За што жывуць беларускія музыкі? Мы вырашылі даведацца, як зарабляюць галоўныя музыканты краіны і ці мае сэнс займацца чымсьці, апроч канцэртаў. Мы звязаліся з лідарамі сучаснай беларускай сцэны ды іхнымі прадстаўнікамі, каб задаць адзінае пытанне: як зарабляюць музыканты ў 2016 годзе?
Беларускім артыстам, які гастралюе найбольш, ужо некалькі гадоў застаецца Макс Корж. Па некалькі разоў ён аб’ездзіў усе краіны постсаўка (і трошкі Еўропу), цяпер Корж запісвае новы альбом. «Білетныя канцэрты складаюць большую частку даходаў. Таксама дастаткова высокі дыджытал-продаж. А на трэцім месцы – аўтарскія, якія Макс атрымлівае, калі ягоныя песні дзесьці выкарыстоўваюцца», – кажа канцэртавы дырэктар Каржа Руслан Мунібаеў.
На карысць ідуць і з’яўленні Каржа на тэлебачанні. Паводле Руслана, пасля першага выступу ў «Вечернем Урганте» Корж тут жа апынуўся ў топ-10 iTunes. А гэтаю вясной песня «Мотылёк» грала ў галоўным феномене расійскага ТБ – серыяле «Физрук», што тут жа вярнула старую песню ў верхнія дзясяткі продажаў iTunes.
Створаны ў 2009 годзе магілёўскі гурт IOWA нараджае прыкладна па хіту ў сезон. Гэтак, кліп на песню «Бьет бит» да траўня 2016-га прагледзелі 36 млн разоў, што ў тры разы больш, чым самы папулярны кліп Каржа «В темноте». Гэта не значыць, што гурт IOWA зарабляе больш, чым Корж, які жыве ў кайф: як паказала даследаванне брытанскай асацыяцыі рэкард-лэйблаў, ніхто не плоціць артыстам так мала, як YouTube.
На карысць IOWA ідуць аўтарскія адлічэнні: песні гурта пастаянна гучаць у топавых расійскіх серыялах, кшталту «Кухні» і ўсё таго ж «Физрука». З канцэртамі ўсё крыху больш сціпла: замест шалёных канцэртавых графікаў, камфортныя 3–4 выступы на месяц.
Сяргей Міхалок працягвае працаваць са сваім праектам Brutto, які больш падобны да творчага аб’яднання, чымся да музычнага калектыву. Паводле прадзюсара Антона Азізбякяна, удзельнікі групы не абмяжоўваюць сябе музычнаю сцэнай. «Асноўная праца – гэта, вядома, канцэрты, мерч, афіцыйны канал YouTube, аўтарскае ўзнагароджанне, кантракт з вытворцам спартовага харчавання StrongFit Brutto», – распавядае ён.
Удзельнікі гурта не сядзяць без справы. Дзяніс Стурчанка адкрыў з партнёрамі спартовую залу Moby Dick. У Паўла Трацяка і Андрэя Баброўкі свая студыя гуказапісу. Лэфт бярэ ўдзел у іншых музычных групах. У Дзяніса Шурава свая школа па класе ўдарных. Віталь Гуркоў – 11-разовы чэмпіён свету па муай-тай – нядаўна выйграў новы тытул у Швецыі. Улад Сянкевіч служыць у вайсковым аркестры. Бразіл працуе мадэллю для брэндаў вулічнага адзення.
Твар беларускага хіп-хоп-андэграўнду таксама не жыве адною толькі музыкай. Паводле ягонага брата Makka Nastra, менеджара Мураўя, галоўная крыніца даходаў – гэта канцэрты, як і ў іншых артыстаў. «Таксама Антон зарабляе на продажы інструменталаў. Да таго ж у нас ужо паўтара года свая студыя. Так што нейкія капейкі зарабляюцца на гуказапісе і звядзенні. І Антон перыядычна працуе дзесьці яшчэ. Раней у Тэатры юнага гледача, цяпер – гукарэжысёрам на радыё», – тлумачыць ён.
Паводле Makka, мерч складана ўспрымаць як рэальную крыніцу даходу: «Гэта, вядома, статусная тэма, але я да гэтага стаўлюся як да прома. Крута, калі на вечарынах або ў горадзе сустракаеш людзей у нашым мерчы, але сур’ёзна зарабіць на ім не атрымліваецца».
«Адная справа, калі ты працуеш дзень-два на месяц, тады праца як свята ўспрымаецца. Калі пачынаеш выступаць кожныя выходныя, гэта ўжо ператвараецца ў працоўны графік, канцэрты ідуць адзін за адным і блытаюцца паміж сабой», – казаў Алег ЛСП у нашым вялікім інтэрв’ю. Гэтаю вясной Алег і Рома адкаталі вялікі тур на 30+ гарадоў з некалькімі еўрапейскімі сталіцамі ў графіку.
