія фотакарткі на тэму гісторыі вашай дзейнасці;
справаздачы з дзелавых, адукацыйных, грамадска-дабрачынных мерапрыемстваў;
фота, апублікаваныя карыстальнікамі пад вашым фірмовым хэштэгам (напрыклад, #minsknotdead).
Візуал фармуе твар арганізацыі і транслюе яе каштоўнасці на самай даступнай мове. Ахова птушак Бацькаўшчыны напаўняе старонку на Facebook выявамі не толькі птушак, але і тых, хто знаходзіцца па іншы бок бінокля. Яшчэ адзін удалы кейс – інстаграм Камароўкі.
Гіфкі
Гіфкі ізноў захапілі свет! Іх любяць усе. Штодзень карыстальнікі інтэрнэту марнуюць па два мільёны гадзін на сайце Giphy, праглядаючы мільярды гіфак. Грэх не скарыстацца адыкцыяй. Балазе, з дапамогай гіфак можна ляпіць не толькі стылёвыя справаздачы з тусовак, але і папулярна распавядаць пра самыя сур'ёзныя рэчы накшталт працаўладкавання беспрацоўных у Беларусі.
У пошуках гіфак зарульвай сюды:
Giphy;
Спецыялізаваныя раздзелы Reddit, 9GAG, Dirty.
Можаш стварыць гіфку з відэа ці фотак сам(-а). Пра тое, як стаць гіфмэйкерам, падрабязна раскажа Youtube. Калі Photoshop – відавочна не тваё, можна звярнуцца да анлайн-сэрвісаў: Giphy, Imgur або Gifs.com.
Вiдосы
Пра тое, што відосы засланяюць сабой літары і нават фоткі, эксперты кажуць ужо даўно. Як клубок заводзіць любога катка, відэа хутка авалодвае ўвагай: цяпер нават на play ціснуць не трэба – відосы аўтаматычна запускаюцца ў стужцы сацыяльных сетак, а далей усё залежыць толькі ад таго, наколькі глядзельна тое, што ты там паказваеш.
Што гэта можа быць:
анонсы мерапрыемстваў;
відэа па матывах апублікаванага раней тэкставага матэрыялу або прэзентацыі;
адказы на пытанні аўдыторыі (Q&A);
«унутрак» пра жыццё арганізацыі (людзі крыху вуайерысты і любяць падглядаць);
развагі на камеру з актуальнай нагоды;
стрымы (гэта наогул hot з усіх hot!).
Лайфхак: грузі відэа адразу ў Facebook, а не прымацоўвай спасылку на YouTube, – гэта павялічыць колькасць праглядаў у дзясяткі (!) разоў.
Стыкеры
Супадзенне ці не думаю, але на хвалі тугі па 90-х у людзях раптам прачнулася трапяткая любоў да налепак. Трэба ж чымсьці ўпрыгожваць лэптопы і вадасцёкавыя трубы! І хоць ніхто ўжо не збірае альбомы пра Русалачку або «камандас», затое ляпіць стыкеры можна анлайн: у Telegram або Viber. Напрыклад, сам Viber ініцыяваў стварэнне пакета стыкераў Minskikot, персанажаў якога малявалі стрыт-арт мастакі Міця Післяк, Саша Kontra, Жэня Cowek і Маша Grapewave. Гэтых катоў дакладна ніякі ЖЭСнік не зафарбуе! FSPшных панд у Viber бачылі ўсе.
Да беларускіх стыкерпакаў у Telegram з нядаўніх часоў дадаліся і магаўскія галубкі. Пак спампавалі ўжо 7790 чалавек.
Прагнеш яшчэ прыкладаў? Натхняйся!
Афiшы
Афішы павінны быць там, дзе блукае/есць/шопіцца/тусіць твая мэтавая аўдыторыя. Цалкам верагодна, што ў гэтых стратэгічных кропках ад афіш мітусіцца ў вачах і без тваёй, таму перад намі якраз той выпадак, калі на дызайнера жмоціцца нельга. Добрая афіша – прыкметная, якую хочацца ўперці з сабою, каб прышпіліць дзесьці ў кухні на лецішчы. У падрыхтоўцы да наступнага 34 Media Day пра гэты пункт мы паклапаціліся.
Мемы
Варта было Дональду Трампу надрукаваць крывы твіт з загадкавым словам covfefe, як пачалі імкліва з'яўляцца цішоткі з адпаведнымі прынтамі, аўтамабільныя нумары, дамены і аднайменныя кававыя напоі. Калі не тармазіць, то на свежым мемасе можна адхапіць свой кавалак торта, нават калі твая дзейнасць далёкая ад інтэрнэтаўскіх жартаў.
Мемы – гэта больш за жарт. Нездарма ў Беларусі – краіне вечнага чакання – канкрэтна пусціў карані Ждун. «Пачакун» раптам апынуўся і прадметам ажыятажу ў заўсёднікаў ЦУМа, і залатым тварам квір-фестывалю.
Флэшмобы
Раней пад флэшмобамі разумеліся хітра арганізаваныя танцы ў гіперах і на плошчах, але цяпер флэшмобы – гэта любое калектыўнае вар'яцтва ў сацыяльных сетках. Людзі могуць касплэіць папулярны кліп, ляжаць дзе папала тварам уніз ці трэсці булкамі – піяршчыку ў гаспадарцы спатрэбіцца ўсё.
