Хто робіць мапу?
Алена Каховіч, 26 гадоў
Скончыла гістарычны факультэт у Брэсцкім педагагічным універсітэце. Хацела стаць настаўніцай, але з задавальненнем папрацавала бібліятэкаркай. Цяпер актывістка агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» і займаецца праектамі, звязанымі з культурнай сферай, папулярызацыяй беларускай мовы, падтрымкай НДА.
«Вынік калектыўнага актывізму можна ўбачыць праз шмат гадоў. Мы пачалі падымаць пытанні ўрбаністыкі гадоў 7 таму, а цяпер гэтую тэму падхапілі і іншыя арганізацыі: экалагічныя, архітэктурныя. Цяпер не толькі актывісты, але і звычайныя жыхары горада разумеюць, што важна захоўваць гістарычныя будынкі. І мы вельмі радуемся гэтаму».
Валянцін Тур, 28 гадоў
У старэйшых класах школы Валянцін навучыўся праграмаванню і вырашыў іншымі спосабамі рабіць Беларусь класнай. У 2015 годзе ўбачыў сайт «Дзедзіча» і напісаў кіраўніку арганізацыі, што сайт вельмі дрэнны. Валянцін вырашыў перарабіць старонку, і з тых часоў пачаў займацца тэхнічнай падтрымкай «Дзедзіча». Таксама стварыў прыладу «Будзь валанцёрам» для брэсцкіх НДА.
«Я нарадзіўся ў Берасці, і ўсе мае сваякі таксама адсюль. Любоў да Беларусі і беларускай мовы бацькі прышчапілі мне з дзяцінства, мы нават дома гаварылі па-беларуску. Ужо тады ў мяне з'явілася мара зрабіць сваю краіну лепей: я паступіў на юрыста, каб пазней пайсці працаваць у Палату прадстаўнікоў і выдаваць карысныя законы. Але пасля практыкі ў міліцыі і судах зразумеў, што нічога не змагу памяняць».
Іра Мароз, 27 гадоў
Таксама скончыла гістарычны факультэт, цяпер вучыцца ў аспірантуры і працуе ў праектнай арганізацыі. Некалькі гадоў была валанцёркай у «Дзедзічы», але апошнім часам аддае перавагу проста наведванню цікавых ёй мерапрыемстваў.
«Я люблю манатонную, руцінную працу, якая не прадугледжвае вялікую колькасць камунікацыі. Мне проста патрэбныя матэрыялы і час. У праекце я адказваю за самую сухую і інфарматыўную частку – за збор гістарычных дадзеных».
Брэсцкі канструктывізм
Берасце «перасялілася» ў 18-19-х стагоддзях. Да гэтага горад размяшчаўся ўнутры Брэсцкай крэпасці. Пасля Першай сусветнай вайны пацярпела каля 70% усяго жылога фонду, і ў 1930-х горад пачалі забудоўваць у двух стылях: «польскі народны» і канструктывізм. Цяпер гэта самыя старыя дамы горада. Дарэчы, з усёй Беларусі менавіта ў Берасці больш за ўсё будынкаў, пабудаваных у стылі канструктывізму.
Канструктывізм выклікае асацыяцыі з будынкамі грамадскага выкарыстання: палацы культуры, бібліятэкі, універсітэты. Але ў Берасці ён адметны «правінцыяльнасцю»: усе дамы гэтага стылю ў асноўным двух- або трохпавярховыя. Гэта звязана з тым, што яны былі пабудаваныя для пражывання адной-двух сем'яў. Прычым першыя паверхі звычайна выкарыстоўваліся як крамы, а наступныя – як кватэры. Такі тып забудовы горада быў папулярны ў Польшчы 30-х гадоў, часткай якой тады з'яўляўся Брэст.
