1497 0

Алена Каховіч

Гэтым разам гутарым з актывісткаю берасцейскага агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» і адною з арганізатарак фестывалю бюджэтных падарожжаў «Самаход» Аленаю Каховіч. На ўласным прыкладзе яна распавядае, як развіваць роварны і валанцёрскі рух у горадзе, ладзіць клёвыя мерапрыемствы, а таксама зрабіць так, каб ад мовы перасталі кідацца.

 

Чым займаюцца: Павышаюць грамадскую актыўнасць моладзі.

Дата заснавання: Лістапад 1999 года.

Структура: 2 чалавекі + вялікая колькасць валанцёраў.


Кантакты:

Сайт   |   Сайт

З кім гутарым: Алена Каховіч, 24 гады, актывістка агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч», кампаніі «У Беларусь і Еўропу − БЕЗ ВІЗЫ», адна з арганізатараў фестывалю мабільнасці «Самаход». Гісторык культуры, настаўніца.

 

 

Гісторыя Алены

– Мне 24 гады. Я скончыла Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт паводле спецыяльнасці «Гісторыя культуры». Безумоўна, улічваючы маю адукацыю, тэма культуры мяне цікавіла заўсёды. Ведаеце, ва ўніверсітэце нам давалі дастаткова абмежаваную інфармацыю: гэтак, «сучаснае» ў нас скончылася на мяжы 1994 года, больш пра яго я нічога не ведала. Але ж жаданне змяніць мой горад было вялікае, хацелася праз атрыманую адукацыю вырашыць яго пэўныя праблемы. Менавіта тады, у 2010 годзе, я і трапіла ў «Дзедзіч».

Для мяне «Дзедзіч» – вельмі асаблівая тусоўка. Пачынаючы з таго, што тут размаўляюць выключна па-беларуску, і скончваючы тым, што гэта, насамрэч, суполка аднадумцаў, якія разумеюць культуру і гісторыю Беларусі.

«Жаданне змяніць мой горад было вялікае, хацелася праз атрыманую адукацыю вырашыць яго праблемы»

Першым праектам, якім я займалася разам з агенцтвам, было распаўсюджванне ў грамадскім транспарце абвестак з вытрымкамі цытатаў беларускай літаратуры. Выгляд у іх быў абсалютна камерцыйны, плюс мы плацілі за іх размяшчэнне. Спачатку думалі, што нам забароняць рабіць такое, але ж дазвол далі, і амаль месяц па горадзе ездзілі аўтобусы з цытатамі па-беларуску.

Пасля заканчэння ўніверсітэту я пайшла працаваць у школу. Гэта было вельмі цікава, але расхістаць сістэму цяжка, самыя элементарныя навінкі, якія магчыма было б увесці, амаль немагчыма зрэалізаваць. Сёння я падпрацоўваю гідам, распавядаю пра Берасце так, як жадаю, паказваю, што ў нас ёсць не толькі крэпасць, але і шмат іншага.

 

 

«Дзедзіч»: ад мовы да валанцёраў

– За 16 гадоў існавання мы, безумоўна, займаліся шмат чым, але цяпер у нас ёсць некалькі галоўных кірункаў працы. Па-першае − гэта папулярызацыя беларускай мовы і культуры, па-другое − развіццё роварнага руху ў горадзе. Таксама мы працуем са студэнтамі, прасоўваючы іхныя адукацыйныя магчымасці ў межах Балонскага працэсу, развіваем валанцёрскі рух у горадзе.

Мы маем дзве платформы, на якіх можам нешта арганізоўваць. У горадзе ў нас ёсць палова прыватнага дому, плюс якога − гэта наяўнасць вялікага двара. У чэрвені мы плануем зладзіць там невялічкі гарадскі пікнік. Яго мэта − выявіць, якім чынам магчыма выкарыстоўваць новую пляцоўку пад адкрытым небам. Таксама мы амаль дабудавалі дом каля Берасця, які прыстасоўваем да правядзення адукацыйных праектаў, культурных мерапрыемстваў і фестываляў.

