20481 0

Міла Котка

Гутарым з хроснай маці менскага стрыт-арту, куратаркай беларуска-бразільскага фестывалю вулічнага мастацтва Vulica Brasil Мілай Коткай пра тое, як працаваць з рознымі інстытуцыямі, каб дасягнуць неверагоднага – легальнага стрыт-арту ў цэнтры Менска.

 

Чым займаюцца: Праводзяць штогадовы стрыт-арт фестываль Vulica Brasil, у рамках якога бразільскія і беларускія вулічныя мастакі размалёўваюць сцены ў розных лакацыях Менска. Таксама ладзяць выставы, інсталяцыі, лекцыі для зацікаўленых, арганізоўваюць паездкі мастакоў у дзіцячыя дамы.

Дата заснавання: 2014 год.

Структура: Амбасада Бразіліі, яе аташэ Данілу Коста і Міла Котка.

Факты: За два гады правядзення фэсту было створана дзесяць мастацкіх работ – палову зрабілі бразільцы, палову беларусы – на будынках МЗКР (Менскі завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі), Нацбанка, бразільскай амбасады, на жылым доме і офісным будынку. Летась таксама праходзіла выстава ў Цэнтры сучасных мастацтваў і інсталяцыя на плошчы Якуба Коласа. Сёлета арганізатары ў рамках Дня горада зрабілі пешаходнай вуліцу Кастрычніцкую, дзе правялі закрыццё фестывалю.

Кантакты:

 
Сайт  |  FB   |  VK

 

З кім гутарым: Міла Котка, 33 гады, скончыла журфак БДУ, курсы BBC і Deutsche Welle, працавала журналісткай на «Еўрарадыё», мае ступень інструктара ў капаэйры.

 

Гісторыя Мілы

– Я не гарадскі жыхар, вырасла ў невялікім мястэчку. Выдатна памятаю, як першы раз прыехала ў Менск і ўбачыла горад, асветлены ноччу. Для мяне гэта быў шок. Я паядала вачыма паўцені аб’ектаў, назірала: што робяць людзі, калі праходзяць паўз гэты будынак, як падае святло ад гэтай лямпы, якім шрыфтам гэта напісана. Толькі потым я зразумела, што ёсць людзі, для якіх вывучэнне і трансфармацыя ўзаемадзеянняў з гарадской прасторай – прафесія. Яны называюць сябе вулічнымі мастакамі. Тады я загарэлася ідэяй, што хачу жыць у горадзе. Ён быў для мяне жывым арганізмам, ніколі не надакучваў. Я не разумела людзей, якія кажуць: «Менск – нудны». Так, ён быў для мяне нудным нейкі перыяд, але таму, што я вельмі хутка пасля Менска скокнула ў Еўропу.

Там доўгі час я адкрывала для сябе Варшаву, потым Вільню, затым паехала аўтаспынам у першае падарожжа па Украіне, Румыніі, Сербіі, Чарнагорыі, Венгрыі і патрапіла на фестываль Sziget. Там мне наогул знесла мозг, я лічыла, што гэта рай. Месца, дзе збіраецца безліч творчых людзей і кожны сябе праяўляе. Цяпер нам смешна пра гэта казаць як пра нейкае адкрыццё, бо фэсты дайшлі і да нас. Але дзесяць гадоў таму, паверце, гэта было такое прасвятленне, як ад наркотыкаў.

«Горад быў для мяне жывым арганізмам, ніколі не надакучваў»

Самым маім крэатыўным рэсурсам стала капаэйра. Гэтае баявое мастацтва ўвабрала ў сябе ўсе магчымыя культурныя складнікі: музыка, пластыка, перформанс, фізуха, гульня, стратэгія. Плюс – моцная сацыяльная тусоўка, якая дазваляе сабраць цалкам розных па прафесіі і творчых здольнасцях людзей. Капаэйра мяне прывяла наогул на іншы кантынент – у Бразілію, дзе я зусім была збянтэжаная і абяззброеная. Бразілія – гэта рэальна mixed race краіна. Тут мясцовае насельніцтва – індзейцы, плюс каланізатары-партугальцы, іншыя еўрапейцы, плюс афрыканскае насельніцтва, якое туды прывозілі і якое засталося пасля адмены прыгону, японцы, кітайцы, індусы. Каго там толькі няма, і ўсе перамяшаныя. Праз таго, што ў Бразіліі цёплае надвор'е, людзі літаральна жывуць на вуліцы і маюць звычку тусіць дзесьці па-за сценамі сваіх прытулкаў.

