Беларускі самагон, які мог бы зрабіцца нашай прыкметай у свеце і падставай для гонару – як ракія ў Сербіі, грапа ў Італіі або медавуха ў Заходняй Украіне, – па-ранейшаму афіцыйна мае нелегальны стан. Тым не менш, яго вырабляюць і ім частуюць па ўсёй краіне – са сваімі рэцэптамі, традыцыямі і рэгіянальнымі асаблівасцямі. Мы вырашылі даследаваць тэму і прадэгуставалі 7 відаў сэму з розных куткоў Беларусі.
1. «Цукроўка»
Месца паходжання: Валожынскі раён (Менская вобласць).
Эфект: амалоджвае.
Склад: вада, дрожджы, сочыва, цукар, кампот.
Аўтарскі рэцэпт: «Бярэш цукар, сочыва, старыя кампоты і зліваеш усё ў ёмістасць з цёплай вадой (тэмпература – не менш за 60 градусаў). Калі цукар цалкам растае, неабходна астудзіць ваду да тэмпературы не больш за 36 градусаў (у такім выпадку дражджавая бактэрыя не памрэ). У гэтай цёпленькай вадзе распускаеш дрожджы. Усё – пачаўся працэс браджэння, які можа заняць два дні, але аптымальны тэрмін – ад трох да шасці дзён. Хай бродзіць, пакуль не прападзе соладзь – яна павінна па смаку нагадваць піва, мець мацунак. Трэба яе перыядычна каштаваць, калі соладзь не знікла – дадаваць яшчэ дражджэй, падаграваць трошкі, каб браджэнне працягвалася. Калі соладзь знікла, працэджваеш яе праз марлю і ставіш на самагонны чан».
34 opinion. Вытанчаны фруктовы водар, як ад парфумы моладзевай лініі. П’ецца мякка, не хочацца закусваць. Можа быць ранішнім напоем. Ідэальна пасуе для сняданка або рамантычнага спаткання. Калі хочаш прывіць сабе любоў да самагону, лепш пачаць з гэтага напою. Карацей, моладзевы сэм, які можа таксама добра спалучацца з тонікам або содавай.
Чым закусваць? Лепш не закусваць.
2. «Барысаўшчына»
Месца паходжання: Барысаўскі раён (Менская вобласць).
Эфект: танізуе.
Склад: неабабраная бульба, цукар, вада, дрожджы, піва.
Аўтарскі рэцэпт: «Варыш бульбу, таўчэш яе, дадаеш цукар, чакаеш, пакуль ён растае. Калі вада крыху астыне, дадаеш дрожджы, потым заліваеш крыху піва і пакідаеш бражку ў цёплым цёмным месцы – няхай сабе бродзіць. Звычайна, каб выхадзіцца, ёй трэба дзён дзесяць. Гатоўнасць можна вызначыць на слых – калі прыкладаеш вуха і чуваць, як дрожджы шыпяць-пыхцяць, бражка яшчэ “працуе”, як толькі ўсё сціхла – смела адпраўляй на перагонку».
34 opinion. Пах устойлівы, смак класічны. Вызывае асацыяцыі з віскі, грапай і – асабліва – нямецкім шнапсам. Напой вячэрні, хутчэй нават начны. Верагодна, пасуе для самотнага вечара. Пасля чаркі-другой «Барысаўшчыны» ў руку сама просіцца папяроска. Карацей, мужчынскі напой без сантыментаў. Не раім піць перад працай.
Чым закусваць? Бульбай у мундзірах.
3. «Медавуха»
Месца паходжання: Мёрскі раён (Віцебская вобласць).
Эфект: павышае камунікатыўнасць.
Склад: вада, дрожджы, мёд.
Аўтарскі рэцэпт: «У гарачай вадзе раствараеш мёд (замест цукру), потым, як крыху астыне, дадаеш дрожджы і адпраўляеш на 1,5 тыдня “пабрадзіць”. Пасля як звычайна – на перагонку. Гэты самагон унікальны – яго вытрымка складае адзін год. Гэта не абавязкова, проста так атрымалася».
34 opinion. Салодка пахне пчалінай попкай. Раім ужываць для прафілактыкі грыпу. Можа выкарыстоўвацца таксама як топінг для марожанага. Павышае апетыт. Калі не закусваць і пачакаць 4–5 хвілін, можна зведаць слабенькі, як у скандынаваў, аргазм. Пасля 100–150 грамаў з’яўляецца адчуванне палёту і пчалінага гудзення.
Чым закусваць? Разнасолам.
4. «Хлебная»
Месца паходжання: Калінкавіцкі раён (Гомельская вобласць).
