WATCH DOCS – гэта міжнародны фестываль дакументальнага кіно аб правах чалавека. Праграма традыцыйна закранае самыя балючыя тэмы: глабалізацыя, змены клімату, генацыд, расізм, смяротнае пакаранне… Большасць стужак – гэта праца сапраўдных гуру дакументалістыкі, творцаў, якія ўмеюць перавярнуць душу гледача, без маніпуляцый, на адным толькі эфекце прысутнасці.
У Менску WATCH DOCS адбудзецца ўжо трэці раз. Фільмы дэманструюцца з субцітрамі на рускай ці беларускай мове. Стужкі «Злавіць Хайдэра», «Джунглі сёння», «Зруйнаваная памяць» адаптаваныя для людзей са слабым слыхам.
Уваход на ўсё вольны
рэж. Бентэ Форэр (Нідэрланды)
Навошта ісці: каб уцяміць, што расізм – шматгаловы дракон, але гэта не прычына, каб з ім не змагацца.
Фільм адкрыцця пачынаецца са званка журналіста ў паліцыю: ён кажа, што спрыяў распаўсюду рабства, таму што… еў шакалад. Глядзі «кіткатам» не папярхніся. Так, не ўсе ведаюць, але па гэты дзень на этапе збору бабоў какавы шырока выкарыстоўваецца дзіцячая праца. Уласна фільм прысвечаны фабрыцы Tony's Chocolonely, якая вырабляе шакаладкі без ані граму рабскага поту.
рэж. Ферне Перлстэйн (ЗША)
Навошта ісці: каб адчуць тонкую мяжу паміж дасціпным жартам і абразай.
Ці можна жартаваць пра генацыд, і калі можна, то дзе праходзіць тая рыса, за якой жарт пра Халакост становіцца агідным? Выдатная стужка, каб падумаць пра лёс жорсткага стэндапу ў атмасферы татальнай паліткарэктнасці.
«Адкуль бярэцца пыл і куды знікаюць грошы»
рэж. Ційт Аясоо, Эне-Лііс Сэмпер (Эстонія)
Навошта ісці: каб разабрацца, як працуе паліттэхналогія ў эпоху постпраўды.
У 2010 годзе прафесійныя акторы з Эстоніі замуцілі «палітычную партыю» і дзякуючы папулісцкім прыёмам дабіліся шалёных рэйтынгаў. Людзі гатовыя былі стаць пад знамёны «Адзінай Эстоніі» нягледзячы на бессэнсоўнасць гучных лозунгаў. Актуальная тэма ў свеце, дзе перамог Трамп, а кожнаму беларусу абяцаюць «папіцот».
рэж. Керсцен Нікіг (Германія)
Навошта ісці: каб не забываць.
Музей гісторыі палітычных рэпрэсій «Пермь-36» не вельмі ўпісваецца ў карцінку пуцінскай Расіі, дзе Сталін паўстае эфектыўным манагерам. Рэжысёр дае слова валанцёрам аб'яднання «Мемориал», якія рызыкуюць патрапіць пад вызначэнне «замежны агент», але стараюцца захаваць рэшту экспанатаў ГУЛАГа на горкую памяць.
«Курумім»
рэж. Маркас Прада (Бразілія)
Навошта ісці: каб зразумець, што адчувае чалавек, які чакае «сваю» кулю з дня на дзень.
Марка «Курумім» Арчэр быў асуджаны ў Інданэзіі за кантрабанду какаіну і трапіў у камеру смяротнікаў. 10 гадоў ён правёў у падвешаным стане: асуджаны даведваецца, калі будзе пакараны, непасрэдна ў дзень кары. Фінал «Куруміма» прадказальны, але ад таго не менш жудасны.
«Чыстыя»
рэж. Майя Зінштэйн (Ізраіль, Вялікабрытанія, Ірландыя, Нарвегія)
Навошта ісці: каб пераканацца, што спорт – гэта заўсёды больш, чым спорт.
