Journalkit: новае медыя Гомеля
- 16.02.2018
- 7648
Жыццёвы дэвіз актывістаў: чагосьці не хапае – зрабі сваімі сіламі. Гэтым кіраваліся і гомельскія журналісткі Наста Давыдзенка і Настасся Пісчанкова: калі ім востра стала не хапаць інфармацыі аб моладзевай культуры Гомеля і рэгіёнаў, яны вырашылі зрабіць уласны часопіс пра гэта. Яны ўпэўненыя, што маладыя людзі з буйных гарадоў паняцця не маюць пра тое, як жывуць іх аднагодкі ў маленькіх гарадах і вёсках. Journalkit запусціўся 4 жніўня 2017 года. Расказваем, чаму гэты часопіс асаблівы.
Наста Давыдзенка
Настасся Пісчанкова
Пра стваральніц
Часопіс заснавалі дзве Насты. Яны цяпер і рэдактаркі, і вярстальніы, і фатографкі, і піяршчыцы. Настассі Пісчанковай 24 гады, Насты Давыдзенка – 25.
Настасся Пісчанкова з адукацыі журналістка і ўжо шэсць гадоў працуе ў гэтай сферы, а некаторы час займалася яшчэ і піярам. Пасля заканчэння размеркавання ў Менску перад ёю стаяў выбар: застацца ў сталіцы ці вярнуцца ў Гомель і зрабіць свой праект. У мясцовай прэсе ёй не хапала менавіта «часопіснай журналістыкі».
Наста Давыдзенка з адукацыі псіхолаг. На трэцім курсе яна пачала пісаць у газету факультэта на тэму культуры, а бліжэй да заканчэння ўніверсітэта ўзяла на сябе функцыі рэдактаркі. Падчас размеркавання паралельна пісала для адной гомельскай газеты, дзе таксама штурхала тэмы пра мясцовых мастакоў і нестандартных асоб.
«Праз некаторы час мае тэксты перасталі браць, таму што мясцовыя СМІ пішуць пра тое, што цікава сваёй мэтавай аўдыторыі – і гэта не моладзь. Нашы ідэі разышліся, і я стала пісаць для 34mag», – усміхаецца Наста Д.
Аднойчы кіраўніцтва школы, у якой Наста праходзіла размеркаванне, даведалася пра яе захапленні. Ёй прапанавалі за дзень арганізаваць гурток «Юны журналіст» і сабраць групу. Насты гэта ўдалося, і некалькі месяцаў разам з дзеткамі яны хадзілі па Гомелі, рабілі рэпартажы і бліц-апытанні, слухалі запрошаных дзейных журналістаў. Сярод спікераў была і Настасся Пісчанкова. Тады дзве Насты і сталі камунікаваць бліжэй. Яны вырашылі стварыць свой часопіс і сышліся на тым, што ён будзе без фармату: там проста будуць крутыя матэрыялы. Дзяўчыны перакананыя, што людзі не могуць ствараць нешта класнае па ўказцы.
«Journalkit па-за палітыкай і не піша навіны»
Journalkit як медыя
Наста Д.: Мы – першы моладзевы сацыяльны медыяпраект у Гомелі. Наша мэта – вывесці моладзевую культуру ў рэгіёнах з андэграўнду. Мы факусуемся на людзях, якія жывуць не толькі ў Гомелі, але і ў маленькіх гарадах і вёсках па ўсёй Беларусі.
Journalkit па-за палітыкай і не піша навіны – варта сказаць, што дагэтуль гэта кагосьці здзіўляе. Мэта часопіса – даць магчымасць людзям з аўтарскімі праектамі знайсці сваю аўдыторыю. Напрыклад, у гомельскага фатографа Ягора Фаміна ёсць праект «Пра людзей»: ён прыходзіць да людзей дадому або ў майстэрню, фатаграфуе іх і апісвае першыя ўражанні. Як быццам знаёміць гледача са сваімі героямі. У Настассі Пісчанковай ёсць праект «Усім заняць пазіцыю»: ён распавядае пра цікавых, але не заўсёды вядомых людзей праз іх правілы жыцця, а не праз інтэрв'ю.
Настасся П.: Мы пішам без інфападставаў – нам больш цікавы чалавек па-за кантэкстамі. У стварэнне часопіса дзяўчаты сталі ўкладваць уласныя зберажэнні. Вырашылі прыцягнуць увагу да «Кіту» і праз краўдфандынгавую кампанію, але ўжо ў сярэдзіне зразумелі, што яна ні да чаго не прывядзе. Але затое яна дапамагла з пункту гледжання піяру: у дзяўчат была падстава для новых карысных знаёмстваў.
