Шабаш #7: FSP, Каптаруны і месяцовае зацьменне

Здаецца, уся стужка забітая фатаграфіямі з дзясятага FSP, але мы знайшлі яшчэ парачку гісторый, якія здарыліся з нашымі героямі і гераінямі ў апошнія ліпеньскія выходныя. Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч паехаў на літаратурны фэст у Каптаруны, рэдактарка Настасся Пісчанкова раптам апынулася ў Іерусаліме ды Іярдане, журналістка Каця Ажгірэй глядзела на месяцовае зацьменне ў Новым Жыцці, а фатографка Дана Комрад вярнулася з Лацінскай Амерыкі і адразу дала нырца ў FSP. Жыві насычана – да канца лета засталося толькі чатыры пары выходных!

 

Альгерд Бахарэвіч

пісьменнік

Мікрааўтобус, поўны беларускіх і замежных літаратараў, мастакоў і проста добрых людзей з разумнымі вачыма, спыняецца каля крамы «Ганна» ў мястэчку Лынтупы. Пасьля трох гадзінаў дарогі мы хочам піва і марозіва, мы хочам курыць, мы мусім запасьціся палівам, тытунём і печывам да панядзелка. Але больш за ўсё мы хочам нарэшце прыехаць і кінуцца з галавою ў прахалоднае, цемнаводнае возера – бо сьпякотныя задушлівыя гарады нас такі добра дасталі і, каб гаварыць у іх пра культуру, нам ужо не хапае паветра.

«Ганна» зь яе самотнай прадавачкай – апошні фарпост цывілізацыі. І апошняя магчымасьць прыхапіць з сабой нешта зь яе дабротаў па дарозе ў край некранутай прыроды і творчай свабоды. У Каптаруны – на ІІІ Міжнародны літаратурны open air форум, які гэтым разам прысьвечаны нябачным межам…

У Лынтупах ёсьць і іншыя крамы: «Мара», «Віёла» і нават «Клубнічка»… Але завітваць у «Ганну» – ужо традыцыя. Мы зь Юляй гэта добра ведаем, мы – нязьменныя ўдзельнікі каптарунскага фэсту. А яшчэ мы ведаем, што праз тры дні мы будзем вяртацца ў Менск тымі, якімі былі, і ўсё ж іншымі: цемнаскурымі бэстыямі, напаўзьедзенымі мясцовымі камарамі (камары зьядаюць цела, але талент застаецца!), і зноў зойдзем у «Ганну», каб купіць чакалядныя сыркі і цыгарэты, якіх усё роўна ня хопіць на ўвесь фэстывальны час.

І вось – апошнія кілямэтры дарогі.

Справа мільгае возера.

Прыехалі.

Што такое Каптаруны? Адказаць на гэтае пытаньне можна па-рознаму. Напрыклад, сур’ёзна. Каптаруны – арт-вёска на самай мяжы зь Літвой. Месца, у якім намаганьнямі яе жыхароў Артура Клінава, Тацяны Арцімовіч і Ігара Логвінава ўжо трэці год ладзіцца найвялікшая і найцікавейшая інтэлектуальная летняя падзея ў краіне. Можна даць і канцэптуальны адказ: Каптаруны – Эўропа, наша, іншая, але Эўропа, памежжа дзьвюх яе палітычна адсобленых частак, найлепшая лякацыя, каб гаварыць пра межы. Можна адказаць і суб’ектыўна: гэта – найпрыгажэйшае месца ў Беларусі. А можна адказаць проста і шчыра: Каптаруны – рай на зямлі. Гармонія душы і цела, мір і згода двухногіх і чатырохногіх, культурна-біялягічны кантакт вольных крывасмокаў і іх ахвяраў, фэерыя птушак і рыбаў, містычнае возера з шаўковай вадой, бясконцыя магчымасьці для рэфлексій і мэдытацый, няспынны, як зьмена дня і ночы, полілёг моваў, краін і культур.