Там было шмат раёнаў, распісаных проста літарамі. У Бразіліі гэта называецца не тэгі, а pichação. Pichador’ам клічуць чалавека-флудара, які нястрымна піша абы-што ў інтэрнэце. З аднаго боку, гэта псуе пейзаж, а з другога – штосьці ў тым ёсць, калі стаіць будынак у дзевяць паверхаў і пад кожным акном усё затайлена якімі-небудзь цікавымі літарамі. Гэта тады мяне не прыцягвала, я фатаграфавала візуальныя вобразы, суцэльныя малюнкі, якія з’яўляюцца адметнай рысай бразільскага стрыт-арту. Я нідзе такога не бачыла, бо еўрапейская культура графіці пачалася з напісання сваіх імёнаў, з лэйблаў. Аднойчы я сфатаграфавала подпіс мастака пад графіці ў Белу-Арызонці, горадзе, дзе жыве мой майстар па капаэйры Ражэрыа Фернандэс. Летась ён размаляваў вуліцу Кастрычніцкую.

 

 


Нараджэнне фэсту Vulica Brasil

– Пасля вяртання я зрабіла фестываль бразільскага кіно, потым фестываль танцаў, затым пачала ствараць кафэ Feel Brasil. Завязалася шмат кантактаў, так я пазнаёмілася з цяперашнім аташэ бразільскай амбасады Данілу Коста. Гэта малады open-minded хлопец. Калі ён пачаў працаваць у Менску, адразу прапанаваў: «Мы ў Маскве распісвалі сутарэнні амбасады. У мяне ёсць знаёмыя графіці-артысты. Давай зробім такое ў Менску!» Я пачала ўспамінаць, што графіці я люблю, але неяк неўсвядомлена. Папрасіла два дні падумаць – і ў выніку пагадзілася.

Гэта быў проста чарговы эксперымент, на які я была гатовая, як аўтаспынам па Еўропе паехаць або злятаць у Бразілію. Адразу ў галаве пачалі акумулявацца ідэі. Мы звязаліся з чувакамі з кам'юніці Signal Magazine, і яна распавялі, што ў Менску нерэальна зрабіць такі стрыт-арт. Маўляў, толькі ў спальным раёне, калі дамовіцца з мясцовым ЖЭС і з адміністрацыяй, штосьці атрымаецца. І тут вынікла сутыкненне амбіцый.

«Гэта быў проста чарговы эксперымент, на які я была гатовая, як аўтаспынам па Еўропе паехаць або злятаць у Бразілію»

Я зразумела: са мной у кампаньёнах чалавек, для якога словы «адміністрацыя раёна» і «ЖЭС» мала што значаць, ён аперуе словамі «дзяржава» і «прэзідэнт». Коста прывык
наладжваць двухбаковае супрацоўніцтва ў іншым масштабе. Гэта вялікі поспех і знаходка, што такі чалавек захацеў нешта зрабіць у Менску. Чаму? У нас, беларусаў, ёсць непераадольны комплекс: мы не імкнемся пазнаць тое, чаго не ведаем. Мы на гэта начэпліваем цэтлік «немагчыма», апускаем лапкі і ля першага слупа, у які мы ўрэзаліся, кажам: «Усё так дрэнна, нічога не можам зрабіць». Калі паглядзець гісторыю любога паспяховага праекта альбо чалавека – усім давялося змагацца за свой поспех, усім па пяцьсот разоў адмаўлялі. Таму было вельмі важна працаваць з чалавекам, які з іншай структуры, з іншым бэкграўндам і таксама верыць у супольную ідэю.

 

 

 

Праца з адміністрацыяй горада

– Мы пачалі крок па кроку даследаваць, як жа тут зрабіць легальны стрыт-арт. Гэта была суцэльная імправізацыя. Мінгарвыканкаму ідэя спадабалася, але ў іх проста не існавала апарата і механізму, як можа дазволіць фестываль стрыт-арту. Ім па ходзе давялосяпрыдумляць рашэнні. Стрыт-арт – гэта ўсё ж такі сур'ёзная задумка, малюнкі, якія бачаць усе, іх не сатрэш на заўтрашні дзень. Таму я разумею іх асцярожнасць.

«Трэба паглядзець чалавеку ў вочы і сказаць: “Я за ўсё адказваю. Калі трэба, я заўтра ж прыйду, сама ўсё зафарбую ў той жа колер – шэры, карычневы”»

Як удалося іх пераканаць? Зразумела, слова «стрыт-арт» мы не ўжывалі, «вулічнае мастацтва» – таксама, бо слова «вулічнае» мае дрэнную канатацыю, мы прыдумалі сур'ёзную фармулёўку – «манументальная мастацкая праца». Метафары прыходзілі ў галаву ў залежнасці ад таго, з кім ты маеш зносіны. Камусьці нагадвалі: «Гэта як Эйфелева вежа ў Парыжы. Спачатку мясцовыя жыхары з асцярогай на яе глядзелі, а зараз той культурны здабытак прыцягвае турыстаў». Хтосьці адразу разумеў, хтосьці добра ставіўся, але разводзіў рукамі. У нашай дзяржаве, на жаль, ніхто не хоча браць на сябе адказнасць. Я выдатна разумею чаму: кожны крок мусіць узгадняцца з кімсьці «зверху». Пакуль усе нашы дакументы, усе нашы паперы не прайшлі ўсе магчымыя інстанцыі аж да адміністрацыі прэзідэнта, дабро нам не далі.