«Людзі не заходзяць проста так у інтэрнэт: умоўна, пасля працы на зямлі чалавек хутчэй паглядзіць серыял па тэлевізары, чым будзе чытаць часопісы»
Тады мама Насты Д. прапанавала ім паўдзельнічаць у Social Weekend. І яны выйгралі: дзяўчаты разумелі, што для іх гэта адзіны шанец зрабіць крок далей. За тры месяцы конкурсу канцэпцыя іх праекта змянялася чатыры разы. Першапачаткова часопіс выглядаў па-іншаму і павінен быў выходзіць па нумарах, а акцэнт быў зроблены толькі на Гомелі. Але потым дзяўчаты зразумелі, што ў маленькіх гарадах, райцэнтрах і вёсках наогул няма цікавасці да карыснай інфармацыі. Людзі не заходзяць проста так у інтэрнэт: умоўна, пасля працы на зямлі чалавек хутчэй паглядзіць серыял па тэлевізары, чым будзе чытаць часопісы. Аднак калі ён даведаецца, што дзесьці напісалі пра каго-небудзь з яго рэгіёна, то знойдзе і прачытае гэты матэрыял. Цяпер рэдакцыя Journalkit разглядае рэгіёны ўсёй Беларусі і плануе аб'ехаць каля 30 вёсак і райцэнтраў у бліжэйшы час.
Настасся П.: Вядома, было няпроста кінуць асноўную працу і пачаць рабіць свой праект, але з зоны камфорту трэба выходзіць пастаянна. У мяне была мара – ездзіць па рэгіёнах Беларусі і пісаць пра людзей, якія там жывуць. Мне хацелася захоўваць культуру. Я перакананая, што менчукі не да канца разумеюць, як жывуць людзі іх узросту ў рэгіёнах, і наадварот. Таму наш праект – гэта сувязная частка паміж гарадскімі і вясковымі жыхарамі. Нам хочацца паказаць мясцовых маладых герояў, якія для кагосьці могуць стаць арыенцірам. Не трэба глядзець на Украіну і Расію – у Беларусі таксама ёсць свае асобы.
Наста Д.: Адкрыццё часопіса мы адзначылі ў кавярні Cup of Peace – гэта практычна адзінае месца ў Гомелі, куды заўсёды прыемна прыйсці. Асабліва калі ты не п'еш. Тады мы паклікалі музыкаў, танцораў, нехта прыехаў нават з Менска. У выніку запуск Journalkit адзначала чалавек 150. Нам да гэтага часу грэх скардзіцца – у нас удзячная аўдыторыя.
«Journalkit хоча стварыць пляцоўку, дзе ўсе будуць роўныя і будуць мець магчымасць самавыяўляцца»
Гарадскія ў вёсцы
Пакуль што самы вялікі рэпартаж у Journalkit – пра вёску Хальч. Яна знаходзіцца даволі блізка да Гомеля, і дзяўчаты паехалі туды на разведку: трэба было зразумець, як ладзіць камандзіроўкі. Па шляху яны яшчэ заязджалі ў вёску Ветка, і ў абодвух месцах сутыкнуліся з праблемай пошуку перакусу: нідзе немагчыма набыць гатовую ежу. Калі ж спыняцца ў гасцініцах і купляць прадукты, то прыгатаваць іх даволі праблематычна. Вырашылі ездзіць з ссабойкамі.
Настасся П.: Мы самі не заўсёды ўяўляем, куды мы едзем і што там адбудзецца. Некаторыя рэчы немагчыма прадбачыць, калі ты жывеш у горадзе. Гэта не кепска і не добра – проста па-іншаму.
У Хальчы галоўным героем стаў фізік-паэт Аляксандр Багданаў. Ён адразу сказаў дзяўчатам, што ў горадзе вельмі шмат святла, а вёску ён любіць за поўную цемру па вечарах. Калі становіцца цёмна, дзённая мітусня спыняецца: усе разыходзяцца па хатах.
Наста Д.: Адрозненне не паміж людзьмі, а ва ўспрыманні жыцця. Зразумела, што інтэрнэт усё глабалізаваў, але адрозненне застаецца ў тэмпе жыцця. Мы не можам гвалтам змяніць гэта, але спадзяемся, што ў людзей з'явяцца новыя інтарэсы, калі яны будуць чытаць адно пра аднаго. Можа, знойдуць сабе новых сяброў, скааперуюцца і самі створаць свае праекты. Наша мэта – наладзіць камунікацыю паміж асобнымі маленькімі гарадамі Беларусі.
Памяшканне для «Кіта»
Бліжэйшая мэта рэдакцыі – адкрыць сваю адукацыйную прастору і такім чынам манетызаваць дзейнасць. Адкрытыя інтэрв'ю з вядомымі персонамі, адукацыйныя мерапрыемствы і падтрымка людзей з інваліднасцю – асноўныя функцыі будучай прасторы. Journalkit хоча стварыць пляцоўку, дзе ўсе будуць роўныя і будуць мець магчымасць самавыяўляцца.
«Дзяўчаты перакананыя, што людзі не могуць ствараць нешта класнае па ўказцы»
Рэдакцыя ўсё яшчэ шукае пасоўнае месца: яно абавязкова павінна быць у цэнтры, таму што ў Гомелі не зусім зручны транспарт, а пасля 18 гадзін перастае хадзіць большасць маршрутак.
Таксама Journalkit як сацыяльнаму праекту неабходныя партнёры.
Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by і 34mag.net.
Фота – Таня Капiтонaва