Наша каляжанка і ілюстратарка Дар’я Sheeborshee апошнія паўгода так шмат распавядала на рэдакцыйных лятучках пра захапленне рэгбі і сваіх сябровак па камандзе «Маланка», што нам гэта рашуча надакучыла і мы запатрабавалі ад Дар’і пісьмовай справаздачы. Пачытай і ты!
Травень 2016-га
Ноч, самы разгар фінальнай сутычкі з дыпломам, я сяджу ля манітора і напераменку гляджу на пост пра набор у жаночую каманду па рэгбі і на шнар ад швоў пасля пералому на правай руцэ. Калі табе «25 плюс», усё часцей задумваешся, а ці не позна табе пачынаць нешта новае? Але, вядома ж, пішу паведамленне: «Калі і куды прыходзіць?» Ці ведаю я хоць што-небудзь пра рэгбі? Ведаю, што ў яго гуляюць авальным мячом.
1 чэрвеня
Прыходжу на першую трэніроўку. Збор на Плошчы сцяга (не пытайцеся). Пазнаем адна адну па разгубленым выглядзе і рушым у бок Камсамольскага возера. Нас 12 чалавек. Пройдзе яшчэ шмат часу, перш чым мы зноў зможам сабрацца такім вялікім складам. Многія з дзяўчат – спартыўнага целаскладу. Але і я адчуваю сябе дастаткова ўпэўнена, такі-сякі спартыўны бэкграўнд за плячыма маю, стараюся не горбіцца.
Як праходзіць першая трэніроўка, памятаю слаба, але, здаецца, стамілася і спатнела, як свіння. Калі не першы раз у жыцці трымаеш мяч, то, па сутнасці, усё роўна, якой ён формы – круг ці авал. Пасля баскетбольна-валейбольнага вопыту лавіць і дакладна пасаваць выходзіць лёгка. Гэта мяне натхняе. А яшчэ радуе тое, што сярод тых, хто прыйшоў на першую трэніроўку, хтосьці гуляе ў вышэйшай футбольнай лізе, хтосьці – чэмпіёнка па тайскім боксе. За спартыўнымі дасягненнямі я не ганюся, мне больш не цікава проста схуднець – я хачу быць моцнай. Першая матывацыя атрыманая.
Далей мы стараемся збірацца хаця б пару разоў на тыдзень, на трэніроўкі прыходзіць па 4-5 чалавек. Звычайна гуляем на вольнай палянцы або школьным стадыёне. Вучымся рабіць нейкія элементы. Калі шчыра, мала хто да канца ведае правілы гульні. Галоўнае – нам весела. Хоць відавочных поспехаў асабліва не назіраецца.
«За спартыўнымі дасягненнямі я не ганюся, мне больш не цікава проста схуднець – я хачу быць моцнай»
17 ліпеня
Нядзеля. Спрабуем сабрацца а 9-й раніцы на вакзале. Едзем да станцыі «Мінскае мора». Пачынаем гуляць у пляжны рэгбі. Пясок даводзіцца чысціць уручную, таму што пакінуты па няўважлівасці сучок абавязкова увап’ецца ў босую нагу. Усе цывілізаваныя пляжы для спорту – платныя ці з раніцы да ночы занятыя валейбалістамі. Пясок у самых нетрах майткаў кампенсуецца магчымасцю пікнікаваць і загараць пасля трэніроўкі.
2 жніўня, Зальцбург
Ноч. Я ўжо тыдзень знаходжуся на летнім інтэнсіве ў Акадэміі мастацтваў Зальцбурга. Але адна няскончаная справа з Беларусі не дае мне заснуць – патрэбны лагатып для каманды. З дапамогай галасавання ў агульным чаце зацвярджаем назву «Маланка». Мяне, вядома, гэта вельмі цешыць, бо ўжо некалькі гадоў я вяду іншую «Маланку» – агрэгатар правінцыйных навін. Хто б мог падумаць, што дзве «Маланкі» не змогуць суіснаваць і неўзабаве рэгбійная выйдзе на першы план.