 

Часта мне даводзілася гаварыць магічную фразу, пасля якой усё пачынала працаваць: «Я за ўсё адказваю». Трэба паглядзець чалавеку ў вочы і сказаць: «Я за ўсё адказваю. Калі што, я заўтра ж прыйду, сама ўсё зафарбую ў той жа колер – шэры альбо карычневы». Колькі я прамаўляла гэтую фразу летась, не памятаю, але ў пэўны момант яна пачала мне вельмі падабацца, таму што спрацоўвала як чароўная палачка. Усё добра, усё дамоўлена, усё спакойна, працуем, хлопцы.

 

 

Супрацоўніцтва з партнёрамі

– Праект Vulica Brasil некамерцыйны, таму ўсё, што мы робім, – гэта ўкладваем кучу сваёй энергіі. У першым праекце самым цяжкім была не праца з адміністрацыяй, а праца з аднадумцамі. Яны больш за ўсё ладзілі экзістэнцыяльныя пасткі замест таго, каб адкінуць нейкія моманты і ісці да агульнай мэты. Другі фестываль быў перафарматаваны, мы ўжо выбіралі тых, з кім працаваць. Таму сёлета было нашмат лягчэй: калі ёсць прыклад, ты надалей працуеш метадычна.

Работу з партнёрамі пачынаеш са знаёмых. Напрыклад, МЗКР – шукаеш тых, хто на заводзе здымаў студыю, тэлефануеш і пытаешся: «Ты не ведаеш, ці можна там з кім-небудзь дамовіцца, каб маляваць на іх сценах?» – «Ой, не, яны непрабівальныя». Такія фразы кажуць практычна ўсе, але насамрэч дастукацца да чалавека, які прымае рашэнні, у нас можна. Галоўнае – гаварыць з правільнымі людзьмі і толькі з імі. Альбо гісторыя з будынкам Нацбанка. Усе казалі: «Ды вы што, зусім з глузду з’ехалі?» А Нацбанк адказаў: «Цікавы праект! Вы што, думаеце, мы тут усе кансерватыўныя бюракраты? Мы любім творчыя смелыя думкі. Давайце толькі абярэм нармальнага мастака, каб было нешта цікавае». Асмеліцца на такое было выклікам, гэта было як жарт. А аказалася, што самае амбіцыйнае і самае страшнае апынулася самым рэалізуемым.

«А Нацбанк адказвае: “Цікавы праект! Вы што, думаеце, мы тут усе кансерватыўныя бюракраты?”»

Удвая прыемна, што Vulica Brasil атрымаўся не таму, што вялікі дзядзька за гэта заплаціў. Але наогул я нічога супраць камерцыйных грошай не маю. Я лічу, што трэба ўмець працаваць з камерцыйнымі структурамі. Гэта вельмі важна. Чаму? Бо ўсім нам, хто б што ні рабіў у гэтым жыцці, трэба нейкае апраўданне. А творчасць – самая лепшая фіксацыя сэнсу, які мы ўсе дзесьці ў сабе хаваем, шукаем.

Я з задавальненнем адзначыла дзіўную рэч: мы змаглі аб'яднаць практычна ўсе структуры горада. У нас атрымалася дамовіцца і з дзяржаўнымі структурамі – адміністрацыяй, Нацбанкам, буйнымі камерцыйнымі праектамі, – з нашымі партнёрамі Montana, Аліварыя, і з малымі камерцыйнымі структурамі – Enzo, ДЭПО, Moby Dick. Летась таксама ўдзельнічала друкарня «СНАМИ» і фарбы Condor. Мы працавалі з незалежнымі мастакамі, незалежнай тусоўкай Менска. Усё пачало акумулявацца і валіцца на гэтую вуліцу Кастрычніцкую. Гораду неабходна самавыяўленне. Калі ты даеш грунт, хутка ўзыходзяць кветкі. Вельмі прыемна было стаць такім грунтам.