Эфект: прымушае настальгаваць.
Склад: вада, дрожджы, пшаніца, хлеб.
Аўтарскі рэцэпт: «Працэс вытворчасці такога кшталту самагону вельмі складаны – звязаны з выкарыстаннем адмысловага гатунку пшаніцы з буйным калоссем (яго можна вырошчваць на ўласным агародзе). Прыходзіцца паваждацца з зернем, затое напой атрымліваецца чысцюткі як сляза».
34 opinion. Сапраўдны тру-сэм з густым, як вусы Мулявіна, пшанічным водарам. Першае адчуванне – быццам бяжыш па полі галышом. Эстэты адчуюць ледзь прыкметны прысмак пуэру. Секс пасля гэтага напою не патрэбны, дый наўрад ці магчымы. Ідэальна пасуе для дачнікаў і тых, хто любіць накідвацца ў стылі бліц-крыг. З плюсаў – раніцай не будзе балець галава.
Чым закусваць? Мяса, гарачы суп, свежы чорны хлеб – патрабуе грунтоўнай закускі.
5. «Зуброўка»
Месца паходжання: Слонімскі раён (Гродзенская вобласць).
Эфект: аздараўляе.
Склад: вада, дрожджы, цукар, хлеб, лімон, зуброўка
Аўтарскі рэцэпт: «Закідваеш у гарачую ваду цукар, потым дадаеш бохан чорнага хлеба, можна і бульбы туды ж пацерці. Пасля – дрожджы. Бражка пастаіць з тыдзень – і на перагонку яе. Пасля, ужо ў гатовую самагонку, кладзеш долькі лімона, траўку зуброўку. І смачна, і выглядае прыгожа!»
34 opinion. На першы погляд здаецца, што гэта – пляжны, летні напой, які выклікае асацыяцыі з ліманчэллай, Італіяй і песнямі паўднёвых народаў. Аднак пасля добрага каўтка вы вяртаецеся на радзіму, дзе зімы могуць быць доўгімі, а мора толькі Менскім. Тым не менш, гэты самагон мог бы зрабіцца фэйсам беларускай алка-прамысловасці. Пасля яго хочацца куража і ўнутранай свабоды. Можа быць добрым заменнікам рому ў клубных кактэйлях.
Чым закусваць? Лаймам.
6. «Кедраўка»
Месца паходжання: Жабінкаўскі раён (Брэсцкая вобласць).
Эфект: расслабляе.
Склад: вада, дрожджы, мука, кедравыя арэшкі.
Аўтарскі рэцэпт: «Едзеш у Белавежскую пушчу і ў кафэ “Лясная казка” набываеш самагон, вядомы ў народзе як “Пушчанка”. Продаж там легальны, Br 9 тыc. за 50 г. Схема старая, як свет: цёплая вада, мука, дрожджы. Потым бражка каля тыдня ходзіць – і на перагонку. Чаму тут “Кедраўка”? Толькі чысты напой не заўсёды цікава піць, таму можна паэксперыментаваць: дзён пяць настаяць набыты самагон на кедравых арэшках. Смак, колер, пах – усё іншае. Табе спадабаецца»
34 opinion. Высакародны балтыйскі колер. Добра выпіць перад сном на пачатку лета, калі ляціць таполевы пух. Смак – пякучы, але гэтая пякучасць хутка праходзіць. Піць – у кампаніі жанчын, да якіх ты не адчуваеш сексуальнай прагі. Ці з мужчынамі, якіх ты не маеш намер выкарыстоўваць. Выклікае элегічны настрой. Кожны пасля гэтага напою пачынае думаць пра свайго ўнутранага зубра.
Чым закусваць? Грудзінкай з хрэнам.
Месца паходжання: Бабруйскі раён (Магілёўская вобласць).
Эфект: весяліць.
Склад: вада, дрожджы, сочыва, хлеб, яблыкі.
Аўтарскі рэцэпт: «Пацёртыя яблыкі заліваеш цёпленькай вадой з распушчаным у ёй сочывам. Туды ж адпраўляеш хлеб, потым – дрожджы. Даеш бражцы выхадзіцца за 3–5 дзён і адпраўляеш на перагонку».
34 opinion. Пахне восеньскай вёскай, трохі падгнілым белым налівам. Смак – лёгкі, ненадакучлівы. Піць яго не страшна нават маладзенькай дзеўцы. Аднак добрага прыходу мы так і не дачакаліся, таму гэты экзэмпляр трохі расчароўвае.
Чым закусваць? Мочанымі яблыкамі.
