Беларускі кінематограф тоіць у сабе сюрпрызаў не менш, чым пячора маёркскага цмока. Вядомы прыклад: адзін з першых беларускіх савецкіх мувікаў быў зняты пра нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Мы сабралі калекцыю з пяці айчынных кінастужак таго часу, якія падымаюць яшчэ адно пытанне, актуальнае і цяпер, – гендарнай роўнасці і жаночых правоў. Глядзі, як girls power in old-fashioned way!
Здаўна да беларускага кінематографа прывязалася мянушка «партызанфільм», якая з цягам часу прырасла да яго сінонімам. Ды і ці шмат мы бачылі, акрамя спрадвечных эпапей пра Вялікую Айчынную вайну альбо ціхае сялянскае жыццё, каб крыўдзіцца на гэтую заўвагу?
Але калі адысці ад старасвецкіх забабонаў, гісторыя беларускага кіно аказваецца не такой простай і адназначнай, у ёй – бездань страчанага і забытага. З яе выкрасленыя пралетарскім вугалем цэлыя пласты твораў, пачынаючы ад дарэвалюцыйных гарадскіх кінахронік і заканчваючы фільмамі незалежных студый ды рэжысёраў. І нават «Беларусьфільм», здавалася б, які вечнасць ажыццяўляў фантазіі дзяржзаказу, мог бы пабудаваць горад з «пакладзеных на паліцу» кінастужак.
У бээсэсэраўскія часы карціна здымалася з пракату адразу пасля прэм’еры, таму што або недастаткова ўслаўляла савецкі рэжым, або была занадта вобразнай і эстэцкай, або «гаварыла на мове пасіўнага натуралізму» – карацей, калі фільм ставаў поперак горла таварышу ідэолагу, падысці магла любая абсурдная прычына. У ранняй савецка-беларускай перыёдыцы склалася нават цэлая культура ўніжальнай кінакрытыкі, не скупой на эпітэты, якая рэдка разглядала вартасць твораў. За ёй, праз некалькі дзясяткаў гадоў, надышла эпоха забыцця і дакучлівай ідэі, што ў кіно нам, беларусам, асабліва няма чым ганарыцца.
Каб разагнаць гэтую пустэчу абыякавасці, мы пераглядзелі ранняе беларускае кіно і знайшлі цікавую рэч. У міжваенныя часы быў зняты шэраг фільмаў, у якіх герой, а дакладней, гераіня – актыўная жанчына, якая сутыкнулася з жорсткімі (але не выключнымі) абставінамі і кінулася ў барацьбу з імі. Гераіні гэтых стужак мала ведаюць пра пакорлівасць, якая навязваецца «слабаму» полу, і перамагаюць якраз тыя праблемы, пра якія мы гаворым (або маўчым) і ў наш час.
Да канца назваць гэтыя фільмы фемінісцкімі нельга, усё ж такі іх галоўная думка гуртуецца вакол абсалютнай дабрачыннасці савецкага рэжыму. Але за агітацыйным пасылам ёсць і другарадная, больш важная цяпер лінія: аб’ектывацыя ды прыгнёт жанчыны дасталіся нам як перажытак ад капіталістычнага грамадства. Гэта важна ўдвая, паколькі тыя цяжкасці, якія пераадольваюць гераіні, на жаль, засталіся часткай нашай рэальнасці і сёння, але цяпер ужо не хвалююць «Беларусьфільм». Мы былі здзіўлены тым, што беларускае кіно таго часу закранала нават тыя пытанні, якія ў «прагрэсіўным і вольным» заходнім свеце – за якім мы не можам паспець – яшчэ толькі пачыналі абмяркоўвацца або ігнараваліся наогул.
Глядзі падборку з пяці ранніх фільмаў, знятых на студыі «Белдзяржкіно», якія натхняюць сваімі жаночымі вобразамі і адважнай барацьбой за чалавечыя правы, на якую вырашаюцца галоўныя гераіні.
«Саша»
(рэж. Аляксандра Хахлова, 1930)
Сюжэт
Невінаватага мужа маладой жанчыны арыштоўваюць. Цяжарная, без грошай, яна прыязджае з вёскі ў вялікі горад, каб выратаваць яго. Аднак гэта аказваецца не так проста. Саша, не маючы ані дакументаў, ані грошай, трапляе ў міліцыю, дзе сустракае як чэрствых, абыякавых людзей, так і спагадлівых, з дапамогай якіх у яе і атрымліваецца працягнуць барацьбу за вызваленне мужа.
Чым цікава?
Становішча Сашы жаласнае ўдвая: яна не ведае граматы, як многія сяляне і жанчыны таго часу, і яна цяжарная. Здаецца, у яе амаль няма шанцаў перамагчы несправядлівую прававую сістэму, ахвярай якой стаў яе муж. Але ўсё ж Саша знаходзіць выхад з чарады сітуацый, у якія трапляе збольшага праз сваю мяккасардэчнасць. Найбольш кранальная сцэна фільма (яна і сёння для беларускага кіно здаецца неверагодна смелай) адбываецца ў пастарунку, дзе Саша пранікаецца спачуваннем да жанчыны, затрыманай за занятак прастытуцыяй.
Якія цяжкасці пераадольвае гераіня?
Сацыяльная неабароненасць цяжарнай жанчыны, прававая бездапаможнасць сялян, бюракратыя.