Цяпер рабяты з «Дзедзіча» валодаюць дадзенымі пра 62 будынкі ў Берасці, пабудаваныя ў стылі канструктывізму. Але ўпэўненыя, што іх значна больш. На мапу праекта пакуль нанесеныя толькі 13 – па астатніх яшчэ ідзе збор інфармацыі. Толькі нешматлікія з іх знаходзяцца па-за межамі цэнтра горада.
«З усёй Беларусі менавіта ў Берасці больш за ўсё будынкаў, пабудаваных у стылі канструктывізму»
У 70-х і 80-х работнікі ЖЭСа сталі думаць, што будынкі-«каробкі» выглядаюць сумнавата на фоне дамоў у стылі класіцызму. І выбарачна пачалі дадаваць да іх ляпніну або абшываць еўравагонкай – часцей за ўсё на «рэпрэзентатыўных» вуліцах.
Быў канструктывізм – стала «па-багатаму». Яшчэ ў Берасці быў вядомы будынак, які называўся Камяніца Барталамея Новака, абтынкаваны чорным колерам. У 2000-х яго прызналі змрочным і пафарбавалі ў бэжавы. А так большасць берасцейскіх будынкаў у стылі канструктывізму пафарбаваная ў шэра-зялёны колер. Праўда, ёсць яшчэ як мінімум адзін цагляны і адзін драўляны дом гэтага стылю.
У Берасці таксама востра стаіць пытанне аб зносе будынкаў. Напрыклад, тут знеслі два жылыя дамы 30-х гадоў пабудовы, каб на гэтым жа месцы пабудаваць двухпавярховае элітнае жыллё. Дамы знеслі, але сродкаў на будаўніцтва не засталося, і цяпер на скрыжаванні вуліц Леванеўскага і Крупскай зеўрае пустка. Але варта заўважыць, што берасцейцы даволі часта не супраць высялення са старых дамоў і засялення ў новыя. Тут не праходзяць такія буйныя абмеркаваннi, як у выпадку з менскай Асмалоўкай.
Наогул у Берасці хітрая схема зносу будынкаў у гістарычным цэнтры. Жыхароў перасяляюць, за дамамі ніхто не даглядае, і яны прыходзяць у непрыдатны стан. Калі іх стан цалкам прызнаюць аварыйным, тады і зносяць. Напрыклад, па адрасе Будзённага, 3 знаходзіцца дом, які мае статус гісторыка-культурнага аб'екта. У яго захавалася арыгінальная фурнітура і незвычайныя квадратныя стокавыя трубы. Па будынку пайшлі расколіны, але яго пакуль што не могуць знесці – чакаюць, калі разваліцца канчаткова.
Канструктывізм: топ-3
Турма
вул. Маркса, 88
Яе пабудавалі палякі ў 30-х гадах мінулага стагоддзя, потым выкарыстоўваў у сваіх мэтах НКВД, пазней – гестапа, а ў савецкі час з яе зрабілі швейную фабрыку. Ходзіць такая легенда: у пасляваенны час праз Берасце ехалі кіраўнікі СССР і падчас шпацыру ўбачылі гэты будынак. Даведаўшыся пра яго прызначэнне, аддалі загад пераабсталяваць будынак. Маўляў, Краіна Саветаў павінна пачынацца з фабрык і заводаў, а не з месца зняволення. Турму перарабілі ў фабрыку, але карцары і пакоі для расстрэлу засталіся да гэтага часу. Ёсць нейкая іронія ў тым, што цяпер там яшчэ знаходзіцца цір для міліцыі.
Лютэранская кірха
вул. Маркса, 14
У савецкі час была кінатэатрам, а цяпер там размяшчаюцца офісы. У прыватнасці, там знаходзіцца друкарня. Можна зайсці ўнутр і знайсці маленькі кавалачак арыгінальнага цаглянага мура.