Калі людзям кажаш, што выпраўляесься на чарговы літаратурны фэстываль, яны звычайна зычаць табе добрага адпачынку. Мы да гэтага ўжо звыклі, мы ўсьміхаемся, але кожны фэстываль для нас – гэта ня столькі адпачынак, а яшчэ і некалькі дзён прыемнай і напружанай працы. Выступаў, чытаньняў, дыскусій – усяго таго, чаго так не хапала беларускай культуры раней. Сёлета ў Каптарунах мы зь Юляй (разам зь перакладчыцай Ірынай Герасімовіч) – куратарская група фэсту. Мы распрацавалі такую праграму, што любы Захад пазайздросьціць. А Захад тут з трох бакоў – і толькі з аднаго Беларусь. Вунь там, за лугам, за яблынямі, за сухім лесам… А калі кінуцца ў возера і заплыць за невялікую паўвыспу – апынесься ў Літве. Шкада, што шэнгенская віза – у пашпарце, добра было б мець яе ў выглядзе татуіроўкі…

Ёсьць два словы, якія трэба ведаць пра фэстываль у Каптарунах. Першае зь іх: Міжмор’е. Усе мы – яго жыхары: літоўцы і беларусы, палякі і ўкраінцы. Мы гаворым пра тое, што злучае гэтую бясконца разнастайную тэрыторыю ад Балтыкі да Чорнага мора. Другое слова, важнае для кожнага каптарунца: межы. На фэсьце мы абмяркоўваем тое, што падзяляе літаратуры і мовы, культуры і гісторыю, пра межы чалавека і тэксту, межы ўспрыманьня і творчасьці. А яшчэ тым, хто ня ведае, варта было б вывучыць слова «бімбер» – так тут называюць самагон, пакаштаваць які ўдзельнікі маюць магчымасьць, але, мяркую, чытачы 34mag ведаюць яго й так (калі не – запішыце: бімбер, націск на першы склад).

Беларуская паэтка Юля Цімафеева абмяркоўвае Вялікае Княства Літаратуры разам з украінцам Астапам Слывынскім, полькай Юліяй Фядорчук і літоўцам Марыюсам Бурокасам. Логвінаў і Акудовіч, Таня Арцімовіч і Хадановіч, Бахарэвіч зь Цімафеевай спрачаюцца пра Сьвятлану Алексіевіч, чый збор твораў нядаўна выйшаў па-беларуску: чытаем або ганарымся? Чаму яе тэксты важныя для сучаснага чытача – і чаму гонар за Нобэль не дае ўважліва разабрацца ў яе кнігах? Бахарэвіч разам з Хадановічам, Янкутай і Клінавым разважаюць на тэму мяжы тэкстаў як мяжы чаканьняў: дзе мы ставім кропку ў марах і ў творчасьці, чаго чакае ад беларускай літаратуры Захад і ці вярнуўся ў Беларусь “вялікі раман”, як гэта адбылося за нашай заходняй мяжой? Янкута з Бахарэвічам і Касьцюкевічам разважаюць, ці ёсьць асоба аўтара або аўтаркі – абмежаваньнем?..

Юля Цімафеева разам з замежнымі ўдзельнікамі абмяркоўвае экапаэтыку – а гэта зьвер, якога ў нашых мясьцінах яшчэ ня бачылі. Ірына Герасімовіч разам зь нямецка-іранскім аўтарам Мэхдзі Марадпурам і Астапам Слывынскім вядзе размову пра пераклад як стратэгію ўзаемадзеяньня зь межамі. Сьвятаслаў Памяранцаў дае майстар-клясу, як арганізаваць пасьпяховы эўрапейскі літаратурны фэстываль, – і яму можна верыць, бо ён прэзыдэнт знакамітага фэсту Meridian Chernowitz. А яшчэ – чытаньні найлепшых паэтаў і празаікаў, а яшчэ валторна ад Пафнуція Кузюкяна, а яшчэ сумесны зь перакладчыкамі пэрформанс Антаніны Слабодчыкавай і Юрыя Дзівакова-Душэўскага. А яшчэ…

Стоп, скажа нехта. А ці не занадта ўсё гэта элітарна? Ці не занадта разумна для легкадумнага лета? Забаўка для сваіх, бясконцыя размовы пра высокія абстрактныя матэрыі для інтэлектуалаў і пра інтэлектуалаў? Можа, улетку лепш усё ж жаваць маскульт і ні пра што ня думаць?

