Трэці міжнародны фестываль квір-культуры DOTYK пройдзе ў Менску з 24 лютага па 6 сакавіка і прынясе ў горад шмат ззяння! Кінапаказы, лекцыі, выставы, ларпы, трэніроўкі, спектаклі, экскурсіі, варкшопы і вечарынкі – амаль сорак мерапрыемстваў, прысвечаных тэме квір, ЛГБТ+, фемінізму. Каб не патануць у гэтым моры падзей, узбройся нашым міні-гайдам па фэсце!
DOTYK – гэта праект, скіраваны на разбурэнне шкодных стэрэатыпаў і барацьбу з дыскрымінацыяй. Сёлета фокус фестывалю – на салідарнасці і супольнасці.
Галоўная пляцоўка DOTYK – «Cталоўка ХYZ» (вул. Фабрыцыуса, 4). Уваход на большасць мерапрыемстваў бясплатны або з папярэдняй рэгістрацыяй. На некаторыя мерапрыемствы рэгістрацыя ўжо скончылася, таму не спі ў шапку: хутчэй запісвайся!
За анонсамі івэнтаў сачы на старонках фестывалю ў FB і VK.
DOTYK вырас з кінафестывалю, таму арганізатары і арганізатаркі не забываюцца на свае карані. Кінапраграма насычаная: дакументальныя і мастацкія, кароткаметражныя і поўнаметражныя стужкі. Што ні дзень, то кінапаказ!
Фільм адкрыцця – «Хто зараз мяне палюбіць» (рэж. Барак Хеман, Томер Хейман, Аляксандр Бодзір Сафір). Гэта гісторыя пра Саара, маладога габрэя з рэлігійнай сям’і, які пакідае родны кібуц праз сваю сэксуальную арыентацыю. Ён пераязджае ў Лондан, дзе талерантнасць, сэкс без правілаў і адно вельмі няўдалае знаёмства сканчваюцца дыягназам з чатырох літар.
Гэта гісторыя пра дараванне і пра тое, якую сілу, насуперак адлегласці, мае родны кут.
Дзе і калі: 24 лютага, 19:00, «Сталоўка XYZ»
З лекцыяй пра набалелае прыязджае ўкраінскі даследчык і актывіст Раман Лексікаў. Ён ускрывае нарывы вострых пытанняў. Якая прырода гамафобнага і трансфобнага гвалту ў закрытых прасторах Украіны, Беларусі і іншых постсавецкіх краінах? Як гэта адлюстроўваецца ў нашай мове? Чаму ў гэтых з’явах так ярка выяўлены патрыярхальныя падвойныя стандарты ў дачыненні да мужчынскай і жаночай гомасэксуальнасці? Як гэтыя маргінальныя нормы ўвайшлі ў масавую культуру? А самае галоўнае: як з гэтым змагацца?
Адказы на ўсе гэтыя няпростыя пытанні будзем шукаць падчас мерапрыемства і абмеркавання.
Дзе і калі: 25 лютага, 14:30, «Сталоўка XYZ»
У аснове форум-спектакляў заўсёды ляжаць рэальныя жыццёвыя сітуацыі, якія акцёры разыгрываюць перад гледачамі. Кожны глядач можа ў любы момант сказаць «стоп», выйсці на сцэну, каб замяніць героя, і пачаць дзеяць. Спектакль можа прайгравацца бясконца, варыянты развіцця сюжэта заўжды розныя. На варкшопе стваральніца форум-тэатра для анкалагічных пацыентаў і пацыентак Алена Агарэлышава распавядзе на пальцах, як гэта працуе. Да таго ж зможаш папоўніць сваю акцёрскую скарбонку практыкаваннямі па форум-тэатры.
Дзе і калі: 26 лютага, 13:30, «Сталоўка XYZ»
Цягам фестывалю будзе праходзіць выстава – рэакцыя на падзеі 2016 года. Ваенныя дзеянні, міграцыйны крызіс, Brexit, абранне Дональда Трампа – гэта ўсё ўдар пад дых, калі верыш у свабоду, роўнасць і братэрства.
Больш пра выставу зможаш даведацца падчас экскурсіі з яе куратарамі і куратаркамі, удзельнікамі і ўдзельніцамі, а таксама падчас artist talk з Алісай Олевай, Мішам Бадасянам і групіроўкай EEEFFF.
Дзе і калі:
26 лютага, 12:00, «Сталоўка XYZ»
4 cакавіка, 15:30, «Сталоўка XYZ»
Скандальны мастак-перформер Міша Бадасян год таму пачаў працу ў лагеры для бежанцаў Tempelhof. На фестывалі Міша прэзентуе новае відэа Pristine. Фабула простая: трагедыя людзей, якія былі вымушаныя адарвацца ад сваіх каранёў і пасадзіць новыя дрэвы ў пакуль што чужой краіне.
Таксама сваім досведам працы з уцекачамі і мігрантамі ў Беларусі падзеліцца беларуская праваабарончая арганізацыя Human Constanta.
Дзе і калі: 26 лютага, 19:30, «Сталоўка XYZ»
Падрыхтуйся адшукаць квір-кропкі на геаграфічнай мапе Менска. Крыху спойлераў: падчас экскурсіі пройдзешся па маршруце першага прайд-шэйсця і месцах з рубрыкі «Рэтра», а яшчэ пачуеш асабістыя гісторыі, звязаныя з нашым горадам. Рэгістрацыя на квір-шпацыр у гэтую суботу ўжо закрытая, але сачы за абвесткамі і не праспі наступную. «Квіруем горад, у якім жывем!» – кажуць арганізатары і арганізатаркі. Далучайся і ты!