Міхаіл, 52 гады, стаж вытворчасці самагону – 25 гадоў
– Самагонку вараць на нашай зямлі спакон вякоў. У маім родзе гэтая традыцыя перадаецца ад дзеда ўнуку. Самыя складаныя часы былі пры Польшчы – за самагонаварэнне можна было трапіць у турму. За Савецкім Саюзам гналі ўвесь час: хаця штрафы давалі і апараты білі, але да зняволення не даходзіла. Цяпер могуць і за кроплю самагонкі на дне бутэлькі пасадзіць. А часам і на цэлую вытворчасць увагі не звяртаюць.
Навошта гнаць самагон? Існуе вялікая колькасць варыянтаў выкарыстання: можна на ім лекі настойваць, дадаваць у розныя наліўкі, для націрання трымаць. Але звычайна яго вырабляюць, каб піць, бо танней і здаравей. Хаця мая самагоначка і не ідэальная, але яе можна ачысціць, і будзе дакладна лепш за крамную.
Самагонку можна раздзяліць на два віды: збожжавую і цукроўку. У першым выпадку за аснову бярэцца мука ды іншыя раслінныя інгрэдыенты. У другім – цукар. Збожжавая ці хлебная самагонка больш якасная і смачная, асабліва выгнаная з прарошчанага зерня, яна напоўненая вітамінам жыцця Е, але працэс яе прыгатавання больш складаны і доўгі.
Адразу папярэджваю: сапраўдная самагонка павінна быць празрыстай. Мутная самагонка, якую звычайна паказваюць у расійскіх фільмах, хутчэй за ўсё нізкай якасці і ў самагоншчыкаў выклікае толькі смех. Мутная самагонка атрымліваецца з бульбы, буракоў, яблыкаў, але яе таксама можна ачысціць.
Некалькі словаў пра самагонны апарат. Яго складнікі – самагонны чан (кацёл для нагрэву брагі) і параправод. Параправод уяўляе з сябе металічную трубку з бронзы або медзі, у ідэале – з нержавейкі або харчовага алюмінію, галоўнае – каб не са смярдзючай гумы. Памеры катла могуць быць розныя – ад малых (з такіх атрымліваецца літры 3 напою) да агромністых «заводаў», якія паказваюць па тэлевізары.
Таксама спатрэбіцца лядоўня – тая ж металічная або бронзавая труба, скручаная спіраллю і змешчаная ў ваду. Вада ахалоджвае. Пры награванні спірт раствараецца першым, вада ж застаецца. Спірт падымаецца па трубе, па параправодзе, трапляе ў халодную ваду ў лядоўні, ахалоджваецца і выліваецца ў загадзя падрыхтаваную ёмістасць.
З 1 кілаграма цукру звычайна атрымліваецца 1 літр 40–42-градуснай гарэлкі. Самагонка, мацунак якой менш за 40 градусаў, не смачная. Ідэальная самагонка мае мацунак 48 градусаў.
Самагонку робім толькі для сябе, не на продаж. Адзін раз паспрабавалі, а потым тры месяцы «адстрэльваліся» ад патэнцыйных пакупнікоў. Часам бярэм самагонку з сабой у госці. Травак ніякіх у яе не дадаем, але калі заліць у цукроўку сусла квасу, яна атрымліваецца вельмі падобнай на хлебную.
Наогул, якаснай самагонкай складана атруціцца, а вось калі яна прыгатаваная вялікімі аб’ёмамі на продаж, то можа ўтрымліваць у сабе небяспечныя рэчывы. Некаторыя буйныя самагоншчыкі дадаюць для мацунку і браджэння курыны памёт ці яшчэ страшней – бярозавыя цуркі, якія могуць утрымліваць метылавы спірт.
Адзінае «не» – калі ты алкаголік, нават не пачынай гнаць гарэлку: ты проста не зможаш давесці працэс да канца.
Дата арыгінальнай публікацыі - 28 сакавіка 2013 года
У гадавіну трагедыі на станцыі метро «Кастрычніцкая» мы папрасілі нашых сяброў і знаёмых распавесці, чым ім запомнілася 11 красавіка 2011 года.
Мы цэлы дзень пратусаваліся ў легендарным універсаме «Цэнтральны» з яго foursquare-мэрам Віцем Контарам.
Лідар СБПЧ Кірыл Іваноў — пра людзей у правінцыі, канцэрты для аднаго чалавека і афрыканскі груў.
34mag спусціўся ў падземны пераход на Якуба Коласа, каб пагандляваць сваім мерчам ды пазбіраць гісторыі людзей, якія зарабляюць там на жыццё.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.