10 актывістаў, якіх сорамна не ведаць
- Рубрыка: ЗA KIM САЧЫЦЬ?
- 23.02.2018
- 14222
Актывісцкія ініцыятывы, як правіла, выглядаюць калектыўна-ананімнымі. Яно і зразумела: вялікая справа ў адзіночку не робіцца – да мэты ідуць з сябрамі або цэлай талакой. І ўсё ж так хочацца ўбачыць за гэтым безыменным дабром канкрэтных асоб – з іх марамі і болькамі. Знаёмся: 10 актывістаў(-ак), якія робяць лепш горад, планету і нават стан нашых душ.
Уладзімір Булаўскі
Уладзь Булаўскі – каардынатар «Будзьма беларусамі!» па Віцебскім рэгіёне і адзін з тых, хто актыўна развівае культурніцкую прастору vitebsk4me. Можна толькі пазайздросціць упартасці і адданасці Уладзіміра, карэннага віцебчука, які шчыра любіць свой горад і ўмее наводзіць мосцікі між мастацтвам, бізнэсам ды ўладамі.
На сакавік-красавік у vitebsk4me запланавана серыя прэзентацый праектаў ад ініцыятываў моладзі і грамадскіх арганізацый, якія робяць горад на Дзвіне лепш. Першага красавіка без усялякіх жартачак каманда праекта зладзіць гарадскую прэмію, дзе адрэспектуе ўсіх, хто па лаўках не сядзеў і праявіў максімум актыўнасці (вырашаць гэта будзеш ты, неабыякавы грамадзянін, у сумленным галасаванні!).
Уладзь аднойчы казаў нам, што ў яго шыла ў адным месцы, дык вось, у vitebsk4me планаў на пяць Напалеонаў хапіла б: па сакрэту скажам табе, што сёлета рабяты плануюць пашырацца на вобласць.
Алена Агарэлышава
Алена Агарэлышава – магістарка сацыялогіі, менеджарка праекта Community Centre для падтрымкі ЛГБТК+ ды іх блізкіх, кіруе Гендарным модулем ECLAB. Менавіта Алена паднялася на сцэну па прыз на RADA Awards сёлета: яе каманду адзначылі ў намінацыі «Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы правоў чалавека». Алена топіць супраць любога тыпу дыскрымінацыі і прасоўвае сучасныя гендарныя тэорыі, якія дазваляюць хлапцам плакаць, а дзяўчынкам гуляць у рэгбі – і ад таго ўсе становяцца толькі больш шчаслівымі.
Калі ты не ведаў(-ла), то Community Centre аказвае псіхалагічную і юрыдычную дапамогу ЛГБТК+людзям і іх блізкім, ладзіць гульнятэкі Queerspace, семінары, трэнінгі і іншыя адукацыйныя івэнты. Цяпер у адным чоўне з камандамі DOTYK, J4T і Article 19 яны працуюць над кампаніяй #stophateby, якая стымулюе бацькоў і блізкіх ЛГБТК+ людзей падтрымаць іх. Глядзі кранальныя відэагісторыі праекта і трымай насоўку.
Каманда Community Centre цяпер актыўна займаецца падрыхтоўкай чацвёртага фестывалю квір-культуры DOTYK. Каб стаць валанцёрам, пішы ў Facebook.
Дзяніс Кобрусеў
Дзяніс Кобрусеў – кіраўнік праекта «Горад для гараджан», актывіст гучнай грамадскай кампаніі «Генплан – для мінчан!», створанай дзеля таго, каб беларусы не маўчалі, калі ўшчыльняюць, перакройваюць, высякаюць і робяць іншы «паляпшайзінг» іх горада.
Дзяніс з таварышамі не дае расслабіцца гарадскім уладам, наўпрост паказваючы на парушэнні ў працэдурах праектавання і будаўніцтва. Вось тут, напрыклад, без зацверджанага праекта дэталёвага планавання сабраліся пабудаваць чарговае шкельца на беразе Свіслачы (не прапусці наступнае грамадскае абмеркаванне!).
Асаблівасць дзейнасці Дзяніса – праца «ў полі»: мясцовыя жыхары часцяком проста не ўмеюць абараніць тэрыторыю, якая ім належыць; адных трэба падштурхнуць, іншым – падказаць, трэціх – навучыць. Так, крок за крокам, і фармуецца грамадзянская супольнасць; прыходзіць разуменне, што дом не абмяжоўваецца ўласным дыванком пры дзвярах кватэры.
Дарэчы, сумесна з Дзянісам Кобрусевым мы зрабілі матэрыял «Што рабіць, калі мой дом трапіў пад знос?». Ведай свае правы.
