Уладзімір Булаўскі
Сёння гутарым з узорным актывістам Уладзімірам Булаўскім пра адукацыйныя ініцыятывы прасторы vitebsk4me, працу незалежнага прамоўтара і тое, чаму культурнае жыццё Віцебска – гэта ўдалы прыклад супрацоўніцтва з дзяржавай.
Чым займаюцца: Стварэннем і развіццём віцебскай гарадской культуры.
Дата заснавання: 2008 год.
З кім гутарым: Уладзімір Булаўскі, 26 год. Актывіст прасторы vitebsk4me, арганізатар культурніцкіх падзей. Мае гістарычную адукацыю.
Гісторыя Вовы
– Ведаеце выраз пра шыла ў адным месцы? Вось гэта пра мяне сказана. Нейкая актыўнасць, энергія, як мне здаецца, у кожнага чалавека ёсць ці не ад пачатку, іншая справа – здольнасці, хоць і гэта можна развіць ды напоўніць пэўным зместам, скіраваць у патрэбным напрамку. Канешне, я па сабе мяркую. Я з юнацтва хадзіў у музычную школу, ездзіў у лагеры ў якасці важатага, яшчэ нешта рабіў. У 2001-м трапіў у тэатральны гурток, створаны для абароны дыплома Аляксандрам Андрыенкам, які выпусціўся з Акадэміі мастацтваў і граў у Коласаўскім тэатры. Пасля гэтага Саша перадаў нас Свеце Бень, у яе быў невялікі лялечны тэатр. У тыя часы ў нас было памяшканне, дзе, я так думаю, праз культавасць асобы Светы ўвесь час тусаваліся розныя цікавыя людзі: Саша Веледзімовіч, Воўка Плюмбум. І такім чынам усё неяк і пачалося, а зараз мая актыўнасць – гэта ўжо натуральны ход падзей.
«Vitebsk4me для мяне ў першую чаргу – ідэя, а не супольнасць людзей ці нейкая арганізацыя»
Што такое vitebsk4me?
– Vitebsk4me для мяне ў першую чаргу – ідэя, а не супольнасць людзей ці нейкая арганізацыя. Акром таго, на сённяшні дзень v4m – гэта яшчэ і сайт, на якім мы адлюстроўваем сваю дзейнасць і пішам пра гарадскую культуру. Ідэя зрабіць Віцебск лепей з кожнай падзей, ідэя паказаць, што актыўныя людзі могуць рэалізоўваць сябе тут. Усіх людзей, якія працуюць сёння побач са мной, у тым ліку і на v4me, я ведаю даўно: напрыклад, Віталя Броўку, Рамана Воранава ці Ігара Юхневіча. Проста тады (прыкладна 2006 год) мы рабілі нейкія рэчы адасоблена, кожны развіваўся ў сваім кірунку, хоць і ведаючы адзін пра аднаго.
Прыблізна ў той час у мяне быў перапынак у маёй актыўнасці, бо я з’ехаў вучыцца ў Менск. Я правёў там тры гады і з розных прычынаў вярнуўся ў Віцебск у 2010 годзе. Ужо ў 2012-м я актыўна пачаў рабіць падзеі ў горадзе супольна з хлопцамі і дзяўчатамі ў vitebsk4me. Сёння v4me – гэта культурніцкі сацыяльны адукацыйны праект для моладзі, пляцоўка, дзе яны могуць рэалізоўваць сябе і пераўтвараць у жыццё свае ініцыятывы. На мой погляд, нашая прастора, ці, калі дакладней, людзі, якія тут нешта робяць, шмат даюць гораду. Віцебск можа ганарыцца тым, што ў нас ёсць рэальная супраца з уладамі: напрыклад, ужо другі год запар мы робім «Кірмаш праектаў» напярэдадні свята горада, пасля гэтага прапанаваныя праекты і мерапрыемствы афіцыйна ўключаюцца ў праграму гарадскіх святаў. Асобны пункт, варты ўвагі: паводле маіх уласных назіранняў, шмат людзей вяртацца сюды ці то пасля вучобы, ці проста з іншых гарадоў, дзе яны жылі, і насычанае культурнае жыццё – адна з істотных прычын для гэтага.
Гарадская культура і горад – аб’екты нашай працы. Я размаўляю з рознымі людзьмі з розных гарадоў і магу ўпэўнена сказаць: тое, што мы робім у Віцебску, закранае прынцыпова розныя ўзроўні, вырашае праблемы, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Я схільны назваць гэтыя дзеянні стратэгіяй, пэўным бачаннем таго, што рабіць далей. Такі ўмоўны план дазваляе рабіць не бессістэмныя аднадзённыя рэчы, але комплексныя праекты і доўгатэрміновыя працэсы. То-бок для мяне гэтая розніца становіцца відавочнай у гутарках з іншымі арганізатарамі ці актывістамі, бо мне здаецца, што мы проста размаўляем пра розныя рэчы.
