Гомельская ПК-4 вядомая тым, што пры тамтэйшым клубе функцыянуе ўласны тэатр, у якім граюць асуджаныя. Тэатр быў створаны ў рамках праекта шведскага актора Ёна Ёнсана, які ставіў п'есы са зняволенымі ў Швецыі і ЗША. На тэрыторыі экс-СССР яго праект «Тэатр у турме» спрабавалі рэалізаваць ажно ў некалькіх пенітэнцыярных установах, але прыжыўся ён толькі ў Гомелі.
Усе датычныя да гэтай справы кажуць, што жывучасць тэатра ў гомельскай ПК-4 – гэта шмат у чым асабістая заслуга актора Гомельскага аблдрамтэатра Аляксея Бычкова, які верыць у тэрапеўтычны эфект мастацтва і ўжо 12 гадоў ходзіць у калонію як на працу.
Пачатак: за зачыненымі дзвярыма
Натуральна, такі сацыяльны эксперымент не абдзелены ўвагай СМІ. Але зняць поўнаметражнае кіно за калючым дротам здаецца фантастычнай задумай. Таму я прашу Настассю «пачаць з пачатку» і распавесці пра тое, як гэтая гісторыя стала рэальнай.
– Усё пачыналася з каманды. Мая каманда – прафесіяналы сваёй справы, з якімі мы зрабілі наш першы фільм «Скрыжаванне». Я ведала, што ў мяне ёсць аднадумцы. Таму вырашылася на тэму, якая «пераследавала» мяне на працягу сямі год. Я не шукала інфармацыю пра тэатр у калоніі, але яна мне раз-пораз траплялася – у публікацыях, сюжэтах.
Думаю, у гісторыі ёсць сваё жыццё, таму не ты выбіраеш гісторыю, а яна цябе. З самага пачатку ўсё складвалася ўдала. Калі мы з маёй суаўтаркай Аленай Антанішынай распавялі ідэю фільма прадзюсару «Першай КінаВідэа Кампаніі» Віктару Лабковічу, ён адразу сказаў: «Мне гэта цікава». Так у камандзе з'явіўся галоўны для нас чалавек, і мы «пусціліся ў шлях». Але тады мы не маглі ведаць, што гэты шлях будзе настолькі цяжкім.
Дакументальнае кіно самае непрадказальнае. Ты ніколі не ведаеш, чым пачнецца, чым скончыцца і наогул – ці атрымаецца яно. А самае жудаснае, што падчас працы ў цябе ўзнікае пачуццё адказнасці перад героямі. Яны раскрываюцца, пачынаюць табе давяраць. І ты ўжо не можаш сказаць: «Прабачце, не атрымалася».
«Дакументальнае кіно самае непрадказальнае. Ты ніколі не ведаеш, чым пачнецца, чым скончыцца і наогул – ці атрымаецца яно»
– Як можна трапіць у такую закрытую ўстанову з камерай?
– Мы гарэлі ідэяй фільма. Мабыць, наш жар аказаўся заразным. У МУС РБ азнаёміліся з нашымі планамі, праверылі дакументы і далі дабро. Першае, што мы ўбачылі, калі прыехалі ў Гомель, – надпіс на браме: «Фота- і відэаздымка забароненая». А ў нас быў цэлы арсенал абсталявання для здымкі і... дазвол міністэрства.
– Як выбудоўваліся адносіны з супрацоўнікамі калоніі?
– Начальнік гомельскай калоніі пры знаёмстве сказаў нам: «Калі гэты фільм прымусіць задумацца хаця б аднаго чалавека, які стаіць на парозе здзяйснення непапраўнай памылкі, я гатовы дапамагаць вам». І адміністрацыя калоніі дапамагала.
Напрыклад, мы хацелі выкарыстоўваць у фільме відэа з камер назірання, каб падкрэсліць: жанчыны, якія там утрымліваюцца, знаходзяцца пад пастаянным наглядам. Нам далі такое відэа, але яно апынулася ў непадыходзячай для кіно якасці. І адміністрацыя калоніі дазволіла развесіць свае GoPro і здымаць кадры відэаназірання ў тых месцах, дзе мы рабілі якісьці эпізод.
Мы хацелі зняць эпізод на кухні – чыстку бульбы. І я сказала начальніку: «Разумею, што гэта можа быць страшнавата для звычайнага гледача, але трэба зняць, каб людзі бачылі: калонія – не санаторый». А ён кажа: «Ды чаго там палохацца? У мяне ў войску такое ж было – тая ж ежа, тая ж бульба».
«Уяўляеце, які жах: табе прыходзіць паведамленне аб тым, што хтосьці з блізкіх памёр. А ты тут і нічога не можаш зрабіць»
Званкі, лісты, спатканні
– Як адбылося знаёмства з гераінямі?