Ваенны інтэрнат
вул. Чырвонагвардзейская, 6
Хараство гэтага будынка ў тым, што ён захаваўся ў першапачатковым выглядзе: з усёй фурнітурай, трубамі, парэнчамі і агароджамі балконаў. Проста тут ніколі не праводзілі капітальны рамонт. Яшчэ нядаўна ў гэтым раёне была вайсковая частка, але яе расфармавалі, сталі забудоўваць тэрыторыю новымі гмахамі, і з 2018 года яна пераходзіць ва ўласнасць горада. Гэты ваенны інтэрнат знаходзіцца за межамі цэнтра горада і не з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Таму яго лёс у наступным годзе пад вялікім пытаннем.
Сучаснае Берасце
«Апошнія два-тры гады Берасце стала крута развівацца: з'явіўся часопіс “Бінокль"”, праект Brest Stories Guide і іншыя сучасныя ініцыятывы. Так што цяпер Берасце – гэта дакладна не толькі Брэсцкая крэпасць і Белавежская пушча непадалёк. Хоць, магчыма, мне так здаецца, таму што я “варуся” ў гэтай сферы», – кажа Алена.
«У нас ёсць вядомая алея ліхтароў на вуліцы Гогаля, але ёсць і больш цікавае месца. “Брэстгарсвятло” на паркоўцы каля сваёй арганізацыі (вул. Фаміна, 4) нядаўна зрабіла музей ліхтароў розных эпох – пачынаючы з 19 стагоддзя», – рэкамендуе Валянцін.
Сваёй Кастрычніцкай у Брэсце пакуль няма. Цяпер моладзь тусуецца ў гандлёвых цэнтрах, кінатэатры на Савецкай, грае на гітарах у скверы на плошчы Свабоды, катаецца на скейтах за лядовым палацам і каля ЦУМа.
Напрыканцы мы папрасілі хлопцаў расказаць пра ўлюбёныя месцы ў горадзе.
Берасце: топ-6
На скрыжаванні вуліц Камуністычнай і Гогаля ёсць комплекс двух дамоў: адзін з іх канструктывісцкі і з чырвонай цэглы, у другім знаходзіцца класная сямейная кавярня «Бразільена». А паміж імі – дзіўны DIY-двор.
На плошчы Свабоды, 12 знаходзіцца архіў ЗАГСа. Зойдзеш праз арку ў двор і ўбачыш старадаўнюю тэрасу, вітражы, лесвічныя пралёты. Гэта адзін з рэдкіх будынкаў, які ніколі не змяняў свой адрас.
Крыты калгасны рынак з велізарным драўляным купалам па адрасе Карбышава, 25 падасца цыркам. Можаш з'есці там кебаб або зайсці ў сталовую «Самавар» – бяры алкаголь з сабой або купляй там на разліў.
Зала чакання чыгуначнага вакзала дарма застаецца без увагі – там найпрыгажэйшыя сінія скураныя сядзенні і лунае нейкая ўрачыстасць.
У музеі «Бярэсце» каля Брэсцкай крэпасці ўбачыш рэшткі старадаўніх хатак, аналагаў якіх больш нідзе і не знойдзеш. Незвычайна яшчэ і тое, што музей пабудавалі вакол раскопак, а не перанеслі раскопкі ў музей.
А яшчэ абавязкова збочвай з цэнтральных вуліц і зазірай у двары – там знойдзеш асаблівае зачараванне. Рабяты рэкамендуюць вуліцу Карла Маркса і ўсё, што знаходзіцца вакол плошчы Свабоды па кірунку да вуліцы Машэрава.
Фота – Таня Капітонава
Адчуваеш стому ад урбаністычных прыгодаў ці проста захацелася чагосьці гэткага? Мы падабралі сем месцаў, дзе ты сустрэнеш прывідаў, вампіраў ды іншых містычных персанажаў.
Інструкцыя пра тое, як праваліць сваё першае (а можа, і другое) мерапрыемства.
Пра акадэмічную адукацыю, пераадоленне сябе, страхі і папулярнасць.
«Белая паласа» – файная абноўка ў восеньскі плэйліст.
Распавядаем пра кухню вікі-кам’юніці.
Паводле яго, прагноз надвор’я – херовы.