«Гарадская культура і горад – аб’екты нашай працы»
Апошнія найбольш буйныя і маштабныя праекты, якія праводзіліся v4me, – гэта адукацыя розных напрамкаў. За папярэднія тры гады мы правялі курс камунікатыўнага дызайну, курс менеджараў у сферы культуры і арт-падзей Lumini, курс менеджараў гісторыка-культурнай спадчыны Interhistory. Чагосьці падобнага раней проста не было: мы прывозілі прафесійных выкладчыкаў, спецыялістаў у сваёй сферы з Беларусі і з-за мяжы. Амаль усе лекцыі былі адкрытымі і бясплатнымі. Гэта неверагодны шанец атрымаць рэдкія і карысныя веды. Дзякуючы гэтым праектам мы выпусцілі ў свет адукаваных і падрыхтаваных да рэальнай працы людзей, у якіх ёсць неабходныя веды і досвед. Практычным вынікам курсаў можна лічыць той факт, што ўласныя ініцыятывы студэнтаў ужо другі год запар рэалізуюцца ў межах розных гарадскіх мерапрыемстваў і святаў.
Таксама неўзабаве на базе Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва мы збіраемся праводзіць Фестываль нямога кіно і эксперыментальнай музыкі «Кінапалёт». Для мяне гэта вельмі важная падзея, гэта планка, якую варта ўзяць, каб паказаць новы ўзровень культурніцкіх івэнтаў.
Бізнэс і дзяржава
– Таксама не так даўно я зарэгістраваў ІП, якое дазваляе мне больш свабодна (у сэнсе, не напружваючы іншых людзей) займацца арганізацыяй канцэртаў і падзей. Да канца года ў мяне запланавана дзесьці 30 канцэртаў, у асноўным у Віцебску. Сёлета я арганізоўваў выступы гуртоў Nizkiz, «Серебряная свадьба», «Дай Дарогу», «НейроДюбель», :B:N, «Сцяна», NAVI, Дзімы Іванова з «Адыс-Абебы», а таксама мясцовых каманд. У іншых гарадах – Бабруйску, Магілёве, Наваполацку, Оршы – я рабіў канцэрты для AKUTE, для якіх я таксама зладзіў тур па Украіне. У асноўным гурты самі звяртаюцца з прапановай выступу, але часам і я выказваю свае пажаданні, калі адчуваю настрой аўдыторыі.
З 1 кастрычніка я працую на палову стаўкі як навуковы супрацоўнік ва УК «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва». Гэта мой другі сур’ёзны досвед работы ў дзяржаўнай установе – пэўны час я выкладаў гісторыю ў школе. Мы супрацоўнічалі дастаткова доўга: для v4me мы карысталіся пляцоўкамі цэнтра, таксама рабілі нейкія супольныя падзеі. На мой погляд, ВЦСМ у Віцебску сёння – даволі адкрытая ўстанова, тут гуртуецца ў тым ліку і віцебская творчая моладзь. Я адчуваю не толькі патрэбу змяняць, рабіць нешта карыснае і цікавае, але і бачу напрамкі, перспектывы. Асноўная база, пляцоўка, якой я магу карыстацца, – Арт-прастора на Талстога, 7. Менавіта такім чынам, прапанаваўшы план дзеянняў і магчымасцяў, якія чакаюць музей наперадзе, я атрымаў гэтую працу.
«Да канца года ў мяне запланавана дзесьці 30 канцэртаў»
Паспрабаваўшы сябе ва ўсіх сферах дзейнасці, ад бізнэсу да дзяржаўных устаноў, я магу сказаць, што адносіны і камунікацыя паміж імі – звышскладаная рэч. І наўрад ці я да канца гэта разумею. Для пачатку, як мне здаецца, трэба наладзіць унутраную камунікацыю ў саміх установах. Зараз я гэта разумею і востра адчуваю, бо мы, як супрацоўнікі музея, не ведаем, што адбываецца ў суседняй інстытуцыі. Ну і канешне, у дзяржаўных установах усё часта залежыць ад рашэнняў аднаго пэўнага чалавека, і час ад часу ты не разумееш, чым ягоныя рашэнні матываваныя, а тлумачыць табе гэтага ніхто не будзе.
Камусьці такія намаганні і такая актыўнасць могуць падацца бессэнсоўнымі, марнымі. Але для мяне ўсё, што я раблю, што робяць актыўныя людзі побач са мной, – гэта сапраўднае жыццё, якое па-іншаму я не ўяўляю. І мне хочацца, каб горад развіваўся, каб тое, што раблю я, стала цікава іншым людзям.
Аўтар Віка Фаміна
Фота by Таня Аліпчыкава
Пакуль няма ніводнага каментара