9 маладых мастакоў, якія даследуюць душу беларускую
- Рубрыка: ЗA KIM САЧЫЦЬ?
- 01.08.2019
- 7263
Сабралі на адной старонцы дзявятку мастачак і мастакоў, якія з розных бакоў раскрываюць, чым дыхае Беларусь сённяшняя. Пасля азнаямлення з гэтым не ультыматыўным матэрыялам табе будзе што паглядзець, паслухаць і пачытаць.
Базыль Стахіевіч – аўдыявізуальны мастак, які спалучае ў сваіх эксперыментах мастацкі і навуковы падыходы. Знакамітым на ўсю краіну (на ўсю сталіцу дакладна) Bazinato зрабіла скульптура «Вялікая істота», якая з’явілася ў 2017-м на вуліцы Кастрычніцкай, ледзь-ледзь прастаяла год і пала ахвярай вандальскіх нападкаў. Базыль скончыў Педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Магчыма, таму ён спакойна, як высакакласны настаўнік, адрэагаваў на тое, што сталася з яго працай (цяпер на яе месцы, дарэчы, цалкам антывандальны «Пацалунак» Канстанціна Селіханава).
Мастак жыве ў Маладзечне, актыўна ўдзельнічае ў творчым жыцці Менска, прасоўвае мастацтва і ў іншых гарадах Беларусі, а таксама за яе межамі. З нядаўняга: у Лідзе на сцяне інклюзіўнай кросфіт-залі каля басейна «Дэльфін» з’явілася графіці ад Bazinato.
Bazinato з тых рабят, каму ў сценках майстэрні задушна: ён актыўна курыруе ўсемагчымыя арт-рэзідэнцыі і зусім нядаўна разам дзвюма культ-менеджаркамі запусціў адукацыйны праект Artonist.
Алеся Жыткевіч нарадзілася ў нямецкім Патсдаме, а сёння жыве і працуе ў Менску. Яна адна з нешматлікіх беларускіх мастачак, якая рэфлексуе на тэмы сэксуальнасці, аголенага цела і палітыкі.
Першая выстава Алесі была сама па сабе скандальнай гісторыяй. За тыдзень да атрымання дыплома БДАМ (было гэта ў 2015 годзе) мастачка паказала ў галерэі сучарту «Ў» відэапраект «Натура», куды ўвайшлі інтэрв'ю з выпускніцамі акадэміі, да якіх падчас вучобы дамагаліся выкладчыкі.
Далей Алеся ўсур'ёз зацікавілася даследаваннем узаемасувязі сэксуальнасці і палітыкі. У працы «Асабістае – гэта палітычнае» мастачка праз графіку і фатаграфію разважала над тэмай, якая актуальная і цяпер: ці належыць жаночае цела самой жанчыне? «Маё цела – мая справа» або аўтаномія незваротна страчаная пад націскам традыцыйных поглядаў і рэкламы?
Андрэй Анро прыйшоў да жывапісу праз фатаграфію, хоць наогул атрымаў вышэйшую адукацыю ў Маскве па спецыяльнасці «рэклама».
Для свайго вядомага праекта «The Lost» мастак вывучаў некралогі зніклых без вестак і ствараў іх партрэты, пакідаючы толькі абрыс, знарок апускаючы дэталі твару.
У графічным праекце «Новы свет» Андрэй даследуе тэму ўтопіі савецкага часу і настальгію старэйшага пакалення па сацыялістычнай утопіі – «А раней было лепш». У работах серыі мастак выкарыстаў старонкі часопіса канца 80-х з адпаведнай назвай.
Андрэй Бусел шырока вядомы як заснавальнік HutkaSmachna studio і ўдзельнік арт-групоўкі Hutka Smachnaa (разам з Сяргеем Краўчанкам і Тарасам Пашчанкам). Ты напэўна ведаеш гэты калектыў праз стрыт-арт на Кастрычніцкай, чырвоныя парасоны на Пуліхава, упрыгожаны чаротам масток паміж Лошыцай і Серабранкай, люстэркі на Інтэрнацыянальнай, Маркса, Смаленскай, цацачныя аўтазакі і шмат чаго яшчэ. Мастакі спрытна і дасціпна рэагуюць на выклікі сучаснасці: то сцяну плачу для іпэшніка зробяць, то мем пра «папіцот» абыграюць.
У Instagram Hutka Smachnaa Андрэй адказвае, што гэты праект – «гісторыя пра тое, як выказаць асаблівыя пачуцці пры дапамозе асаблівых прадметаў».
У 2011 годзе ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбылася персанальная выстава мастака «Aeternus et momentum».
Лінгвіст-перакладчык з адукацыі, Антон Сарокін aka 40sorok праз чатыры гады пасля выпуску пачаў працаваць у галіне саўнд-арту. І так усё добра пайшло, што яго творы з задавальненнем прымаюць і ў Беларусі, і па ўсе бакі яе межаў. З поспехам «гастралявалі», напрыклад, Антонавы праекты «Belarus 4'33» і «Forms of Silence».