Я не самая магутная спецыялістка ў галіне лагатыпаў: калі працавала ў рэкламе, усе брэндынгі даваліся мне з болем. Але лагатып «Маланкі» выходзіць хутка і радуе мяне да гэтага часу. Часта спартыўныя эмблемы выглядаюць занадта агрэсіўна. Але мы не такія, мы – дзяўчынкі з суседняга двара.
10 верасня, Менск
Вяртаюся да трэніровак. З большай часткай прысутных я не знаёмая, многія з «першай хвалі» ўжо адкалоліся.
На вячэрніх трэніроўках цямнее так хутка, што ты яшчэ не паспяваеш пераапрануцца, а мяча ўжо не відаць. Адна з нас заўважае недалёка ад цэнтра адкрыты школьны стадыён з асвятленнем. Вырашаем перакантавацца там, пакуль не знойдзем нешта з дахам, але ў выніку топчам гэтую паляну да глыбокай зімы. Галоўнае – бясплатна. Праз нестабільную колькасць чалавек на трэніроўках арэнда залы для нас непад’ёмная.
Кастрычнік
Трэніроўкі становяцца больш інтэнсіўнымі, а на вуліцы робіцца ўсё халадней і макрэй. Я не прапускаю ніводнай нашай сустрэчы. Заняткі даюць першыя заўважныя вынікі. Адчуваю, што раблюся мацнейшай. Цяпер без вялікіх намаганняў магу прабегчы адлегласць у 3-4 разы больш, чым тады, у пачатку, калі пасля пары кіламетраў хацелася выплюнуць лёгкія. Мышцы ног сталі такімі моцнымі, што я параўноўваю сябе з кенгуру, які можа біцца нагамі. Здаецца, у гэты момант я пачынаю ставіцца да рэгбі з усёй сур’ёзнасцю.
Лістапад
Калі ў прыватных размовах распавядаю пра сваё новае захапленне, у адказ чую вечнае: «Ты ж дзяўчына, які рэгбі?» «Гэта ж такі грубы спорт», – яшчэ адна папулярная рэпліка, на якую я ўжо звыкла адказваю: «Напэўна, ты з амерыканскім футболам пераблытаў». Мне нават не хочацца нікому тлумачыць, што ўва многіх краінах жаночая рэгбійная каманда ёсць пры кожным каледжы, а то і школе.
Паступова ўнікаю, што наогул адбываецца з рэгбі ў Беларусі. Заканамерны адказ: усё дрэнна. Фактычна рэгбі як прафесійнага спорту ў нас не існуе. Адзіны рэгбійны стадыён ёсць у Берасці. Пабудаваны з ініцыятывы Кірыла Маслакова, аднаго з галоўных рэгбійных энтузіястаў у краіне. Жаночых каманд нешта каля трох з паловай (гаворка, зразумела, пра аматарскія каманды). З іншага боку, бачу, як многія рабяты аддаюцца рэгбійнаму руху, і гэта мяне бадзёрыць. Дзесьці ў гэты момант вырашаю ў найбліжэйшай будучыні прайсці судзейскія курсы.
А што з камандай? Нам удаецца раз на тыдзень збірацца, вырашаць адміністрацыйныя справы і займацца тэорыяй. Усе разумеюць, што, здаецца, мы разам не толькі дзеля спартыўных дасягненняў. Спрабуем сфармуляваць нашы мэты, тром за сястрынства і будучыню.
Бліжэй да канца месяца наша анархісцкая структура, якая складаецца толькі з жанчын, пачынае хістацца. Канфлікт за канфліктам перакрываюць спартыўны пачатак. Губляем некалькі байцоў. Тым не менш падчас гэтых узварушэнняў у нас атрымліваецца самім сабраць грошы на форму і нават замовіць яе ў Маскве. У студзені мы заяўленыя на першы турнір у падмаскоўным Зеленаградзе, адступаць няма куды.
