Як ты ўяўляеш сабе вобраз сярэднестатыстычнага беларуса? Напэўна, гэта патрапаны жыццём чувак або чувіха сярэдняга ўзросту, якія вечна імкнуцца ў «папіцот», але вечна трапляюць толькі ў спісы «дармаедаў» і ў няспраўныя сітуацыі. Сумная карціна – комікс з яе не намалюеш. Хіба што нуарны.
А вось аўтары новага беларускага панк-трэш-індзі-комікса «Круты пацан» з такім бачаннем сітуацыі не згодны карэнным чынам. Беларус, вачыма Жэні і Мішы, вусаты, плячысты, упэўнены ў сабе, катаецца на скейце, есць шавуху з Камароўкі і слухае панк-рок. І ў такі расклад хочацца верыць куды больш. Асабіста я з задавальненнем жыў бы ў краіне, дзе такія вось «крутыя пацаны» – асноўны пласт насельніцтва.
На прэзентацыі «Пацана» ў легендарным для нашых коміксных гікаў Time to be a hero сабралася чалавек 20. Не тое каб шмат, але ў маленькім памяшканні крамы гэта выглядала як «амаль солд-аўт». Жэня і Міша пераступалі з нагі на нагу, стоячы ля праектара. «Гісторыя на трасянцы пра вусы, шавуху і крутасць вырачаная на поспех!» – крыкнуў нейкі чувак з натоўпу. Хлопцы ўдзячна кіўнулі.
Жэня: Так-с, напэўна можна пачынаць. Усім прывітанне, мяне завуць Жэня, гэта Міша, і мы намалявалі комікс.
Усе 20 чалавек сінхронна і з «разуменнем» заапладзіравалі, быццам бы гэта сход ананімных алкаголікаў і ўсе прысутныя хворыя на адно і тое ж. Збольшага так і было. Не хапіла толькі працяглага: «Прывіта-а-анне, Жэ-э-эня! Прывіта-а-анне, Мі-і-іша!»
Жэня: Дзякуй! Дзякуй!
Міша: Ён прасценькі, ён дурненькі, ён смешны, але мы яго вельмі любім, спадзяемся, што вам таксама спадабаецца.
Жэня: І вы купіце ў нас увесь наклад!
Міша: Менавіта!
Жэня вучыцца на мастацкім, а Міша на рэжысёрскім. Абодвум па 18 гадоў. Уласна, іх абавязкі па стварэнні комікса былі размеркаваны згодна з іх будучымі прафесіямі: Міша адказваў за сцэнар і непаўторныя жарты пра «вусы» і «крутасць», а Жэня маляваў увесь гэты экшн, філігранна падводзіў цені на шавусе. Вынік, забягаючы наперад, атрымаўся ў пару самому Пацану – неймаверна крутым, памножаным на адзінку ў дзясятай ступені крутасці.
Міша: З чаго пачаўся наш «Пацан»? Я прыдумаў гэты выдатны і непаўторны вобраз вусатага, наскрозь прасякнутага тэстастэронам хлопца, натхніўшыся кліпам на песню Baby шведскага гурта Royal Republic. Адразу ж было вырашана, што наш Крутыш будзе вучыцца ў школе, ганяць на скейце, слухаць Sum 41 і жудасна баяцца ўколаў!
Жэня: Як вы ўжо, напэўна, здагадаліся, шукаць у нашым коміксе глыбокі сэнс дарэмна.
Міша: Менавіта! Гэта проста вобраз, у які мы хацелі запіхнуць самыя тупыя жарты, якія прыйшлі ў нашы галовы.
Жэня: Там увогуле і чытаць няма чаго, можаце разыходзіцца! Я сур'ёзна!
Уся далейшая прэзентацыя праходзіла ў фармаце бясконцага стэндапу. Хлопцы аказаліся вельмі жывымі і слухаць іх было сапраўды цікава. На некаторых «панчах» зала моцна так іржала ў голас.
Мне было прыемна даведацца, што хлопцы не коміксныя гікі і шараць у іх прыкладна гэтак жа, як любы смяротны: «“Скот Пілігрым”, “Горад грахоў” і трошачкі “Чалавек-павук”». «Круты пацан» быў створаны выключна па фане, і хлопцы не чакалі ад яго нічога асаблівага. Тым пацешней было бачыць іх твары пасля таго, як піцерскае выдавецтва «КомФедэрацыя» надрукавала іх дзецішча тысячным накладам, а людзі ўжо вышнураваліся да іх у чаргу па аўтографы.
Міша: Самы цікавы факт – чырвоная павязачка на галаве ў Пацана. На ёй напісана «T.Z.». Можа, хто-небудзь скажа, што гэта такое? Падаруем комікс!
*Голас з залы*: Тэхнічнае заданне...
Жэня: Ноўп!
– Трактарны завод?
