Пермакультурная рэвалюцыя

  • 09.01.2018
  • Аўтар: 34mag
  • 37471

 

З аднаго боку, мы пакараем прыроду, з іншага – яна нам не вельмі і падпарадкоўваецца. Памідоры і суніцы мы можам набываць круглы год, але на смак яны падобныя да ваты. Мы можам пераўтварыць любы ландшафт, але чамусьці пасля гэтага ён ператвараецца ў пустыню, а ядахімікаты, якія павінны былі знішчыць усіх шкоднікаў, знішчаюць заадно і саміх зборшчыкаў ураджаю. Калі экалагічна свядомы лад жыцця для цябе ўжо штодзённы, то самы час пераходзіць на наступны ўзровень. Распавядаем, што такое пермакультура і чаму галоўныя навыкі пермакультурнага садоўніка – лянота, назіранне і разважанне. Дарэчы, гэта можна прымяніць не толькі для агарода!

 

 

З чаго ўсё пачалося?

Усё пачалося з чалавека на імя Біл Молісан. Маладосць ён правёў у роднай маленькай вёсцы ў Тасманіі, паспеўшы папрацаваць лесніком, млынаром і паляўнічым, а потым працаваў біёлагам у розных кутках Аўстраліі і выкладаў у Тасманійскім універсітэце.

Тое, што ён назіраў падчас сваёй працы, яму зусім не падабалася: знікалі лясы, рыбы і водарасці ля ўзбярэжжа, ураджаі падалі, нягледзячы на хімічныя рэчывы. У пагоні за звышураджайнасцю чалавек падышоў да мяжы тых рэсурсаў, якія здаваліся яму невычэрпнымі. Біл Молісан задумаўся, чаму існуючыя сістэмы знясільваюць зямлю – у той час як традыцыйныя культуры па ўсім свеце доўгі час існуюць на адным і тым жа ўчастку, не знясільваючы яго.

Біл Молісан і яго паплечнік Дэвід Холмгрэн вырашылі вывучыць, як дзейнічаюць традыцыйныя культуры, і прымяніць гэта на практыцы. З гэтага абагульненага вопыту з'явілася канцэпцыя пермакультуры – пастаяннага земляробства, перманентнай агракультуры (permanent agriculture), сістэмы дызайну на аснове экалагічна мэтазгодных мадэляў.

Ужо потым, у 1990-я, стаў вядомы Зэп Хольцэр – у Расіі ў асноўным ведаюць менавіта яго пермакультуру.

Адрозненні паміж ім і Білам Молісанам – прыкладна як паміж тэрапеўтам і хірургам. Зэп Хольцэр – хірург, ён сам стварае ландшафт, які яму патрэбны. У Беларусі сярод тых, хто прытрымліваецца прынцыпаў пермакультуры, большасць прыхільнікаў Біла Молісана.

Ірына Сухій, тады старшыня грамадскага аб'яднання «Экадом», у 1994 годзе была на яго семінары і прывезла гэтую ідэю ў Беларусь. Пасля «Экадом» праводзіў семінары для тых, хто хоча навучыцца пермакультурнаму дызайну, і стварыў каманду пермакультурных дызайнераў і трэнераў. Ніжэй – пра пермакультуру Біла Молісана.

 

 

 

Што такое пермакультура?

Як растлумачыць, што такое джаз? Адзін музыка адказаў: «Джаз – гэта тое, пра што ўсе ведаюць, што гэта джаз». Тое ж самае з пермакультурай. Гэта падыход, які мае сваю цэласнасць. Пермакультура разглядае не толькі элементы, але і сувязі паміж імі, усю сістэму ў цэлым. Немагчыма стварыць паказальны ўчастак з пермакультурнай градкай. Гэта супрацьлегласць пермакультуры: узяць які-небудзь элемент, змясціць яго ў пустую прастору і сказаць, што гэта пермакультура. Гэта сістэмны падыход, і раздзяліць яго на часткі немагчыма.

Для вопытных садаводаў такі ўчастак можа выглядаць дзіўна. У прыродзе няма прамых ліній, голай глебы і монакультуры, таму ў пермакультуры няма звыклых прамых градак, запоўненых раслінамі аднаго віду. Градкі закручваюцца ў спіралі, гародніна расце ўперамешку з кветкамі, а пустазелле з ненавіснага ворага ператвараецца ў расліны, якія абараняюць глебу.