– Першая паездка была без камеры. Мы ні аб чым не пыталіся, толькі распавялі пра сябе. Гераіні падпісалі дазвол на здымку – без такіх дазволаў здымаць тых, хто знаходзіцца за калючым дротам, нельга. Спачатку «прывучалі» гераінь да сябе, да камеры. Сапраўдны матэрыял стаў назапашвацца, калі мы сталі для іх «часткай інтэр'еру». У нас дзіўны ў гэтым сэнсе аператар, Аляксандр Мароз. Ён умее ператварацца ў невідзімку.
Размаўляць з гераінямі фільма мы пачалі няхутка. Але я да гэтага часу ўжо адчувала, што ёсць кантакт. Яны самі хацелі сказаць тое, што для іх важна.
У працэсе здымак я запытвалася ва ўдзельніц спектакля, ці гатовая кожная з іх пагаварыць са мной на камеру, ці можна зняць яе званок дадому і спатканне са сваякамі.
Для мяне было важна не нашкодзіць гераіням. Быў такі фільм «Кроў» Аліны Рудніцкай. Яна здымала перасоўную станцыю пералівання крыві. Добрае кіно, але, калі фільм выйшаў, работнікаў гэтай станцыі звольнілі. Я думаю, рэжысёр дакументальнага кіно нясе адказнасць за сваіх герояў.
«Я быццам у анамальнай зоне апынулася – эмоцыі можна было “памацаць рукамі”»
– Якія моманты былі самымі складанымі ў працы над фільмам?
– Адзін з самых складаных эпізодаў для мяне – званок Аляксандры маме. Асуджаныя не могуць тэлефанаваць кожны дзень, часам гэта бывае раз на тыдзень. Калі ў цябе ў гэты час дзяжурства, то асобна за табой не пойдуць. Ты можаш патэлефанаваць дадому на хвілін дзесяць максімум, а то і на пяць. Час абмежаваны, ён дзеліцца на ўсіх у атрадзе. І ў гэты момант яны абмяркоўваюць набалелыя рэчы і, вядома, не думаюць пра тое, што іх здымаюць.
Саша размаўляла, а мяне душылі слёзы. Калі я засталася адна, я плакала, таму што гэта быў дзікі боль. Таму што як гэта бывае ў звычайным жыцці? «Ай, мама, часу няма, ператэлефаную...» Там усё па-іншаму пачынае адчувацца.
Калі мы здымалі спатканне асуджанай з дачкою, то я як чалавек, як Насця Мірашнічэнка, разумела, што мяне тут быць не павінна: гэта занадта інтымны момант, каб залазіць туды з камерамі. Але як рэжысёр я разумела, што гэта неабходна для фільма. Не таму, што гэта круты матэрыял, а таму, што трэба паказаць, як гэта – калі людзі доўга не бачацца.
Яна можа тысячу разоў казаць перад камерай, як прайшло спатканне, але гэта нават на пяцьдзясят адсоткаў не перадасць тыя адчуванні. Дзяўчынка гладзіць і абдымае маму, ёй не хапае яе тактыльна, яна не можа яе пакратаць удосталь. У звычайным жыцці мы нават не задумваемся пра тое, як гэта важна для дзіцяці – ведаць, што да мамы заўсёды можна дакрануцца.
– Што для гераінь самае важнае і самае страшнае?
– Аднойчы мы бачылі, як асуджанай далі чырвоны ліст. Калі ў лісце напісана, што хтосьці са сваякоў памёр, цэнзар пазначае яго чырвонай лініяй. Калі начальнік атрада раздае лісты і бачыць чырвоную лінію, то не аддае ліст адразу, а выклікае асуджаную да сябе ў кабінет.
Уяўляеце, які жах: табе прыходзіць паведамленне аб тым, што хтосьці з блізкіх – мама, тата, брат, дзіця – памёр. А ты тут і нічога не можаш зрабіць. У цябе рукі-ногі працуюць, галава працуе, але ты фізічна нічога не можаш зрабіць. Яны ўсе казалі, што гэта самае страшнае. Ты не ведаеш, што там зараз адбываецца. Можа, дзіця ў школе хтосьці крыўдзіць. Можа, у мамы праблемы са здароўем і яна не можа ўстаць з ложка. Ты разумееш, што ў стане аказаць ім пасільную дапамогу, але зрабіць гэтага не можаш.
«Мне б хацелася, каб за спінай у гэтых жанчын не шапталі: “Адседзела... крымінальніца...”»
Пра што б яны ні казалі, яны заўсёды пераходзяць на тэму сям'і і дзяцей. Ты будзеш пытацца пра бытавыя ўмовы, пра працу на фабрыцы, пра што заўгодна – яны будуць гаварыць пра дзяцей. Я спрабавала супраціўляцца спачатку, намацваць яшчэ нейкія болевыя кропкі, але для іх расстанне з дзецьмі – асноўны боль. І мне заставалася ісці на паваду ў матэрыяла.