Снежань
На поле ляжаць снег, лёд, золь, бруд – усё, што заўгодна, акрамя роўнага пакрыцця. Усе прывыклі пераапранацца, стоячы ў позе чаплі на жалезнай трыбуне. Брыдкі снег абавязкова пранікае за каўнер. Пальчаткі хутка намакаюць, рукі ледзянеюць, няшчасныя ногі на мяжы абмаражэння. Затое знікае цякучка гульцоў і фармуецца нешта накшталт асноўнага складу. Тэсціроўшчыца, UX-дызайнерка, ілюстратарка, інжынерка, студэнтка каледжа, маці ў дэкрэце... Так, мы б хутчэй маглі сфармаваць аддзел якой-небудзь IT-канторы, чым мроіць аб еўрапейскіх турнірах.
Адзначаем першую дату – паўгода камандзе. Галоўны вынік: мы ёсць.
«Так, мы б хутчэй маглі сфармаваць аддзел якой-небудзь IT-канторы, чым мроіць аб еўрапейскіх турнірах»
19 студзеня
Апранаю шкарпэтку, наверх – цэлафанавы пакет, акуратна абмотваю нагу скотчам, затым нацягваю гетры. Ухмыляюся і з шоргатам апранаю буц. Снег і мароз нам больш не перашкода. Гуляем апошнюю перад турнірам гульню на стадыёне супраць нашых дзецюкоў. «Нашы дзецюкі» – гэта хлопцы, з якімі мы займаемся на адным полі, а восенню рэгулярна трэніраваліся разам.
Гематомы і драпіны ўжо сталі звыклай справай, але я чамусьці працягваю фіксаваць іх на камеру, а пасля матчу мы абавязкова абмяркоўваем, у каго дзе заззяў новенькі сіняк.
21 студзеня, Зеленаград
«Маланка» на першым выездзе. Хоць самалёты, электрычкі, аўтобусы і начлег у падмаскоўным хостэле з будаўнікамі трохі падкасілі наш спартыўны дух, раніцай перад першымі гульнямі хвалявання няма.
Аматарскі турнір па снежным рэгбі здзіўляе размахам, хоць і доўжыцца ўсяго адзін дзень. У нас дзве гульні ў групе, а далей – калі пашанцуе – плэй-оф або суцяшальныя матчы за месца вышэй у выніковай табліцы. У нашай групе – жаночая зборная МДУ і каманда дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы (гэтыя дзяўчаткі ў выніку дойдуць да фіналу).
Першыя дзве гульні – два тайма па 5 хвілін – праходзяць як у тумане. 3:7 саступаем МДУ і 0:7 будучым фіналісткам. Оп – і мы ўжо злілі ў сваёй групе. Затое ў плэй-оф мы разыгрываемся як след: атрымліваем перамогу 4:1, а яшчэ крыўдна зліваем на апошніх хвілінах ЦСКА з лікам 5-6.
Пасля ўсіх гульняў на разбор палётаў ужо няма сіл. Мы падбадзёрваем дзяўчат з Пермі, з якімі дзелім распранальню, перад іх фінальным матчам, і некаторыя з нас выходзяць паглядзець на гульню. Пярмячкі перамагаюць і бяруць кубак.
...Я адзіная, хто вяртаецца дадому адразу пасля гульняў. У паўпустым самалёце ўспамінаю, што давала камеру хлопцу, які дапамагаў прадаваць наш мерч (на ім нават атрымалася зарабіць даляраў 20!), і той засняў усе нашы гульні.
Здаецца, гэта было самым захапляльным спаборніцтвам у маім жыцці, і цяпер мне зусім не сорамна глядзець на сябе збоку. На душы становіцца спакойна і радасна. Маё супакаенне, мабыць, перадаецца мужчыну на суседнім крэсле – ён дастае і млява запальвае цыгарэту. Праз секунду самалёт запаўняецца квахтаннем сцюардэс.
Вялікі інтэрактыўны гід па галоўных еўрапейскіх музычных фестывалях гэтага сезону. Выбірай свой фэст!
Рассказываем, что делать на самом классном и крупном фестивале документального кино. Репорт с голландского International Documentary Film Festival Amsterdam.
Натхняліся творчасцю Лінча.
«Сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш».
КАМЕНТАРЫ (3)
Малайцы, дзяучаткi! Так трымаць!
Гордо отхватили звание самой девчачьей команды турнира.
Такая форма миленькая!