У 2017 годзе ў многіх менчукоў ёкнула сэрца, калі ўлады ў чарговы раз абвясцілі аб зносе Асмалоўкі – гістарычнай забудовы сталіцы. Балела сэрца і за Трактарны пасёлак, і за іншыя месцы. Мы вырашылі разабрацца, каму замінаюць старыя дамы і што рабіць, калі твой дом трапіў пад знос.
Развіццё сталіцы паказана ў генеральным плане і дэталёвых планах. Генплан адказвае за агульную стратэгію развіцця горада. У дэталёвых планах раскрытая трансфармацыя асобных раёнаў, кварталаў, участкаў.
Адна з сучасных стратэгій развіцця Менска – скарачаць аб'ёмы будаўніцтва жылля і шчыльна забудоўваць тэрыторыі ўнутры кальцавой. Таксама прадугледжваецца развіццё гарадоў-спадарожнікаў.
Калі ўшчыльненне забудовы пачало выклікаць масавыя пратэсты жыхароў, з'явілася новая практыка – знос існуючых будынкаў. У генплане 2015 года ў зону рызыкі трапілі прыватныя сектары і адна-, двухпавярховыя дамы.
Усталёўка бягучага генплана: знос 30% прыватнага сектара і захаванне 70%. Аднак ніхто не выключае, што ў 2020 ці 2025 годзе гэта не зменіцца зноў.
Генплан распрацоўвае «Мінскграда» па замове Менгарвыканкама. Гэты працэс можа займаць каля двух гадоў. Генплан зацвярджаецца ўказам прэзідэнта.
Напрыклад, у ландшафтна-рэкрэацыйнай зоне цалкам можа з'явіцца гасцініца, калі так вырашыць дзяржава і прэзідэнт падпіша адпаведны ўказ аб канфіскацыі тэрыторыі пад забудову з гэтай ЛР-зоны.
Карэкціроўка генеральнага плана адбываецца прыкладна раз на пяць гадоў. У 2015 годзе выйшла апошняя версія, у 2016-м яе зацвердзілі і паказалі ў адкрытым доступе.
Дэталёвыя планы распрацоўваюцца цягам розных тэрмінаў часу. Звычайна – на працягу 5-6 месяцаў. Дэталёвыя планы зацвярджаюцца рашэннем Менгарвыканкама. Пасля праходжання ўсіх экспертыз і пацвярджэння дэталёвыя планы робяцца вызначальным дакументам для развіцця тэрыторыі.
У дэталёвы план могуць унесці карэкціроўкі. Гэта можа адбыцца як на працягу года пасля пацвярджэння, так і на працягу дзесяці гадоў. Адкарэктаваны дэталёвы план абавязаны прайсці працэдуру грамадскага абмеркавання.
Дэталёвы план па частковым зносе будынкаў у Трактарным пасёлку быў зацверджаны ў 2007 годзе, а знос будынкаў пачаўся толькі ў 2017-м. У выпадку з Асмалоўкай дэталёвы план не зацвердзілі, ён не прайшоў экспертызу і быў адпраўлены на дапрацоўку.
Але ўсё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Напрыклад, участак, на якім хацелі размясціць дзіцячы садок, пры карэкціроўцы цалкам могуць аддаць пад забудову жылым домам.
У зоне рызыкі Савецкі раён, землі каля Цнянскага вадасховішча, тэрыторыя каля Навінак. Туды можна пасяліць сотні тысяч людзей, але пакуль гэтыя ўчасткі лічацца сельскагаспадарчымі. Гэта так званы «залаты запас Менска».
Да 2018 года ў Менску можна будзе штогод будаваць не больш за 600 000 квадратных метраў жылля. Раней парог быў 1 000 000 – 1 500 000 м2.