Выхад на сцэну і вялікі экран
– Бадай, асабліва моцныя эмоцыі глядач адчувае, назіраючы за дэбютам «акторак» на «вялікай сцэне», у Гомельскім абласным тэатры. А якія адчуванні панавалі тады там, у зале?
– У фінале спектакля, калі на сцэну выйшлі дзеці асуджаных жанчын з кветкамі, зала рыдала. Канваіры выціралі слёзы. Пры гэтым ніхто з акторак не ўчапіўся ў дзіця, калі тыя сыходзілі. Яны выстаялі як прафесійныя актрысы, з годнасцю, хоць было відаць, як ім складана, якая гама эмоцый іх адольвае. Яны выстаялі і годна пайшлі на другі паклон.
Я ніколі такой магутнай энергетыкі не адчувала. Я быццам у анамальнай зоне апынулася – эмоцыі можна было «памацаць рукамі». І было зусім не важна, ці добра яны сыгралі. Здавалася, што перад намі не дэбют на сцэне, а першы выхад у новае жыццё.
– Што можа даць «Дэбют» гледачу?
– Мне хацелася, каб глядач успрымаў гераінь фільма як чысты ліст – пра іх злачынствы становіцца вядома толькі ў фінале. Так, яны ўчынілі злачынства. Але яны ж вернуцца. Калі чалавек вяртаецца на свабоду, ён не настроены тут жа здзейсніць новае злачынства. Але, калі ў яго нічога не атрымліваецца, ён можа зноў парушыць закон. Кожны чалавек можа зрабіць памылку, але ён павінен мець права на дараванне. Мне б хацелася, каб за спінай у гэтых жанчын не шапталі: «Адседзела... крымінальніца...»
Хацелася б, каб у нас былі праграмы, якія дапамагаюць адаптавацца. Адна з гераінь, асуджаная на сем гадоў пазбаўлення волі, казала: «Вызваліўшыся, я б хацела не адразу ехаць да бацькоў з дзіцем. Я б паехала ў сваю кватэру – пажыць два тыдні адна. Каб узгадаць, як адчыняецца мікрахвалёўка і што па тэлефоне трэба казаць «алё», а не «дзяжурная такая». Каб родныя не думалі, быццам я дзіўная. Хацела б вярнуцца да іх больш адаптаванай».
Пасля прагляду сяброўка-каляжанка напісала мне прыкладна наступнае: «Гэта фільм, які выклікае спачуванне да тых, да каго, здавалася б, яго адчуваць немагчыма. Гэтым фільм і каштоўны».
«Цягам дзесяці месяцаў мяне не было па выходных. Да гэтага часу мучае думка, што я ў сваёй сям'і гэты час “скрала” і яго ўжо не вернеш»
– Што гэты фільм даў асабіста вам?
– Цяпер, калі асноўная праца скончаная, калі адбылася нацыянальная прэм'ера і вось-вось адбудзецца сусветная – на самым прэстыжным у свеце фестывалі кінадакументалістаў у Амстэрдаме IDFA, – я магу шчыра прызнацца: я не ўяўляла, у які шлях пускаюся. Рабіць такое кіно аказалася значна цяжэй і больш балюча, чым я думала спачатку.
Аднойчы мы з сынам стаялі на прыпынку ля гасцініцы «Арбіта». Я кажу: «Памятаеш, як мы ўлетку купілі тут бадмінтон і так не маглі дачакацца, калі прыедзем дадому, што сталі гуляць наўпрост тут?» Ён загараецца: «Так, памятаю...» І раптам у яго ў секунду змяняецца твар і ён кажа: «А потым ты пачала ездзіць у сваю калонію, у цябе не стала часу, і ты са мной больш не гуляла».
Цягам дзесяці месяцаў мяне не было па выходных. Да гэтага часу мучае думка, што я ў сваёй сям'і гэты час «скрала» і яго ўжо не вернеш. Калі ты бачыш, якія пакуты адчуваюць людзі, адарваныя ад блізкіх на доўгія гады, разумееш, што па-сапраўднаму самае галоўнае. Так што наш фільм зусім не пра калонію і нават не пра тэатр. Ён пра жыццё, пра каханне, пра межы асабістай свабоды і пра тую адказнасць, што мы нясем перад блізкімі.
Як пабудаваць не проста бар, але тусоўку на раёне.
Вялікае інтэрв'ю са стваральнікам праекта «Хочу домой» Леанідам Пашкоўскім – перад пачаткам здымак трэцяга сезона.
Схапіць мару за хвост, нават калі бачыш яе адным вокам на дзве сотыя.
Андроід на здымках і штодзённая руціна ў кадры – гаворым пра кінатрэнды краіны, у якой заўтра ўжо сёння.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.