«Я наагул лічу, што не трэба маліцца толькі на традыцыйную культуру Беларусі, гэтым справа не абмяжоўваецца»

Гэтак, у нас распрацаваная кампанія «Наша мова», асноўная мэта якой – паказ пазітыўнага вобразу беларускай мовы. Мы намагаемся зрабіць так, каб людзі добра ставіліся да яе. Дзеля гэтага ладзім сустрэчы з рознымі знакамітымі дзеячамі Беларусі − журналістам Мікалаем Коткам, эканамістам Сяргеем Чалым, фатографам Віктарам Малышчыцам, пісьменнікам Міхаілам Анемпадыставым, вандроўнікамі ды журналістамі Барысам Нікалайчыкам і Ромам Свечнікавым ды інш. Яны распавядаюць пра сваё стаўленне да мовы, на асабістым досведзе паказваюць, як карысна выкарыстоўваюць яе ў музыцы, дызайне, журналістыцы. Гавораць пра тое, што беларуская мова − гэта не страшна.

Я наагул лічу, што не трэба маліцца толькі на традыцыйную культуру Беларусі, гэтым справа не абмяжоўваецца. Калі мы будзем думаць толькі пра народныя строі, то хутка забудземся на сённяшні дзень. Трэба адаптавацца. Трэба паказаць людзям, што нашая культура можа быць сучасная.

Калі гаварыць пра роварны кірунак нашай працы, то мы распачалі кампанію «Вела-Брэст». Але цяпер мы не робім амаль ніякіх публічных мерапрыемстваў, бо іх цяпер стае ў горадзе, а займаемся больш асветніцтвам. Гэтак, «Дзедзіч» праводзіць лекцыі аб правілах дарожнага руху ў школах, робіць прапановы наконт змены роварных сцежак у генплане гораду (мы жадаем зрабіць іх адпаведнымі ўсім нормам і стандартам), пры магчымасці супрацоўнічае з ДАІ.

 

 

Пра поспехі

– Пазітыўныя вынікі нашай працы мы бачым увесь час, але асабіста хочацца адзначыць мінулы год, калі мы рабілі конкурс паблік-арту ў Берасці. На яго ўсе ахвотныя маглі даслаць свой канцэпт арту, нашая справа была ў тым, каб атрымаць ад дзяржавы дазвол на размяшчэнне найлепшай інсталяцыі або аб’екту стрыт-арту ў горадзе і таксама прафінансаваць усё гэта. Ужо можна пабачыць каляровыя люкі, раскіданыя па горадзе, большасць у раёне Вулька і ў цэнтры.

У стылі гульні «Mario» размаляваныя сутарэнні каля СШ № 9.

«Берасцейцы жадаюць дапамагаць, але большасць з іх проста не ведае, да каго звярнуцца і каму патрэбная дапамога»

Таксама рэалізоўваецца праект Ганны Яцкевіч «Вулічныя вершы»: Багдановіч і ягоная цытата намаляваныя на вул. Маякоўскага, і вось літаральна ўчора быў скончаны Янка Купала + ягоная цытата на аднайменнай вуліцы.

Апроч гэтага, мы бачым, што нашыя намаганні развіцця валанцёрскага руху спрацавалі. Мы жадалі спалучыць тых, хто хоча стаць валанцёрам, і арганізацыі, якім тыя патрэбныя, – тэатр «Крылы Халопа», Мова Нанова, дабрачынны фонд «Сердце – детям» і шмат іншых. Ведаеце, берасцейцы жадаюць дапамагаць, яны гатовыя аддаць свой час на нейкую карысную справу, але большасць з іх проста не ведае, да каго звярнуцца і каму патрэбная дапамога.

 

 

 

Фестываль «Самаход»

– Апроч «Дзедзіча», я, з часоў навучання ва ўніверсітэце, бяру ўдзел у праектах кампаніі «У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ». Гэта каманда, якая ставіць перад сабою мэту дабіцца спрашчэння візавага рэжыму паміж нашаю краінай і Еўразвязам. Менавіта гэтая арганізацыя 2 гады таму і прыдумала фестываль «Самаход».