Так я выйграў на халяву асобнік комікса. Хто б мог падумаць, што Трактарны завод прынясе мне ў жыцці нейкія нішцякі.
Міша: Я проста сам з Трактарнага, мне жудасна хацелася прыўнесці ў комікс нешта роднае. А, дарэчы, наша шавуха таксама была натхнёная той самай шаўрмою з «Міража»!
*Голас з залы*: Еессс!
Жэня: Ха-ха! Хтосьці гэтаму вельмі рады, мяркуючы па ўсім!
У лёгкай, нязмушанай манеры, балансуючы на мяжы спойлераў, хлопцы расказвалі пра сваіх персанажаў, сярод якіх: непаўторны маэстра Круты Пацан, яго сябры-задроты Алёша і Данік і галоўны антаганіст Пацана – злы і падступны Ігнат.
Міша: Увогуле ўся нянавісць Пацана да Ігната будуецца на тым, што Ігнат «кучаравы», «не глядзіт фільмы з Джэкі Чанам», «чытае сцішкі», «не слухае рэп» і «кучаравы яшчэ раз». Персанажаў і сюжэт, калі гэта можна так назваць, прыдумаў я, а Жэнька цалкам адказваў за малюнак. А вось другая гісторыя ў нашым «зіне» (так называецца аматарскі, фанацкі комікс) ужо цалкам яго аўтарства.
Сам комікс першапачаткова планавалі выдаць на беларускай мове, але праз тое, што «КомФедэрацыя» будзе прадаваць частку накладу ў Расіі і мова, паводле меркавання заказчыка, апынулася занадта складанай для ўспрымання, было вырашана замяніць яе трасянкай. Так з’явіліся словы «вукол» і «ізвініце». Але насамрэч гэта не зменшыла аўтэнтычнасці комікса. Нават наадварот: часам здавалася, што Крутыш грае ў гурце «Разбітае Сэрца Пацана». А сэрца яму разбіла адсутнасць падліўкі ў шавусе.
Жэня: Калі я даведаўся, што нашага «Крутыша» хочуць выдаць, я натуральна афігеў і адразу патэлефанаваў Мішу. Пасля таго, як ён пракрычаў пяць хвілін у слухаўку, мы сталі ўжо больш прадметна ўсё абмяркоўваць. Я нават параіўся з бацькамі. Маму, натуральна, больш за ўсё хвалявала: «А колькі заплацяць?» На што я адказаў: «Ды якая розніца, нас жа выдаюць, мы амаль рок-зоркі, ма-а-ма-а!» Цяпер ужо ў хлопцаў з «КомФедэрацыі» нават ёсць нейкія планы на мерч.
Міша: Пра гэта і многае іншае вам раскажа містар Сцяпан!
Жэня: Матані-ка слайды назад. Вось, усё, стоп! Та-да-а-а!
На экране з’явілася фотка барадатага хлопца, вочы якога хітра пазіраюць на першыя асобнікі коміксу. Гэты ж хлопец падняўся да артыстаў на сцэну.
Сцяпан: Так-так, пацаны выбралі фотку, дзе я п’яны, вялікі дзякуй! Добры дзень, Жэня! Добры дзень, Міхаіл! Мы з вамі сёння бачымся ўпершыню, і я, калі шчыра, думаў, што ты падобны на Мэцью Макконахі, мяркуючы па тваёй аватарцы.
Міша: Сцяпан, Жэня можа быць і вышэйшы за мяне, але фізічна я мацнейшы, так што...
Сцяпан: Воў, сур’ёзныя людзі! Увогуле ўсім прывітанне, мяне клічуць Сцяпан, я галоўны рэдактар выдавецтва «КомФедэрацыя», мы знайшлі «Пацана» ў інтэрнэце, надрукавалі і зараз плануем зарабіць на ім мільён!
Жэня: ...беларускіх рублёў.
Сцяпан: Калі па вашым новым курсе, я буду толькі «за»! Тут шмат пытанняў было з нагоды беларускай мовы. Адразу скажу: я быў за тое, каб пакінуць усё ў арыгінале і захаваць каларыт. Я зразумеў абсалютна ўсё!
*Голас з залы*: Брэшаш!
Сцяпан: Э-э-э... Ніх*я! Я думаю, гэта інтэрнацыянальнае слова! Не, сур’ёзна, гэта ж так крута, калі Пацан кажа «прабачце», напрыклад. Асабліва мне падабаецца слова «канец», праз «а». Але, на жаль, аўдыторыя коміксаў, у большасці сваёй, хоча забаў і не хоча лішні раз напружвацца. Таму ваша «трасянка» стала выдатным кампрамісам.