Рашэнне аб зносе можа быць закладзена ў дэталёвым плане, распрацаваным «Мінскграда» ў адпаведнасці з генпланам. Таксама будынкі могуць быць знесены, калі ёсць адпаведны ўказ прэзідэнта. Пасля гэтага праходзіць працэдура грамадскага абмеркавання з грамадзянамі.
У выніку бакі альбо згаджаюцца на кампрамісным рашэнні, альбо праект адпраўляюць на дапрацоўку, альбо ён сцвярджаецца без зменаў. Потым праект праходзіць дзяржаўныя экспертызы.
Пасля праект зноў адпраўляюць у Менгарвыканкам. Ён падпісвае і сцвярджае адпаведны дэталёвы план.
Забудоўшчык купляе ўчасткі праз аўкцыёны і атрымлівае дазвол на будаўніцтва.
Практыка правядзення грамадскіх абмеркаванняў дзейнічае ў Менску з 2006 года, а па ўсёй краіне – з 2011 года. Да 2011 года генпланы гарадоў наогул не абмяркоўваліся з грамадзянамі Беларусі.
Генплан Менска 2015 года – першы, які прайшоў працэдуру грамадскага абмеркавання.
На афіцыйных сайтах раёнаў Менска ў рубрыцы «грамадскія абмеркаванні» з'яўляюцца паведамленні аб пачатку грамадскіх абмеркаванняў розных горадабудаўнічых праектаў (у тым ліку дэталёвых планаў ды іх карэкціровак).
Інфармацыю аб пачатку грамадскага абмеркавання выкладваюць за 10 дзён да яго старту.
Знаходзь свой раён і сачы за абнаўленнямі:
– Завадскі;
– Ленінскі;
– Маскоўскі;
– Кастрычніцкі;
– Партызанскі;
– Першамайскі;
– Савецкі;
– Фрунзенскі;
– Цэнтральны.
У Савет Міністраў паступіла прапанова аб папярэднім апавяшчэнні грамадзян пра распрацоўку дэталёвых планаў. Мясцовыя органы ўлады на сваіх афіцыйных сайтах павінны будуць інфармаваць жыхароў наконт будучых зменаў. Тады цягам трох месяцаў людзі змогуць дасылаць свае пажаданні па развіцці тэрыторый і ўплываць на прыняцце канчатковага рашэння. Але гэтая прапанова яшчэ не атрымала пацверджання, і папраўкі ў Палажэнне аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў яшчэ не ўнеслі.
Многія дамы, якія плануюць знесці цяпер, – гэта былыя вёскі, якія пазней увайшлі ў межы Менска. Яшчэ з часоў СССР гэтыя прыватныя сектары адкрыта разглядалі як часовае жыллё і рэзервы зямлі для будучага будаўніцтва.
Прыватны сектар зносяць менавіта там, дзе ўжо пабудавана ўся інфраструктура, – гэта робіць тэрыторыю больш прывабнай для патэнцыйнага забудоўшчыка. Ва ўсім прыватным сектары Менска жыве каля 70 000 чалавек.
Каб правесці капітальны рамонт Асмалоўкі, Трактарнага пасёлка або велазавода на Партызанскім праспекце, трэба выдаткаваць гадавы бюджэт адпаведнага раёна. Улады лічаць, што больш выгадна знесці будынкі на гэтых тэрыторыях і пабудаваць там гандлёвыя цэнтры або шматпавярховае жыллё, чым укладаць грошы ў рамонт.
Малапавярховы будынак – будынак да трох паверхаў. Перад тым як купляць кватэру ў малапавярховым будынку, пазнаёмся з генпланам.
Калі бачыш, што ў тваім квартале плануюць правесці рэканструкцыю, звярніся ў адміністрацыю раёна і пазнаёмся з дэталёвым планам. Калі ён зацверджаны і прайшоў грамадскае абмеркаванне, то тэарэтычна ты можаш купляць нерухомасць. Калі няма дэталёвага плана або перыяд яго рэалізацыі скончыцца праз дзясятак гадоў, то лепш не ўвязвайся.