Калі казаць проста, «Самаход» − гэта фестываль пра бюджэтныя вандроўкі. То бок мы запрашаем шэраг дасведчаных вандроўнікаў і просім іх распавесці пра свой досвед вандравання або выбіраем пэўную тэму і робім лекцыі, плюс да ўсяго гэтага ладзіцца музычная частка. На пачатку мы збіралі проста кватэрнікі, на якіх хтосьці распавядаў пра свае прыгоды. Але ж такія мерапрыемствы адбываліся толькі ў Менску, бо амаль усе валанцёры жылі ў сталіцы, тады я, як рэгіянальная прадстаўніца, і ўзялася ладзіць фэст у рэгіёнах. Упершыню мы з’ездзілі ў Берасце, пабачылі, што людзям гэта вельмі цікава. Працягнулі. Былі з «Самаходам» у Магілёве і Горадні і літаральна 28 траўня ўпершыню з’ездзілі ў Гомель. А ў чэрвені будзем рабіць фестываль у Віцебску. Такім чынам мы хутка запаланім усе гарады.

 

«Здаецца, што Беларусь невялічкая, але ўсе нашыя гарады адрозніваюцца, асабліва, калі весці гаворку пра сітуацыю “ўсход-захад”»

Асабіста для мяне гэта вельмі круты досвед, магчымасць паглядзець на тое, чым жывуць іншыя абласныя цэнтры, чым яны адрозніваюцца адзін ад аднаго, якія існуюць там магчымасці зладзіць культурнае мерапрыемства. Усё гэта дапамагае зразумець, чаго не стае Берасцю, якія ў яго ёсць плюсы і мінусы, што магчыма было б змяніць. Таксама цікава заўважаць, чым адрозніваюцца людзі ў Беларусі, якая ў іх ментальнасць, якія інтарэсы.

 

 

 

Цяжкасці мясцовага актывізму

– Гаворачы зноўку пра «Дзедзіч», трэба адзначыць, што нам вельмі цяжка змяніць свой імідж. Цяпер мы мусім шмат працаваць, каб да нас прыслухоўваліся. Напрыклад, калі мы спрабуем у некаторай ступені супрацоўнічаць з дзяржаўным або камерцыйным сектарам, то часта ўзнікаюць пэўныя пытанні наконт таго, што мы – недзяржаўная арганізацыя. Асаблівасць нашай працы − гэта і адная і тая ж аўдыторыя. Мы не першыя, хто з гэтым сутыкаецца. Але ў апошні час адбываюцца змены − да нас пачалі прыходзіць новыя людзі. Яны падабаюцца нам, яны маладыя, больш смелыя і адкрытыя, да той жа самай беларускай мовы, напрыклад.

«Культура і актыўнасць − гэта тое, праз што магчыма вырашыць усе свае праблемы»

Што датычыць «Самахода», то яго галоўная праблема − адлегласць. Бо, калі ты едзеш куды-небудзь арганізоўваць фэст, ты ўсё роўна не ведаеш мясцовага культурнага поля. Так, падаецца, што Беларусь невялічкая, але ўсе нашыя гарады адрозніваюцца, асабліва, калі весці гаворку пра сітуацыю «ўсход-захад». Калі я раблю мерапрыемствы ў Берасці, то прыблізна ведаю аўдыторыю, ведаю, што ім спадабаецца, якія тэмы ім цікавыя, а калі апынаюся ў іншым асяроддзі, то час ад часу здаецца, што гэта нейкая іншая краіна.

 

 

 

Чаму трэба варушыцца

– Культура і актыўнасць − гэта тое, праз што магчыма вырашыць усе свае праблемы. Прычым як асабістыя, гэтак і агульныя. Бо людзі праз культуру і адукацыю, самі таго не разумеючы, робяць крутыя справы ў абсалютна розных сферах.

Калі б я сядзела толькі ў Берасці, то ніколі б не дазналася пра культурнае поле нашай краіны. Калі я бачу яго, у мяне з’яўляецца надзея, што як мы ўсе будзем у ім працаваць і нешта рабіць карыснае, то, магчыма, калісьці будзем жыць неяк па-іншаму.

 

 

Тэкст by Сцяпан Балашоў
Фота by Марк Водка


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.