Пермакультура – гэта сістэма дызайну, якая займаецца раслінамі, жывёламі, будынкамі і інфраструктурай (сюды ўваходзяць вада, энергія і камунікацыі). Задача пермакультуры – распрацоўваць такія сістэмы, якія былі б эканамічна жыццяздольныя і мэтазгодныя з экалагічнага пункту гледжання. Гэта значыць, што яны мусяць забяспечваць самі сябе, не знясільваць і не забруджваць навакольнае асяроддзе: так яны могуць існаваць вельмі доўга.

Пермакультура ўключае ў сябе філасофію, практыку, этыку і эканоміку. Усё заснавана на здаровым сэнсе і законах прыроды: калі ты пойдзеш супраць іх і будзеш упарта саджаць цеплалюбівыя расліны ў халодным клімаце, ты толькі змарнуеш энергію і сілы. Этыка пермакультуры кажа пра каштоўнасць любога жыцця, а не толькі таго, якое карысна для чалавека.

 

 

 

Як выглядаюць пермаўчасткi?

Абароненая раслінамі глеба замест глыбокага ўзворвання і пастаяннай праполкі

Змешаныя пасадкі замест монакультуры

Біялагічная абарона раслін (іншыя расліны, птушкі, шкодная жамяра) замест пестыцыдаў

Выкарыстанне існуючага рэльефу і прыродных формаў замест пераробкі ўчастка і
прамалінейных градак

Выкарыстанне мясцовых устойлівых відаў і сартоў

Энергаэфектыўнае планаванне і выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі

 

 

 

Прынцыпы пермакультурнага мышлення

Вучыцца ў прыроды

Супрацоўнічаць, а не змагацца

Мінімум намаганняў – максімум выніку

Ператвараць перашкоды ў памочнікаў

Ураджай не абмежаваны памерамі і якасцю ўчастка

Пачынаць з малога

Браць на сябе адказнасць

 

 

 

 

 Як пачаць прымяняць прынцыпы пермакультуры? 

 

 

Інвестуй у назіранне

Спачатку трэба выдаткаваць час на назіранне і вывучэнне. Калі гэта ўчастак, назіранне мусіць доўжыцца год, каб ахапіць усе сезоны. Табе трэба зразумець, як рухаецца сонца, як растае снег, адкуль дзьме вецер. Гэта для людзей, у якіх ёсць час, але гэты час, як бы страчаны спачатку, вернецца эфектыўнасцю сістэмы. Гэта твая інвестыцыя.

Пасля аналізуй свае патрэбы і магчымасці – і старайся іх сумясціць. Важна не проста прыйсці з перакананнем, што табе нешта трэба, і паспрабаваць усё перакроіць пад гэта. Важна рабіць устойлівую сістэму. Сюды ўваходзіць і другаснае выкарыстанне рэсурсаў, і эканомія, і тое, што мы не толькі забіраем энергію, але і вяртаем.

 

 

 

Расліны супрацоўнічаюць

Яшчэ адзін важны прынцып: гэта не канкурэнцыя, а супрацоўніцтва. Унутры сістэмы сувязі выбудоўваюцца так, каб элементы не канкуравалі, а дапамагалі адно аднаму. Напрыклад, для раслін, якія могуць быць канкурэнтамі, ты ствараеш такія ўмовы, што кожная мае сваю нішу. Калі адна расліна зацяняе – пасадзі побач такую, якой патрэбны цень.

Пасадзі на адной градцы бульбу, бабы і аксаміткі. Гэтыя расліны будуць дапамагаць адно аднаму: аксаміткі і бабы, напрыклад, будуць адпужваць каларадскага жука. Пры гэтым ты не забіваеш жукоў і заадно іншых насякомых, не забруджваеш ваду і зямлю, не атручваеш сябе пестыцыдамі – і ў выніку атрымліваеш большы ўраджай, чым калі б на градцы расла толькі бульба ці толькі бабы, – расліны супрацоўнічаюць.