Вольга Каскевіч
Вольга Каскевіч – з тых актывістаў, да якіх людзі з кабінетаў прыслухоўваюцца. У 2013 годзе яна заснавала арганізацыю «Багна», якая шчыльна працуе з водна-балотнымі ўгоддзямі; таксама «Багну» цікавяць тэмы біяразнастайнасці ды асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. Каманда праекта змагаецца за тваё права жыць не ў выпаленай пустыні. Рабяты трубяць ва ўсе трубы, калі дзелавітым чыноўнікам прыходзяць у галаву ідэі накшталт выпроствання Прыпяці.
Каб размаўляць з міністэрствамі і навуковымі аддзеламі нацыянальных паркаў, Вользе даводзіцца шмат працаваць з дакументамі, але пераўтварыцца ў кабінетнага чалавека ёй дакладна не пагражае. «Сіла дрэваў, моц травы, улада моху» – яе інтра на Фэйсбуку.
Па цяпле «багнаўцы» традыцыйна адпраўляюцца ў прыродаахоўную талаку і запрашаюць далучацца да іх кампаніі ўсіх неабыякавых. Мастакоў чакаюць у ландшафтнай майстэрні ў маляўнічым Асвейскім заказніку (глянь на фотачкі і зачаруйся).
Цяпер Вольга з калегамі працуе над праектам «Карта балот». Калі ты ўмееш працаваць з ГІС, дык не сядзі без справы – дапамажы адмаляваць карту з дадзенымі аб прыродных аб'ектах.
Андрэй Карпека
Андрэй Карпека – інтэлігентны прапаведнік урбаністыкі, якая далёка не толькі пра каву на вынас і роварныя дарожкі. Са слоў самога Андрэя, зацікавіцца гарадской прасторай яго прымусіў Амстэрдам, а на карысць тое пайшло Менску: тут наш актывіст-гуманітарый аб’яднаўся з архітэктарамі – і разам яны пачалі прасвятляць нас па сваім прадмеце. Калі б не Андрэй, то як бы мы разабраліся, куды інвестуе Менск?
Спачатку Менская ўрбаністычная платформа ладзіла лекцыі і дыскусіі, але з цягам часу замахнулася на цэлы форум: запрасілі эканамістаў, прадстаўнікоў гарадскіх уладаў, журналістаў, якія пішуць пра горад, і цэлы тыдзень правялі не дарма. Атрымалася падключыць да дыялогу гарадскія ўлады.
Важна, што аб’яднанне працуе не толькі з дакументамі і канцэпцыямі. Так, рабяты ўжо здейснілі на Трактарным заводзе і ў Серабранцы задумку пра альтэрнатыўныя двары – прыдамавую прастору, дзе ёсць жаданне затрымацца.
Ад Менскай урбаністычнай платформы варта чакаць многага, і, калі Менск аднойчы стане падобны да Капенгагена, мы дакладна ведаем, што будзе тут і асабістая заслуга Андрэя Карпекі.
Дар'я Царык
Дар'я Царык – журналістка, знаёмая табе перш-наперш па ўсенародна любімым часопісе «Імёны», які дапамагае праекту Фонд «Геном», Прытулку для жанчын і дзяцей, Беларускаму дзіцячаму хоспісу, тэатру для дзяцей з аўтызмам, пошукава-выратавальнаму атраду «Анёл» і многім іншым ініцыятывам.
Дар'я падымае самыя «няўтульныя» для грамадства і дзяржавы тэмы, ды так моцна, што яны потым гудзяць у анлайнах і афлайнах. «Памяркоўныя» беларусы(-кі) адчулі наймацнейшыя эмоцыі ад інфармацыйных праектаў «Дом і гвалт» і «Карта гвалту», да якіх Дар'я мае самае непасрэднае дачыненне. Калі чытаеш рэальныя гісторыі, ад якіх стыне кроў, заплюшчваць вочы на актуальную праблему ўжо не вельмі атрымліваецца.
У нас выходзіла калонка Дар'і «Дапамагчы можа кожны», і калі ты да гэтага часу не разумееш, як менавіта ты можаш дапамагчы (а вельмі хочацца), проста прачытай яе: натхняе падняць галаву і ўбачыць тых, каго ў звычайным жыцці амаль не відаць. «Бяздомнаму не трэба даваць рыбу, яму трэба даць вуду? Вуда і ёсць змена сістэмы? Але навошта будзе патрэбна бяздомнаму гэтая вуда заўтра, калі ўжо сёння ён памрэ ад голаду?» Сінк эбаут іт, калі ласачка!
Анора Лангар
Анора Лангар – з тых актывістаў, намаганнямі якіх экалогія робіцца trendy. Яна арганізоўвае фестываль экалагічнага кіно «Планетарый», дзе паказваюць медытатыўныя і пры гэтым нянудныя карціны, у якіх сапраўды мае патрэбу кожны з нас. Мінулы фэст прайшоў з аншлагам. У гэтым годзе таксама чакаецца: і фэст, і, мяркуем, аншлаг. Сачыць за яго старонкай можна тут.