Высунуўшы пасівелую галаву зь цёмных празрыстых водаў каптарунскага возера, адкусіўшы ад салодкай мясцовай дзічкі, я адкажу: так. Усё гэта інтэлектуальна, небанальна, досыць элітарна і абсалютна не легкадумна. Легкадумнасьці, павярхоўнасьці, пустых марных забавак і агульнадаступных тэмаў гэтай краіне хопіць і без Каптарунаў. Каптарунства магло б зрабіцца новай філязофіяй: творчасьць, экалёгія і свабода. Культура – складаная рэч. Культуры патрэбныя месцы, дзе яна чуе сама сябе. Няпоўныя тры дні – мала, каб пагаварыць пра тое, што хвалюе. І ўсё ж менавіта тут, на мяжы, у цішыні, ля вады і дрэваў, прамаўляюцца ўголас самыя важныя рэчы – якія потым вернуцца ў вялікія гарады і будуць гучаць там, зьмяняючы іх і нас, цябе і мяне, бачную і нябачную Эўропу, тэксты і думкі. Ты ж таксама жывеш між двух агнёў, між двух кантынэнтаў, жывеш паміж зямлёй і небам, паміж межамі, у сытуацыі вечнага выбару. Між двух мораў.

І калі захацець, нават у Беларусі можна адчуць іх салёны пах.

 

 

 

Настасся Пісчанкова

рэдактарка Journalkit

Выходныя ў Егіпце павінны былі прайсці пасрэдна: без трывог, клопатаў, назойлівага ўплыву медыя, без лішніх рухаў цела.

– Не жадаеце з'ездзіць у Іерусалім?

Выхаванне ў мяне не рэлігійнае, але ў Стваральніка, Вышэйшую задуму веру. У мяне яшчэ заставаліся грошы, а спатоленне цікаўнасці лепш за ўсялякія пакупкі. Да паездкі заставалася чатыры дні, і чамусьці я распавяла аніматару, што збіраюся паехаць на святую зямлю.

Адразу ж мяне напалохалі праходжаннем мяжы: адну, маладую, незамужнюю беларуску ніколі не пусцяць. Асабліва ўрэзалася слова «ніколі», таму, апускаючы падрабязнасці, я нават напісала афіцыйнай старонцы амбасады ў Facebook.

– Едзьце, будзьце спакойныя ў любой сітуацыі.

Што ж.

40 хвілін індывідуальнай праверкі на мытні – і я з групай у Ізраілі. Пашанцавала. Сапраўды, многіх не пусцілі.

Пейзаж за акном зусім не звыклы: пустыня для беларуса выглядае шакіруюча прыгожа! Першы прыпынак – Мёртвае мора. Незвычайныя адчуванні. Вада як цёплы алей. Плаваць зусім немагчыма: заходзіш – і здаецца, быццам прымаеш ванную. Шчыльнасць такая высокая, што ты нібы ляціш, пакуль ляжыш на спіне.

Далей па маршруце – Іярдан. Вядома, мясцовыя на ўсім імкнуцца зарабіць, але я ўсё ж купіла кашулю, якую пашылі манахі (прынамсі так сказаў экскурсавод). На памяць. Абяцалі, што грошы ідуць на ўтрыманне святых месцаў.

– Дзяржава не вылучае. Усё за кошт паломнікаў, – казала гід.

Што тычыцца іншых святых месцаў, апісваць словамі ўражанне ад храмаў – кашчунства. Напэўна, усё, што адбываецца на энергетычным і эмацыйным узроўні, у вербальную плоскасць лепш не перакладаць – губляецца сэнс. Царква Раства Хрыстова ў Віфлееме (дарэчы, нядаўна там знайшлі малюнкі, якія датуюцца 4 стагоддзем нашай эры), Галгофа, Храм Труны Гасподняй, Сцяна Плачу – гэта пазнанне: сябе, гісторыі, іншых людзей. Дарэчы, невуцтва – часта прычына непрыняцця і неразумення рэлігіі. Якой бы то ні было.

Рэзюмэ: Іерусалім – гэта месца, дзе ўсе людзі на адной хвалі, аб'яднаныя верай і надзеяй. Мабыць, 99% паломнікаў едуць туды нешта прасіць, у тым ліку прабачэння і для сябе.

Прасіла. Дзякавала.

Вось бы ўсе суткі праходзілі так насычана. І хапала сіл на новыя прыгоды і ідэі.

 

 

 

Кацярына Ажгірэй

журналістка, стваральніца часопіса Unemployee.by

Мой выхад з будняў пачаўся яшчэ ў пятніцу: спантанна з сяброўкай вырашылі паехаць за горад, каб паглядзець на крывавы месяц – зацьменне стагоддзя, як абяцалі астраномы, – і вялікае супрацьстаянне Марса. Ні бінокля, ні тэлескопа ў нас не знайшлося, але высветлілася, што і без іх можна даць рады.