І, мяркуючы з запоўненых адданаю публікай залаў, у выпадку ЛСП дастаткова і адной канцэртавай дзейнасці. Так, у іх ёсць прыбытак з iTunes і свой мерч, але, паводле Алега, на таўшчыні кішэні гэта моцна не адлюстроўваецца.
У некаторых атрымліваецца зарабляць, амаль не пакідаючы Менску. Калісьці ўдзельнік гурта «Семейная реликвия», а цяпер электронны прадзюсар і DJ Яшар Гасанаў за апошнія некалькі гадоў ператварыўся ў аднаго з асноўных дыджэяў краіны, які пастаянна выступае на менскіх вечарынах і бярэ ўдзел у турах па Беларусі з камандаю Guardo. Праўда, з траўня Яшар вырашыў узяць перапынак у выступах і засяродзіцца на музыцы.
«Апошнія пару гадоў вялізную частку заробку прыносілі DJ-сэты. Таксама замаўляюць музыку іншыя артысты, але я рэдка за гэта бяруся: не стае часу і праекты нецікавыя самыя сабой. На iTunes ды іншых пляцоўках асабліва не заробіш, гэта я раблю дзеля зручнасці слухачоў: каб песні былі даступныя на Apple Music ды іх можна было шазаміць», – падагульняе Яшар.
Рок-гурт KISS зарабляе на фанатах па-рознаму. То выпускае ўласны водар (бо ўсе хочуць пахнуць, як рок-зоркі), то адкрывае продаж фірмовых трунаў. Попыт на іх ёсць і сёння: на ebay труну ад Kiss можна купіць за $ 10 тыс.
Электроны музыкант Deadmau5 ператварыў свой фірмовы шлем у важны атрыбут творчасці. І часта выкарыстоўваў яго як мерч: прадаючы і флэшкі, і партатыўныя калонкі, і шмат якія іншыя рэчы. Але ў 2012 годзе Deadmau5 узяў удзел у зусім нечаканым праекце: дапамог са стварэннем першых у свеце навушнікаў для катоў. Кошт за пару – $ 1 тыс. Першы ўладальнік – прафесар М’юінгтан, кот Deadmau5.
Уласны алкаголь ёсць у мноства артыстаў. Нехта, як Diddy, зарабляе мільёны, робячыся асобаю алкагольных брэндаў (кантракт з гарэлкай Ciroc), хтосьці ідзе далей і запускае персанальную лінію напояў, як зрабіў Мэрылін Мэнсан са сваім абсэнтам Mansinthe.
На мінулым тыдні Эмінэм распрадаў свой стары дом літаральна па цаглінах. Кошт цагліны – $ 300. Усе яны разляцеліся па свеце менш чым за суткі. Удзельнікі Wu-Tang ужо даўно ператварыліся ў жывых легендаў, а іхны сімвал – літару «W» – вы без праблемаў сустрэнеце ў любым кутку свету. Летась яны пайшлі яшчэ далей: запісалі альбом у адзіным экзэмпляры і прадалі яго за $ 2 млн.
Да выхаду свайго другога альбому група Run the Jewels вырашыла выйсці за звыклыя межы: апроч стандартных мерч-опцыяў, накшталт вінілу і фірмовага адзення, яны прапаноўвалі прыехаць да вас у горад і наваляць галоўнаму ворагу вашага дзяцінства ($ 100 тыс.) або некалькі месяцаў публічна падтрымліваць любую вашу ідэю, апроч «паліцыі ды тэрарызму» ($ 350 тыс.).
За сваю доўгую кар’еру Снуп Дог паспеў стаць тварам бясконцай колькасці прадуктаў, ад уласнага гатунку марыхуаны да антывірусу Norton. Тым больш здзіўляе, што ў гэтым спісе знайшлося месца і беларускаму арнаменту: пару гадоў таму рэпер аб’яднаў намаганні з беларускімі мастакамі з HoodGraff, каб выпусціць вось такую калекцыю.
Почему современный парк – это не просто лес между домами?
Глумление над концепцией крутости.
Культавы ўкраінскі паэт і пісьменнік Сяргей Жадан распавёў нам пра кошт, які плаціць Украіна за сваю свабоду.
Пра беларускамоўны тык-ток, «Чарку на пасашок» і вывучэнне мовы.
У сетках сядзяць 5,63 мільёна.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
КАМЕНТАРЫ (5)
Вялікі дзякуй за артыкул.
Надзённа.
Где Серебряная Свадьба ?
И кто слушает вашего армянского друга ?) Сколько еще будете друзей рекламировать ?
Толпы девочек любят Яшара. Серебряная Свадьба - заездилась. Ты -расист
Пиздец, не одной цифры. Корп Михалка со старыми песенками 20К, Дай Дарогу отлабают сольник за 4К.
Пытанне ў артыкулу стаіць як, а не колькі