У «чыстай» габрэйскай футбольнай камандзе з’яўляецца парачка гульцоў-мусульманаў – і ціфазі аб’яўляюць свайму клубу сапраўдную вайну. Пасля прагляду фільма будзе абмеркаванне з «Крумкачамі» пра тое, наколькі для Беларусі актуальныя праблемы, паказаныя ў фільме – як будуюцца іх стасункі з фанатамі, ці актуальная праблема шавінізма і рэлігійнай нецярпімасці ў беларускім футболе.
рэж. Джулія Дар (Нарвегія, Вялікабрытанія)
Навошта ісці: каб стаць больш свядомым у адносінах з матухнай-прыродай.
Гісторыя пра тое, як кенійскі фермер пераўтвараецца ў міжнароднага актывіста, таму што маўчаць ужо немагчыма. Док падымае такія пытанні, як змена клімату, урбанізацыя, гендарная роўнасць, адукацыя, доступ да вады і іншыя.
рэж. Цім Слэйд (ЗША)
Навошта ісці: пабачыць, як працуе гісторыя.
Чаму разбурэнне «старых камянёў» насамрэч элемент генацыду? Цім Слэйд распавядае пра разбуральныя для культуры дзеянні саюзнікаў у час барацьбы з нацыстамі цягам Другой сусветнай вайны, пра знішчэнне старажытнейшых помнікаў культуры ў Сірыі ды Іраку. Ад Варшавы і Дрэздэна – праз Мостар і Сараева – да Пальміры і Цімбукту.
«Рызыка»
рэж. Лаўра Пойтрас (Германія, ЗША)
Навошта ісці: паглядзець пра WikiLeaks.
Фільм пра аднаго з самых неадназначных персанажаў сучаснасці – Джуліяна Асанжа. Табе пакажуць яго так блізка, як толькі магчыма, а высновы зробіш сам(-а).
Навошта ісці: каб добра правесці час у цемры і цішыні плячом да пляча з прыемным чалавекам ці сам-насам з тэрмасам.
У праграме – будні сэкс-кансультанта з Індыі; глабалізацыя на фоне мексіканскіх джунгляў; поставарыйнае жыццё Саяна-Шушынскай ГЭС, кіраўніцтва якой узводзіць царкву замест адказаў на пытанні; росквіт правых сіл у Аўстрыі. Разнастайна. Паспееш і пасмяяцца, і паплакаць, і заблытацца, і задумацца.
Кароткі метр нядзельным вечарам
Навошта ісці: каб упэўніцца, што іншая кароценькая дакументалка бывае змястоўнейшай за курс лекцый па той ці іншай праблеме.
За 56 хвілін ты ўбачыш маарыйскую цырымонію ачышчэння ледавіка ад каланіяльнага мінулага, зазірнеш у кравецкую краму «чорнай жанчыны з белай скурай», даведаешся пра будні палітзняволеных жанчын у ГДР і бясплодных жанчын ва Усходняй Афрыцы, а таксама выправішся на пошукі дзяўчыны, якая далучылася да джыхада, разам з яе маці.
Калі каштоўнасці WATCH DOCS табе блізкія і хочацца падтрымаць цікавую ініцыятыву, можаш зрабіць гэта трыма спосабамі:
Для лянівых: выпіць Watch Docs Kava у адной з кавярняў, якія пералічаюць грошы фестывалю.
Для шчодрых: зрабіць данэйшн на Talaka. Аргі павінны да 12 снежня пералічыць Кінавідэапракату 4026 беларускіх рублёў.
Для самаадданых: стаць валанцёрам. Фэсту патрэбная дапамога з сацсеткамі, дызайнам, піярам і арганізацыяй.
Поўны расклад фільмаў глядзі тут
Как устроена редакция украинского журнала об истории was.media — интервью с редактором Иваном Сияком.
Што рабіць, калі чалавек нарадзіўся не таго полу, якім хацеў бы быць? Гісторыя транссэксуалкі Дыяны.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.