Дагэтуль Анора была адной з арганiзатарак незалежнага фестывалю кароткаметражак Cinema Perpetuum Mobile, якi ладзяць кiнаманы горада больш за 5 гадоў без спонсараў і грантаў. Зараз Анора разам с грамадскай арганiзацыяй «Экадом» працуюць над тым, как больш грамадзян ведалi сваё права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.
Алена Каховіч
Алена Каховіч актыўнічае ў агенцтве рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч», якому ўжо можна выпускаць мерч з дэвізам: «Робяць Берасце лепш з тых часоў, калі ты яшчэ пад стол хадзіў(-ла)». З 1999 года яе каманда працуе ў першую чаргу па двух напрамках: перасаджвае гараджан(-ак) на ровары і робіць так, каб яны не шарахаліся, пачуўшы «калі ласка» ў адказ на «спасибо». Але дзейнасць «Дзедзіча» распасціраецца значна шырэй: усё ім цікава – і гісторыя, і адукацыя, і палітыка, і экалогія. У гэтай тусоўцы прымуць любога(-ую), каму не індыферэнтна, што робіцца вакол яго(яе).
Алена – гісторык культуры, таму ўмее арганічна давесці да цікаўных, што Берасце – гэта далёка не толькі крэпасць. А яшчэ яна выступае за тое, каб адаптаваць беларускую культуру да патрэбы сённяшняга дня, таму сярод спікераў «Дзедзіча» можа лёгка апынуцца Рома Свечнікаў, а не толькі які-небудзь вусаты прафесар этнаграфіі.
Не забудзем падзякаваць Алене за небанальныя ідэі шпацыраў па Берасці. Разам з іншымі ўрбаністамі яна працавала над праектам «Брэсцкі канструктывізм». Цяпер на анлайн-мапе, якую прачытае нават самы(-ая) безнадзейны(-ая) тапаграфічны(-ая) дзівак(-чка), з любоўю зафіксаваныя 62 архітэктурныя помнікі з гістарычнымі даведкамі.
Марына Штрахава
Марыне Штрахавай зямны паклон ужо толькі за тое, што прывезла нам з еўроп ідэю Жывой Бібліятэкі. Гэта такі дзіўны фармат, калі людзі «чытаюць» не звычайныя кніжкі, а людзей, і гэтакім чынам пазбаўляюцца стэрэатыпаў. Сапраўды, калі на свае вочы пабачыш, напрыклад, лесбіянку і паразмаўляеш з ёй, вядома, менш захочацца на форумах з-пад ананімуса страчыць каменты пра «лячыць альбо расстраляць!». Для Кніг івэнты таксама не праходзяць марна: нельга пераацаніць тэрапеўтычны эфект ад шчырай размовы з незнаёмцамі(-камі). Сярод спікераў былі веганы, фрыганы, вандроўнікі, ВІЧ-пазітыўныя, анкахворыя, былыя наркаманы, квір-людзі і хто толькі не.
Сёлета Жывая Бібліятэка плануе пашыраць фарматы, але ўсё гэта абавязкова будзе пра стэрэатыпы, разнастайнасць і інклюзію. Праекту патрэбныя валанцёры: можна весці сацсеткі, дапамагаць з арганізацыяй івэнтаў і не толькі.
Юлія Малькова
Постар з маркеталагіняй і спецыялісткай па камунікацыях Юліяй Мальковай павінен вісець на сцяне ў кожнага(-ай), хто думае, што ў чужым горадзе ты без сувязяў мошка і пылюка. Юлія будзе натхняць, бо сама яна ўсяго некалькі гадоў таму перабралася да нас з Украіны, а паспела столькі ўсяго – кожнаму б так! Яе праект ProWomen.by аб'ядноўвае дзяўчат, якія хочуць стаць бізнэсвуман, але не ведаюць, з чаго пачаць. Сёлета праект адзначылі прэміяй «Зрабілі».
У лютым Юлія запусціла адукацыйны side-праект, як яна сама яго называе, Botanika. Гэты праект не пра экалогію і не пра гікаў у лабараторыях, а пра рост – цябе, тваіх мэтаў і тваіх дасягненняў. Нядаўна ў Botanika адбыўся першы семінар у прасторы Punkt.
Яшчэ Юля вельмі падрабязна і без хітрыкаў піша на Facebook пра ўнутраную кухню актывізму: распавядае пра эмацыйнае выгаранне, пра цяжкасці фінансавання, пра пасіўнасць мэтавай аўдыторыі, etc. Пазнавальна і паказальна.
Канешне, мы разумеем, што гэты спіс невычарпальны. Калі жадаеш даведацца пра яшчэ некалькі дзясяткаў пчолак, якія робіць свет лепшым, чэкні нашу базу актывістаў(-ак).
Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by і 34mag.net.