Калі ты ўжо жывеш у маральна і фізічна састарэлым малапавярховым доме, то няма ніякай гарантыі, што яго неўзабаве не знясуць. Фізічна састарэлым могуць прызнаць дом, у якім, напрыклад, дрэнна працуюць камунікацыі (каналізацыя, водаправод, ацяпленне, электрычнасць і іншае).
Наступная карэкціроўка генплана адбудзецца ў 2020 годзе. Прыходзь на грамадскія абмеркаванні і адстойвай важнасць захавання свайго дома, калі хочаш застацца ў ім жыць.
Прыцягвай увагу СМІ, ствары інфармацыйную кампанію сярод суседзяў, кантактуй з мясцовымі дэпутатамі, органамі ўлады і праекціроўшчыкамі, аб’ядноўвайся з іншымі ініцыятыўнымі групамі, прыцягвай грамадскія арганізацыі да сваёй праблемы і гавары з усімі членамі камісіі, якая будзе прымаць рашэнне аб зносе.
Калі грамадскія абмеркаванні ўжо прайшлі і ты не паспеў(-а) на іх патрапіць, то чакай ацэнкі сваёй маёмасці. І, у рэшце рэшт, устань перад бульдозерам, які прыедзе зносіць твой дом. Часам гэта працуе.
Асноўныя палажэнні генплана апісваюць галоўныя трансфармацыі Менска. На тым жа сайце Менгарвыканкама размешчана схема зацверджаных дэталёвых планаў тэрыторый. Там можаш даведацца, ці распрацаваны дэталёвы план на тваёй тэрыторыі і калі ён быў зацверджаны.
Каб азнаёміцца са зместам дэталёвага плана, трэба звярнуцца ў аддзел архітэктуры свайго раёна і ўбачыць, як мяркуецца развіццё тэрыторыі. Калі дэталёвага плана гэтай тэрыторыі няма, то ў тым жа раённым аддзеле архітэктуры або ў Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама можаш даведацца, калі адбудзецца распрацоўка дэталёвага плана і яго грамадскае абмеркаванне.
Сачы за абнаўленнямі на сайце адміністрацыі свайго раёна (глядзі спасылкі вышэй).
Падпішыся на грамадскую кампанію «Генплан для минчан».
Каб паміж уладай і народам паўстаў давер, неабходная камунікацыя – напрыклад, у выглядзе рэгулярных грамадскіх дыскусій і дыялогу (а не дэбатаў).
Рашэнне аб абмеркаванні генеральнага плана і зацвярджэнні дэталёвага планавання павінны зацвярджаць людзі, якіх абіраюць грамадзяне і якія прадстаўляюць іх інтарэсы. Неабходна навучыцца ўзаемадзейнічаць на ранніх стадыях: ствараць рабочыя групы і грамадска-кансультатыўныя саветы, актывісты якіх лабіравалі б інтарэсы мясцовых жыхароў.
Пры ўсім да гэтага часу ніхто не ведае, колькі тысяч подпісаў трэба сабраць і колькі мітынгаў правесці, каб меркаванне дакладна было пачутае. Але часам дастаткова некалькіх абмеркаванняў або пары зваротаў у пракуратуру. Мясцовая ўлада павінна стаць выбарнай.
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Дзянісу Кобрусеву
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Разбіраем, як атрымаць фідбэк ад дзяржавы, калі цябе нешта не задавальняе.
Разглядаем сакральныя па меркаванні індзейцаў тэпехуанаў працэсы – фота- і відэаздымкі – з пункту гледжання закона.
Першы блок АЭС у Беларусі плануюць запусціць ужо напрыканцы 2018-га: разбіраемся, як з гэтым жыць.
Расказваем, што табе можа быць за рэпост песенькі ва «ЎКантакце».
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
Паменшыць шкоду, падвысіць карысць.
Тэматычныя медыя і першыя лэйблы.