Каб прыняць удзел у флэшмобе, зусім не абавязкова наймаць у рэжысёры Ёнаса Акерлунда. Усё можна зрабіць і на голым энтузіязме, раптоўны кейс полацкага Дома гандлю – таму пацверджанне. Галоўны прынцып паспяховага флэшмобу – хутка падхапіць хвалю, якая пайшла па інтэрнэце. Зрэшты, прыклад МТЗ даказвае, што і слоўпокі могуць накасіць нямала праглядаў, калі зробяць усё з душою ды на належным градусе вар'яцтва.
Фармат флэшмобу здаецца легкадумным толькі на першы погляд. Насамрэч твой ролік можа стаць медыязброяй, якія б'е прама ў сэрцы і галовы. Так, флэшмоб Mannequin Challenge з'явіўся чыста па фане: амерыканскія школьнікі замерлі ў стылі гульні «Мора хвалюецца раз», а іх таварыш засняў жывых манекенаў. Ідэя мела велізарны поспех. Зоркі і палітыкі выкарыстоўвалі хайп для набору лайкаў. 34mag звярнуўся да папулярнага фармату, каб падняць вострую праблему сямейнага гвалту. Застылыя, як манекены, людзі і халодны погляд аператара сталі ідэальным ёмішчам для траўматычнай тэмы.
Помнім і пра Ice Bucket Challenge. Не кожны з тых, хто абліваўся ледзяной вадою, ведаў, што акцыя накіраваная на павышэнне дасведчанасці пра бакавы аміятрафічны склероз. Тым не менш Асацыяцыя ALS, якая займаецца даследаваннямі БАС, за тры тыдні флэшмобу атрымала 41 мільён даляраў.
Конкурсы ў сацсетках
Конкурс – эфектыўны спосаб зрабіць аўдыторыю больш лаяльнай. Вядома, гэта не павінна быць задумка ў стылі «iPhone 7 за рэпост». Каб прыцягнуць увагу да нагоды, а не толькі да прыза, рэпостаў недастаткова – стымулюй падпісчыкаў да большай актыўнасці. Напрыклад, на фестывалі DOTYK, дэвізам якога ў 2017-м прызначылі «Вызвалі сваё ззянне!», можна было прыдбаць світшот і калекцыю паштовак за «ззяючую» фотку.
Можаш арганізаваць конкурс фатаграфій або слоганаў, віктарыну або загадку, конкурс на лепшы каментар/подпіс/назву. Тут важна выканаць дзве ўмовы.
Прапанаваць прыз, суразмерны намаганням, якія патрабуецца прыкласці ўдзельнікам. Не варта разлічваць, што хтосьці будзе пісаць паэмы ў сечы за магніцік. А вось за пуцёўку на фіёрды можна і цыкл паэм запытаць.
Вынікі конкурсу павінны быць празрыстымі і сумленнымі. Не дапусці, каб боты-накрутчыкі сапсавалі рэпутацыю тваёй кампаніі. Рандом або экспертнае журы – табе ў дапамогу.
Рассылка па e-mail
E-mail рассылка – інструмент не новы, таму дзіва дзіўнае, што некаторыя кампаніі ўмудраюцца выкарыстоўваць яго ў горшых спамерскіх традыцыях. Здавалася б, чаго прасцей: ствары пісьменны персаналізаваны тэкст, дай яму чалавечы заг, дашлі зацікаўленай асобе – і вось пра цябе ўжо ведаюць і гудзяць.
Прынцып рассылак: менш слоў, больш інфы. Для ўсіх акалічнасцей існуе стары-добры фармат інфармацыйнага бюлетэня, які можна далучыць да асноўнага тэксту. Саму рассылку перагружаць не варта. Хіба што дадаць фразу-другую для стварэння правільнага настрою. Зацані, як гэта робіць Прэс-клуб: «Шаноўныя калегі, у Менску нарэшце сапраўдная вясна, і з вакон Прэс-клубаўскай мансарды штодзень адкрываецца шыкоўны від на заходняе неба і Камароўку. У бліжэйшую сераду ў вас ёсць добрая нагода палюбавацца на гарадскі краявід у файным таварыстве...».
Сканчай e-mail рассылку заклікам да дзеяння: «купі», «ахвяруй», «даведайся больш», «зарэгіструйся» і гэтак далей. Ты ж дзеля гэтага, уласна, і пішаш.
Мы вярнуліся! І зараз адкажам табе на пытанні, чаго чакаць ад нас далей.
Наша калекцыя фірмовага адзення ад 34mag – цішоткі і байкі з нашымі культавымі лозунгамі, – зробленая ў калабарацыі з менскім брэндам LSTR.
Запускаем у Telegram фірмовы стыкерпак 34mag – цяпер табе ёсць што сказаць, калі «курлык» – адзінае, што прыходзіць у галаву.
Дзелімся нашымі планамі на лета – мы не супраць, каб ты таксама карыстаўся(-лася) спісам і паступова выкрэсліваў(-ла) зробленае.Enjoy the Summer!
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
КАМЕНТАРЫ (1)
Дзякуй!