У сваёй творчасці Антон Сарокін надае ўвагу найперш такім пытанням, як індывідуальная і калектыўная памяць, палітычнае вымярэнне гуку і цішыні, адносіны паміж музыкай і сацыяльнай сферай, нелінейнае ўспрыманне часу. Мастак яскрава дэманструе, як мінулае распавядае нам пра сучаснасць і будучыню. Менавіта час стаў лейтматывам персанальнай выставы «Мінулае яшчэ не скончылася, будучыня ўжо не настала», якую мы старана зафіксавалі на камеру.
Воля Сасноўская – мастачка і даследчыца. У кола яе даследчых інтарэсаў уваходзяць праблематыка афекту і калектыўнасці, цела і танцу, гендару і дэкаланіялізму, сучасных рэжымаў працы і адпачынку.
Адзін з самых яркіх праектаў, дзе мастачка прымае ўдзел, – «РБ! ОБ!» («Работай больше! Отдыхай больше!»), які штогод ладзіцца летам. Таксама Воля Сасноўская ўваходзіць у супольнасць Status.
Воля з тых, хто заўсёды вучыцца: аб'ездзіўшы немалую частку Еўропы, каб атрымаць адукацыю і паўдзельнічаць у фестывалях, яна і цяпер на шляху да новых ведаў – працуе над практычна-арыентаваным PhD у Венскай акадэміі мастацтваў.
Калі б мы апісвалі Захара незнаёмым людзям, то пачалі б так: мастак, жывапісец, прадстаўнік радыкальнай пазіцыі ў новым абстрактным жывапісе Беларусі. А тыя, хто ў тэме, ведаюць, што Захар любіць яркія і размашыстыя, як яго жывапіс, рашэнні – у пачатку 2010-х яго захапленне Вілемам дэ Кунінгам прывяло мастака ў ЗША. Жыў там Захар займальна, але без фінансавых празмернасцяў. Праз два гады нелегальнага знаходжання вярнуўся ў Беларусь.
У Беларусі мастак арганізаваў персанальную выставу, зняўся ў фільме Максіма Шведа «Чыстае мастацтва», і ў выніку гэтай актыўнасці адна з яго карцін трапіла ў фонды Нацыянальнага мастацкага музея.
Калі хочаш больш пазнаць нейра-арт, даведацца, чым амерыканцы круцейшыя за беларусаў, а таксама адхапіць мудры савет ад Захаравай бабулі – чытай свежае інтэрв'ю мастака для 34mag.
Маша Святагор лічыць за лепшае тлумачыцца праз сваю творчасць, зрэдку дае інтэрв’ю і аддае перавагу пісьмоваму фармату адказаў на пытанні журналістаў – таму наша жывое в’ю цэнім удвая. У ім Маша распавяла, што ідэнтыфікуе сябе як мастачку, а не як фатографку, хоць і складае свае калажы з фотаздымкаў.
Мастачка ўдзельнічае ў міжнародных фестывалях, выстаўляецца ў замежных галерэях, арганізоўвае персанальныя выставы. Хочаш паглядзець на штось свежае – зірні на ілюстрацыі да тэксту пра ўмовы для працы мастакоў у Беларусі.
Беларускія мастацтвазнаўцы ў Машу амаль аднадушна вераць. Антаніна Сцебур, куратарка праектаў «Имена» і «Дама, удобная в быту», вангуе: «Яе працы надзвычайныя. Мне падаецца, праз пару гадоў пабачым яе на вялікіх біенале».
Сяргей Шабохін – мастак, куратар, крытык, заснавальнік і галоўны рэдактар парталу Art Aktivist (цяпер праект у замарозцы, але паклікаць сайт можна), сузаснавальнік і галоўны рэдактар архіва лекцый па мастацтве KALEKTAR. Лекцый, праўда, усяго тры, затое тэмы – самы тлушч. Адну з іх, мяркуем, павінен(-на) прачытаць кожны(-ая) абітурыент(-ка) БДАМ – «Навошта мастаку дыплом акадэміі?».
Сяргей – прыхільнік арт-актывізму і падтрымлівае крытычныя выказванні ў мастацтве. Яскравы прыклад яго творчых пошукаў – выстава «Сацыяльны мармур у цэнтры Еўропы», у межах якой мастак прапусціў класічныя міфы пра беларусаў – «талерантнасць», «сацыяльная дзяржава», «цэнтр Еўропы» – праз васьміграннік-Нацыяналку.
Сяргей ахвотна ўдзельнічае ў калабарацыях. З апошняга – сумесная з польскім мастаком Паўлам Матышэўскім выстава «Styk // Стык» у Берасці. Тут закранаецца тэма межаў – заўсёды актуальная на берасцейскім пункце пропуску, ды і ўвогуле для творцаў у краіне, дзе, калі хочаш стаць вядомым, стань найперш вядомым за мяжой.
Дзякуй за ўдзел у падрыхтоўцы матэрыялу Антаніне Сцебур.