 

 

 

Гэга для лянівых

Іншы важны прынцып – кожны элемент мае шмат функцый, і кожная функцыя забяспечваецца некалькімі элементамі. Напрыклад, калі на тваім участку патрэбная вада, яе крыніцай могуць быць сажалка, падземныя воды і дажджавая вада. Сажалка стабілізуе тэмпературу, дае ваду і робіць асяроддзе разнастайным. Вада прыцягвае птушак і стракоз, якія ядуць шкоднікаў у садзе, павялічвае размаітасць раслін, так што шкоднікі не змогуць знішчыць іх усе. Экасістэма балансуе: чым больш разнастайных элементаў, тым больш яна ўстойлівая. Гэта і ёсць мэта пермакультуры – зрабіць збалансаваную экасістэму, якая будзе працаваць без умяшання чалавека. Пермакультура – гэта для лянівых. Фізічнай працы тут менш за кошт працы інтэлектуальнай.

 

 

 

Павольныя рашэнні

Пермакультура прызнае павольныя рашэнні. Калі дрэвы ў тваім садзе захварэлі, ты можаш апырскаць іх хімічнымі рэчывамі, а можаш наогул махнуць на іх рукой і ссекчы. Павольнае рашэнне – паглядзець, у чым карані праблемы і як яна звязана з іншымі элементамі вакол. Магчыма, для гэтага прыйдзецца нейкі час нічога не прадпрымаць і проста назіраць за тым, што адбываецца. Пасадзіць побач іншыя расліны. Прыцягнуць драпежных птушак ці насякомых. Гэтае рашэнне спрацуе не імгненна, але вынікі будуць доўгатэрміновымі.

 

 

 

Спіральная градка і патэрны

Візуальна ў пермакультуры ёсць свае пазнавальныя фішкі, напрыклад спіральная градка. Яна дазваляе на невялікім участку зямлі стварыць розныя зоны для розных раслін. Звычайна ўнізе знаходзіцца невялікі вадаём, а ад яго спіраллю закручваецца градка. Унізе вільготна, з аднаго боку – цень, з іншага – сонца і суха. Можна пасадзіць расліны так, каб кожнае знайшло сваё месца і расло з мінімальным умяшаннем чалавека, так што іх не трэба нават паліваць.

Яшчэ адна фішка – патэрны. Патэрны – гэта шаблоны, узоры, якія паўтараюцца. Яны могуць быць візуальнымі або слыхавымі. Уся прырода працятая імі на розных узроўнях. Самы просты прыклад – аднолькавае галінаванне рэчышча ракі, венаў чалавека, дарогі, галінак дрэва, маланкі. Гэта працэсы, у якіх ёсць нешта агульнае. Патэрны выкарыстоўваюцца пры планаванні і дызайне як гатовыя шаблоны. Гэта можа быць патэрн слімака, які кампактна аб’ядноўвае мяжы, патэрн галінавання або сеткі.

 

 

 

Важна, што ты робіш

Пермакультура – гэта не толькі набор інструментаў. Ёсць малаток і дрыль, але галоўнае не яны, а тое, што ты робіш з іх дапамогай. Пермакультура – гэта кіраванне працэсамі, струменямі энергіі і рэсурсамі як сістэмай. Зараз актывізуюцца рухі грамадскіх агародаў і гарадскіх садоў, падзел і перапрацоўка адкідаў, сумеснае выкарыстанне, шэрынг чаго заўгодна – ад сукенак да аўтамабіляў. Эканоміка замкнёнага цыклу (circular economy) – гэта таксама ўвасабленне пермакультурных прынцыпаў.

 

 

 

Дзе вучыцца пермакультуры?

Практычна ва ўсіх краінах ёсць арганізацыі, якія прапагандуюць пермакультуру: шукай тэматычныя супольнасці ў Швецыі, Вялікабрытаніі, ЗША. Часта да спецыялістаў па пермакультуры можна прыехаць на практыку і паглядзець, як усё ўладкавана ў іх гаспадарцы. Можна знайсці і семінары ў суседніх краінах – Украіне, Расіі і Польшчы.

У Беларусі звяртайся ў экалагічную ўстанову «Агра-Эка-Культура»: яны рэгулярна праводзяць адукацыйныя мерапрыемствы для фермераў і дачнікаў і кансультуюць па запыце. Ёсць і анлайн-трэнінгі: напрыклад, шведска-брытанская зорка пермакультуры Рычард Перкінс вядзе спецыяльны курс. Старт – 12 студзеня.

 

 

 

 

Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Лане Семенас і экалагічнай установе «Агра-Эка-Культура»

 

Візуал www.ridgedalepermaculture.com