«Здольная» на ўсё

У новай серыі відэапраекту E-quality распавядаем, як адной неабыякавай беларусцы надакучыла чуць з’едлівыя каментары наконт жаночага футболу, рэгбі ці каратэ, і яна арганізавала штаб жаночага спорту «Здольная». Ганна Бандарэнка – пра тое, як вызваліць спорт ад кайданоў дыскрымінацыі.

 

Ганна Бандарэнка – заснавальніца сацыяльна-спартыўнага праекту «Здольная», экспертка ў сферы працы з персаналам. Цікавіцца гендарам, інтэрсекцыянальным фемінізмам, прафесійна займаецца спортам.

 

 

«Здольная» – праект-парасон, які арганізацыйна аб’ядноўвае шэраг спартыўных актыўнасцяў – футбол, баскетбол, бадмінтон, рэгбі, ёгу, фітнэс, каратэ і нават рэгетон з лангбордынгам – адной простай ідэяй, што займацца спортам і фізкультурай могуць жанчыны ўсіх узростаў, камплекцыі і сацыяльнага статусу. На адзінай інфапляцоўцы арганізатаркі збіраюць інфу аб групах, да якіх магчыма далучыцца ў пэўным горадзе, а ў афлайне ладзяць адкрытыя бясплатныя заняткі для любой жанчыны, нават без спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі.

 

 

 

– Маё імя Наста Баташова, я студэнтка і выкладчыца аштанга-ёгі. Я шмат падарожнічаю і ўвесь час вучуся нечаму новаму. Самае вялікае натхненне ў практыцы і жыцці мне дала і працягвае даваць мая настаўніца Сарасваці Рангасвамі – першая жанчына, якая скончыла санскрыцкі каледж і першая жанчына, якая пачала выкладаць ёгу і жанчынам, і мужчынам. У свае 75 яна працягвае працаваць са студэнтамі кожны дзень па 8-10 гадзін.

Незалежна ад узросту, камплекцыі і іншых фактараў кожная жанчына на маіх занятках зможа адчуваць сябе камфортна і атрымліваць ад іх максімум карысці і задавальнення. На занятках я імкнуся падзяліцца сваім вопытам і ведамі, каб дапамагчы кожнай з вучаніц знайсці і прайсці свой уласны шлях да разумення і прыняцця сябе.

 

 

 

– Я Таццяна Вайтовіч, інструктарка на занятках па фітнэсе. З ім я ўжо 4 гады, але важнай часткай майго жыцця ён стаў пасля аўтамабільнай аварыі і цяжкай рэабілітацыі. Пастаяннымі практыкаваннямі праз боль, праз «не магу» і слёзы я падняла сябе на ногі і вярнула рухомасць канечнасцяў. Прыкладна тады ж я зразумела, што хачу не толькі займацца сама, але і дапамагаць іншым рабіць сябе мацнейшымі і трывалейшымі.

Я дакладна ведаю, што мы можам больш, чым звыклі думаць. На маіх трэніроўках ты абавязкова пачуеш: «Больш не можаш? Зрабі яшчэ два разы!» і «Не можаш рабіць дынаміку – стой статыку, адпачываць будзем на расцяжцы». Я не «худнею» сваіх кліентак, я раблю іх трывалымі, моцнымі і ўпэўненымі ў сабе.

 

 

 

– Я Таццяна Цімошчанка, цяпер з’яўляюся старшым выкладчыкам педуніверсітэта, маю вышэйшую трэнерскую катэгорыю. Больш за 30 гадоў навучаю дзяўчат гуляць у баскетбол. У юнацтве гуляла за зборную Беларусі і станавілася шматразовай чэмпіёнкай БССР, двойчы заваёўвала чэмпіёнства ў першынстве СССР у складзе зборнай. Баскетбол, як бачна, стаў маім жыццём.

Падтрымаць праект мяне папрасіла дачка. Распавяла пра ідэю і каштоўнасці праекту, пасля роздумаў я пагадзілася. Лічу, што заняткі спортам могуць раскрыць жанчыну, асабліва гульнёвыя віды спорту. На занятках тлумачу ўдзельніцам, што псіхалагічныя праблемы створаны нават не столькі грамадствам, колькі менавіта бясталентнымі настаўнікамі. Жыццё мяне зрабіла моцнай, я прайшла нечалавечыя выпрабаванні, вельмі хочацца, каб зараз дзяўчатам было прасцей.

Баскетбол – камандная гульня, мая любімая гульня, і вельмі хацелася б, каб пасля трэніроўкі ў кожнай, хто вырашыла заняцца спортам, з’явілася ўпэўненасць у сабе і раскрыліся новыя таленты, таму што таленавітая кожная, хто здолела прыйсці на занятак.

 

 

 

 

Відэа by Ганна Бандарэнка і Марыя Карнеева

Фота з VK-суполкі «Здольнай»