Дзе і калі: 4 сакавіка, 12:00, месца ў адказе на рэгістрацыю
Пачнем з азоў: ларп – гэта ролевая гульня жывога дзеяння. Усё нагадвае тэатр імправізацыі, у якім няма гледачоў. Пры гэтым ларпы дазваляюць праз уласны экспірыенс даследаваць вострыя сацыяльныя сітуацыі і зірнуць на праблему пад іншым вуглом.
Каманда крутых арганізатараў(-ак), якая ладзіць Менскі ларп-фестываль, спачатку падзеліцца матчасткай: што такое ларпы і як разглядаць гендарныя праблемы праз іх прызму. Потым пачнецца самае цікавае: эмпірычнае паглыбленне.
Напрыклад, дзеянне ларпа «Шэрая зона» разыгрываецца ў галаве жанчыны, у якой быў палавы акт з партнёрам, якога яна не хацела. Кожны ўдзельнік адыгрывае адзін з галасоў у яе галаве. Сцэнар «Абмежаванняў» даследуе тэму гендарных уціскаў, а ларп «Чырвоная памада» задае пытанне: «Што ж вызначае жанчыну-феміністку і ці ёсць у яе права на сэксуальнасць?» У «Плоці» даследуецца праблема аб’ектывацыі жанчыны і жаночага цела, якое раздзіраюць на часткі: грудзі, скуру, вочы, похву. Часткі, у якіх няма індывідуальнасці, а ёсць толькі атаясамленне з кавалкамі мяса.
Рэгістрацыя да 27 лютага па пошце gender.relatedlarp@gmail.com.
Дзе і калі: 4 сакавіка, 12:00, «Сталоўка XYZ»
Калі табе падабаецца займацца спортам і праблема недаступнасці гульнявых пляцовак для дзяўчынак не пакідае цябе абыякавым(-ай), наведай двухдзённы варкшоп Мілаты Сідаравай, стваральніцы ініцыятывы Women Public Space Prague. На мерапрыемстве даведаешся, як спраектаваць якасна іншую грамадскую прастору. А ў выніку на прыкладзе пляцоўкі па вул. Захарава, 58 – стадыёна гімназіі №7 – у камандзе яшчэ і распрацуеш крытэры для дызайну спартыўных пляцовак, улічваючы гендарнаадчувальны падыход.
Галоўнае – паспей зарэгістравацца на варкшоп да 16:00 23 лютага.
Удзел абавязковы ў абодва дні.
Дзе і калі:
4 сакавіка, 11:00-17:00, komnata 3/0/2 вул. Леніна, 50, пам. 302
5 сакавіка, 10:00-17:00, komnata 3/0/2 вул. Леніна, 50, пам. 302
У аснове выпускнога праекта студэнтаў European College of Liberal Arts in Belarus – сем рэальных інтэрв’ю пра гвалт, свабоду, каханне, палітыку, рэлігію і сэкс. Студэнты канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» пагутарылі з акцёрам, трансгендарам, знаўцам, ахвярай, мізантропкай, каталічкай і былой зняволенай, а драматург Канстанцін Сцешык сабраў іх аповеды ў тэкст п’есы. Гэта спектакль пра наша жыццё, безабароннасць, згубленасць і цяжкасць быць сабой.
Дзе і калі: 4 сакавіка, 17:00, «Сталоўка XYZ»
Хвацкія і стылёвыя ўдзельніцы гурта Наста Постнікава, Наташа Патапенка, Каця Фёдарава і Галя Кісялёва ўжо не аднойчы асвятлялі небасхілы заходніх краін. Зараз нарэшце яны заззяюць і ў менскай «Сталоўцы XYZ». Паненкі ствараюць альтэрнатыўны этна-экстрым, які спалучае ў сабе славянскія матывы і панкаўскі напор, танцавальныя тэхна-рытмы і авангардныя шумавыя эфекты. Пачні вясну з музыкай!
Уваход платны – 5 руб.
Дзе і калі: 4 сакавіка, 19:00, «Сталоўка XYZ»
Ведаем, што ты ведаеш пра Жывую Бібліятэку не па чутках. Тут няма кніг у традыцыйным разуменні гэтага слова. Замест іх самі людзі дзеляцца сваімі гісторыямі і досведам, які можа змяніць і твой уласны мікракосм. Праект злучае людзей, якія б ніколі не сустрэліся пры іншых абставінах, а яшчэ пазбаўляе ад пекла забабонаў у адносінах да іншых і вучыць разумець людзей. Спіс кніг яшчэ не абвешчаны, але мы можам сказаць завочна: будзе цікава і карысна.
Рэгіструйся і гоў чытаць!
Дзе і калі: 5 сакавіка, 12:00, «Сталоўка XYZ»
Экскурсіі, якія не транслююць Вікіпедыю, а прапануюць новыя адчуванні і меркаванні пра нешта важнае.
Краткая инструкция по организации отменного гига.
Разбіраемся, як ажаніцца ці выйсці замуж, калі вы аднаго полу і з беларускім пашпартам.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.