«Сапраўднае жыццё»
(рэж. Аляксандр Гаўронскі, Вольга Уліцкая, 1930)
Сюжэт
У Веры, стараннай работніцы фабрыкі, завязваюцца адносіны з маладым журналістам. Праз некаторы час дзяўчына па запрашэнні каханага пераязджае да яго – у кватэру, дзе даволі хутка трапляе ў «кайданы» сямейнага побыту. Мужчына настойвае на тым, каб яго партнёрка кінула працу. Вера згаджаецца, але хутка разумее, што жыццё пад замком невыноснае для яе.
Чым цікава?
Драма галоўнай гераіні заключаецца ў выбары паміж сямейным жыццём і працай, перад якім ставіць яе партнёр. Характэрная «жаночая дылема», якая дагэтуль не страціла актуальнасці: традыцыйна менавіта за жанчынай замацаваная пазіцыя «захавальніцы агмяню». Вяртанне Веры на фабрыку становіцца годным «учынкам камсамолкі» і ўвасабляе галоўны пасыл савецкага агіткіно: доўг вышэй за асабістае жыццё. Але куды важней другараднае пытанне, які пакідае нам фільм: чаму менавіта жанчына абавязана ахвяраваць кар’ерай (адукацыяй, інтарэсамі) на карысць сям’і?
Якія цяжкасці пераадольвае гераіня?
Спажывецкае стаўленне да жанчыны, адсутнасць раўнапраўя ў сям’і, бытавое рабства.
«Суд павінен працягвацца»
(рэж. Яфім Дзіган, 1930)
Сюжэт
Група мужчын гвалціць маладую жанчыну. Муж не дазваляе ёй вярнуцца на працу – тое, што здарылася, здаецца яму ганьбай, ад якой трэба хавацца. Сышоўшы з дому, Алена зноў ледзь не становіцца ахвярай серыі нападаў. У тым ліку з боку адваката, які прынцыпова адмовіўся абараняць у судзе гвалтаўнікоў.
Чым цікава?
У аснову сцэнара лёг сапраўдны факт з газетнага артыкула пра рэальны выпадак групавога згвалтавання. Фільм удала закранае і другую тэму – стыгматызацыю, асуджэнне ахвяры грамадствам, якой часта даводзіцца замоўчваць сваю траўму. У адным з пераломных момантаў Алена сустракаецца з дзяўчынай-прастытуткай, зусім страчанай і няшчаснай, разумее, што яна далёка не адзіная пацярпелая ад сэксуальнай эксплуатацыі, і працягвае барацьбу ў судзе.
Якія цяжкасці пераадольвае гераіня?
Аб’ектывацыя, гвалт, замоўчванне, стыгматызацыя ахвяр гвалту.
«Кульгавенькая»
(рэж. Юрый Вінакураў, 1930)
Сюжэт
Ілька, дзяўчынка-падлетак, пераязджае з вёскі ў вялікі горад да бацькі. Ён пакутуе на алкагалізм і з часам пачынае падымаць на яе руку. Яна марыць займацца спортам, але не можа праз прыроджаную кульгавасць. Пазней Ільцы выпадае магчымасць дапамагчы піянератраду з раздачай запрашэнняў на «Свята спорту», і яна з энтузіязмам бярэцца за справу. Прыйшоўшы з прыяцелем, бацька зладжвае дэбош на мерапрыемстве, пасля чаго дзяўчынка вырашаецца адвезці абодвух у наркалагічны дыспансер.
Чым цікава?
Ільцы дастаўся незайздросны лёс. Яе прыроджаная хвароба супярэчыць яе мары – занятку спортам. Але сіла духу і ўпартасць дапамагаюць дзяўчынцы знайсці спосаб быць бліжэй да любімай справы. Стараннасць Ількі не застаецца незаўважанай – яе прымаюць у піянерскі атрад, дзе яна працягвае актыўна прапагандаваць спорт і здаровы лад жыцця.
Якія цяжкасці пераадольвае гераіня?
Прыроджаную немач, цялесную іншасць, п’янства і гвалт з боку бацькі.
«Жанчына»
(рэж. Яфім Дзіган, 1932)
Сюжэт
Марыя, натхніўшыся прыкладам сваёй аднавяскоўкі, марыць асвоіць прафесію трактарысткі. Пасля няўдалай спробы з яе пачынаюць кпіць. «Ты не здольная», – чуе яна ад майстроў. Але, старанна ўзяўшыся за тэорыю, пазней Марыя паспяхова спраўляецца і з практыкай.
Чым цікава?
Марыі, якая марыць аб новай справе, часта даводзіцца чуць, што абраная ёю прафесія «мужчынская». Гэта гавораць і суседка, шматдзетная маці, і муж, які нагадвае Марыі, што яна ўсяго толькі сялянка. Стаўшы прафесійнай трактарысткай, Марыя перамагае «слабасць», якую ёй навязваюць, і плёткі, якія абмяжоўваюць працоўную свабоду жанчын.
Якія цяжкасці пераадольвае гераіня?
Гендарны дысбаланс у прафесіях, дэфіцыт «жаночых» працоўных месцаў, бытавую дэспатыю.
Як за тыдзень навучыцца граць сапраўдны панк-рок і страціць страх перад выступамі на публіцы? Наш відэарэпартаж з фінальнага канцэрту Women’s Rock Camp.
«Больш не можаш? Зрабі яшчэ два разы!» Праект «Здольная» распавядае, як спорт дапамагае стаць упэўненай. Свежачок ад відэапраекту E-quality!
Камон, лэйдзіс! Чатыры дзявочыя актыўнасці, якія пераасэнсоўваюць ролю жанчыны ў сучасным свеце.
Мы знайшлі пяць акаўнтаў DIY-спартсменак, якія скарылі Instagram і нашыя сэрцы. Натхняйся і ты!
«Сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
Цудоўны артыкул, многа лайкаў аўтару!