Чым заняцца ў 2018-м?

  • 11.01.2018
  • 24881

 

Калі ты пакутуеш пад цяжарам вольнага часу, цябе для пачатку варта занесці ў «Кнігу выдуманых істот» Борхеса, ну а потым нагрузіць чымсьці карысным для сябе, блізкіх або свету. Не ляжаць жа на канапе ў халаце і ляніва клікаць: «Заха-а-а-ар!» У цябе, бадай, прозвішча не Абломаў, ды і Захара ніякага няма.

 

 1   Разгрэбці хлам.  Напэўна ў цябе назапасіліся рэчы, якія ўжо не працуюць або проста не радуюць. Самы час паправіць радыёпрымач, наладзіць яго на якую-небудзь дзіўную хвалю і паплыць па ёй без зваротнага квітка. Вельмі дарэчы ў Менску падхопліваюць рух за захаванне старых рэчаў: хутка адбудзецца першая тусоўка Repair Cafe, дзе плануецца чыніць УСЁ. Бяры зламаны блэндар, дзіравы дафлкот, драную кніжку і што там у цябе яшчэ ёсць.

 

 2   Пазбавіцца ад лішняга адзення.  Навошта яшчэ патрэбныя ўсе гэтыя групы «Аддам задарма» ў сацсетках? І пра KaliLaska не забывай, калі ласачка.

 

 3   Разабрацца ў пермакультуры.  Надоечы ў нас выйшаў падрабязны матэрыял пра альтэрнатыўнае агародніцтва. На фоне трэнду make village great again, які распаўсюджваецца сярод «творчай інтэлігенцыі», табе гэта можа спатрэбіцца, калі здабудзеш домік у вёсцы. Ну, ці паспрабуеш укараніць новы фармат дыялогу з матухнай-зямлёй на бацькоўскім лецішчы.

 

 4   Прайсці медычнае абследаванне.  Флюра, стаматолаг, гінеколаг, аналіз крыві – нармальная праграма чалавека, які хоча заставацца прадуктыўным (і жывым). У паліклініках даўно не каменны век, а пачуццё задавальнення ад таго, што клапоцішся пра сябе, – бясцэннае.

 

 5   Адкрыць IП.  Калі пакорліва прыняць некаторыя рудыменты, накшталт абавязковай Кнігі скаргаў і прапаноў, зарэгіць ІП – справа хуткая, карысная і перспектыўная. Да таго ж слова «прадпрымальнік» такое сур'ёзнае, што адразу хочацца штосьці прадпрымаць.

 

 6   Намаляваць комiкс Ці забамбіць уласны зін. Зін – гэта такая самвыдатаўская штука, якую лёгка стварыць пры дапамозе паперы, нажніц, клею, стоса старых часопісаў і шалёнай фантазіі. Гатовы зін можна пусціць па руках, потым выпадкова сустрэць дзесьці ў кавярні і адчуць сябе вялікім(-ай).

 

 

 

 

 7   Зганяць у Маладзечна І з'есці ўжо той самы лацінаамерыканскі бургер.

 

 8   Паглядзець найстарэйшае фемінісцкае кіно made in Belarus.  Гучыць неверагодна, глядзіцца таксама з адчуваннем лёгкай вар'яцінкі. Паспрабуй абавязкова!

 

 9   Схадзіць у оперу.  Як сёння спажываць гэтае мастацтва, якое для многіх насоў папахвае бабулінай шафай, мы ўжо распавядалі. Каб не зусім па хардкоры, пачні з «Іяланты». Ідэальная сітуацыя, каб выгуляць сябе ў святочным: адразу і спіна раўней трымаецца, і нахіл галавы становіцца нібыта арыстакратычным.

 

 10   Паваланцёрыць Звычайны пункт для лістынгаў у стылі «99 рэчаў, якія трэба паспрабаваць да 30». Але наогул валанцёрыць варта заўсёды, калі чэшацца. Мы нястомна пішам пра ўсялякія пачынанні і актывістаў. Далучайся да хлопцаў і дзяўчат з агеньчыкам у вачах.

 

 11   Выбраць, на што ты спусціш апошнія грошы ў кніжным.  Выдавецтвы рыхтуюць радасныя штукі як для аматараў «мастліту», так і для тых, хто чытае толькі «па справе». Якое-небудзь «Палявое кіраўніцтва для навуковых журналістаў» або «Дыялог: Мастацтва слова для пісьменнікаў, сцэнарыстаў і драматургаў» відавочна падвысяць твой прафесійны кошт.

 

 12   Прачытаць кнігу без вокладкі.  Спісы абавязковага да прачытання даўно не маюць сэнсу: тупа немагчыма паспець усё. Так што даверся сэрвісу рандому і спампуй кнігу, якую падсуне робат. Хто ведае, можа, гэта абернецца тваім лепшым бібліяфільскім вопытам?

 

 

 

 13   Закахацца ў дакументальнае кіно.  Не трэба блытаць дакументалкі з тэлефільмамі, дзе закадравы голас чытае з паперкі Вікіпедыю. Іншая дакументалка вартая трох мастацкіх фільмаў і дзесяці артыкулаў на актуальную тэму: эмоцыі, уражанні, веды – усё ў адным флаконе. Пашукай у інтэрнэце штосьці з праграмы Watch Docs або спіса «Афiшы Daily». Можаш пачаць са «Скрыжавання» беларускай рэжысёркі Анастасіі Мірашнічэнка, якую вельмі любяць на еўрапейскіх фестывалях.

 

 14   Схадзіць у лазню.  Там занадта добра, каб пасылаць туды іншых.

 

 15   Паспрабаваць спорт.  Можа падборка інстаграм-акаўнтаў DIY-спартсменак і спiс самых папулярных кампазіцый для трэніровак неяк наблізяць цябе да гэтага неверагодна адказнага кроку. Калі ў спартзале занадта сумна, можаш далучыцца да DIY-праекта «Здольная», прыйсці на адкрытую трэніроўку па рэгбi (у Беларусі ёсць і хлапчуковыя, і дзяўчынкавыя каманды, куды прымаюць усіх жадаючых), паспрабаваць сквош або батуты.

 

 16   Паглядзець самую дзіўную лекцыю ў сваім жыцці.  «Як вызначыць паравіну года па струмені берыліевых нейтрына?», «Чаму квантавы камп’ютар можа стаць пагрозай блакчэйну?», «Чым скончылася супрацоўніцтва французаў і якабінцаў у 18-м стагоддзі?». Ліха яго ведае, ці зможаш ты потым бліснуць у застольнай гутарцы новымі ведамі, але раптам.

 

 17   Павучыцца.  Глядзі ў нашу афішу: знойдзеш там не толькі заняткі ў стылі «забіць час» і «знайсці натхненне», але і ўсякія розныя курсы ілюстрацыі, UI/UX-дызайну, кіравання праектамі і гэтак далей.

 

 18   Наведаць усе мерапрыемствы, што ёсць на тыдні.  Калі ты цяпер у Менску, то маршрут шалёнага(-ай) івэнтшчыка(-цы) для цябе пракладзе тэлеграм-канал Minsk Not Dead.

 

Вiзуал by palasatka & Таня Капiтонaва