Сцяпан: З беларускай мовай, дарэчы, звязаная яшчэ адна вясёлая гісторыя: наўпрост перад адпраўкай коміксу ў друк я заўважыў, што ў хлопцаў усё напісана шрыфтам Comic Sans, а гэта чамусьці лічыцца дурным тонам сярод гікаў. Думаю: «Ну вось, зараз зноў лайном паліваць пачнуць...» Мне не прывыкаць, а за хлопцаў крыўдна будзе. Палез глядзець іншыя шрыфты, і ведаеце што, дарагія беларусы? Вас выратавала ваша літара «ў»! Ні ў адным са шрыфтоў, акрамя вышэйзгаданага Comic Sans, яе не аказалася, так што баг адразу ж ператварыўся ў фічу, спадары. Хай толькі паспрабуе хто-небудзь прычапіцца!
Жэня: Чуеш, Міш, аказваецца, гэта дурны тон!
Міша: Пацешныя хлопцы гэтыя гікі...
– Хлопцы, вы вялікія малайцы, гэта было вельмі крута і змястоўна, у мяне нават амаль не засталося пытанняў, вы самі ўсё распавялі.
Жэня: Дзякуй, мы рэпетавалі!
– Вы ўжо плануеце маляваць нешта новае?
Міша: О, так, мне тут нядаўна патэлефанаваў Жэня і сказаў, што трэба тэрмінова сустрэцца. Мы прыгналі ў «Цэнтральны», выпілі па піве, і тут ён мне пачаў расказваць: «Карацей, Міша, у мяне геніяльная ідэя! Касмічны карабель! Кадэты! Усё гэта будзе дзіка нуарна! Тры часткі, Міша, гэта будзе бомба!»
– Ого! А стылістыка «Пацана» захаваецца?
Жэня: Не, гэта будзе ўжо зусім іншы праект. «Круты пацан» быў больш у стылі «ёёўў». Гісторыя пра кадэтаў будзе ўжо больш сур’ёзнай. Хутчэй за ўсё.
– Ці не баіцеся вы коміксных крытыкаў? Яны ў гэтым жанры досыць жорсткія і прыдзірлівыя.
Жэня: Мі-і-іш, што мы будзем рабіць з крытыкамі?
Міша: Дык лайном іх паліваць у адказ!
Жэня: Вось так!
Жэня: Не, ну чаму ж. Мі-і-іш, нам пофігу на гік-прыколы?
Міша: Не-е-е, наогул не! Мы цяпер будзем беражліва да іх ставіцца!
– Чаму Круты Пацан слухае менавіта Sum 41 і чаму ў коміксе вы напісалі Sun 41? Няўжо аўтарскія правы?
Міша: Ой, я яшчэ ў дзяцінстве ўбачыў, як у нейкім фільме галоўны герой катаецца на скейтах пад Sum 41, і падумаў, што гэта самае крутое, што ёсць на свеце, я хацеў вырасці і стаць такім жа! Праўда, песні ўсе ў іх гучаць аднолькава. Мы нават так і напісалі ў тэксце: «фонам грае любая песня Sum 41».
Жэня: А чаму менавіта Sun 41? Ой, гэта было смешна. Справа ў тым, што, калі я маляваў комікс па Мішавым эскізе, там было напісана вельмі неразборліва. Я, вядома, ведаў такі гурт, але прагугліць было лянота. У выніку атрымалася як атрымалася. Так што «аўтарскімі правамі» тут і не пахне. Але так нават круцей. Гэта вельмі частая практыка ў комікс-індустрыі: калі нейкі баг пры вытворчасці ператвараецца потым у фішку. Так што мы крутыя!
На такім пазітыўным моманце мы развіталіся. Хлопцы засталіся ў краме святкаваць поспех, а я патупаў да метро, перагортваючы па ходзе апошнія старонкі комікса. Літаральна праз пару дзён ён пайшоў па руках маіх сяброў, якія ніколі раней коміксамі не захапляліся. Мабыць, надта ўжо самабытная штука ў Жэні з Мішам атрымалася. Дарэчы, карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да сваіх сяброў: «Сукі, вярніце “Пацана”! Вельмі хачу перачытаць!»
Набыць кніжку можна ў краме Time to be a hero.
Больш коміксаў ад крутых пацаноў тут.
Фота by Таня Капітонава
«Вакансіі» вяртаюцца! У юбілейным дзясятым выпуску – 16 свежанькіх пазіцый: ад фотарэдактара і менеджара ў паб-квізе да бармэна ў аквапарку. Пачні новае жыццё з панядзелка!
Интервью с создателем проекта letapis.by.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
КАМЕНТАРЫ (2)
Палез глядзець іншыя шрыфты, і ведаеце што, дарагія беларусы? Вас выратавала ваша літара «ў»! Ні ў адным са шрыфтоў, акрамя вышэйзгаданага Comic Sans, яе не аказалася, так што баг адразу ж ператварыўся ў фічу, спадары.
што за лухта? ban comic sans!
Л.ВОЛЬСКI у бярозцы на пач.90-х i НАВIНКI напрыканцы 90-х/пач.2000-х былi пiянэрамi жанру