 

 

 

Супрацоўніцтва з мастакамі

– У мінулым годзе мы абяцалі прывезці Os Gemeos, а яны па сямейных абставінах не змаглі даехаць у Менск. Таму, калі ў іх з'явілася фортка сярод мільёна глабальных праектаў ад Нью-Ёрка да Барселоны, мы прызначылі дату другога фестывалю.

Гасцей прыемна было зацікавіць новай для іх прасторай. У Бразіліі для мастакоў знайсці свабодную сцяну – раскоша. Яны дзеляць яе на тры часткі і ладзяць трыпціх, каб усім траім можна было выказацца. Прыехаць у горад, дзе не было яшчэ стрыт-арту, – вядома, гонар. Быць першым – хто ад такога адмовіцца? У Os Gemeos вочы гарэлі: «Ды ў вас тут наогул няма стрыт-арту? Божа, ды мы тут усё размалюем, мы прыедзем, самі прыедзем, колькі каштуе кватэра ў Менску?» Бразільцаў вельмі кранала гэтая ідэя тэра інкогніта, горада, краіны, пра якія яны мала што ведаюць. Мясцовым творцам было цікава працаваць разам з зоркамі бразільскага стрыт-арту. Cowek казаў, што кніга з працамі Os Gemeos сталася для яго адной з ключавых у свой час. Маляваць побач са сваімі натхняльнікамі – гэта крута.

«У Бразіліі для мастакоў знайсці свабодную сцяну – раскоша»

Я зразумела: калі табе падабаецца праца мастака, тое, як ён малюе, то з гэтым чалавекам лёгка знайсці агульную мову. Самае дрэннае – гэта мець зносіны праз пасрэднікаў. Якімі ты мастакоў уяўляеш, размаўляючы з іх менеджарамі, і якія яны ёсць насамрэч – розныя рэчы.

 

 

Вынікі

– Мы з'ясавалі, што мы піянеры і першапраходцы, што калі мы возьмем Менск, далей усім будзе прасцей. Толькі скончылася Vulica Brasil, я ўжо ведаю тры праекты, якія адбываюцца ў адзін і той жа час. Наш мастак Kontra намаляваў для «Аховы птушак Бацькаўшчыны» саву, Міця Післяк малюе на Карла Маркса, Signal робіць праект Urban Myth. Лёд крануўся, і ўсе ад гэтага адно выйграюць. Наш фокус увагі быў на цэнтр Менска, а калі стрыт-арт пасуе да ключавых будынкаў у сэрцы горада, то яму месца ўсюды.

Вулічнае мастацтва – гэта моцны інструмент абудзіць тое, што ёсць унутры кожнага чалавека. Бразільцы – вельмі эмацыйная нацыя, гэта яе вельмі адрознівае ад еўрапейскіх, асабліва паўночных народаў. Любыя іх творы скіраваны на тое, каб абудзіць у цябе эмоцыю. Ты можаш успомніць, што значыць быць чалавекам: хочаш усміхнуцца, заплакаць, абняць кагосьці, дапамагчы. Пачынаюць нараджацца адносіны. Без эмоцый нараджаюцца... схемы. Мы часта па схеме працуем, па схеме робім. Мне здаецца, прырода чалавека нашмат багацейшая за схемы.

«Стрыт-арт – гэта наўпроставая камунікацыя з жыхарамі, у гэтым сэнсе Менск – горад цнатлівы»

Я ў захапленні ад таго, што зараз адбываецца ў гэтым строгім адміністрацыйным раёнчыку на Энгельса (тут месціцца амбасада Бразіліі, якая сёлета была размаляваная – 34mag), туды кожны дзень ідуць фатаграфавацца, а студэнты Ліцэя БДУ прыходзяць кавы папіць, гледзячы на гіганта Os Gemeos. Я бачу жывых людзей, а не закатаваных працай з дзевяці да сямі. Стрыт-арт – наўпроставая камунікацыя з жыхарамі, у гэтым сэнсе Менск – горад цнатлівы. Адчуўшы гэтую камунікацыю, адчуваеш і тое, што і горад насамрэч жывы. Людзям проста трэба даць падставу казаць пра свае пачуцці.

Яшчэ рана гаварыць пра далейшыя планы, але справа ўжо не надта ад нас залежыць. Шмат хто пытаецца: «Ну а што ў наступным годзе? Каго вы прывозіце? А што будзе?» Напэўна, цяпер недарэчна спыняцца, але, з іншага боку, ёсць такое паняцце, як умеранасць – мо хопіць, мо трэба даць людзям адпачыць. Падумаем пра гэта вясной. Os Gemeos нават хацелі быць куратарамі, прывезці маладняк з Сан-Паўлу. Працяг сапраўды просіцца, і маем ужо тысячу ідэй, дзе і як.

 

Фота by Караліна Палякова


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.