Цікава, што ні па адным запыце ў гугле не знойдзеш, дзе па-за Менскам крута назіраць за зоркамі, смяяліся мы з Катрын – стваральніцай «Торба-шоу». Тэрмінова патрэбны такі гайд!

Хацелі падняцца на Курган славы, але там было занадта светла, і мы паехалі куды фары глядзяць. Апынуліся ў вёсцы Новае Жыццё – з тэрмасам гарбаты, пледам і рыжскім бальзамам, пра які шчасна забыліся. Калі павярнуць у тупіку налева, апынаешся ў чыстым полі, з даволі зручнай вышынёй травы, каб паваляцца. Гадзіны тры мы проста балбаталі, назіралі за раскрытым нябесным купалам (як шкада, што ў горадзе гэта пабачыш нячаста), Месяцам «у цені» і маленькай чырвонай кропкай пад ёй, якая і была тым самым Марсам.

Зацьменне выглядала так, быццам дыск Месяца ўхуталі ў цёмна-шэрую шаль, і паступова ён сціпла выглядваў яркім краем, пачынаючы з левага – з самай цемры – вітаўся і паволі выходзіў на авансцэну. Калі ўсё прайшло, дыск стаў такім яркім, што мы здзівіліся, наколькі светла вакол. Каця жартавала: «Ты разумееш, што мы назіраем гістарычную падзею?!», а я дадавала, што нешта падобнае (па маштабнасці) астраномы клічуць глядзець ледзь не кожны год. Але гэта было i праўда крута. Раптам мы адчулі сябе i наваколле ясна і проста. Магчыма, нехта гэтак жа назіраў за намі і крычаў у прастору: «ГІСТАРЫЧНАЯ ПАДЗЕЯ, ДЗВЕ КАЦІ СЯДЗЯЦЬ У НОВЫМ ЖЫЦЦІ!»

Вельмі гарманічна было размаўляць пра бясконцасць Сусвету і пра дробны зорны пыл пад назвай чалавецтва, што не такое яно ўжо і дрэннае, калі пакапацца. Мы крыху вярнуліся ў дзяцінства і радаваліся вельмі звычайным рэчам: траскатні конікаў, водару летняга поля і знічкам, нягледзячы на тое, што мы не паспявалі загадваць жаданні, пакуль яны падалі. Напэўна, і не ў гэтым сэнс.

У суботу ўпершыню за год засталася начаваць у бацькоў: і як крута было прачынацца, калі мама на кухні смажыць блінцы з маслам, складаючы іх у любімыя канверцікі.

 

 

Дана Комрад

фатографка

Я вярнулася ў Беларусь пасля доўгай адсутнасці. Апошнія тры гады я правяла ў Лацінскай Амерыцы – у прыватнасці, у Калумбіі і Мексіцы, дзе займалася фатаграфіяй і адукацыйнымі праектамі.

Па прыбыцці дадому я вырашыла адразу даць нырца ў гушчу падзей – хутка прагартаўшы інстаграм, я высветліла, што галоўнай падзеяй выходных будзе FSP, таму туды і накіравалася. На фестывалі я была ў першы раз, і агульнае ўражанне ён зрабіў вельмі станоўчае.

Самым вялікім поспехам фестывалю лічу пляцоўку Edutainment. Я правяла на ёй усе два дні і паслухала лекцыі пра стартапы, блокчэйны, развіццё інавацыйнага бізнэсу ў Беларусі, дыджэінг і цэнзуру ў беларускіх СМІ. І калі на музычных фестывалях я магу затусіць і ў Еўропе (і там, хутчэй за ўсё, будзе больш цікавых мне артыстаў), то лекцыі аб актуальных падзеях у жыцці прадпрымальнікаў у Беларусі я магу паслухаць толькі тут.

Пасля заканчэння лекцый я ішла да сцэны «Бассоты». Вельмі рада, што дыджэі качалі дабстэп, драм-н-бэйс і гаражны панк, а рабяты танцавалі пад гэта на танцпляцы без усякай неабходнасці ў допінгах. Надвор'е было выдатным, людзі – прыгожымі, арганізацыя – годнай, фестываль – і тусовачны, і адукацыйны адначасова!

Вяртанне ў Беларусь адбылося. І я рада той Беларусі, якую ўбачыла.

 

Фота – Юля Цімафеева, Настасся Пісчанкова, Дана Комрад

КАМЕНТАРЫ (1)

Алег
Алег | 17.08.2018 14:58

Чет не интересно

0 0